У славутай гданьскай бібліятэцы Filia Gdańska адбылася паэтычная вечарына «Памежжа сустрэч». Вершы беларускага паэта Дзмітрыя Строцава, які піша па-руску, гучалі ў арыгінале і ў перакладах на беларускую, польскую і ўкраінскую мовы.
Месца для такой размовы было выбрана невыпадкова. Filia Gdańska – адна са знакавых культурных прастор горада, бібліятэка са сваёй літаратурнай гісторыяй і адметнай атмасферай. Тут ёсць і асобная беларуская палічка, якую папаўняюць дзякуючы намаганням мясцовай беларускай супольнасці.
Нядаўна актывісты дыяспары абвясцілі чарговы збор сродкаў на набыццё кніг для бібліятэкі – гэтым разам на 4000 злотых. Збор практычна завершаны, а вечарына пачалася з перадачы першых закупленых выданняў. Далучыўся да папаўнення кнігазбору і Беларускі ПЭН: яго кіраўніца Таццяна Нядбай перадала кніжны падарунак Збігневу Вальчаку, кіраўніку бібліятэкі.
У гэтым быў свой сімвалізм: пакуль дзяржаўныя межы робяцца ўсё мацнейшымі і цяжэйшымі для пераадолення, кнігі працягваюць знаходзіць новыя адрасы.
Чатыры мовы аднаго паэта
Дзмітрый Строцаў – паэт з ліку тых, каго лепш слухаць, чым чытаць. Яго выступы не проста агучванне напісанага: вершы пражываюцца голасам, інтанацыяй, паўзамі, перыядычна амаль фізічным напружаннем. У перапоўненай зале гданьскай бібліятэкі гэта адчувалася асабліва моцна.
Але гэтым разам у вершаў Строцава было некалькі галасоў. Беларускія пераклады чытаў Андрэй Хадановіч, польскія – перакладчыца і прадстаўніца Польскага ПЭНа Юстына Чэхоўска, украінскія – Дар’я Балабай, заснавальніца Украінскай бібліятэкі ў Гданьску.
Кожны новы пераклад нібыта змяняў гучанне ўжо пачутага верша. І гэта зусім не дэманстрацыя таго, наколькі блізкія славянскія мовы. Наадварот, можна было пачуць іх адрозненні: рытмічныя, інтанацыйныя, эмацыйныя.
Прысутнасць украінскай мовы мае асаблівае значэнне ў часы поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць нашай паўднёвай суседкі.
Дар’я Балабай не хавае складанасці гэтага пытання:
– Вайна таксама ідзе за мяжу, але на ёй можна сустрэцца і гаварыць. У тым ліку мовай паэзіі, якая дазваляе знайсці агульныя тэмы і паразуменне. Гэта своеасаблівая музыка, якую часам можна зразумець нават без слоў».
Пры гэтым Дар’я падкрэслівае: для яе як украінкі вельмі важна падтрымліваць беларусаў, якія размаўляюць на роднай мове і гэткім чынам захоўваюць сувязь з радзімай.
Аднак яна не спрабуе абысці супярэчнасць: на ейную думку, руская мова, на якой піша Строцаў, сёння сама часам стварае дадатковую мяжу паміж людзьмі.
Магчыма, менавіта гэтая супярэчнасць і зрабіла сустрэчу асабліва цікавай. Бо сапраўднае памежжа – не тое месца, дзе ўсе адразу пагаджаюцца адно з адным, а тое, дзе людзі з розным досведам усё ж гатовыя слухаць.
Як знайсці мову для размовы пра вайну
Украіна і вайна былі аднымі з галоўных матываў вечарыны. Невыпадкова: гэтая тэма займае важнае месца ў творчасці Строцава – ужо больш за дзесяцігоддзе, кажа ён:
– Яна моцна зачапіла яшчэ пасля 2014 года, тады зразумеў, што не маю адпаведнай мовы, каб пра гэта сведчыць. Доўга шукаў, як пра гэта гаварыць, бо людзі не хочуць пра гэта чуць. Гэта цяжка. Але важна сказаць урэшце так, каб усё такі хтосьці пачуў цябе».
Але ці не перабольшваюць паэты магчымасці сваёй творчасці, калі гавораць пра пераадоленне межаў і паразуменне ў час, калі дроны і ракеты нясуць смерць?
Строцаў не лічыць памежжа нейкай ідылічнай тэрыторыяй, дзе аўтаматычна знікаюць канфлікты:
– Мяжа – гэта выпрабаванне заўсёды. Але маем беларускі досвед: у адной прасторы шмат стагоддзяў жылі разнамоўныя супольнасці. І гэта было не заўсёды лёгка. Тым не менш мы разумеем, што нашая краіна была і застаецца памежжам: моўнага, культурнага, рэлігійнага.
Сёння, калі многія беларусы апынуліся ў Польшчы, Нямеччыне ды іншых краінах, гэты досвед набывае новы сэнс.
