1
Дрэнная рэцэнзія мусіць пачацца з цытавання слоў вядомай асобы. Яна мусіць так пачацца, і яна пачынаецца: як казаў Ж.-П.Сартр, “культура нікога і нічога не выратоўвае і не апраўдвае. Яна справа рук чалавека — у ёй ён шукае сваё адлюстраванне, у ёй ён пазнае сябе, толькі ў гэтым крытычным люстэрку ён і можа пазнаць свой твар”. У беларускай літаратуры з’явілася кніга Андрэя Адамовіча, якая дазволіла шэрагу людзей выдыхнуць з палёгкай, бо яны пазналі сябе ў крытычным люстэрку, дзе Хайдэгер, спа, чорныя капачы, Яндэкс, Каляды і “радзіма, узмоцненая ў восем разоў” нарэшце яднаюцца ў адзінае цэлае. Раней гэтага люстэрка проста не існавала. Была лакуна, быў пытальнік: “Чаму мы глядзім у беларускую літаратуру, але не бачым у ёй сябе?”
Існаваў Сomedy Club, але ў ім не было радзімы, існавала радзіма, але ў ёй былі толькі лясы і верасы. І вось — нарэшце ўсё шчасліва змяшалася ў зборніку Андрэя Адамовіча.
“Дзень паэзіі смерці дзень” — тут беларуская паэзія і смерць — амаль сінонімы. Цяпер, калі пайшла з жыцця эпоха Рыгора Барадуліна, засталіся — незапоўненыя лакуны, люстэркі, у якіх мы сябе па пазнаём, і слоўнік Рагойшы, які ўжо — “слоўнік рагойшы” — чарговая форма без унутранага зместу. Андрэй Адамовіч ведае, як гэта выправіць.
Між іншым, ён кажа: “Не думаю, што мая кніга — гэта штосьці жудаснае, што здарылася з беларускай літаратурай”. Натуральна, што не: жудасць — гэта тое пачуццё, якое апаноўвае, калі твор з’яўляецца і знікае з інфармацыйнай прасторы, не пакідаючы пасля сябе ні чорных капачоў, ні хоць якога “цвічка, які заўсёды з табою”. Быццам бы яго і не існавала.
Андрэй Адамовіч — Дыяніс і блазан беларускай літаратуры, і яго вершы гэткія ж прыўкрасныя, як чахлы для айфонаў з партрэтам і радкамі М. Багдановіча. Беларускі Дыяніс ухваляе натуральнае, нават калі яно празмернае і непрапарцыянальнае, і супрацьстаіць апрыёры апаланічным стэрэатыпам чытача, звязаным з беларускай літаратурай.
Некаторыя прадстаўнікі сённяшняй інтэлігенцыі характарызуюць падзеі кшталту знясення помніку Леніну як “разгибание пружины в обратную сторону”, і я думаю, што кніга А. Адамовіча таксама “разгібае спружыну ў адваротны бок”, прыцягваючы чытача да “сініх касачоў” Броўкі, “зорнага неба” М.Багдановіча і “Сымона-музыкі” Коласа шляхам правакацыі, аздобіўшы “дыяменты беларускай літаратуры” абсалютным трэшам (хоць у выніку атрымоўваецца, што “дыяманты” аздабляюць той трэш, які разгортваецца ў вершах).
Праз вонкавы вобразна-асацыятыўны тэрор падступіцца да лірычнага героя няпроста, як няпроста прабіцца да ўнутранага свету блазна. У межах адпаведнай эстэтыкі ў Адамовіча змяшаны наркотыкі, алкаголь, сэкс, гумар і нецэнзурная лексіка, пры гэтым і чытачу, і аўтару зразумела, што пералічанае — проста набор акцёрскіх інструментаў для выступу. Цытуючы адзін інтэрнэт-рэсурс: “несмотря на столь провокационный вид, философия трэша далеко не агрессивна. Приверженцы стиля понимают, что все люди не идеальны, в каждом есть что-то плохое, и внешним видом стремятся показать, что это только снаружи, зато их душа чиста и открыта миру”. “Чиста и открыта миру” — дзякуючы таму што аўтар гэтага не хавае, у зборніку выбліскваюць сапраўдныя пярліны лірыкі: “Паўгода”, “Каляднае”, “Шостае вяртанне”, “Калі паедзеш да мяне” і інш.
