• Навiны
  • Свабода слова, блюзнерства і абраза: каментары Міжнароднага ПЭН-клуба пра тэракт у Парыжы ў пытаннях і адказах

Свабода слова, блюзнерства і абраза: каментары Міжнароднага ПЭН-клуба пра тэракт у Парыжы ў пытаннях і адказах

Апошняе абнаўленне: 12 студзеня 2015
Свабода слова, блюзнерства і абраза: каментары Міжнароднага ПЭН-клуба пра тэракт у Парыжы ў пытаннях і адказах
Як ПЭН ставіцца да публікацыі матэрыялаў, якія можна назваць абразлівымі і/ці блюзнерскімі?

Як ПЭН ставіцца да публікацыі матэрыялаў, якія можна назваць абразлівымі і/ці блюзнерскімі?

Місія ПЭНа палягае ў абароне свабоды слова і прасоўванні ідэі ўзаемаразумення і павагі.

ПЭН верыць, што фундаментальнае права на свабоду слова гарантуе чалавеку права выказваць свае крытычныя погляды нават тады, калі яны кагосьці абражаюць. Журналісты і выдаўцы не павінныя цярпець гвалт за выказванне сваіх спрэчных меркаванняў.

ПЭН часта абараняе меркаванні, з якімі мы можам не пагаджацца, — у іншым выпадку прынцып свабоды слова страціць сэнс.

ПЭН адмаўляе гвалт і рашуча асуджае любое праяўленне гвалту ці пагрозу гвалту ў абмеркаванні мастацтва і ідэяў.


Хіба выдаўцы не павінныя былі адмовіцца ад публікацыі матэрыялаў, якія можна палічыць абразлівымі ці блюзнерскімі?

Сябры ПЭНа, прафесійныя пісьменнікі, выдаўцы і перакладчыкі, якія сур’ёзна ставяцца да правоў і абавязкаў, што накладае свабода слова, часта не сыходзяцца ў меркаваннях адносна тых ці іншых спецыфічных прац ці ў пытаннях адносна свабоды дзеянняў і абмежаванняў. Мы лічым гэта найважнейшай праявай свабоды. Мы не толькі змагаемся за правы пісьменнікаў і выдаўцоў, якіх караюць за публікацыю непапулярных твораў мастацтва і ідэяў, і асуджаем любыя спробы шляхам запужвання прымусіць аўтараў такіх твораў мастацтва і ідэяў замаўчаць, але і актыўна падтрымліваем і абавязаныя падтрымліваць мясцовыя, нацыянальныя і міжнародныя абмеркаванні мастацтва і ідэяў.


Якім будзе ўплыў нападу на далейшыя рашэнні выдаўцоў друкаваць падобныя матэрыялы?

Адразу пасля нападаў еўрапейская прэса даказала, што яна не зоймецца самацэнзурай, і перадрукавала матэрыялы з Charlie Hebdo. З’явіліся паведамленні пра запужванні супрацоўнікаў сатырычных часопісаў у іншых краінах, напрыклад у Турцыі, дзе журналістам пагражалі такімі ж нападамі, калі тыя не перастануць выдаваць матэрыялы, якія могуць быць успрынятыя як абразлівыя.

Наш абавязак — паклапаціцца пра тое, каб гэта не прывяло да самацэнзуры ці цэнзуры сярод спонсараў і інстытуцыяў. Інакш гэта будзе сур’ёзны падкоп пад свабоду слова.

Што ПЭН параіць французскім уладам у гэтай сітуацыі?

Хаця французскія ўлады мусяць адказваць за свае дзеянні, ім не варта выкарыстоўваць гэты напад як нагоду прыняць новыя меры ў імя контртэрарыстычнай дзейнасці, такія як неапраўданы кантроль, якія будуць абмяжоўваць чалавечыя правы і свабоду слова.

Французскія ўлады мусяць гарантаваць, што мусульмане і іншыя людзі не зробяцца мішэнню для контратакаў, і расследаваць любыя такія сітуацыі. Улады мусяць ацаніць, наколькі небяспечныя тыя месцы, на якія могуць рабіцца напады ў адказ, напрыклад, мячэці, малітоўныя памяшканні мусульманаў, і забяспечыць ім неабходную бяспеку.

Як парыжскія напады ўпісваюцца ў праблему бяспекі журналістаў увогуле?

Напад на Charlie Hebdo — гэта найгоршы выпадак мэтанакіраванага знішчэння журналістаў, які толькі быў зафіксаваны ў Еўропе. Яго можна параўнаць з забойствам 32 журналістаў і іншых супрацоўнікаў медыя, здзейсненым пяць гадоў таму 100 узброенымі людзьмі на востраве Мінданаа (Філіпіны).

На жаль, журналісты ўсё больш робяцца мэтай нападаў, асабліва тыя, што пішуць пра вайну, правы чалавека і карупцыю. З 1992 года ў свеце было забіта больш за 1000 журналістаў — з найбольшай колькасцю ахвяраў у Іраку, Сірыі і на Філіпінах. Хаця за апошняе дзесяцігоддзе ўвага сусветнай грамадскасці да гэтай праблемы павысілася, зменшыць колькасць беспакараных забойстваў не атрымліваецца. Дзяржавам варта выявіць больш палітычнай волі да выканання свайго міжнароднага абавязку і зрабіць усё магчымае, каб знізіць узровень гвалту ў дачыненні да журналістаў.

9 студзеня 2015 года