Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскі Інстытут у Мінску абвяшчаюць новы сезон Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.
У журы Прэміі ўвайшлі:
Уладзімер Арлоў — паэт, празаік, гісторык;
Ігар Бабкоў — празаік і філосаф, лаўрэат Прэміі Гедройца 2014;
Малгажата Бухалік — перакладчыца;
Адам Глобус — празаік, намінант фіналіст Прэміі Гедройца 2013;
Ганна Кісліцына — літаратуразнаўца, літаратурны крытык;
Андрэй Федарэнка — празаік, фіналіст Прэміі Гедройца 2012;
Ціхан Чарнякевіч — літаратуразнаўца, літаратурны крытык;
Ганна Янкута — літаратурны крытык, перакладчыца.
Менавіта журы вызначае лёс узнагародаў Прэміі Гедройца:
— чэка на суму, якую кожны год вызначае “Ідэя Банк” — для першага месца;
— перакладу твора на польскую мову альбо творчай стыпендыі ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя) — для другога месца;
— творчай стыпендыі ў Вентспілсе (Латвія) — для трэцяга месца.
Кнігі для ўдзелу ў конкурсе можна даслаць да 31 студзеня 2015 года праз афіцыйны сайт Прэміі: gedroyc.by, на паштовы адрас: 220050, Мінск, п/с 218, а таксама на электронны адрас: [email protected]. Заяўка мусіць утрымліваць наступныя звесткі:
а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы;
б) кароткая творчая біяграфія аўтара альбо ўсіх суаўтараў, калі твор напісаны ў суаўтарстве;
в) анатацыя кнігі;
г) урывак да 10 тысячаў знакаў, які будзе размешчаны на сайце Прэміі;
д) пажадана — адрасы крамаў, дзе можна набыць кнігу, ці спасылкі, па якіх яе можна спампаваць у электронным варыянце.
Да заяўкі неабходна далучыць 7 асобнікаў у папяровым і 1 асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 7 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.
Сёлета акцэнт у звязаных з Прэміяй мерапрыемствах будзе рабіцца на кароткім спісе. Арганізатары правядуць прэзентацыі кніг, што трапілі ў кароткі спіс, а на сайце Прэміі з’явяцца па дзве рэцэнзіі на кожную з гэтых кніг.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014).