Выйшаў новы, 64-ты нумар часопіса “Дзеяслоў”. У часопісе сярод іншых матэрыялаў надрукаваныя рэцэнзіі на творы з сёлетняга шорт-ліста Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.
Такім чынам, рэцэнзіі на кнігі “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча” Альгерда Бахарэвіча (“Рахунак і яго рахункавод” Ганны Янкуты), “Зямля пад крыламі Фенікса” Сяргея Балахонава (“Зямля пад крыламі Балахонава” Ганны Янкута), “Сказы” Адама Глобуса (“Злучанасць і залежнасць” Ціхана Чарнякевіча), “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” Уладзіміра Някляева (“Мінсктранс” рэкамендуе” Марыі Мартысевіч), “Шал” Юрыя Станкевіча (“Голем на пераходзе” Марыі Мартысевіч), “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” Людмілы Рублеўскай (“Лара Крофт у полацкіх сутарэннях” Маргарыты Аляшкевіч) цяпер можна прачытаць і ў папяровым варыянце.
Апроч гэтага ў 64-ым нумары “Дзеяслова” выйшлі вершаваныя падборкі Васіля Зуёнка, Алега Мінкіна, Валерыя Дубоўскага, Ганны Аўчыннікавай, Міколы Кандратава, паэма Васіля Макарэвіча “Атлантыда”, гутарка Зінаіды Гімпелевіч з Васілём Быкавым, працяг рамана Алеся Усені “Грэх”, празаічныя творы Уладзіміра Сіўчыкава, Паліны Качатковай, Віктара Казько, Віктара Сазонава, дэбютныя творы Яўгена Мартыновіча і Кірыла Мяцеліцы, пераклад рамана ўкраінскага пісьменніка Віктара Баранава “Прытула”, зроблены Валерам Стралко і інш.