Міжнародны ПЭН-клуб ушаноўвае Дзень пісьменніка ў зняволенні пачынаючы з 1981 года дзеля таго, каб прыцягнуць увагу да зняволеных, забітых пісьменнікаў ці пісьменнікаў, якія знаходзяцца пад ціскам ураду.
Кожны год 15 лістапада Міжнародны ПЭН-клуб выбірае 5 справаў (па адной на кожны рэгіён, з якімі працуе ПЭН), што робяцца сімвалічнымі і сведчаць пра небяспечнасць пісьменніцкай працы. Сёлета ПЭН-клуб хоча нагадаць міжнароднай супольнасці пра лёсы наступных пісьменнікаў, актывістаў і журналістаў:
Хуан Карлас Археньяль Медына (Juan Carlos Argenal Medina, 43 гады), гандураскі журналіст, забіты невядомым 7 снежня 2013 года ў сваім доме. Сям’я Археньяля ўпэўненая, што прычына забойства — журналісцкае расследаванне карупцыі ў мясцовым шпіталі. Перад смерцю журналіст атрымліваў пагрозы ад людзей, звязаных, як ён лічыў, са шпітальнай адміністрацыяй. Забойства не было раскрытае.
Тайландскія студэнт-актывіст Паціват Сараяем (Patiwat Saraiyaem, 23 гады) і студэнтка-актывістка Порнсіп Манконг (Pornthip Munkong, 26 гадоў) асуджаныя на два з паловай гады турмы за абразу дзяржавы. Яны ўдзельнічалі ў студэнцкай тэатральнай пастаноўцы “Ваўчыны мост” пра выдуманага манарха ў кастрычніку 2013 года. Знаходзяцца ў зняволенні з сярэдзіны жніўня 2014 года.
Азербайджанская журналістка Хадзіджа Ісмайлава (Khadija Ismayilova) асуджаная на сем з паловай гадоў турмы; палітычная зняволеная, афіцыйнае абвінавачанне — растрата і ўхіленне ад падаткаў. Выкрывала карупцыю на найвышэйшым дзяржаўным узроўні і крытыкавала азербайджанскі ўрад за ўціск апазіцыі, доўгі час цярпела запужванні і юрыдычны пераслед. Была арыштаваная 6 снежня 2014 года.
Рэдактар і блогер Райф Бадаві (Raif Badawi) з Саудаўскай Аравіі асуджаны на 10 гадоў турмы, 1000 удараў бізуном і штраф 1 млн саудаўскіх рыалаў (260 000 $); афіцыйнае абвінавачанне — абраза ісламу і заснаванне ліберальнага інтэрнэт-рэсурсу. Таксама яму забаронена падарожнічаць і працаваць у СМІ 10 гадоў пасля вызвалення. 9 студзеня 2015 атрымаў першыя 50 удараў, рэшта пакарання адкладзеная па медычных паказніках.
Амануэль Асрат (Amanuel Asrat), паэт, крытык і галоўных рэдактар газеты “Zemen” з Эрытрэі арыштаваны ранкам 23 верасня 2001 года ў разгар рэпрэсіяў, скіраваных супраць незалежных СМІ. Лічыцца, што Асрата трымаюць без суду ў турме пад самай моцнай аховай. Іншыя журналісты, арыштаваныя ў гэты час, лічацца загінулымі.