Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 15 чэрвеня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 25, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 125, забароненых кніг – 357.
Кірыл Лойка, перакладчык на беларускую мову рэлігійных спеваў і ўдзельнік духавога аркестра, асуджаны паводле палітычна матываванай справы.
У дачыненні да Кацярыны Манкевіч, вакалісткі гурта «Dymna Lotwa», распачалі спецыяльнае судовае вядзенне.
Выкладчыца вакалу Святлана Каралёва асуджана паводле палітычна матываванай справы.
Адбыліся масавыя ператрусы і допыты людзей, датычных да Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Больш за месяц няма лістоў ад палітзняволенага аўтара турэмнай літаратуры Ігара Аліневіча.
Суд прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам» дакументальны фільм пра сталінскія рэпрэсіі «Дарога на Курапаты», зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1990 годзе.
Суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі»: Telegram-каналы і чаты «Come here: образовательные ивенты в Беларуси и не только» і «Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва – БІНіМ».
У «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Facebook-старонкі Музея Вольнай Беларусі «Free Belarus Museum» і «Гісторыя Беларусі».
І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 6 чэрвеня стала вядома, што ў Мінскім гарадскім судзе паводле палітычна матываванай справы асуджаны Кірыл Лойка, перакладчык на беларускую мову рэлігійных спеваў і ўдзельнік духавога аркестра «СhurchBrass». Прысуд вынесены на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
2. 8 чэрвеня стала вядома, што ў дачыненні да Кацярыны Манкевіч, вакалісткі гурта «Dymna Lotwa», распачалі спецыяльнае вядзенне, каб судзіць яе завочна, бо яна знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Кацярыне Манкевіч інкрымінаваны ч. 1 арт. 289-1 Крымінальнага кодэкса (прапаганда тэрарызму), ч. 1 арт. 290-1 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 366-1 Крымінальнага кодэкса (гвалт або пагроза ў дачыненні да Лукашэнкі), ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта).
3. 15 чэрвеня стала вядома, што вакалістку і выкладчыцу вакалу ў музычнай студыі «Арт-квартал» Святлану Каралёву асудзілі ў 2026 годзе ў Мінскім абласным судзе паводле ч. 1 ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Прысуд – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Святлана Каралёва была ўдзельніцай арт-фольк-гурта, выступала на Купаллі ў Мінску ў 2023 годзе, на канцэрце да Дня Перамогі 9 траўня ў Палацы Рэспублікі ў 2024 годзе.
II. Пераслед датычных да Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта
1–4 чэрвеня ў Беларусі адбыліся масавыя ператрусы і допыты людзей, датычных да Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Допыты і ператрусы праходзілі паводле артыкулаў за «сайдзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». На 15 чэрвеня праваабаронцам вядома пра больш як 60 ператрусаў. Каб прымусіць студэнтаў ЕГУ вярнуцца з Літвы, КДБ пагражае крымінальным пераследам іх бацькам. 14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд на падставе заявы Генеральнай пракуратуры прызнаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт «экстрэмісцкай арганізацыяй». У жніўні 2025 года сацыяльныя сеткі ЕГУ былі абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Паводле пракуратуры, «універсітэт праводзіць мэтанакіраваную работу па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнага становішча ў краіне», а таксама «выкарыстоўваецца спецслужбамі некаторых суседніх дзяржаў для нанясення ўрону інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах». ЕГУ быў заснаваны як прыватны ўніверсітэт у 1992 годзе ў Мінску, закрыты ўладамі ў 2002 годзе, аднавіў дзейнасць у 2004 годзе ў Літве.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
Больш за месяц няма лістоў ад палітзняволенага аўтара турэмнай літаратуры Ігара Аліневіча. Ужо шосты год палітвязень знаходзіцца за кратамі без спатканняў, тэлефонных званкоў, грашовых паштовых пераводаў, медыкаментаў, харчовых, а цяпер і рэчавых перадач. У 2013 годзе Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, і стаў першым лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай «Радыё Свабода» і Беларускім ПЭН-Цэнтрам. Напісаная ў турме кніга-дзённік «Еду ў Магадан» выйшла ў 2013 годзе, калі Ігар Аліневіч адбываў пакаранне з палітычных матываў паводле «справы анархістаў». Кніга перакладзена на баснійскую, сербскую, харвацкую, англійскую, нямецкую, іспанскую, чэшскую, французскую, польскую і грэчаскую мовы.
IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» твораў кінамастацтва
11 чэрвеня суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам» фільм «Дарога на Курапаты», зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1990 годзе. Як адзначае Міністэрства інфармацыі Беларусі, фільм быў распаўсюджаны на YouTube-канале «Сергей». У спіс «экстрэмісцкіх» з гэтага каналу трапілі яшчэ два відэазапісы – «Беларускі супраціў за вольную дзяржаву!» і «Лінія Сталіна». Рэжысёрам фільма «Дарога на Курапаты» быў Міхаіл Жданоўскі. Сцэнар ён пісаў разам з Аляксандрам Лукашуком. У стварэнні фільму браў удзел Зянон Пазняк. За стварэнне цыкла «Дарога на Курапаты», «Жаўрукі Беларусі», «Успаміны пра Мікалая Равенскага» Міхаіл Жданоўскі атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. «Дарога на Курапаты» з’яўляецца дакументальным сведчаннем злачынстваў бальшавіцкага рэжыму супраць беларускага і суседніх народаў.
V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры
10 чэрвеня ў «экстрэмісцкі» спіс Міністэрства інфармацыі Беларусі другі раз дадалі Threads-акаўнт журналіста, культурніцкага блогера, аўтара вершаў і песень Валера Руселіка (аўтара YouTube-канала «Daroha»). Змест старонкі ўжо быў абвешчаны «экстрэмісцкім» – рашэннем суда Мінскага раёна Мінскай вобласці ад 17 красавіка 2026 года.
VI. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх праектаў
1. 2 чэрвеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі»: Telegram-каналы і чаты «Come here: образовательные ивенты в Беларуси и не только» і «Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва – БІНіМ».
2. 4 чэрвеня ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Facebook-старонкі Музея Вольнай Беларусі «Free Belarus Museum» і «Гісторыя Беларусі».