Супраць нябачнасці. Ганна Янкута

Апошняе абнаўленне: 11 ліпеня 2026
Супраць нябачнасці. Ганна Янкута
Фота: Аляксандр Драгавоз

11 ліпеня 2025 года споўнілася 30 гадоў з пачатку генацыду ў Срэбраніцы (Боснія і Герцагавіна). Гэтае эсэ было напісана для аўстрыйскага часопіса «manuskripte» (Грац): яго нумар 250, якія выйшаў у снежні 2025 года, цалкам прысвечаны гэтай трагічнай тэме. На нямецкую мову эсэ пераклала Ціна Вюншман. 11 ліпеня 2026 года, у 31-ю гадавіну генацыду ў Срэбраніцы, публікуем эсэ ў арыгінальнай, беларускай версіі з некалькімі зменамі.

Ганна Янкута

Супраць нябачнасці

Я нарадзілася ў Горадні – тады гэта яшчэ быў Савецкі Саюз, – і маё дзяцінства прыпала на час, калі карта Еўропы змянялася. На ёй знікалі адны краіны і з’яўляліся новыя, мая ў тым ліку. Мне было шэсць гадоў, калі Савецкі Саюз распаўся і Беларусь зрабілася незалежнай. У першы клас я пайшла не ў савецкую, а ў беларускую школу – першае пакаленне беларускіх дзяцей, якое змагло па-новаму ўбачыць свет. Тады ж на карце Еўропы з’явіліся Славенія, Харватыя і Македонія, якія выйшлі з Югаславіі. Я пра іх яшчэ нічога не ведала. А вось Югаславія на маёй прыватнай карце свету існавала – я бачыла яе ў ілюстраваным савецкім атласе. Паводле яго ўкладальнікаў, у Югаславіі жыў адзін народ: два чалавечкі, мужчына і жанчына ў народных строях. Гэты атлас даўно згніў на сметніцы, яго карты страцілі сэнс яшчэ да таго, як трапілі мне ў рукі.

Калі з Югаславіі выйшла Боснія і Герцагавіна і там пачалася вайна, мне было сем. Я вучылася ў другім класе і пра гэтую вайну таксама нічога не чула. Магчыма, яе згадвалі ў навінах па тэлебачанні, але нам, дзецям, глядзець такое не дазвалялі.

Праз два гады, калі мне было дзевяць, на першых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі перамог Аляксандр Лукашэнка. Я помню, як ішла з бацькамі на выбарчы ўчастак. Мне купілі цукерак, але адчування свята не было – многія з падазрэннем ставіліся да абодвух кандыдатаў, якія выйшлі ў другі тур. 

Разня ў Срэбраніцы здарылася, калі мне было дзесяць. Ніхто з маіх сваякоў і знаёмых яе не абмяркоўваў. Можна было б сказаць, што Горадня – гэта правінцыя, да якой навіны даходзяць з вялікім спазненнем, але хіба ўвесь свет не такі ж?

Ад Горадні да Срэбраніцы – крыху больш за паўтары тысячы кіламетраў.

Калі бамбавалі Бялград, мне было чатырнаццаць. Тады ўжо ніхто не мог забараніць мне глядзець навіны. Я ведала, што пасля распаду Югаславіі на Балканах адна за адной разгараліся войны. Помню кадр на экране тэлевізара: бацькі трымаюць дзяўчынку, у яе на твары намаляваная мішэнь. Я не адразу зразумела, што гэта значыць, у першы момант карцінка падалася мне дзіўнай: няўжо яны хочуць, каб іх дзіця забілі? Так я ўпершыню зразумела, што вайна – гэта не раздзел з падручніка гісторыі, недзе яна ідзе ў рэальным часе.

Тады мне здавалася, што Балканы – гэта вельмі далёка. І што Савецкі Саюз скончыўся вельмі даўно. 

