Рэцэнзіі на шорт-ліст: Давер да будучага часу

Апошняе абнаўленне: 1 кастрычніка 2026
Рэцэнзіі на шорт-ліст: Давер да будучага часу

Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.

Давер да будучага часу

«Пентаквантар» (кнігі 1 і 2) – Арцём Шуканаў
(Gutenberg Publisher, 2025)

Поўны спіс сёлетняй прэміі Гедройця шмат у чым паўтарае тэндэнцыі мінулых гадоў: значная частка кніг у ім – гэта аўтафікшн, нон-фікшн і мемуары. Жанры, скіраваныя ў мінулае. Пра іх росквіт у беларускай літаратуры пасля 2020 года пісаў Максім Жбанкоў: «Аўтар вынаходзіць мінулае. І тым самым робіць яго – ды і сябе – сапраўдным. Фактычна гаворка ідзе пра права чалавека траўматычнага досведу прыдумаць сабе краіну, лёс і біяграфію». Сёлетні намінант на прэмію Макс Шчур у аўтабіяграфічным рамане «Спроба эксперыментальнага канструявання сябе» акрэсліў, што штурхае пісьменнікаў звяртацца да такіх жанраў: «Любоў да таго самага назаўжды страчанага часу. Шкадаванне таго, што ён прамінуў. Спроба захаваць яго любым коштам». Аднак сярод твораў, аўтары якіх спрабуюць спыніць і задакументаваць імгненне, у сёлетнім спісе прэміі ёсць дзве кнігі пра будучыню. Адна з іх – аповесць Ганны Кручковай для дзяцей «Хто ты, дрон?». Другая – пра яе і пойдзе гаворка – посткіберпанкавы раман Арцёма Шуканава «Пентаквантар».

Посткіберпанк – літаратурны субжанр навуковай фантастыкі, у якім пісьменнікі спрабуюць уявіць тэхналагічнае развіццё чалавецтва ў будучыні. У адрозненне ад сваіх калег, якія працуюць з апакаліптычным кіберпанкам (менавіта з яго посткіберпанк і вырас), яны мяркуюць, што будучыня не абавязкова мусіць быць змрочнай. У посткіберпанку чалавецтва больш-менш спраўляецца з тварэннямі ўласных рук і вучыцца з імі суіснаваць – відаць, гэта максімум аптымізму, які можна сабе цяпер дазволіць. Часцей за ўсё будучыню шукаюць на іншым баку свету: класіка навуковай фантастыкі, а таксама такіх яе адгалінаванняў, як кіберпанк і посткіберпанк, была напісаная ў ЗША. У рамане «Пентаквантар» Арцём Шуканаў рэкамендуе чытачам творы амерыканскіх пісьменнікаў Ніла Стывенсана, Майкла Крайтана і Уільяма Гібсана, якія, відаць, нечым яму блізкія. Але ці можам мы зачапіцца за будучыню, уяўленую на іншым баку свету?

Спачатку я думала, што не належу да мэтавай аўдыторыі «Пентаквантара», хай сабе і напісанага, як пазначана ў кнізе, «чалавекам для людзей». Калі б не праца ў журы прэміі, я, хутчэй за ўсё, да гэтага рамана не дабралася б: мяне не вабіла назва, якая ні пра што мне не кажа, і не пераконвалі водгукі, якіх выйшла нямала ў маштабах беларускай літаратуры: дэбют Арцёма Шуканава зрабіўся сапраўды заўважным. З усіх сіл трымаючыся за страчаны час (хоць, магчыма, яго каштоўнасць расце якраз праз тое, што ён страчаны), я пачуваюся няўтульна ў свеце новых тэхналогій, і таму мне здавалася, што мы з «Пентаквантарам» – з розных рэальнасцяў. Я цешылася, што з’явіўся такі раман, бо гэта значыць, што беларуская літаратура можа задаволіць розныя густы – але мне ж не абавязкова чытаць усё, што выходзіць.

