Беларускі ПЭН прадстаўляе кароткі спіс прэміі імя Алеся Адамовіча. У фінальны этап конкурсу выйшлі шэсць твораў і праектаў, якія, на думку журы, найбольш выразна працягваюць традыцыю Алеся Адамовіча і дапамагаюць уздымаць важныя для грамадства пытанні, асэнсоўваць праблемы сучаснасці, сведчыць і дакументаваць складаныя працэсы і падзеі.
Сёлета ў поўным спісе прэміі былі 23 творы розных жанраў і фарматаў – ад мастацкай і дакументальнай прозы да журналістыкі, мультымедыйных праектаў і ініцыятыў вуснай гісторыі. Пасля фармавання доўгага спіса з 13 намінантаў журы абрала шасцярых фіналістаў, якія будуць прэтэндаваць на галоўную ўзнагароду.
Кароткі спіс:
- Зборнік «Голас пакалення свабоды» – Сяргей Сашук (выдавецтва «Полацкія лабірынты», 2025)

- Кніга апавяданняў «Дубовые яблочкі» – Вольга Касцюк (выдавецтва «Skaryna Press», 2025)

- Зборнік «Іду да вас, людзі» – укладальніца і рэдактарка Алена Казлова (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025)

- Рэпартаж «Памяць у Свіслачы» – Юрка Ляшчынскі, Якуб Сушчынскі (Беларускае Радыё Рацыя, 2025)

- Раман «Пентаквантар» – Арцём Шуканаў (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2025)

- Раман «Эйфарыя» – Марыя Пархімчык (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025)

Паводле правіл статута і рэгламенту, прэмія Адамовіча адкрытая для розных формаў выказвання: намінуюцца не толькі кнігі, але і публіцыстычныя артыкулы, падкасты, радыйныя рэпартажы, медыяпраекты і відэацыклы. Нязменнай застаецца галоўная ідэя – ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і ўганараванне твораў, якія дапамагаюць асэнсоўваць сучаснасць, захоўваюць памяць пра людзей і падзеі свайго часу.
Лаўрэаты мінулага сезона:
- За гуманістычнае асэнсаванне беларускага турэмнага досведу з перспектывы дзяцей рэпрэсаваных бацькоў прэмію імя Алеся Адамовіча атрымала Вольга Вялічка і кніга «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).
- За смеласць і суперажыванне ва ўмовах дыскрымінацыі і гвалту ўганаравана частка кнігі «Цела таксама архіў» аўтарства Насты Манцэвіч (выдавецтва «Пфляўмбаўм»).
- Апроч дзвюх прэмій, Рада Беларускага ПЭНа ўганаравала спецыяльнай адзнакай сайт www.spring96.org праваабарончага цэнтра «Вясна» за 25-гадовае паслядоўнае ўсебаковае асвятленне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Арганізатар прэміі – Беларускі ПЭН. Сачыце за навінамі на сайце прэміі: adamovic.penbelarus.org.