Літаратурная Прэмія Ежы Гедройца за тры гады існавання сталася натуральным каталізатарам літаратурнага руху і тым цэнтрам, у суладдзі з якім круціцца празаічны год. Нельга не адзначыць, што вакол прэміі, як вакол яблыка разладу, штогод узнікаюць гучныя абмеркаванні ў сацыяльных сетках і пісьменніцкіх кулуарах: нараджаюцца міфы пра таемныя змовы арганізатараў, сяброў журы і сакратароў, актыўна распаўсюджваюцца хлуслівыя чуткі, плёткі і г.д. Аднак абмеркавання ўласна літаратурных якасцей намінаваных творцаў практычна не адбываецца. Яшчэ горш — з аналітыкай па асобных, высунутых на прэмію кнігах: да іх пляткарская суполка не дабіраецца амаль ніколі, уважаючы за лепшае гаварыць агульнымі словамі пра самога пісьменніка і ягоны творчы метад.
Між тым разгляд аб’ектыўна лепшага з таго, што было намінавана на прэмію Гедройца ў мінулыя гады, безумоўна, патрэбны. Больш таго, ужо сёння, гледзячы на вынікі прысуджэння ўзнагароды ў 2012-2014 гады, можна ўказаць на пэўныя заканамернасці альбо, прынамсі, тэндэнцыі, якія спадарожнічаюць і самой прэміі, і ўсёй лепшай беларускай прозе, вылучанай на яе.
Разгледзім кнігі шорт-лістараў ў сацыёлага-літаратурным і фармальна-эстэтычным кшталце, прытрымліваючыся наступнага парадку:
a) месца выдання кнігі;
b) узрост шорт-лістара;
c) гендарны аспект;
d) месца пражывання шорт-лістара;
e) вытрыманасць кнігі ў акцэнце на загалоўны твор або ў канцэпцыі кнігі як цэлага;
f) жанравы маркер;
g) тэматычны пласт.
a) месца выдання кнігі
У СМІ і сацыяльных сетках актыўна мусіруецца тэма, што прэмія Гедройца — цалкам контркультурніцкі праект, які знаходзіцца ў кантэксце супрацьстаяння незалежнай культуры і літаратуры дыскурсу дзяржаўнай агітацыі і прапаганды. Тым не менш аналіз пазіцый шорт-лістараў дае такія вынікі: у 2012 годзе адна кніга-намінант з дзяржаўнага выдавецтва (А. Федарэнка “Мяжа”), у 2013-м — адна (Л. Рублеўская, “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”), у 2014-м — тры (А. Брава “Дараванне”, С. Вераціла “Разбітае сэрца Вітаўта”, Л. Рублеўская “Ночы на Плябанскіх млынах”). Такім чынам, сёлета, у 2014 годзе, палова кніг-намінантаў з кароткага спісу — гэта кнігі дзяржаўных выдавецтваў.
Статутам прэміі прадугледжана апалітычнасць, аднак нельга не выказаць думкі, што і дзяржаўныя арганізацыі, і куратары дзяржаўнага кнігавыдання за часы існавання прэміі Гедройца неаднойчы задумаліся пра канкурэнцыю ў выданні сучаснай літаратуры. Канкурэнцыю, якой яшчэ пару гадоў таму амаль не існавала, бо дзяржаўны сегмент кнігавыдання прадукаваў толькі кнігі для школьнай праграмы, перавыданні класікаў і кнігі, на якія прыйшла замова ад дзяржарганізацый. Але, магчыма, дзякуючы прэміі імя Гедройца адказныя асобы ва ўладзе актывізавалі выданне актуальнай сучаснай літаратуры, бачачы, што гэтая сфера цалкам кантралюецца незалежным кнігавыдавецкім рухам. Варта адзначыць, што менавіта ў сегменце сучаснай прозы адбыліся гэтыя зрухі. Лепшая актуальная паэзія і пераклады па-ранейшаму выдаюцца ў незалежніцкім сегменце кнігавыдавецкага рынку. У наступныя гады можна прагназаваць далейшае абвастрэнне канкурэнцыі паміж дзяржаўным і недзяржаўным сегментамі кнігавыдання, якое пойдзе на карысць абодвум, хаця б тут раўнапраўным, часткам і створыць дадатковы рэзананс літаратурнай узнагародзе імя Ежы Гедройца.