У выніку кніга сталася для мяне адкрыццём і захапіла з першых жа старонак. Сюжэт трымае ўвагу, як у добра знятым серыяле – раздзелы часта заканчваюцца на самым цікавым, а наступны пачынаецца з іншай лініі, так што не адразу дазнаешся, што адбылося, увесь час застаючыся ў аўтара на кручку. Мінулае раскрываецца ў кінематаграфічных флэшбэках – гэта сапраўды амаль гатовы сцэнарый. Думаю, калі б «Пентаквантар» быў напісаны па-англійску ці па-польску, яго чакаў бы большы поспех, немагчымы ў абмежаванай у плане рэсурсаў  беларускай прасторы. Але гэта цудоўны падарунак беларускім чытачам. Што мяне ў рамане зачаравала найбольш – гэта давер да будучага часу, любоў не толькі да таго, што ўжо ёсць, але і да таго, што яшчэ толькі мусіць прыйсці.

Аб’ём рамана – два тамы налічваюць больш за шэсцьсот старонак – дазваляе замахнуцца на вялікія маштабы, геаграфічныя і касмаграфічныя, але не толькі. Галоўныя героі – жанчына з армянскімі і японскімі каранямі, лаоскі будыйскі манах, усходнееўрапейскі тэхнаэмпат (прафесія новага часу), некалькі ШІ-памочнікаў і сабака – вандруюць па кантынентах, а калі гэтага абшару робіцца замала, сягаюць далёкага космасу, дзе сутыкаюцца з размаітымі стварэннямі. Сюжэт выбудаваны так, каб зладзіць чытачам падрабязную экскурсію па яскравым свеце, але не ўсё самае яскравае ў ім – плод пісьменніцкай фантазіі. Вы ведаеце ўвогуле, хто жыве ў вас пад бокам? – быццам пытае аўтар. Калі вам цяжка ўявіць незямное жыццё, уявіце ксенафіяфору, якая асталявалася ў пякельных глыбінях і мае ў сваім арганізме свінец, ртуць і ўран. Сплятаючы ў рамане культуры і біятопы з розных куткоў планет(ы), рэальныя факты і футурыстычныя фантазіі, Арцём Шуканаў прыдумляе для ўсяго гэтага сваю мову. Гэта мова, на якой гаворыць будучыня, захапіцца ёй лёгка не толькі тэхнічнаму спецыялісту, але і філолагу. Не трэба разбірацца ў праграмным кодзе, каб зачаравацца светам, у якім ШІ нараджаецца з танцаў, а верхняя станцыя касмічнага ліфта, якая вісіць за пару дзясяткаў тысяч кіламетраў над Зямлёй, – гэта трапічная птушка, што запускае дзюбу ў пяціпялёсткавую кветку штучнага вострава, з якога пачынаюцца ўсе касмічныя падарожжы. Гэты свет нечакана добры да сваіх насельнікаў: у рамане (дазволю сабе спойлер) ніхто не гіне, і галоўныя героі ставяцца адно да аднаго з цяплом і павагай. Нават калі ты – сабака, які не мае для сюжэту асаблівага значэння, цябе ўратуюць і з табой будуць лічыцца. Незразумела, як гэты свет спраўляецца з кліматычнымі, дэмаграфічнымі і сацыяльнымі праблемамі, але нейкая новая адчувальнасць у ім ёсць.

Дробныя дэталі ў рамане часам папярэджваюць пра значныя падзеі, а часам проста рыфмуюцца між сабой: ядлоўцавыя шарыкі пацерак у руках манаха – падобная да ягады ядлоўцу планета. Проста таму што гэта прыгожа, як прыгожы свет, які не вымагае дадатковых метафар. І ўсё ж дзе-нідзе колькасць дэталяў здаецца збыткоўнай, нешта тлумачыцца аж занадта знарочыста і падрабязна, некаторыя ружжы не страляюць. Можа, стрэляць пазней, бо аўтар абяцае працяг, а можа, і не, бо прызначаныя выключна для таго, каб ствараць вайбы гэтага складанага свету.

У якім, дарэчы, ёсць месца і для тых, хто трымаецца за страчаны час – напрыклад, будыйскіх манахаў, што прысвячаюць жыццё медытацыям і паломніцтвам, ці амішаў, якія на касмічных баржах гадуюць козаў і вырошчваюць кукурузу.

Тэхналогіі, якія ў рамане выйшлі з-пад кантролю людзей (але хіба хоць нешта калісьці было пад іх кантролем?) і зрабіліся занадта складанымі, калі людзі маглі іх хаця б зразумець, не ператвараюцца ў пагрозу. Галоўную пагрозу ў свеце ўсё яшчэ ўяўляюць самі людзі. Раман дае магчымасць паразважаць над пытаннямі, якія ўжо ставіць перад намі рэальнасць: дзе ляжыць мяжа паміж чалавечым і не-чалавечым і якія адносіны могуць яднаць людзей і не-людзей. Чым, урэшце, робіцца не-чалавечае і не-жывое, калі змагаецца са смерцю і робіць для жывога немагчымае?