– Нам важна не замыкацца ў сваёй супольнасці, а выходзіць, сустракацца з мясцовымі людзьмі. Вось як мы зрабілі сёння. Мы чыталі па-польску, па-ўкраінску, па-беларуску – гэта вельмі важна для мяне.
Сярод слухачоў – Вячаслаў Валетка, які вучыцца ў Гданьскай політэхніцы. Для яго сустрэча чатырох моў – беларускай, рускай, польскай і ўкраінскай – стала асабліва эмацыйным момантам.
– Гэта вельмі кранальна. Моўнае пытанне цяпер часам падзяляе людзей паводле поглядаў нават мацней, чым нацыянальнасць.
Выдавецтва, у якім з’явілася ўкраінская палічка
Другая частка сустрэчы была прысвечаная яшчэ адной важнай справе Дзмітрыя Строцава – выдавецкай.
З пачатку 2023 года ў ягоным выдавецкім праекце выйшла ўжо 39 паэтычных кніг. Пераважна гэта творы беларускіх аўтараў, але сярод іх ёсць і чатыры кнігі перакладаў украінскай паэзіі.
Андрэй Хадановіч удзельнічаў у падрыхтоўцы дзвюх з іх. Падчас вечарыны ён чытаў свае пераклады вершаў Сяргея Жадана і Ірыны Шувалавай. Падкрэсліў, што ўдзячны тым аўтарам, якія пагадзіліся на беларускія выданні сваіх твораў у час, калі адносіны паміж беларускім і ўкраінскім грамадствамі праходзяць праз цяжкія выпрабаванні.
Так побач з беларускімі кнігамі ў выдавецкім праекце Строцава пачала складвацца і свая ўкраінская палічка.
Пры гэтым ён працягвае працаваць і з аўтарамі, якія застаюцца ў Беларусі: літаральна цяпер рыхтуецца чарговае выданне – гэта малады паэт, якому давялося скарыстацца псеўданімам.
За такімі, здавалася б, звычайнымі выдавецкімі падрабязнасцямі – рэальнасць сучаснай беларускай літаратуры, у якой нават імя аўтара часам патрабуе абароны.
Ад чатырох кніг да шасцісот
Сярод гасцей вечарыны была і Алеся Тарасенка, старэйшая бібліятэкарка Ніжнесілезскай публічнай бібліятэкі ва Вроцлаве, якая збірае літаратуру на беларускай, украінскай, чэшскай і рускай мовах.
Яе гісторыя – яшчэ адзін прыклад таго, як беларускія кнігі знаходзяць сваё месца ў Польшчы.
– Калі я прыйшла працаваць чатыры гады таму, у нас было ўсяго чатыры кнігі на нашай мове. Там нават не ведалі, што яна – асобная. А сёння наш беларускі фонд налічвае ўжо каля 600 асобнікаў! Аднак папаўняць яго няпроста. Сёлета на закупку беларускіх твораў, на жаль, маем усяго 600 злотых. Акрамя таго, польскім бібліятэкам складана набываць выданні некаторых нашых выдавецтваў, якія працуюць за межамі Польшчы, – праз патрабаванні да дакументальнага афармлення закупак. Таму літаратурныя сустрэчы і кніжныя імпрэзы робяцца для бібліятэкараў яшчэ і магчымасцю непасрэдна знайсці новыя выданні.
Чаму спадарыня Алеся прыйшла на вечарыну, хоць у Гданьску па іншых справах?
– Я думаю, культура мае магутны магнетызм. Яна яднае людзей, таму межы не маюць значэння. Мы хочам размаўляць, слухаць паэзію, больш даведвацца пра беларускую, польскую і ўкраінскую літаратуру.
Напрыканцы вечарыны думка пра памежжа ўжо не выглядала такой адназначнай, як на пачатку.
Межы не знікаюць ад таго, што паэты чытаюць вершы.
Украінская перакладчыца не перастае адчуваць складанасці рускай мовы ў час вайны.
Беларускія кнігі не трапляюць аўтаматычна ў польскія бібліятэкі.
А беларускім аўтарам, якія застаюцца на радзіме, часам па-ранейшаму даводзіцца хаваць свае імёны.
І ўсё ж у гэты гданьскі вечар напярэдадні абвяшчэння вынікаў прэміі Гедройця адбылося нешта важнае і вельмі канкрэтнае. У перапоўненай бібліятэчнай зале людзі захоплена слухалі вершы на чатырох мовах, перадавалі кнігі, гаварылі пра вайну, перакладалі адно аднаго…
Магчыма, менавіта гэта і ёсць сапраўднае памежжа сустрэч: не месца, дзе межаў больш няма, а месца, дзе, нягледзячы на іх, размова працягваецца.
Фота: Беларускі ПЭН
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры прэміі | Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Belsat.TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў
Суфінансаванне | Фонд Міжнароднай салідарнасці, праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча