Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–30 верасня 2026 года

Апошняе абнаўленне: 1 кастрычніка 2026
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–30 верасня 2026 года

Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

На 30 верасня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 19, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 115, забароненых кніг – 378.

Настаўніцу гісторыі Вольгу Вострыкаву асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы. 

Фатографа-палітвязня Вадзіма Здаравеннава асудзілі паводле новай палітычна матываванай крымінальнай справы. 

Аўтар тэкстаў песень, вакаліст і мультыінструменталіст Алесь Чумакоў паведаміў праваабаронцам пра катаванні падчас следства і зняволення. 

Былая палітзняволеная Святлана Якубовіч паведаміла пра канфіскацыю рукапісаў перад вызваленнем. 

«Экстрэмісцкімі» абвешчаны: Telegram-канал мастачкі Нікі Сандрас «Дурніца news», Facebook-акаўнт былога палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры Міколы Дзядка, Instagram-акаўнт папулярызатара беларускай культуры Мікіты Бялевіча, Facebook-акаўнт былога палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры Максіма Вінярскага. 

Забаронена культурніцка-асветная дзейнасць мастака і літаратара Сяргея Філіпава. 


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 23 верасня стала вядома, што настаўніцу гісторыі Вольгу Вострыкаву, якая працавала ў сярэдняй школе ў Капцэвічах Петрыкаўскага раёна, асудзілі ў Гомельскім абласным судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). З папярэдняй інфармацыі, ёй у межах так званай справы «Гаюна» прысудзілі «хатнюю хімію» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). «Беларускі Гаюн» – маніторынгавы праект, які адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх войск на тэрыторыі Беларусі. 

2. 29 верасня фатографа-палітвязня Вадзіма Здаравеннава асудзілі паводле новай палітычна матываванай крымінальнай справы на 4 гады і 7 месяцаў калоніі агульнага рэжыму і штраф 500 базавых велічыняў (22 500 рублёў = 7454 долары). Палітвязню інкрымінавалі некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці і разладу), а таксама арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных). Справа датычыла каментарыяў і фотаздымкаў, якія, як сцвярджаецца, былі знойдзены ў ноўтбуку. 10 лістапада 2025 года Вадзіма Здаравеннава асудзілі на 2 гады калоніі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта).

II. Катаванні дзеячаў культуры падчас следства і зняволення

Бард, перакладчык, аўтар тэкстаў песень, вакаліст і мультыінструменталіст Алесь Чумакоў паведаміў праваабаронцам пра катаванні падчас следства і зняволення: «У бусіку мяне зноў паклалі на падлогу, залітую чымсьці смярдзючым і мокрым. Рукі ў кайданках за спінаю паднялі да столі так, што вывернуліся плечавыя суставы. Я скаліёзнік, у мяне траўмаваныя па спорце плечы – гэта было невыносна балюча. Потым адзін чалавек мне трымаў рукі, а другі ўзяў будаўнічую запальнічку – такую, з якой ідзе не проста агонь, а струмень газу пад ціскам. Ён пачаў накаляць гэтыя кайданкі да апёкаў. Тэрмічных апёкаў! Калі я неяк выкручваўся, каб адхіліцца ад струменя, натыкаўся на жалезнае сапло запальнічкі. Апёкі і палосы на руках сыходзілі потым дзевяць месяцаў. Збоку на бакавым крэсле сядзеў кадэбэшнік – той белабрысенькі з зачосам на бок, які пры затрыманні адыгрываў ролю кепскага паліцэйскага. У яго былі адмысловыя каваныя боты, нейкія берцы, прызначаныя менавіта для гэтай працэдуры (ніхто з іншых такія не насіў). І ён збіваў мяне ўсю дарогу ад Следчага камітэта да Акрэсціна. Праз кожныя тры-пяць секунд я атрымліваў удар па галаве: ззаду, спераду, згары. Да таго ж, увесь гэты час яны не проста збівалі мяне, але і пагражалі згвалтаваннем. Потым ён пачаў лупіць мяне нагамі. Уся правая палова цела – ногі, бок, рука – была сіняя. Адзін удар каваным ботам прыляцеў прама ў локаць. У мяне адказаў цэнтральны нерв, два пальцы проста выключыліся. Іх адчувальнасць вярнулася толькі праз чатыры месяцы. Я ў СІЗА не мог ні асадку трымаць, ні нават кубікі для нардаў узяць – яны пастаянна выпадалі з рук».

Як асобны від катаванняў Алесь Чумакоў вылучыў гучную музыку, што перашкаджала аднаўленню нервовай сістэмы: «Асобная форма гвалтавання – гэта гук і святло. На Акрэсціна радыё працавала ўвесь дзень, з шостай да дваццаць другой. Аднойчы яго ўключылі нават а трэцяй гадзіне ночы на поўную гучнасць – можа, памыліліся, а можа, кагосьці пагвалціць хацелі. У СІЗА радыё прымусова ўключаюць па ранках і на прагулках. Гучыць яно кепска праз жалезную калонку, якая абсалютна не прызначана для музыкі. І пастаянна адно і тое ж – расійская папса ўперамешку з замежнай. Для мяне, чалавека, згадаванага на фольку і року, гэта былі пякельныя пакуты».

III. Канфіскацыя і знікненне рукапісаў палітвязняў 

Валанцёрка праваабарончага цэнтру «Вясна», былая палітзняволеная Святлана Якубовіч паведаміла, што перад вызваленнем у яе забралі рукапісы: «Што хаця б нават асадкаю было напісана, любы запіс, усё забралі. У мяне былі фотаздымкі маці, былі нататнікі, такія дзённікі я вяла, прысуды і адказы на апеляцыі і скаргі – усё пазабіралі».

IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак аўтараў і дзеячаў культуры 

1. 15 верасня суд Бабруйскага раёна і Бабруйска прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-канал «Дурніца news» мастачкі Нікі Сандрас. 

2. 18 верасня суд Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» Facebook-акаўнт «Mikola Dziadok» былога палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры Міколы Дзядка.

3. 23 верасня 2026 года суда Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» Instagram-акаўнт «mikita_suzuki» папулярызатара беларускай культуры Мікіты Бялевіча.

4. 24 верасня суд Полацкага раёна і Полацка прызнаў «экстрэмісцкім» Facebook-акаўнт «Maksim Viniarski» былога палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры Максіма Вінярскага. 29 верасня Facebook-акаўнт «Maksim Viniarski» быў уключаны ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У 2025 годзе Максім Вінярскі стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зняволенні (вершы «Прости жена, мы даже не знакомы», «Няўдзячны Юдаў лёс…»).

V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак брэндаў

24 верасня 2026 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкім» Instagram акаўнт «pavetra_shop» – інтэрнэт-крамы адзення з выявамі на беларускую тэматыку.

VI. Забарона і скасаванне культурніцкіх праектаў

24 верасня стала вядома, што ў Мінску забаронена культурніцка-асветная дзейнасць мастака і літаратара Сяргея Філіпава, куратара праектаў «Мінск у фотаздымках розных эпох» і «Сустрэнемся пад гадзіннікам». Сяргей Філіпаў паведаміў на Facebook: «Цяпер яны забаранілі мне выступаць. Праводзіць у сваім горадзе творчыя сустрэчы з выдатнымі людзьмі краіны. Усе астатнія меры ўздзеяння на мяне ўжо выкарыстоўвалі». Сяргей Філіпаў – аўтар нон-фікшн кнігі «Наследники империи» пра жыццё ў Мінску і нефармальныя субкультуры 1970–1980-х гадоў.