Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 30 красавіка 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 25, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 122, забароненых кніг – 336.
У рэгіёнах Беларусі адбыліся затрыманні ўдзельніц культурніцкіх ініцыятыў.
КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі» шэраг культурніцкіх ініцыятыў.
«Экстрэмісцкім фарміраваннем» прызналі інтэрнэт-медыя «Reform.nеws».
«Экстрэмісцкай» прызналі Instagram-старонку папулярызатара культуры, былога палітвязня Уладзіміра Булаўскага.
«Экстрэмісцкім» прызнаны Threads-акаўнт журналіста і нон-фікшн пісьменніка Руслана Кулевіча.
Праваабаронца і былы палітвязень Валянцін Стэфановіч паведаміў, што ў калоніі за беларускую мову маглі спыніць тэлефонныя гутаркі з роднымі ці адправіць у штрафны ізалятар.
Адмянілі правядзенне міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы».
I. Затрыманні дзеячаў культуры
23 красавіка ў рэгіёнах Беларусі адбыліся затрыманні ўдзельніц культурніцкіх ініцыятыў. У Наваполацку былі затрыманы 12 жанчын. У затрыманых правялі ператрусы, некаторых адвезлі ў Віцебск у СІЗА, астатніх дапытвалі ў Наваполацку. З іх 8 чалавек адпусцілі. У адной з затрыманых знайшлі падпіскі на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, трымалі пад вартай трое сутак і аштрафавалі. Трох жанчыны затрымалі ў Барысаве, яшчэ некалькіх – у Слоніме, Брэсце і Жодзіне. Затрыманні сталі наступствам таго, што 9 красавіка МУС абвясціў «экстрэмісцкім фарміраваннем» шэраг культурніцкіх ініцыятыў. Пра гэта было абвешчана толькі 24 красавіка, а затрыманні адбыліся напярэдадні.
II. Парушэнне права карыстацца роднай мовай у месцах пазбаўлення волі
30 красавіка праваабаронца і былы палітвязень Валянцін Стэфановіч паведаміў, што ў калоніі за беларускую мову маглі спыніць тэлефонныя гутаркі з роднымі ці адправіць у штрафны ізалятар: «Я не карыстаўся беларускай мовай пастаянна па шэрагу прычын. У калоніі за гэта перарывалі званкі з роднымі і нават маглі адправіць у ШІЗА. Хаця ў СІЗА і на “крытай” турме з гэтым было спакайней. Лісты дадому я пісаў па-беларуску, і цэнзар іх прапускаў».
III. Абвяшчэнне праваабарончых, адукацыйных і культурніцкіх арганізацый «экстрэмісцкімі»
1. 24 красавіка стала вядома, што КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі» шэраг культурніцкіх ініцыятыў: «BELARUSIAN COUNCIL FOR CULTURE» / «Беларуская Рада культуры» / ВСС, праекты «Mahistrat» / «Магистрат» / «Магістрат», «Vasminoh» / «Осьминог», «ArtPower Belarus» / «ArtPower Беларусь», «Фонд совета по культуре Беларуси» / «FUNDACJA BIAŁORUSKA RADA KULTURY», а таксама «ІншыЯ» / «The Others». КДБ прызнаў гэтыя ініцыятывы і праекты «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» 9 красавіка, але ў адпаведным спісе яны з’явіліся пазней.
2. 29 красавіка Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» інтэрнэт-медыя «Reform.nеws», якое шмат піша пра беларускую культуру і рэпрэсіі ў сферы культуры.
IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры
1. 23 красавіка судом Ленінскага раёна Гродна «экстрэмісцкай» прызнана Facebook-старонка дызайнера Уладзіміра Маляўкі.
2. 24 красавіка стала вядома, што суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкай» Instagram-старонку папулярызатара культуры, былога палітвязня Уладзіміра Булаўскага.
3. 24 красавіка стала вядома, што суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі школы LVS, якая знаходзіцца ў Польшчы і навучае шасці мовам. Яе сацсеткі прысвечаны выкладчыкам, вучэбнаму плану, курсам і іх прасоўванню.
4. 27 красавіка 2026 года рашэннем суда Баранавіцкага раёна «экстрэмісцкім» прызнаны Threads-акаўнт журналіста і нон-фікшн-пісьменніка Руслана Кулевіча. Раней асабістыя сацсеткі Руслана Кулевіча, яго праекты «Most Media», Youtube-канал «Мы вернемся» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і «экстрэмісцкім фарміраваннем».
V. Адмена падзей культуры
16 красавіка стала вядома, што Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт адмяніў правядзенне Міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы». Фестываль праводзіўся з 1967 года, а з 2009-га набыў статус міжнароднага. У ім удзельнічалі выканаўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі.