У сёлетні поўны спіс прэміі Гедройца ўвайшло 29 кніг. Паглядзець спіс намінантаў можна на афіцыйнай старонцы прэміі gedroyc.by. Неўзабаве на гэтай старонцы з’явіцца таксама інфармацыя пра ўсе намінаваныя кнігі і ўрыўкі з іх.
У пачатку чэрвеня журы назаве доўгі спіс, які будзе ўлучаць 12 кніг, а ў пачатку верасня — кароткі спіс з 6 найлепшых кніг.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута — з беларускага боку; Анджэй Бжэзецкі і Малгажата Ноцунь — з польскага боку.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько з кнігай “Час збіраць косці” (2015).