10 снежня абвесцяць пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Прэмія за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, была заснаваная сёлета Беларускім ПЭН-цэнтрам і Радыё Свабода.
У склад журы літаратурнага конкурсу ўвайшлі перакладчык Лявон Баршчэўскі, дырэктар беларускай “Свабоды” Аляксандр Лукашук, паэт і былы палітвязень Уладзімір Някляеў, карэспандэнтка “Свабоды” Ганна Соўсь, літаратуразнаўца і былы палітвязень Аляксандр Фядута.
Намінанты на прэмію напярэдадні яе ўручэння расказалі пра свае творы, якія яны пісалі ў зняволенні, а таксама падзяліліся думкамі пра актуальнасць турэмнай літаратуры ў беларускім грамадстве.
Апавяданні аднаго з лідараў “Маладога” фронту Змітра Дашкевіча “Гумавы тапак” і “Чарвяк” — пра асаблівасці беларускага менталітэту ў розных жыццёвых сітуацыях.
“Ідэя “Гумовага тапку“ палягае ў тым, што трэба, каб беларусы бралі адказнасць за сваю дзяржаву, народ і мову. Гэты твор звяртаецца ў першую чаргу да тых людзей, якія ўжо прэтэндуюць на нешта ў нашай краіне. Я бачу, што асноўная праблема ў нас у тым, што многія беларусы ў сваіх партыйных арганізацыях размаўляюць па-беларуску, а як толькі трапляюць у іншае асяроддзе за межамі арганізацыі, тут жа становяцца расейскамоўнымі, каб не вылучацца ці з прычыны нейкіх комплексаў. Турэмная літаратура, на жаль, у Беларусі вельмі актуальная з той простай прычыны, што многія людзі знаходзяцца ў турмах беспадстаўна, паводле сфальсіфікаваных справаў. А калі людзі сядзяць за свае палітычныя погляды, яны шляхам літаратурнай дзейнасці знаёмяць іншых людзей з гэтым турэмным жыццём, з тым, што з імі адбываецца”, — кажа Зміцер Дашкевіч.
Маці асуджанага на 8 гадоў за злоснае хуліганства Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч ведае, што, нягледзячы на зняволенне, яе сын пачуваецца свабодным чалавекам. Пра гэта — ягоная кніга “Еду ў Магадан”.
”Ён разважае пра праблему таго, як застацца свабодным чалавекам у самых неверагодных абставінах. Гэта акурат тое, пра што пісаў мой сын. Якая б сітуацыя ў жыцці ні была, трэба заставацца чалавекам і захаваць сваё чалавечае аблічча. Ужо 21 стагоддзе за акном, і Беларусь пазіцыянуецца як цывілізаваная краіна, але разам з тым у ёй адбываюцца неверагодныя рэчы. Часам здаецца, што гераічныя рэчы засталіся ў мінулым, калі былі войны і іншыя вялікія падзеі, але аказваецца, што чалавек застаецца сам-насам са сваім выбарам у любую эпоху, і ў гэтым выбары ён можа быць альбо не быць героем. Вялізная колькасць нявінна асуджаных і зняволеных, якія ёсць у Беларусі, будзе рабіць турэмную літаратуру цікавай і запатрабаванай яшчэ доўгі час. Гэтая праблема была сур’ёзнай падчас сталінскіх часоў. Нейкі час яе не было ў вялікіх маштабах. А цяпер зноў пачынаецца тое, што было ў сталінскія часы”, — кажа Валянціна Аліневіч.
Зміцер Карпіцкі ў турме з 2006 году. У зняволенні пачаў пісаць вершы. Спачатку па-расійску, затым — на роднай мове. Зміцер напісаў, што яго творы ўжо неаднаразова друкаваліся на старонках беларускіх выданняў, але ён спадзяецца, што яны спадабаюцца і журы прэміі імя Францішка Аляхновіча.
”Тэматыка маіх вершаў рознабаковая… У асноўным — што больш за ўсё мяне хвалюе ў гэтыя цяжкія хвіліны майго лёсу: смутак ад расстання з блізкімі людзьмі і родным домам, душэўны боль і перажыванні жыццёвых памылак, якія прывялі мяне да асуджэння і пакарання, разважанні пра сэнс жыцця. Ствараючы новы радок, я заўсёды шчыра спадзяюся, што мае думкі, меркаванні ў вершах змогуць стаць карыснымі”, — напісаў Зміцер Карпіцкі ў лісце.