У свеце «Пентаквантара» – свае хімія, фізіка і нават лінгвістыка, але калі аўтар звяртаецца да літаратуры, то, апроч згаданых вышэй аўтараў, гэта «Уладар пярсцёнкаў» і фільмы паводле «Гары Потэра». Толкін і Роўлінг: літаратура будучыні добра нам знаёмая. Пасля поспеху рамана «Гары Потэр і філасофскі камень» ніводная іншая кніга дагэтуль не здолела яго перасягнуць, нават наступныя кнігі той жа аўтаркі. Уявіць літаратуру будучыні, у якой шчыруюць individualitates electronicae, цяжэй, чым усё астатняе.

Не выключаю, што калі б я ведала канон посткіберпанку, нешта ў «Петаквантары» магло б падацца мне другасным. А так хіба што вынік працы адпраўленага ў космас квантавага камп’ютара нагадаў адказ на галоўнае пытанне з рамана «Аўтаспынам па Галактыцы» Дугласа Адамса, якога Шуканаў, дарэчы, не згадаў. 

У «Пентаквантары» шмат Мінска, і ён пазнавальны, хоць  ужо ператварыўся ў агламерацыю і з ім здарылася шмат усяго. Будучыня, паводле Шуканава, адбываецца не толькі на іншым баку (су)свету. Гэты Мінск мае сваю змрочную атмасферу і вылучаецца на фоне іншых гарадоў. «Вялікі горад вялікай несвабоды», – кажа адзін з герояў рамана: на той момант ён ужо пасядзеў у мінскай турме. Відаць, уявіць Мінск без турмы немагчыма. І ўсё ж у ім адбываюцца значныя падзеі. Назва «Беларусь» у кнізе не згадваецца, што таксама мае сэнс, калі ўлічыць, колькі розных вызначэнняў мелі ў гісторыі гэтыя землі. Мінск знаходзіцца ў Інтэрмарыуме – канфедэрацыі, праект якой у свой час высунуў першы кіраўнік незалежнай Польшчы Юзаф Пілсудскі, і яго ідэя элегантна і іранічна пераасэнсаваная ў рамане. Гісторыю Інтэрмарыума мы можам хіба што дадумаць самастойна, і яна напэўна будзе няпростая. Канфедэрацыю трасуць сепаратысцкія рухі, пратэсты задушваюцца, але мы не ведаем, які лад там пануе і на якіх умовах (і пад ціскам якіх абставін) краіны здолелі аб’яднацца. Над усім вісіць цень спецслужбаў.

Уяўленні пра будучыню хутка старэюць. З’яўляюцца новыя тэхналогіі, гісторыя робіць непрадказальныя павароты, якія і не сніліся фантастам. Нешта перастае быць актуальным імгненна, іншае пакрысе робіцца ўсё менш рэальным. «Вікіпедыя», на якую спасылаюцца героі «Пентаквантара», ужо цярпіць ад змяншэння наведванняў, бо карыстальнікі ўсё часцей задавольваюцца адказамі чат-ботаў. Але добрая фантастыка большая за суму прапанаваных у ёй сцэнарыяў: нават калі яны не спраўдзяцца ці спраўдзяцца нейкім іншым чынам – штосьці ў ёй застаецца па-над часам. У «Пентаквантары» Арцёма Шуканава напэўна застанецца.

Ганна Янкута


Сёлета прэмія Гедройця адзначае сваё 15-годдзе. Юбілейная цырымонія адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску. У Еўрапейскім цэнтры салідарнасці будуць абвешчаныя пераможцы прэміі, пройдуць аўтарскія сустрэчы, дыскусіі, выстава, кірмаш беларускай кнігі і іншыя падзеі. Далучайцеся да свята беларускай літаратуры, уваход вольны!

Калі: 7 лістапада 2026 года (субота)
Дзе: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьск, Польшча (plac Solidarności, 1)

Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў

Партнёры прэміі | Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Belsat TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў

Суфінансаванне | праект фінансаваны з дзяржаўнага бюджэту ў рамках польскага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.