Рэдакцыя Статута
Літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча
Зацверджана Арганізатарам Прэміі
01.04.2026
І. ЛІТАРАТУРНАЯ ПРЭМІЯ ІМЯ АЛЕСЯ АДАМОВІЧА: АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1.1. Прэмія імя Алеся Адамовіча (далей у тэксце – Прэмія) была заснавана ў 1996 годзе рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Беларускі ПЭН-цэнтр» праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў аб’яднання Алеся Адамовіча.
Арганізатарам Прэміі з’яўляецца аб’яднанне «Беларускі ПЭН» (далей у тэксце – Арганізатар). У сваёй дзейнасці Арганізатар кіруецца Статутам Прэміі (далей у тэксце – Статут) і Рэгламентам Прэміі (далей у тэксце – Рэгламент) на бягучы год.
1.2. Мэты Прэміі:
1.2.1. вызначэнне найлепшых твораў, прысвечаных актуальным праблемам сучаснасці;
1.2.2. ушанаванне памяці выбітнага беларускага пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча.
1.3. Прэмія можа прысуджацца за творы, выдадзеныя ўпершыню, у тэкставай, аўдыя-, відэа- і іншых формах (кнігі, артыкулы ў медыя, падкасты, кіно, асобныя відэа і відэацыклы і іншае).
1.3.1. Выдадзеным упершыню лічыцца твор, палова ці больш за палову зместу якога апублікавана ўпершыню.
1.4. У выпадках, калі ёсць сумневы наконт допуску твора на падставе яго адпаведнасці конкурсу Прэміі, Каардынатар Прэміі (далей у тэксце – Каардынатар) можа звярнуцца да Журы Прэміі (далей у тэксце – Журы), якое вырашыць, ці адпавядае твор патрабаванням, прапісаным у Статуце.
1.5. Твор, які намінуецца на конкурс Прэміі, мусіць быць апублікаваны ў тэкставым (папяровым ці электронным) варыянце або ў фармаце аўдыя ці відэа паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі твор быў выдадзены ў годзе, што папярэднічаў году, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі, але з абгрунтаваных прычын не меў магчымасці ўдзельнічаць у папярэднім конкурсе Прэміі, ён можа быць прыняты са згоды Арганізатара для ўдзелу ў бягучым годзе.
1.6. Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў твораў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. Намінуюцца творы жывых аўтараў.
1.7. У выключных выпадках і пры наяўнасці абгрунтаваных прычын Аргкамітэт можа прыняць рашэнне зашыфраваць дзеля бяспекі назву кнігі і імя аўтара, імя сябры Журы.
1.8. Парадак рэалізацыі конкурсу Прэміі на бягучы год, працэдуры прыёму заявак, а таксама ўзнагароды пераможцам вызначаюцца Рэгламентам, які зацвярджаецца Арганізатарам, з’яўляецца Дадаткам № 1 да Статута і можа змяняцца на працягу правядзення конкурсу Прэміі.
II. ЭТАПЫ ПРЭМІІ
2.1. Конкурс Прэміі складаецца з наступных этапаў:
Першы этап: прыём заявак і твораў Арганізатарам на конкурс Прэміі;
Другі этап: праца Журы і выбар лаўрэата ці лаўрэатаў Прэміі;
Трэці этап: абвяшчэнне лаўрэата ці лаўрэатаў Прэміі.
2.2. Журы мае права ў залежнасці ад колькасці пададзеных заявак вызначыць доўгі і/або кароткі спісы.
2.3. З удзелу ў конкурсе Прэміі выключаюцца творы, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца сябры Журы, Каардынатар і/або асобы, якія маюць дачыненне да падліку галасоў, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да кантрольна-рэвізійных органаў Арганізатара.
2.4. Лаўрэаты Прэміі могуць быць намінантамі ў наступных сезонах Прэміі.
2.5. Заяўляць творы на конкурс Прэміі ўпаўнаважаны:
а) сябры Беларускага ПЭНа;
б) выдавецтвы;
в) сябры Журы;
г) творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, СМІ;
д) аўтары твораў.
Іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы могуць падаваць прапановы для падачы заявак Арганізатару. Арганізатар можа адмовіць або прыняць прапанову і дазволіць падачу заяўкі на конкурс Прэміі.
Форма і змест заяўкі на конкурс Прэміі, а таксама адрас, на які неабходна дасылаць заяўкі, вызначаны ў Рэгламенце.
2.6. Твор можа ўдзельнічаць у конкурсе Прэміі са згоды аўтара (усяго аўтарскага калектыву ці яго асобных удзельнікаў).