Прыкладна тады ж у Беларусі пачалі выкрадаць супраціўнікаў Лукашэнкі. Вакол шапталіся пра эскадроны смерці, у паветры вісела нешта трывожнае.

Другія выбары прэзідэнта Беларусі прайшлі ў мой апошні школьны год. Мне было сямнаццаць, аднаго года не хапіла, каб галасаваць. Зрэшты, ні ў той год, ні ў наступныя галасы ўжо не лічылі – улады хутка навучыліся фальсіфікаваць вынікі. Тады я даведалася, што ў такой сітуацыі людзі пратэстуюць. Я хадзіла ў Школу правоў чалавека – у тыя гады яна яшчэ магла дзейнічаць афіцыйна і адкрыта, – дзе і выкладчыкі, і вучні былі супраць рэжыму. Дзяўчаты і хлопцы майго веку ляпілі ў пад’ездах налепкі з агітацыяй за апазіцыйных кандыдатаў, а ўначы малявалі на сценах дамоў пратэсныя графіці і бегалі ад міліцыі. Было незразумела, што яшчэ можна зрабіць.

Пасля выбараў Школу закрылі, многія выкладчыкі з’ехалі з Беларусі.

На другім курсе ўніверсітэта я выбрала сербскую мову як дадатковую спецыялізацыю. Тады мне было дзевятнаццаць, і я ўпершыню пачула, што існуе такая краіна – Боснія і Герцагавіна, і такая мова – баснійская. Выкладчыца сказала, што, вывучыўшы сербскую, мы будзем разумець яшчэ і баснійскую, харвацкую і чарнагорскую. Мовы гэта ці дыялекты? Усё залежыць ад таго, з якога боку паглядзець, сказала яна.

Праз год я кінула сербскую і абрала іншую спецыялізацыю. У тым жа годзе Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі прызнаў разню ў Срэбраніцы генацыдам. Пазней гэтае рашэнне пацвердзіў Міжнародны суд ААН.

Першы раз на выбары прэзідэнта Беларусі я пайшла, калі мне быў дваццаць адзін. Тады ж я ўпершыню па-сапраўднаму сутыкнулася з пратэстамі. Стаяла ранняя вясна, людзі былі абураныя фальсіфікацыямі, у цэнтры Мінска цэлы тыдзень збіраліся натоўпы – вечарамі іх было найбольш, самыя актыўныя заставаліся ў намётавым гарадку на ноч. Потым намётавы гарадок зачысцілі, у горадзе зрабілася чыста. Кагосьці з маіх аднакурснікаў – тых, хто трапіў пад арышт, – выключылі з універсітэта, гэта называлася чысткі. Мы шапталіся, што Савецкі Саюз вяртаецца.

Тады я ўжо ведала, што можа стаяць за гэтым словам – чысткі. Яно было з таго ж шэрагу, што і эскадроны смерці. Калі падумаць, у гэтым ёсць нешта парадаксальнае – чысткай называюць рознае, гэта, напрыклад, яшчэ і касметычная працэдура. Слова ўтварылася ад прыметніка чысты, то-бок незабруджаны, незаплямлены, такі, як трэба. Прыязджаючы ў Беларусь, турысты кажуць: «Як тут чыста!» – у гэтым нявінным з выгляду кампліменце адчуваецца нешта злавеснае. Але хіба чыстае можа быць кепскім? Што можна супрацьпаставіць той чысціні, якая хаваецца ў слове чысткі

Пра Баснійскую вайну я даведалася з беларускага часопіса «ARCHE Пачатак», адзін з нумароў якога быў прысвечаны Балканам. Сярод іншага ў ім публікавалася кніга Міленкі Ергавіча «Сараеўскае Мальбара» ў перакладзе Сяргея Шупы пра аблогу баснійскай сталіцы падчас той вайны. Тады мне было дваццаць сем. Я пачала шукаць інфармацыю, у тым ліку пра разню ў Срэбраніцы. Помню, як чытала артыкулы на розных мовах, мне здавалася, так надзейней. Мая прыватная карта свету рабілася ўсё дакладнейшай, а Боснія і Герцагавіна – усё бліжэйшай.

