Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Пляжнага сезона».
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Дзясятая – яна ж апошняя з запланаваных “асноўных” – сустрэча ў летнім сезоне Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечаная перакладу паэзіі, далёка не заўсёды перакладальнай. Мадэратар Андрэй Хадановіч выступіў у ролі эксперта і паказаў падрыхтаваную ім кніжную навінку, дзвюхмоўны том “Вуліца шарлатанаў” польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага (1905-1953). А маладая паэтка Сеня Стасюкевіч прадставіла на суд калегаў некалькі вельмі цікавых паэтычных перакладаў.

Перакладамі Галчыньскага беларускі паэт займаецца даўно, і прэзентаваная кніга – ужо трэцяя спроба прадставіць польскага класіка нашым чытачам. На пачатку было “Сёмае неба”, што з’явілася ў выдавецтве Логвінаў яшчэ ў 2006 годзе. Тая кніга была класічным зборнікам, у тым сэнсе, што прадстаўлена была сапраўдная “зборная” беларускіх перакладчыкаў, ад версіяў Алега Лойкі і Леаніда Дранько-Майсюка, якія ўжо друкаваліся раней, – да працаў Лявона Баршчэўскага і Марыі Мартысевіч, якія перакладалі спецыяльна для кнігі. Потым з’явіўся невялічкі зборнік выбраных вершаў Галчыньскага ў славутай серыі “Паэты планеты” (выдавецтва Змітра Коласа). “Вуліца шарлатанаў”, якое сёлета падрыхтаваў А.Хадановіч і выдаў кракаўскі “Gutenberg”, – першае білінгвальнае польска-беларускае выданне паэта. То бок можна “няўзброеным вокам” прасачыць змены, якія адбываюцца з тэкстам па дарозе ад арыгінала да перакладу.
Мадэратар паказаў калегам некалькі стратэгіяў перастварэння Галчыньскага – ад больш-менш дакладнага перакладу (асабліва калі гаворка пра “сур’ёзнейшыя” творы вялікага польскага лірыка) да свядомага вольнага пераспеву, калі вядзецца пра творы правакатыўныя, парадыйныя, падкрэслена несур’ёзныя опусы аўтара-“шарлатана”, якія іначай перакласці бадай што і немагчыма.
Вершы польскага паэта Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага ў перакладах Андрэя Хадановіча, апублікаваныя ў часопісе «TAŬBIN», чытайце тут.
Некаторыя вершы выйшлі ў новай версіі, бо ў перакладчыка быў час пераасэнсаваць свой пераклад і пашукаць новае рашэнне. Выправіць некалькі памылак, адны з якіх былі зробленыя праз няўважлівасць, а іншыя – праз няслушную, як здаецца цяпер, інтэрпрэтацыю арыгінала. Так, страфа з верша “Маленькія кінатэатры” ў новым, папраўленым выглядзе чытаецца так:
Гоман стаіць нецвярозы
ў электрычным святле.
Хтось купіў папяросы,
букет касачоў і суфле.
Раней было такое: “прадаюць папяросы, / карамелькі, суфле”. Замест даўніх “карамелек” на законнае месца вярнуліся “касачы”, бо “карамелькі” выніклі з блытаніны “ірысаў” і “ірысак” – класічная няўважлівасць.
А вось у хрэстаматыйным вершы “Лірычная размова” па-беларуску быў радок “У небяспецы. І на арэлях” (у арыгінале “W niebezpieczeństwie. I na karuzeli”.) Калі зірнуць на твор праз прызму іншых знакамітых польскіх вершаў – напрыклад, праз “Кампа дзі ф’ёры” Чэслава Мілаша, дзе варшавяне і варшавянкі катаюцца на пастаўленай нацыстамі каруселі падчас знішчэння варшаўскага гета, – то альтэрнатыва ‘небяспека / карусель’ можа падацца зусім невыпадковай. І перакладчык зрабіў новы варыянт радка, з бліжэйшай да арыгінала “каруселлю”.
Перакладчык паказаў і некаторыя хібы папярэднікаў. Напрыклад, цудоўную фрашку “Пра нашу гаспадарку”, дзе польскі паэт з усмешкай апісвае сябе, любую жонку – і вечную беднасць, якая не замінае сямейнаму шчасцю:
O, zielony Konstanty, o, srebrna Natalio!
Cała wasza wieczerza dzbanuszek z konwalią;
wokół dzbanuszka skrzacik chodzi z halabardą,
broda siwa, lecz dobrze splaniona musztardą,
widać, podjadł, a wyście przejedli i fanty –
o, Natalio zielona, o, srebrny Konstanty!
Першы беларускі пераклад зрабіў не абы-які паэт, жывы класік беларускай літаратуры Леанід Дранько-Майсюк:
О, зялёны Канстанты, і, як срэбра, Наталля!
На вячэру вам – ландышы ў тонкім фіяле;
каля іх дамавік з алебардай, як рыцар,
бараду сваю сівую спляміў гарчыцай,
пэўна ж, сыты… А вы нагуляліся ў фанты –
о, Наталля зялёная, і, як срэбра, Канстанты!