Мат у вершах Адамовіча, вядома, ёсць асаблівым экспрэсіўным сродкам і валодае каласальнымі выразнымі магчымасцямі. Мат дзеля трэшу ў мастацтве — з’ява дапушчальная, мат дзеля мату ў мастацтве — нецікавая. У тым жа “Новым жыцці” “бл..ь, секундачку” — гэта ўжо амаль афарыстычнае выслоўе, а вось фінальны радок “як ты мне а..ела, маё новае жыццё” пакідае чытача без катарсісу і проста пакідае — з адчуваннем, што выканаўца раздзяўбаў свае “акцёрскія інструменты” раней, чым скончыў нумар. Калі я ўяўляю, як А. Адамовіч чытае гэты фінальны радок, то бачу залу, якая мусіла напрыканцы заапладзіраваць, але ў неўразуменні замаўчала. Пры гэтым я не выключаю, што гэта — і ёсць той эфект, якога дабіваўся аўтар.
Але ў такім выпадку, што такое наогул верш? Адказвае сам аўтар — у адным з найлепшых твораў зборніка: “Верш — гэта гісторыя пра Бога, і хаця падаецца, што Бог — тут галоўнае, галоўнае — гісторыя”. Тут А. Адамовіч (дзеля трэшу?), мяркую, хлусіць, бо ведае: без боскага сапраўдны верш не народзіцца (іначай бы аўтар не стварыў ні “Хрыстовай пупавіны”, ні “Малака”, ні “Хваляў”, ні іншых твораў, якія толькі і нарадзіліся паз жаданне лірычнага героя падняцца вышэй за абсурд і няскладнасць рэальнага). І ў той жа час ёсць цудоўныя гісторыі з жыцця тыпу “Новага жыцця”, якія прыдатныя для артыстычнага распавядання сябрам і не абавязкова мусяць ператварацца ў вершы.
Дыянісійскае абрана як знешняя форма, але ж унутраная напоўненасць сведчыць пра наяўнасць розных пачаткаў, якія, мяркую, у далейшым могуць пацягнуць аўтара ў самыя розныя “эвалюцыі”. Цікава, напрыклад, пакіне сабе лірычны герой амплуа блазна ці пасунецца ў бок лірычнасці? Ва ўсякім выпадку, пасля верша “Беларуская мова Ш.” цяжка ўявіць сабе яшчэ большае паглыбленне ў трэш — таму чытачу ёсць на што спадзявацца.
2
Добрую рэцэнзію лепш за ўсё пачаць з пэўнага ёмкага і дарэчнага літаратуразнаўчага тэрміна, напрыклад, такога, як “мікракосм”. Паэтычны мікракосм зборніка У. Лянкевіча — свет простых рэчаў. “Жыццё — складаная штука”, — кажам мы. “Складанае, але і простае, — кажа аўтар і дадае: — 70 % нас – звычайная вада. І гэта — вельмі проста”.
Перад чытачом паўстае свет, у якім лірычны герой — вандроўнік па свеце паўсядзённых рэчаў. Ён ходзіць па шмат разоў ходжаных дарогах, па вуліцах, “брукаваных бульбай і яблыкам”, абдымае дрэвы — застаецца сам-насам са сваімі думкамі і адчуваннямі, і ў гэтым стане герой спачатку намагаецца пераадолець цішыню (“я спрабую змагацца з цішынёй часам і хуткасцю”), а потым разумее, што менавіта гэтая цішыня здольна адкрыць таямніцы (“мы хадзілі шэптам, каб не спужаць апалых лісточкаў, яны зляталі да нас на рукі, ціха казыталі далоні дзюбкамі”). Цішыня дазваляе герою ўбачыць рэчы, навізну якіх мы перастаём адчуваць праз тое, што ўспрымаем іх як дэкарацыі:
Я адціскаўся і разглядаў крошкі, маленькія нітачкі
Часцінкі паперак і валасінкі, драбязу
Якая вырастае на дыване, калі доўга не прыбірацца.
