30 сакавіка ў Гомелі адбыліся ажно дзве “Сустрэчы з Гедройцам”, у якіх узялі ўдзел Ігар Бабкоў і Павел Касцюкевіч. Гэта ўжо трэці горад, дзе прайшлі сустрэчы пад лозунгам “Найлепшыя пісьменнікі — у вашым горадзе”, у рамках якіх пераможцы прэміі Гедройца прадстаўляюць сваю творчасць за межамі Мінска. Імпрэзы арганізаваныя Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Амбасадай Рэспублікі Польшчы.
Першая сустрэча прайшла на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Там да Паўла Касцюкевіча і Ігара Бабкова далучыўся Сяргей Балахонаў, які ў 2013 годзе з кнігай “Зямля пад крыламі Фенікса”трапіў у кароткі спіс прэміі. Такім чынам гомельскія студэнты мелі магчымасць сустрэцца ажно з двума сваімі землякамі — Ігар Бабкоў, якія ўжо даўно атабарыўся ў Мінску, таксама нарадзіўся ў горадзе над Сожам. Каб інтэгравацца ў гэтую кампанію гамельчукоў, Паўлу Касцюкевічу давялося ўспомніць, што і яго дзед паходзіў з Гомельскай вобласці, а менавіта з Краснага Берага, і працаваў на чыгунцы — а таму першы лаўрэат прэміі Гедройца таксама ў гэтым горадзе не чужы.
На пачатку сустрэчы вядоўца Андрэй Хадановіч нагадаў, што ўсе тры пісьменнікі прадстаўляюць найперш не сябе і сваю творчасць, а менавіта прэмію Гедройца. Паказаўшы прысутным кнігу Паўла Касцюкевіча “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”, ён заахвоціў прысутных брацца за пісанне прозы (“бо часам за маленькую кнігу можна атрымаць вялікую прэмію”) і, спаслаўшыся на статут прэміі, адзначыў, што сярод прысутных празаікаў толькі адзін шчасліўчык-Балахонаў мае ў найбліжэйшыя гады магчымасць зноў быць намінаваным і перамагчы. У астатніх двух гасцей перамога ў прэміі ўжо за плячыма.
Перш, чым даць слова аўтарам, вядоўца прапанаваў прысутным пагуляць у дэмакратыю і спытаў, чаго студэнтам хочацца больш: паслухаць гасцей ці распытаць іх пра творчасць. Студэнты прагаласавалі за літаратурныя чытанні, і “беларускі Эмір Кустурыца” Павел Касцюкевіч прадставіў урывак з апавядання пра беларускіх кантрабандыстак.
Сяргей Балахонаў пачаў свой выступ песняй, прысвечанай марам гамельчукоў пра ўласнае метро, а пасля перайшоў да вершаў, якія прапаноўваў выцягваць з агульнага стосу студэнтам. Адзін з “білетаў” давялося цягнуць і выкладчыцы Анжэле Мельнікавай, і калі тая, выпадкова выцягнуўшы прозу, пачала перацягваць “білет”, сярод студэнтаў пачуўся абураны гул: “Чаму выкладчыкам можна, а нам — не?”
Пасля выступу Балахонава вядоўца агучыў літаральна гадзіну таму абвешчаны доўгі спіс сёлетняй прэміі Гедройца, а затым слова ўзяў Ігар Бабкоў. Адказваючы на пытанне Андрэя Хадановіча пра тое, ці складана быць адначасова пісьменнікам і філосафам, якое прагучала яшчэ ў пачатку сустрэчы і дагэтуль заставалася без адказу, леташні пераможца адказаў, што яму прыемна гуляцца з дзвюма гэтымі ідэнтычнасцямі. “Філосафам я кажу, што я літаратар, а таму мне ўсё можна, а літаратарам — што я філосаф, — зазначыў Ігар Бабкоў. — Мой знак задыяка — Блізняты, і таму такія гульні даюцца мне лёгка”. Падмацоўваючы свае словы, Бабкоў расказаў пра ўплыў выдуманых персанажаў на выкладанне філасофіі: “Аднойчы я на лекцыі прачытаў студэнтам апавяданне пра Адама Клакоцкага, але ўбачыўшы іх сур’ёзныя твары, спужаўся і прызнаўся, што гэта жарт і што гэтую асобу я выдумаў. Тым не менш падчас экзаменаў прыкладна палова студэнтаў расказвала мне пра філасофскія погляды Клакоцкага, а чвэрць клялася, што чытала яго творы”.