Рэальнасць этнічных чыстак на Балканах паўстала перада мной ва ўсёй сваёй аголенасці. Разня ў Срэбраніцы адбылася без шуму, нябачна: каля васьмі тысяч баснійскіх мусульман зніклі. Каб схаваць злачынства, целы некалькі разоў перавозілі з месца на месца і перазахоўвалі – масавыя магілы знаходзяць дагэтуль. Навошта гэта рабілася? Нехта хацеў, каб прастора была аднастайнай, і меў дастаткова ўлады, каб учыніць генацыд.

Як беларуска я ўжо сустракалася з гэтым словам – у маіх падручніках гісторыі яно адносілася да Халакосту, – і ведаю, што раны, якія пакідае генацыд, не зарастаюць нават праз восемдзясят гадоў. Залячыць іх немагчыма, можна толькі помніць. І як некалі ў дзяцінстве я зразумела, што апошняя ў свеце вайна не скончылася ў 1945 годзе, так тады пачала разумець, што генацыд – таксама не слова з мінулага.

У тым жа годзе я ўпершыню паехала ў Курапаты – лес пад Мінскам, дзе ў канцы 1930-х тыя, хто меў у СССР уладу, здзяйснялі масавыя расстрэлы. Гэта замоўчвалі ў савецкія часы – і замоўчвае цяперашні рэжым. Мітынгі ў Курапатах разганяюць, датычныя расстрэлаў дакументы ў архівах закрыты для даследаванняў.

Калі мне было трыццаць пяць, я зноў галасавала на выбарах. Гэта былі чацвёртыя прэзідэнцкія выбары, у якіх я ўдзельнічала, чацвёртыя, на якіх мой голас не палічылі. Словы рэпрэсіі, арышты, катаванні, палітычныя зняволеныя, цэнзура зрабіліся часткай майго штодзённага жыцця. Калі мне было трыццаць шэсць, я з’ехала з Беларусі. Мой ад’езд не быў выпадковым. Жыць за межамі Беларусі – не маё жаданне, я хацела б вярнуцца дадому. Аднак з гледзішча тых, хто цяпер мае там уладу, я – лішняя. Прастора мусіць ачысціцца ад мяне, у краіне мусіць быць чыста ад тых, хто перашкаджае рабіць яе аднастайнай.

Чыста – гэта яшчэ і калі нешта не-бачнае.

Ачышчаць прастору ад непатрэбных тым, хто мае ўладу, людзей можна па-рознаму, для гэтага не абавязкова забіваць. Можна ізаляваць іх, садзіць у турму і ўводзіць рэжым інкамунікада – перарываць усе кантакты паміж тымі, хто ў турме, і тымі, хто звонку. І тады непатрэбныя людзі нібыта знікаюць. Яшчэ іх можна выштурхоўваць за мяжу: запалохваць турмой ці пазбаўляць магчымасці працаваць. З’ехаўшы, знікшы ў чужой краіне, людзі таксама робяцца нябачнымі. Урэшце, пад страхам рэпрэсій людзей можна змусіць да маўчання. Нябачнасць – галоўная ўмова, пры якой робяцца злачынствы.

Я ўсё больш разумею, што ў краіне, якая не так даўно з’явілася на карце і не мае доўгай гісторыі дэмакратыі, прасцей зрабіць нешта страшнае нябачным. І я рада, што існуюць спосабы вярнуць бачнасць – і жывым, і мёртвым. Адзін з іх – гэта правільна і адказна падабраныя словы. Часам менавіта яны робяцца першым крокам да ўзнаўлення справядлівасці.

Калі мне было сорак, Генеральная Асамблея ААН прызнала 11 ліпеня Міжнародным днём разваг і памяці пра генацыд у Срэбраніцы.

У 2026 годзе я ўсё яшчэ не магу вярнуцца ў Беларусь.