Сёння ўвесь свет сочыць за тым, што адбываецца ва Украіне. Пад пытаннем стаіць не толькі будучыня краіны, але і лёс яе грамадзянаў, а таксама лёс усёй Еўропы. Дзеля таго, каб нармалізаваць сітуацыю і прынесці краіне доўгачаканы спакой, усе дзеянні абодвух бакоў канфлікту мусяць быць легітымізаваныя міжнароднай супольнасцю, якая павінна за імі ўвесь час назіраць і даваць ацэнку.
Камітэт “Пісьменнікі за мір” Міжнароднага ПЭН-клуба заклікае ўсіх удзельнікаў падзеяў ва Украіне і за яе межамі шукаць разам магчымасці мірна разабрацца з супярэчнасцямі праз дыялог і быць адкрытымі для пагаднення.
Камітэт “Пісьменнікі за мір” нагадвае пра Бледскі маніфест міру, прыняты Міжнародным ПЭН-клубам на кангрэсе ў Рэйк’явіку ў верасні 2013 года ў адпаведнасці з палажэннямі Хартыі ПЭН-клуба, што заклікаюць прасоўваць ідэю міру праз літаратуру і паважаць правы ўсіх членаў чалавечай сям’і і ўсе нацыянальныя пісьменніцкія суполкі.
Камітэт “Пісьменнікі за мір” заклікае ўсіх пісьменнікаў скарыстацца сваім правам на свабоду выяўлення, правам на мірныя сходы і саюзы і патрабаваць павагі да незалежнасці ўкраінскіх грамадзянаў, якія адны маюць дэмакратычнае права вызначаць сваю будучыню. Правы чалавека ўлучна з лінгвістычнымі правамі мусяць быць гарантаваныя ўсім украінцам пры пасярэдніцтве Генеральнай Асамблеі ААН і іншых інстытуцыяў, што павінныя змагацца за ўзаемны давер і ўплываць на лідараў усіх адпаведных урадаў, каб пазбегнуць далейшага ўмяшання ва ўнутраныя справы Украіны ў адпаведнасці з артыкуламі 1 і 2 Хартыі ААН.
Тоне Першак,
старшыня Камітэта “Пісьменнікі за мір”
9 траўня 2014 года,
Блед (Славенія)