Адзін з лідараў Партыі БХД Павал Севярынец у літаратуры ўжо свой чалавек. Падчас апошняга зняволення, якое палітык правёў у вёсцы Куплін Пружанскага раёна, нарадзіўся яго чарговы зборнік эсэ “Беларуская глыбіня”.
”У сучасным свеце турэмная літаратура займае важнае месца. Тэма турмы і пазбаўлення волі важныя для любога чалавека, таму што яны ўваходзяць у пералік асноўных страхаў сучаснага чалавека. Ну, а Беларусь — гэта, магчыма, і эпіцэнтр такога страху. З цяперашнім станам дзяржавы, грамадства турэмная літаратура трапляе беларусу ў самае сэрца. “Беларуская глыбіня” — гэта зборнік эсэ пра беларусаў і Беларусь. Гэта спроба зазірнуць і ў самога сябе, і ў нацыю як у калодзеж. Калі гэта давялося рабіць падчас ссылкі, гэта дае дадатковыя планы, а можа быць, і дадатковую глыбіню”, — кажа Павал Севярынец.
Пра тое, як маральна і фізічна не зламацца ў турме, напісаў Юры Бандажэўскі ў сваёй кнізе “Турма і здароўе”. Прафесар лічыць, што кніга будзе цікавая і тым, хто ніколі не быў у зняволенні, таму што “кнігі з турмы” без прыўкрасаў паказваюць жыццё, якое бачаць толькі асуджаныя.
”Тэма маёй кнігі — выжыванне ва ўмовах турэмнага зняволення. Выжыць у турме так, каб застацца такім чалавекам, які зможа прыносіць карысць сваёй краіне пасля вызвалення. Гэта важна, таму што чалавек пасля вызвалення павінен працягваць жыць. У турме ён павінен мець надзею на тое, што яго жыццё будзе паўнавартасным. Турма ломіць людзей. Я не пісьменнік і не рэжысэр, я проста выклаў тую методыку, якая мне самому дапамагла выжыць у турме. І я лічу, што гэтая методыка прынясе карысць і іншым людзям, якія трапілі ў бяду. Калі я быў турме, са мной камунікавалі брытанскі і швейцарскі ПЭН-клубы, я стаў іх ганаровым сябрам. На жаль, у нас шмат людзей застаюцца ў турмах. І няма гарантыі, што гэта хутка скончыцца. Так атрымліваецца, што барацьба за ўладу прыводзіць да таго, што людзі, якія з’яўляюцца ў апазіцыі, апынаюцца ў зняволенні. Таму турэмная літаратура надзвычай важная. Я думаю, што той, хто піша пра свае пакуты ў турмах, дзеліцца перажываннямі, — прыносіць карысць і грамадству, і нават тым людзям, якія ніколі не былі ў турме. Таму што яны паказваюць тамтэйшае жыццё такім, якое яно ёсць. Згадайце хаця б Салжаніцына, які расказаў свету праўду пра ГУЛАГ”, — сказаў Юры Бандажэўскі.
Уладзімір Някляеў: “Галоўны крытэр — мастацкая вартасць твора”
Што такое турэмная літаратура і якімі крытэрамі арганізатары кіраваліся, вызначаючы найлепшыя творы з-за кратаў — гаворыць сябра журы, былы палітвязень, аўтар кнігі турэмнай паэзіі “Лісты да Волі” Уладзімір Някляеў.
”Я не думаю, што гэта літаратура, якая неяк кардынальна адрозніваецца ад іншага пісьма, якое мы называем літаратурным. Проста яна створаная ў некалькі іншых умовах, у тых умовах, у якіх чалавеку наагул, асабліва невінаватаму, быць непажадана і не надта хочацца. Гэта ўмоўны тэрмін, усё залежыць не ад таго, дзе гэта напісана, сядзеў ты ў гэты час ці не сядзеў, а ад таго, наколькі ты па-мастацку моцна гэта зрабіў.
Сярод тых аўтараў, якія напісалі нейкія творы ў турме, пра турму, ёсць вельмі моцныя тэксты, якія маюць наўпроставыя адносіны да сапраўднай літаратуры”.
Цырымонія ганаравання першых лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча адбудзецца 10 снежня а 18-й гадзіне на сядзібе БНФ у Мінску (вуліца Чарнышэўскага, 3).