2.7. У конкурсе Прэміі можа ўдзельнічаць любая колькасць твораў аднаго аўтара.
III. ЖУРЫ ПРЭМІ
3.1. Сябрамі Журы з’яўляюцца сябры Праграмнай рады Беларускага ПЭНа. У выпадку, калі кніга сябра Праграмная рады Беларускага ПЭНа намінуецца з яего згоды на ўдзел у прэміі, то сябра Праграмнай рады Беларускага ПЭНа не ўваходзіць у склад Журы.
3.2. Працу Журы курыруе Каардынатар.
3.3. Журы завяршае працу: а) з уручэннем узнагароды; б) сябра Журы можа спыніць працу, калі не мае фізічнай магчымасці выконваць свае абавязкі далей; в) сябра Журы спыняе працу ў выніку парушэння Статута або Рэгламенту.
IV. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ СЯБРАЎ ЖУРЫ
4.1. Сябры Журы абавязаны азнаёміцца з усімі творамі, прынятымі да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, прысутнічаць на пасяджэннях Журы і абраць лаўрэата ці лаўрэатаў Прэміі.
4.2. Прысутнасць сябраў Журы на пасяджэннях Журы можа адбывацца ў фармаце відэа- або аўдыяканферэнцый. У выключных выпадках сябра Журы, які не мае магчымасці прыняць удзел у пасяджэнні, можа даць Каардынатару пісьмова свае прапановы, у адпаведнасці з мэтай і прадметам гэтага пасяджэння.
4.3. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў, галасаванняў і абмеркаванняў. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы прынятыя падчас пасяджэнняў рашэнні да моманту іх афіцыйнага абвяшчэння.
4.4. У выпадку, калі праваўладальнікі не размясцілі творы ў свабодным доступе, сябры Журы абавязаны не перадаваць нікому перасланых ім электронных версій твораў, пададзеных на конкурс Прэміі. Творы ў папяровай версіі, пададзеныя на конкурс Прэміі, з’яўляюцца ўласнасцю Арганізатара.
4.5. Сябры Журы прымаюць рашэнні на пасяджэннях на падставе Статута і Рэгламенту на бягучы год. Паводле пытанняў, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Журы прымае рашэнні згодна з уласным меркаваннем, кіруючыся прынцыпамі слушнасці, характарам Прэміі і яе падставамі.
4.6. Абмеркаванні Журы падчас пасяджэнняў і прынятыя рашэнні фіксуюцца ў пратаколах пасяджэнняў.
4.7. Для вырашэння спрэчных пытанняў сябры Журы могуць ініцыяваць скліканне дадатковага пасяджэння. За прыняцце рашэння пра дадатковае пасяджэнне мусяць прагаласаваць мінімум двое сябраў Журы.
4.8. Пасяджэнні Журы могуць запісвацца ў аўдыя- ці відэафармаце для патрэб складання пратакола, а таксама для архіва Беларускага ПЭНа.
V. МЕХАНІЗМ ГАЛАСАВАННЯ І ВЫЗНАЧЭННЯ ЛАЎРЭАТАЎ
5.1. Журы прымае рашэнні на пасяджэннях адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў ад колькасці прысутных на пасяджэннях сябраў Журы.
5.2. Механізм галасавання за пераможцу/пераможцаў:
5.2.1. Кожны сябра Журы абірае найлепшы твор.
5.2.2. Перамагае твор, што набраў найбольшую колькасць галасоў.
5.2.3. У выпадку, калі сябра Журы з’яўляецца рэдактарам кнігі, намінаванай на ўдзел у конкурсе Прэміі, ён абавязаны паведаміць пра гэта Аргкамітэту прэміі. Сябра Журы не мае права галасаваць за рэдагаваную ім кнігу на любым этапе галасавання (пры фармаванні Доўгага спіса, Кароткага спіса і пры вызначэнні лаўрэата), галасы адносна такой кнігі падлічваюцца толькі сярод тых сябраў Журы, якія маюць права за яе галасаваць, а выніковая вага галасоў за ўсе кнігі вылічваецца прапарцыйна фактычнай колькасці ўдзельнікаў галасавання за кожную канкрэтную кнігу.
5.3. Журы мае права абраць аднаго ці некалькіх пераможцаў Прэміі.
VI. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
6.1. Змены ў Статут уносяцца і зацвярджаюцца Арганізатарам. Статут пачынае дзейнічаць з даты зацвярджэння яго Арганізатарам.
Рэгламент правядзення прэміі імя Алеся Адамовіча ў 2026 годзе