У сакавіку 2026 года мы распачалі беларуска-дацкі паэтычны дыялог – verse X change. Чатыры беларускія паэты і паэткі выправіліся ў Данію, дзе сустрэліся з дацкімі калегамі і папрацавалі разам, робячы ўзаемныя пераклады. У выніку сучасная беларуская паэзія будзе выдадзеная на дацкай мове, а творы дацкіх аўтараў з’явяцца ў беларускіх перакладах.
Беларусь у праекце прадстаўлялі Дар’я Бялькевіч, Сяргей Календа, Ксенія Стасюкевіч і Хрозя Віцíк. Іх дацкімі калегамі і творчымі партнёрамі сталі Крыстынэ Керульв, Сэсіле Рэнаў Эгеруп, Катынка Букдал Сёбю і Ёакім Вілант.
На працягу ўсёй майстэрні ўдзельнікаў суправаджалі трое выдатных ментараў – Тынэ Рэсэн, Харальд Хартвіг Епсэн і Лотэ Янсэн, якія дапамагалі наладзіць кантакт паміж удзельнікамі, абыйсці падводныя камяні перакладу і ўласна пабудаваць літаратурныя масты паміж нашымі краінамі.
Дзень першы
Майстэрня пачалася з сустрэчы ўдзельнікаў у Дацкім саюзе пісьменнікаў у Капенгагене, які гасцінна прытуліў міжнародную групу творцаў.
Ментары прапанавалі даволі зразумелую і пры гэтым нестандартную структуру працы. Кожны паэт прадстаўляў сваю творчасць, а таксама звяртаў увагу на фрагменты, што маглі стаць асабліва складанымі для перакладчыкаў. Гульня словаў, шматслойнасць значэнняў, культурныя адсылкі, моўныя эксперыменты і арыгінальнае словаўтварэнне – усё тое, што робіць пераклад паэзіі сапраўдным мастацтвам, апынулася ў цэнтры ўвагі. Разам з тым менавіта гэтыя асаблівасці часта становяцца перашкодамі, якія часам здаюцца амаль непераадольнымі.
У выніку ментары арганізавалі працу такім чынам, каб кожны ўдзельнік мог папрацаваць з вершамі як мінімум двух ці трох іншых паэтаў і паэтак. Пары некалькі разоў змяняліся, што дало магчымасць перакладаць аўтараў з вельмі рознымі паэтычнымі галасамі і эстэтычнымі падыходамі. Такі фармат спрыяў сапраўднаму ўзаемадзеянню паміж усімі творцамі. Замест таго каб заставацца засяроджанымі толькі на сваім асноўным партнёры, удзельнікі змаглі наладзіць непасрэдныя творчыя сувязі з кожным, хто быў далучаны да праекта.
Разважаючы пра свой досвед удзелу ў майстэрні, дацкая паэтка Крыстынэ Керульв адзначыла асаблівыя моманты паразумення, якія ўзнікаюць дзякуючы літаратурнаму перакладу:
«Гэта вельмі радаснае адчуванне, калі знаходзіш слова і абодва дакладна разумеюць, што маецца на ўвазе. Нават калі ты не ведаеш гэтага слова ў іншай мове, ты ўсё роўна адчуваеш: „Так, менавіта гэтае пачуццё“, або „Вось пра што я спрабую пісаць“, або „Менавіта так гэта павінна выглядаць ці гучаць у тэксце“».
Беларуская паэтка Ксенія Стасюкевіч падзялілася сваімі ўражаннямі ад сумеснай працы:
«Калі ёсць побач жывы аўтар, гэта зусім іншы працэс, гэта стварэнне яшчэ чагосьці новага. Прынамсі, зараз, калі мы мае вершы абмяркоўваем, і вершы іншых аўтарак, мы штосьці падкручваем, дзесьці трошачкі мяняем сэнс, і атрымліваецца, што гэта не заўсёды дакладны пераклад, а яшчэ і стварэнне новых сэнсаў і крэатыўны працэс».
Вечар скончыўся супольнай вячэрай і паходам на канцэрт вядомага беларускага спевака і паэта, сябра Беларускага ПЭНа, Лявона Вольскага, які акурат выступаў у гэтыя дні ў Даніі. Дацкія паэты зазначылі, што ім было вельмі цікава паслухаць, як беларуская паэзія гучыць у песнях.
Дзень другі
Другі дзень майстэрні прайшоў у адной з аўдыторый Капенгагенскага ўніверсітэта. Удзельнікі вярнуліся са сваімі першымі напрацоўкамі і чарнавікамі, і ментары дапамагалі іх удасканальваць, шліфаваць, шукаць патрэбныя словы і падбіраць рытм і рыфму там, дзе гэта трэба.
Таксама ментары правялі для групы паэтаў экскурсію па універсітэце, надаўшы асаблівую ўвагу ўніверсітэцкай бібліятэцы. дзе на паліцах знайшлося колькі кніг удзельнікаў і ментараў, а таксама беларускіх перакладаў.
Разважаючы пра майстэрню, дацкі паэт Ёакім Вілант адзначыў як складанасць, так і радасць літаратурнага перакладу:
«Вельмі цяжка растлумачыць тое, што само па сабе не мае сэнсу. Я асабліва адчуў гэта ўчора, бо даводзіцца тлумачыць, чаму нешта не мае сэнсу, калі патрэбных адпаведнікаў проста не існуе. Гэта свайго роду кашмар. Але разам з тым гэта і вельмі займальна. Я люблю гуляць з мовай, таму магчымасць займацца гэтым заўсёды прыносіць мне вялікую радасць».
Для Віланта майстэрня стала магчымасцю не толькі перакладаць паэзію, але і даследаваць, як мова стварае сэнсы, неадназначнасці і вобразы, пераадольваючы культурныя і моўныя межы.
Для беларускага паэта Сяргея Календы таксама было важна працаваць з няпростымі для перакладу словамі і сітуацыямі:
«Калі пачынаеш працаваць з такімі складанымі словамі, тэкстамі, ты выходзіш на нейкі новы ўзровень асэнсавання жыцця. Гэта вельмі карысна для чалавека, які піша, для пісьменніка».
Майстэрня завяршылася супольнай прэзентацыяй перакладаў, якія нарадзіліся цягам гэтых двух дзён. Супраца аказалася адначасова плённай і натхняльнай. Удзельнікі і ўдзельніцы раз’ехаліся па дамах з амаль гатовымі перакладамі, якія пазней дапрацавалі і завяршылі. Неўзабаве будзе выдадзены зборнік беларуска-дацка-шведскіх паэтычных дыялогаў!
Але яшчэ важней, што яны павезлі з сабой не толькі пераклады, але і новыя сяброўствы, творчыя партнёрствы і глыбейшае разуменне літаратурных традыцый адно аднаго.
Гэтая публікацыя была падрыхтавана пры фінансавай падтрымцы Паўночнай рады міністраў (Nordic Council of Ministers). Змест публікацыі з’яўляецца выключнай адказнасцю каардынатараў праекта і не адлюстроўвае пазіцыю або палітыку Паўночнай рады міністраў.