Ігар Бабкоў прадоўжыў пачатую Андрэем Хадановічам гульню ў дэмакратыю і спытаў у студэнтаў, што ім больш хочацца пачуць: вершы ці прозу? Прозе зноў не пашанцавала, і найлепшы празаік мінулага года зачытаў вершы са зборніка “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб”, пасля чаго расказаў гісторыю вокладкі гэтай кнігі, на якой змешчаная карціна яшчэ аднаго прызёра прэміі, Адама Глобуса. Карціна называецца “П’яніца”, і, апраўдваючы свой выбар, Бабкоў сказаў, што мастак прапанаваў яму ўсяго два варыянты — і другім была карціна пад назвай “Бутэлечкі”.
Ігар Бабкоў як гамяльчук паводле паходжання і рэдкі госць у родным горадзе (у нейкі момант ён прызнаўся, што ў першы раз выступае тут як пісьменнік) атрымаў найбольшую колькасць пытанняў. Адно з іх тычылася яго бачання Гомеля.
Ігар Бабкоў: “Гомель — горад сну, фантастычна прыгожае месца, якое ідэальна падыходзіць для распрацоўкі міфалогіі. Калісьці я пісаў эсэ, у якім назваў Гомель горадам летаргічнага класіцызму. Мы ўсе адчуваем, што Гомель — гэта не Гародня і не Магілёў, гэта адзіны беларускі горад, у цэнтры якога знаходзіцца парк з палацам, і само гэта вельмі важна. Менавіта з тых вулак, што разыходзяцца ад парка, паўстала ўсё маё мысленне. Мы заўсёды думаем траекторыямі свайго дзіцячага ландшафту. У мяне ёсць даўняя ідэя сабраць гомельскі зборнік, галоўным героем якога будзе сам горад са сваімі вуліцамі, якія мусяць разгарнуцца ў тэксты. Такім чынам гомельская прастора наратызуецца і атрымае новае значэнне. Напрыклад, для мяне адно з самых важных месцаў — гэта шахматна-шашачны клуб, дзе я стаў кандыдатам у майстры і чэмпіёнам Беларусі. Блукаючы цяпер па горадзе, я зайшоў туды — там цяпер лялечны тэатр і кавярня “П’еро”. Гэта неверагодна: я заходжу ў тую самую прастору, дзе ў 5 класе сядзеў за шахматным сталом і вучыўся перастаўляць фігуры, а цяпер сядаю за стол кавярні і замаўляю каву. У Гомеля ўсё наперадзе, гэта надзвычай удзячны матэрыял, які чакае свайго пісьменніка”.
Пасля пісьменнікі пачалі наўзахваткі расказваць адзін пра аднаго. Павел Касцюкевіч парэкамендаваў студэнтам кнігу Сяргея Балахонава “Зямля пад крыламі Фенікса”, а Ігар Бабкоў адзначыў, што самы час напісаць нешта цікавае і пра самога аўтара гэтай кнігі: “Хай на ўласнай шкуры адчуе, што значыць быць выдуманым персанажам”.
Андрэй Хадановіч спытаў у Паўла Касцюкевіча пра мяжу прыдуманага і непрыдуманага ў яго прозе, пра тое, дзе заканчваецца памяць пра сапраўдныя падзеі і ўключаецца фікцыя.
Павел Касцюкевіч: “Адразу скажу, што ў маіх кнігах усё прыдумана. Але ў Беларусі быць празаікам лёгка: наша краіна дзякуючы сваёй складанай постсавецкай спадчыне дае пісьменніку безлічы сюжэтаў, якія вісяць у паветры, як бананы ў бананавай рэспубліцы. Дастаткова працягнуць руку — і маеш сюжэт”.
Другая сустрэчы адбылася ў грамадскім цэнтры на вул. Палескай пры інфармацыйнай падтрымцы ГМКГА “Талака”. Тут гаворку пачалі адразу з кніг, за якія пісьменнікі былі ўганараваныя прэміяй Гедройца. Першае пытанне вядоўцы Андрэя Хадановіча прызначалася Ігару Бабкову: “Якая з чатырох борхесаўскіх гісторыяў не была расказаная ў “Хвілінцы”?”
Ігар Бабкоў: “Перш за ўсё скажу, што мне вельмі няёмка выступаць у родным горадзе з кнігай, прысвечанай іншаму гораду. А таму адказваць на пытанне не буду, а наконт чацвертай гісторыі скажу толькі, што ў гэтым годзе ў мяне выйдзе яшчэ адна кніга пад назвай “Хвілінка”, падзагаловак якой будзе гучаць ужо не “тры гісторыі, а “Другая кніга”.