b) узрост шорт-лістара
Агульная статыстыка за тры гады падае, што інтэрвал узросту шорт-лістараў складае 33-67 гадоў. Нягледзячы на такі значны разрыў у часе, вынікі сведчаць, што асноўная частка намінантаў (10 з 18 шорт-лістараў) належаць да сярэдняга пакалення беларускіх празаікаў (47-55 гадоў). Тым не менш пераможцы прэміі размеркаваны па трох пакаленнях празаікаў: у 2012 годзе быў узнагароджаны прадстаўнік маладзейшага пакалення, 33-гадовы Павел Касцюкевіч, у 2013-м — адзін з старэйшынаў літаратурнага руху Уладзімір Някляеў (67 гадоў), а ў 2014 годзе пераможцам быў абраны прадстаўнік сярэдняга пакалення Ігар Бабкоў (50 гадоў). Трэба адзначыць, што ў апошні шорт-ліст не ўвайшоў ніводны прадстаўнік маладзейшага пакалення 33-38 гадовых творцаў (у 2012-м былі Павел Касцюкевіч і Альгерд Бахарэвіч, а ў 2013-м — Сяргей Балахонаў і зноў жа Альгерд Бахарэвіч). Для старэйшага пакалення былі адведзены чатыры намінацыі: Аляксандр Лукашук у 2012-м (нар. 1955), Уладзімір Някляеў (нар. 1946) ды Юры Станкевіч (нар. 1949) у 2013-м і Вінцэсь Мудроў (нар. 1953) у 2014-м.
З гэтай статыстыкі можна зрабіць выснову, што прадстаўнікі ўсіх трох пакаленняў беларускіх празаікаў удзельнічаюць у прэміяльнай гонцы досыць раўнамерна, аднак большая частка намінантаў — сталыя празаікі сярэдняга пакалення, чый талент праявіўся напоўніцу ў другой палове 1980-х і ў 1990-я гады.
c) гендарны аспект
Статутам прэміі, зразумела, не ставіцца ніякіх перашкодаў да ўдзелу ў намінаванні аўтарак-жанчын. Але так сталася, што за тры гады існавання прэміі імя Гедройца ніводная жанчына не атрымлівала прызавога месца. У 2012 годзе сярод шорт-лістараў не было ніводнай кнігі, напісанай жанчынай. У 2013-м у кароткім спісе ўзнікла імя Людмілы Рублеўскай, а ў 2014-м кампанію ёй склала Алена Брава.
Такім чынам, у 2014 годзе назіраецца больш-менш прымальны гендарны баланс паміж намінантамі: 2/6 — аўтаркі-жанчыны. Аднак нельга не адзначыць, што гэтае “больш-менш” залежыць не толькі ад меркавання сяброў журы, але і ад агульнага гендарнага балансу ў беларускай літаратуры, як сучаснай, так і савецкай. Літаратурная галіна фармавалася і кіравалася ў Беларусі ў ХХ стагоддзі збольшага мужчынамі, і такая іерархія захоўваецца і сёння. Прэмія і шорт-лісты, можна сказаць, адлюстроўваюць наяўнае становішча у літаратурнай іерархіі.
d) месца пражывання шорт-лістара
У масавай свядомасці існуе меркаванне, што асноўная частка літаратараў сканцэнтравана ў Мінску, у сталіцы Беларусі, таму і літаратурная іерархія залежыць ад Мінску, які “раздае прэміі сваім”, “размяркоўвае міжсобку” і гэтак далей. Статыстыка прэміі імя Гедройца сведчыць аб адваротным.
2012 год: Уладзіслаў Ахроменка (Чарнігаў), Альгерд Бахарэвіч (Гамбург), Аляксандр Лукашук (Прага)
2013 год: Сяргей Балахонаў (Гомель), Альгерд Бахарэвіч (Гамбург), Юры Станкевіч (Барысаў)
2014 год: Вінцэсь Мудроў (Полацк), Сяргей Вераціла (Ваўкавыск), Алена Брава (Барысаў).
Выснова: роўна палову кніг-намінантаў з кароткага спісу прэміі імя Гедройца на працягу трох гадоў складаюць кнігі, напісаныя не ў Мінску. Гэта сведчыць, што татальная цэнтралізацыя літаратурнай іерахіі і зацыкленасць на мінскай літаратурнай грамадзе вельмі перабольшана.
e) вытрыманасць кнігі ў акцэнце на загалоўны твор або ў канцэпцыі кнігі як цэлага
Тры гады назіраючы за прэміяй імя Ежы Гедройца, магу казаць, што многіх аўтараў аб’ектыўна хвалюе праблема канцэптуалізацыі кнігі. Для таго каб кніга стала з’явай, яна мусіць быць аб’яднана альбо загалоўным творам, альбо канцэпцыяй, якая лучыла б усе змешчаныя ў кнізе тэксты. У 2012 годзе акцэнту на загалоўны твор ці то агульнай канцэпцыі не мела толькі кніга Паўла Касцюкевіча, што не перашкодзіла ёй атрымаць І месца. Аднак апавяданні Касцюкевіча былі аб’яднаныя, хутчэй, жанрава і стылістычна, чым канцэптуальна. Крыху выбівалася з агульнага рытму і кніга Андрэя Федарэнкі “Мяжа”, куды, акрамя загалоўнага рамана-аўтабіяграфіі, былі ўключаныя і выбраныя апавяданні. У 2013 годзе вылучаліся з шэрагу кнігі Адама Глобуса і Юры Станкевіча, у якіх намінаваліся своеасаблівыя “выбраныя творы”, без якой бы там ні было заяўкі на канцэптуальнасць. У 2014 годзе такіх “кніг выбранага” намінавалася ўжо тры: “Багун” Вінцэся Мудрова, “Разбітае сэрца Вітаўта” Сяргея Верацілы і “Ночы на Плябанскіх млынах” Людмілы Рублеўскай.