“Фен, батон, мука, пах дражджэй, тралейбус, ровар, арэлі, кошыкі” — вось прадметнае поле зборніка.
“Мох, балота, горы, дрэвы, неба, Свіслач, лес, рэчка, вецер, мора, мур, крушня, зямля” — а вось яго метафізічнае поле, вось прастора, у якой лунае дух лірычнага героя ў той час, як ён сутыкаецца з “простымі рэчамі”.
Так, тут, побач з намі, гэты герой стаіць на лесвічнай пляцоўцы ў звычайным пяціпавярховіку, але ж думкі яго ў гэты час скіраваныя на тое, як “насыпаць горы”.
Увага і чуйнасць да навакольнага адчыняе для героя свет жывёл: галубкі, змеі, каты, сабакі, качкі, багоўкі і рыбіны арганічна робяцца паўнавартаснымі героямі паэтычнага свету.
Тонкія назіранні за простымі рэчамі і заўвагі (“калісьць табе наступіў, цяпер і ты наступі мне”) паўстаюць наймацнейшым бокам кнігі, і калі іронія добра ўплятаецца ў гэтыя назіранні, пазбаўляючы паэтычныя тэксты залішняга пафасу (“потым, калі трохі даўжэй глядзець да галавы прыходзіць уся гэта класічная фішка пра гераічнасць іхніх паставаў непакору і ўсе гэтыя вобразы паэтаў якім вецер раздзімае валасы”), то рэзкае рэзанёрства куды меней пасуе аўтару (“як толькі мясцовыя вераб’і пачынаюць зачаста на цябе гадзіць, тэрмінова мяняй месца жыхарства”). Прынамсі, у вершы “Ffynnon Garw” дысфемізм “пазырыць” таксама выглядае празмерным — і без яго ўжывання адчуваецца, што аўтарскае “праектаванне” бездакорна аздоблена іроніяй.
Між іншым, кніга “70 % вады” выконвае даволі важную функцыю: яна зберагае мову. Па ўсім зборніку, быццам “смарагды”, рассыпаныя: eсе гэтыя “капяжы” ды “алёсы”. “Пятнаццаты санет” можна адразу прапанаваць для ўключэння ў школьную праграму: у ім колькасць даваеннай беларускай лексікі складае больш за пяцьдзясят адсоткаў — у прынцыпе, гэта і ёсць галоўнай і адзінай эстэтычнай мэтай стварэння верша. Падобная аўтарская моўная дасведчанасць выяўляецца і ў вершы “Балотная”:
Знячэўку й раптам
Нечакана знянацку
самахоць у балота
спакваля неўпрыцям цішком
незаўважна паціху
ціхачом і паволі
самахоць у балота
Мяркую, адной страфы было б усё ж дастаткова, але хай сабе: мовазнаўчы экскурс ніколі не зашкодзіць.
У паэтычнай кнізе Уладзя — безліч “нацыянальных атрыбутаў” (“Свіцязь”, адсыланні да легенд і міфаў, ды тут нават аскепкі культуры штрыхаванай керамікі — “гаршчок, збан, гляк”), але — дзіва — у тэкстах яны — не музейныя экспанаты, а пачуваюць сябе натуральна, тут, у зборніку — прастора іх гарманічнага існавання.
Калі А. Адамовіч ставіць перад сабой складаныя задачы, аналізуе складаныя з’явы, будуе складаныя вобразы, У. Лянкевіч звяртаецца да простых рэчаў, простых адчуванняў і простых вобразаў. Калі большасць вершаў А. Адамовіча хочацца бачыць выкананымі ў прысутнасці вялікай колькасці людзей, то большасць вершаў У.Лянкевіча хочацца чытаць у цішыні. Гэта не дае аднаму са зборнікаў прывілею перад другім, але звяртае ўвагу на адрознасць танальнасцяў маладых аўтараў, якія, па сутнасці, робяць адну і тую ж важную справу — імкнуцца найболей праўдзіва перадаць, як гэта — адчуваць у свеце, дзе “ад кожнага — па магчымасці, кожнаму — па поліэтыленавым пакеце”.