І вынік атрымаўся вельмі сімпатычны, не раўнуючы “ландышы ў тонкім фіяле”. Калі не лічыць адной дэталі. Перакладчык пайшоў за “гатовай” рыфмай “фанты” – і ў выніку героі ў іх гуляюцца. Здавалася б, прычым тут беднасць і голад? А фокус у тым, што польскія fanty – квіточкі з ламбарду, так што давялося рабіць новы пераклад.
У Канстанты зялёнага й срэбнай Наталлі
ўсё, што ёсць на абед – у збаночку канвалі.
Ходзіць гном па стале пры малой алебардзе,
ён пад’еў, бо сівая бародка ў муштардзе.
А ці знойдзе ў ламбардзе хоць грошык патрэбны
для зялёнай Наталлі – Канстанты бяссрэбны?
Працытуем па-беларуску фрагмент аднаго з апошніх шэдэўраў Галчыньскага – лірычнага цыклу “Песні”. А фрагмент польскага арыгінала – параўнайце! – у свой час выдатна заспяваў культавы Марэк Грэхута.
Колькі дзён, дарог, начлегаў
застанецца разам з намі?
Колькі зліваў, колькі снегу,
што вісеў над ліхтарамі?
Колькі слёз у кожным месце,
роспачы, лістоў здалёку?
Колькі ўпартасці ўсё знесці,
каб да мэты, крок па кроку?
Колькі прагі і патрэбаў,
сноў, надзеяў і лятункаў?
Разам з’едзенага хлеба?
Сходаў, кніжак, пацалункаў?
Колькі год мой п’яны човен
шкуматае ў верша ўладзе?
Колькі моцы даў Бетховен,
і Карэлі, і Скарлаці?
Вочы любай – шлях зняверцу,
сэрца – зніч на небасхіле.
Я хацеў бы тваё сэрца
захаваць, каб не забылі.
***

Сярод паказаных Сеняй Стасюкевіч тэкстаў моцнае ўражанне зрабіла на калегаў невялічкая паэма сучаснай лацінаамерыканскай аўтаркі Джэсікі Фрэўдэнталь Аванда (Jessica Freudenthal Ovando) “Demo”. Прычым дыскусіі пачаліся ўжо з абмеркавання назвы. Сканцэнтравацца на палітычным кантэксце і перакласці яе “Дэмас”? Ці ўлічыць магчымыя іншыя кантэксты (напрыклад, музычны) і захаваць у перакладзе “Дэма”? Адна з пераваг перакладання сучаснай літаратуры ў тым, што заўсёды можна параіцца з аўтаркай і ўдакладніць, што яна мела на ўвазе.
А яшчэ мастацкі пераклад – у тым ліку паэтычны – патрабуе не толькі працы са слоўнікам, але ж найперш уяўлення самой сітуацыі, якая ляжыць у аснове таго ці іншага фрагменту.
“atarse la mano derecha para escribir con la izquierda
atarse la mano izquierda para escribir con la derecha”
У перакладзе было:
“звязаць правую руку, каб пісаць левай
звязаць левую руку, каб пісаць правай”
Але ці можна “звязаць” адну руку (ці нагу)? Здаецца, не. З чарнавіка зразумела, пра што гаворка, але тэкст патрабуе дакладнейшага слова. Прапанавана:
“прывязаць правую руку, каб пісаць левай
прывязаць левую руку, каб пісаць правай”
Не раз ужо заўважалася, што грувасткія пасіўныя формы не надта ўласцівыя беларускай мове, тым больш у паэзіі, якая патрабуе экспрэсіі. Па-гішпанску гэта гучыць натуральна:
“cómo se escribiría este libro en el oriente?
cómo se escribiría este libro en el occidente?
cómo se escribiría este libro desde el canon?
cómo se escribiría este libro desde la sabiduría?
cómo se escribiría este libro desde
el lugar en el mundo que creo ocupar…”
А вось у чарнавіку перакладу даволі штучна:
“як была б напісаная гэтая кніга на ўсходзе?
як была б напісаная гэтая кніга на захадзе?
як была б напісаная гэтая кніга з пункту гледжання канону?
як была б напісаная гэтая кніга з пункту гледжання мудрасці?
як была б напісаная гэтая кніга з пункту гледжання
месца ў свеце, якое я мяркую, што я займаю…”
Прапанавалі менш грувасткае рашэнне “напісалі б”. Выраз “я мяркую, што я займаю” таксама здаецца не самым натуральным, бо можна выразіць гэтую думку меншай колькасцю словаў, а паэзія імкнецца да лаканізму:
“як напісалі б гэтую кнігу на ўсходзе?
як напісалі б гэтую кнігу на захадзе?
як напісалі б гэтую кнігу з гледзішча канону?
як напісалі б гэтую кнігу з гледзішча мудрасці?