Такім чынам, імкненне аўтараў канцэптуалізаваць кнігу-намінанта цягам трох гадоў змяншаецца. Кніга-падзея, адзінкавая з’ява, адзінкавы праект пакуль што не заваёўвае ўвесь шорт-ліст, даючы месца “салянкам” выбраных твораў. Аднак і ў 2013-м, і ў 2014-м І месца, а 2012-2014-м ІІ месца займалі кнігі-падзеі, кнігі-канцэптуальныя праекты.
f) жанравы маркер
Цягам трох гадоў на ўзнагароду імя Ежы Гедройца прэтэндавалі кнігі самых розных жанраў. “Кароль прозы” — раман — займаў сярод іх найпрыкметнейшае месца. Так, у 2012-м намінаваліся тры раманы, у 2013-м — два, у 2014-м — два. Мастацкая эсэістыка адыгрывала вялікую ролю ў першых дзвюх прэміях (дзве і тры кнігі адпаведна), а ў 2014-м не была прадстаўлена ў шорт-лісце ніводнай пазіцыяй. Творы малафарматных жанраў — аповесці і апавяданні — намінаваліся адзін (2012), адзін (2013) і чатыры (2014) разы адпаведна.
Можна зрабіць выснову, што ў жанравым ключы проза размяркоўвалася досыць раўнамерна, як і прызавыя месцы сярод іх. За тры гады: І месца (апавяданні, раман; раман), ІІ месца (эсэістыка, эсэістыка, раман), ІІІ месца (раман, эсэістыка, апавяданні). Пакуль што мастацкая эсэістыка не дацягвае да першага месца і ні разу яго не атрымлівала, аднак падобнае становішча можа змяніцца калі заўгодна, хоць і ў 2015 годзе. Праўда, прадугледзець гэта немагчыма. Відавочна, што густы сяброў журы не залежаць ад жанравай маркіроўкі кнігі.
g) тэматычны пласт
У плане тэматыкі кнігі-намінанты на прэмію Гедройца таксама адлюстроўваюць сучасны стан беларускай прозы. Часта намінуюцца творы фантасмагарычных жанраў, а таксама рэтраспектыўных. Больш за ўсё гэта датычыць намінантаў 2014 года, дзе рэтраспектыўнымі аказваюцца ўсе кнігі шорт-ліста: кніга Ігара Бабкова ўзнаўляе рэальнасць 1980-х; Вінцэсь Мудроў піша збольшага пра застойны савецкі перыяд, а таксама дае экскурсы ў пераломныя моманты гісторыі Беларусі; апавяданні Сяргея Верацілы часта прысвечаны дзяцінству; кніга Алены Брава распавядае пра трызненні старога вар’ята-немца, які ўспамінае пра вайну. Найаб’ёмнейшыя творы з кнігі Людмілы Рублеўскай — парталы ў гісторыю Беларусі, рыцарскую і паўстанцкую, у гісторыю Мінска. Крыху вылучаецца на гэтым фоне раман Артура Клінава “Шклатара”, які быццам бы прысвечаны сучаснасці, аднак і ў ім адну з ліній займае аповед пра ХІХ стагоддзе, містыку і паўстанцкія атрады.
Такімі ж рэтраспектыўнымі ў мінулыя гады прэміі можна назваць кнігу “След матылька” Аляксандра Лукашука, “Гамбурскі рахунак Бахарэвіча” Альгерда Бахарэвіча, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” Уладзіміра Някляева, “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” Людмілы Рублеўскай; квазірэтраспектыўнымі — кнігі “Зямля пад крыламі Фенікса” Сяргея Балахонава, “Мяжа” Андрэя Федарэнкі і “Сказы” Адама Глобуса.
Такая ўвага да рэтраспекцыі можа гаварыць пра тое, што аўтары па-ранейшаму не знаходзяць сябе ў сучаснасці, адпрэчваюць яе як каштоўнасць, а тую самую каштоўнасць і для сябе, і для краіны (калі яны падымаюць у кнігах тэму ідэнтычнасці) бачаць у разгадванні загадак мінулага, у актуалізацыі яго.