Паўлу Касцюкевічу давялося расказваць пра досвед вяртання ў Беларусь і пра ўражанні ад таго, як гэта — быць беларускім літаратарам. Празаік пачаў свой адказ з гісторыі пра непасрэдна вяртанне ў Мінск: у аэрапорце ён убачыў сацыяльную рэкламу, прысвечаную працы за мяжой: “Едзеш за мяжу? Там цябе можа чакаць небяспека”. Менавіта так сустрэла будучага лаўрэата прэміі Гедройца радзіма. “У Беларусі засталося няшмат месцаў, якія прывязваюць нас да гісторыі. Таму, вярнуўшыся сюды, я прывязаўся не да гісторыі, а да людзей”, — сказаў Павел Касцюкевіч.
Андрэй Хадановіч папрасіў празаікаў парэкамендаваць прысутным нешта з кніг адзін аднаго. Павел Касцюкевіч зрабіў рэкламу кнігі “Адам Клакоцкі і ягоныя цені”, адзначыўшы, што гэта “першая беларуская кніга не для ўсіх”, Ігар Бабкоў жа параіў чытаць апавяданне Касцюкевіча пра ашмянскіх кантрабандыстак, пасля чаго сярод наведнікаў імпрэзы разгарэлася дыскусія пра кантрабандыстаў мясцовых, якія нешта ўвозяць і вывозяць з Чарнігава. Такая дыскусія прымусіла літаратараў паразважаць пра кантрабанду літаратуры за мяжу — тэму, вельмі блізкую Ігару Бабкову, чый раман “Хвілінка” летась быў перакладзены на славацкую мову і атрымаў славацкую літаратурную прэмію “За найлепшы ўсходнееўрапейскі раман”, якая прысуджаецца краінамі Вышаградскай групы.
Разважаючы пра сучасны стан беларускай літаратуры, Ігар Бабкоў, адзначыў, што апошнія 5 гадоў яна ўрэшце перастала камусьці нешта даказваць і адчула сябе самадастатковай. “Гэта тычыцца самых розных твораў: і “атамнай” літаратуры, якую ў прыстойнай кампаніі не пачытаеш, і модных гламурных аўтараў, літаратуры “левай” і “правай”. Усё гэта спакойна існуе побач. Усе расслабіліся і пачалі пісаць так, які ім хочацца”.
Паразважаўшы пра пэўныя супярэчнасці, што могуць узнікнуць у галаве пісьменніка, які ведае, што ўсе вакол размаўляюць па-руску, і ўсё ж прымушае сваіх герояў гаварыць па-беларуску, Андрэй Хадановіч спытаў у двух пераможцаў, як яны з гэтым спраўляюцца. Ігар Бабкоў прызнаўся, што ў яго няма задачы быць верным праўдзе жыцця. Павел Касцюкевіч жа расказаў пра свой досвед існавання ў амаль чыстым беларускамоўным асяроддзі, якое дае яму праца ў кнігарні “Логвінаў”: “Больш за тое, часта па гаворцы наведніка мы ўжо вызначаем, якіх ён трымаецца поглядаў, належыць ён да былых заўсёднікаў зачыненай управы БНФ ці да хіпстараў. Па-беларуску ўсе размаўляюць па-рознаму. Мова жыве сваім жыццём, якое ўжо не сакральнае, а штодзённае”.
Разважаючы пра рускамоўных беларускіх пісьменнікаў, Ігар Бабкоў адзначыў, што вывучыў беларускую мову і пачаў на ёй пісаць, бо ў рускай мове сябе не знайшоў. Руская мова накладае на беларускага рускамоўнага пісьменніка нашмат складанейшую задачу, чым тая, што кладзецца на плечы беларускамоўнага: змагацца з імперскай традыцыяй знутры. Аднак Ігар Бабкоў адзначыў: “Калі ў беларусаў з’явіцца свой рускамоўны Джойс, усе мы будзем ставіцца да яго з вялікім шанаваннем”, на што Андрэй Хадановіч дадаў: “Але супраць беларускамоўнага Джойса мы таксама нічога не маем”.
У канцы імпрэзы пісьменнікі і чытачы паразважалі пра тое, якім чынам трэба папулярызаваць беларускую літаратуру і ці варта гучна заяўляць пра ўласную папулярнасць, пасля чаго размова зрабілася больш нефармальнай. Наведнікі атрымалі магчымасць узяць у пераможцаў прэміі аўтографы, а пісьменнікі — бліжэй пазнаёміцца са сваімі чытачамі.
Ігар Бабкоў — паэт, філосаф, перакладчык, лаўрэат прэміі Ежы Гедройца 2014 года за раман “Хвілінка. Тры гісторыі”. Павел Касцюкевіч — празаік, перакладчык ізраільскай і амерыканскай літаратуры, першы лаўрэат прэміі Ежы Гедройца (кніга “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”).
Усе фота з сустрэч — у нашым Facebook.
Фота Аляксандра Кладава