як напісалі б гэтую кнігу з гледзішча
месца ў свеце, якое мне здаецца маім…”
У выпадках, калі ў тэксце сустракаецца філасофскія ды іншыя гуманітарныя тэрміны, варта ўзгадніць іх з наяўнай і даступнай нам сучаснай тэрміналогіяй, у выніку чаго аўтарскія паэтычныя формулы могуць загучаць больш востра, актуальна і пераканаўча:
“Nosotros creemos
en la desestructuración de los códigos
en los discursos contrarios
en los nuevos significados
en la invalidación del discurso”
Пераклад. Было:
“Мы верым
у дэструктурызацыю кодаў
у супярэчлівыя дыскурсы
у новыя значэнні
у скасаванне дыскурсу”
Прапанова:
“Мы верым
у дэканструкцыю кодаў
у супярэчлівыя дыскурсы
у новыя значэнні
у адмену дыскурсу”
***
Не менш цікава было абмяркоўваць пераклады паэзіі, якая належыць да класікі мадэрнізму. Напрыклад, прадстаўлены перакладчыцай – і файна ёй пераствораны па-беларуску – верш у прозе “Лядовы палац” Луіса Бунюэля – адметны ўзор сюррэалістычнай паэтыкі. Мяркуйце самі: “…Побач з дзвярыма вісіць шыбенік, які гайдаецца над безданню, акружанай вечнасцю, і лямантуе ад прасторы. Гэта Я…”. Усё файна, з выняткам бадай што вылучанага слова, якое ўсё-ткі выглядае занадта абстрактна як на крыніцу вусцішы. Можа, “лямантуе ад бязмежнасці”?
Далей: “Акно адчыняецца, з’яўляецца дама, якая глянцуе свае пазногці”. Можа быць, “шліфуе”?
І нарэшце: “Калі салдаты Напалеона ўвайшлі ў Сарагосу ў ПАСКУДНУЮ САРАГОСУ, яны не адшукалі нічога, акрамя ветру на пустэльных вуліцах”. Можа, натуральней было б “напалеонаўскія салдаты”, а словазлучэнне “не знайшлі там нічога” гучацьме менш прэтэнцыёзна, чым “не адшукалі нічога”?
***

Напрыканцы сустрэчы разгледзелі яшчэ адзін адметны мадэрнісцкі твор, верш Міны Лой (Mina Loy) з кнігі “Песні да Яна” (Songs to Joannes), пабудаваны на смелых метафарах і адметным гукапісе. Часам і першае, і другое не ўдаецца перакласці “слова ў слова”, але можна кампенсаваць у суседнім радку тое, што страціў у дадзеным, а неперакладальны даслоўна вобраз можна перакласці трошачкі больш вольна.
“Evolution fall foul of
Sexual equality
Prettily miscalculate
Similitude
Unnatural selection
Breed such sons and daughters
As shall jibber at each other
Uninterpretable cryptonyms
Under the moon…”
Было:
“Эвалюцыя пераступае закон
Сэксуальнай роўнасці
Прыгожанька памыляецца ў разліках
Падабенства
Ненатуральная селекцыя
Расплоджвае такіх сыноў і дачок
Якія будуць лаяць адна аднаго
Невытлумачальнымі крыптанімамі
Пад месяцам…”
Так, арыгінальнае гучанне “fall foul” згубілася, і канструкцыя “прыгожанька памыляецца” выглядае трохі штучнай, але трэці радок аж просіцца ўсё гэта кампенсаваць, напрыклад, “мілымі памылачкамі”. Згодна з дарвінскай тэміналогіяй, гаворка хутчэй пра “адбор”, чым пра “селекцыю”, а “крыптанімы” – каб чапляць за жывое партызанскім драйвам – заслугоўваюць “бліжэйшага да народа” адпаведніка.
“Эвалюцыя пераступае закон
Сэксуальнай роўнасці
Робіць мілыя памылачкі ў разліках
Падабенства
Ненатуральны адбор
Плодзіць такіх сыноў і дачок
Якія будуць лаяць адна аднаго
Няўцямнымі пазыўнымі
Пад месяцам…”
Вось заканчэнне таго самага верша:
“Let them clash together
From their incognitœs
In seismic orgasm
For far further
Differentiation
Rather than watch
Own-self distortion
Wince in the alien ego”.
У чарнавіку было так:
“Няхай яны сутыкнуцца разам
Са сваімі інкоґніта
У сейсмічным аргазме
Для далейшай
Дыферэнцыяцыі
Замест таго каб назіраць
Скажэнне ўласнага я
Уздрыгванне ў чужым эга”.
Прапанавалі памяняць аддзеяслоўныя назоўнікі на больш “экспрэсіўныя” дзеясловы ды падкрэсліць арыгінальнае incognitœs аказіянальнай беларускай формай, якая – дзеля “партызанскіх” патрэбаў верша – будзе скланяцца:
“Хай яны сутыкнуцца
Са сваімі інкоґнітамі
У сейсмічным аргазме
Для далейшага
Падзелу
Замест таго каб назіраць
Як скажаецца ўласнае «я»
Уздрыгваючы ў чужым эга”
На гэтым асноўная частка “пляжнага” сезону завершылася, перакладчыкаў яшчэ чакаюць заняткі з рэдактарамі і карэктарамі, а некаторых яшчэ індывідуальная праца з ментарамі. А потым непазбежна прыйдзе восень, а разам з ёй і наступны сезон Перакладчыцкай Майстэрні.