Для Беларусі 21 лютага даўно перастала быць проста фармальнай датай у календары ЮНЕСКА. Бо родная мова не толькі сродак камунікацыі, але і фундаментальнае права чалавека, без якога немагчымая ні сапраўдная свабода выказвання, ні захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці.
Звесткі маніторынга сведчаць не пра натуральную эвалюцыю грамадства, якое свядома адмаўляецца ад роднай мовы, а пра вынік паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі па выцісканні беларускай мовы.
Паводле перапісаў насельніцтва, доля грамадзян, якія лічаць беларускую мову роднай, скарацілася з 86 % у 1999 годзе да 61 % у 2019-м. Колькасць тых, хто карыстаецца ёй дома, упала з 41 % да 28 %.
Нягледзячы на канстытуцыйны статус дзвюх дзяржаўных моў (арт. 17 Канстытуцыі), на практыцы пануе дыскрымінацыя. У законе «Аб мовах» выкарыстанне злучніка «або» паміж беларускай і рускай мовамі фактычна легітымізуе ігнараванне правоў беларускамоўных грамадзян. Гэта дазваляе дзяржорганам ігнараваць запыты на роднай мове, ператвараючы права на яе ўжыванне ў дэкларатыўную прыгажосць.
Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў зафіксавалі шматлікія парушэнні моўных правоў і шматлікія выпадкі моўнай дыскрымінацыі. Большасць выпадкаў звязана з няздольнасцю ўлад забяспечыць роўныя правы на выкарыстанне беларускай мовы ў розных сферах, уключаючы сістэму адукацыі, тэатр, музыку, выяўленчае мастацтва і музеі, літаратуру і бібліятэкі, ахову культурнай спадчыны і гістарычнай памяці, кінаіндустрыю, СМІ, гарадское асяроддзе і дзяржаўныя ўстановы.
Механізмы ціску і барацьбы з роднай мовай набылі ўсеагульны і комплексны характар.
У «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесена ўжо 312 забароненых кніг, у тым ліку класічныя творы на беларускай мове. Творы Святланы Алексіевіч і знакавы гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» былі выдалены з навучальнай праграмы.
«Вялікае шчасце, што мы на кніжных паліцах сёння іх не бачым […] Гэта найстрашнейшая, наймагутнейшая зброя. Я кажу пра кнігі [прызнаныя «экстрэмісцкімі»]. Недастатковае разуменне таго, што кніга – значна магутнейшая зброя, чым ракеты і танкі, прыводзіць да таго, што даводзіцца выкарыстоўваць ракеты і танкі», – заявіў у 2022 годзе на круглым стале, прысвечаным палітычнай публіцыстыцы, тагачасны намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.
«Нормай» стала ліквідацыя грамадскіх аб’яднанняў, пазбаўленне выдаўцоў ліцэнзій, дыфамацыя творцаў, канфіскацыя кніг, забарона на іх захоўванне і распаўсюд. Навідавоку шматлікія формы цэнзуры – уключаючы прызнанне «экстрэмісцкімі» навуковых прац, гістарычных матэрыялаў, твораў сучасных беларускіх аўтараў і класікаў айчыннай літаратуры. З’явіўся таксама асобны спіс друкаваных выданняў, «здольных нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Гэты працэс можна ахарактарызаваць як сістэмную дэбеларусізацыю. Дэбеларусізацыя праз прымусовую русіфікацыю стала інструментам страты культурнай суб’ектнасці. Беларусь планамерна ператвараюць у культурную правінцыю суседняй краіны.
Вось толькі асобныя прыклады:
- У 2022 годзе ў Беларусі з 29 прафесійных тэатраў па-беларуску працуюць усяго 6. Пасля змены кіраўніцтва Тэатр юнага гледача адмовіўся ад выключна беларускамоўнага рэпертуару. Новая ідэалогія ўстановы грунтуецца на тым, што беларуская мова нібыта адпужвае «гасцей з Расіі». Сцэна запаўняецца расійскімі рэжысёрамі і акцёрамі, якія выцясняюць нацыянальны прадукт.
- На дзяржаўных пляцоўках пануе засілле «ідэалагічна вывераных» выканаўцаў з РФ (Газманаў, SHAMAN, «Любэ»), якія выконваюць ролю культурных правадыроў «рускага свету».
- Праз сетку «Рускіх дамоў» актыўна прасоўваецца расійская адукацыйная мадэль. На 2024 год беларусам выдзелена 1300 квот на навучанне ў ВНУ Расіі, што з’яўляецца элементам нацыянальнай эліты кадрамі, выхаванымі ў іншай ідэалагічнай парадыгме.
У сітуацыі, калі рэпрэсіі становяцца штодзённасцю, беларуская культурная супольнасць вымушана балансаваць паміж выжываннем і захаваннем годнасці. Стратэгіі адаптацыі сведчаць пра жыццяздольнасць культуры: перанос праектаў за мяжу, «кніжны бум» у эміграцыі, развіццё ананімных і камерных фарматаў унутры краіны. Карыстанне роднай мовай сёння становіцца — ціхім, але непахісным пацвярджэннем права на сваё «Я».
Мова — гэта адзіная прастора нашай сапраўднай свабоды, якую немагчыма канфіскаваць, пакуль існуе салідарнасць. Сённяшняя барацьба за мову — гэта барацьба за права не быць «музейным экспанатам», за права быць жывым, суб’ектным народам. Кожнае слова, сказанае па-беларуску, кожная кніга, набытая ў незалежных выдаўцоў, — гэта цагліна ў падмурак нашай будучай суб’ектнасці.
Мы павінны заставацца трывалымі, бо культура — гэта тое, што робіць нас людзьмі нават у самыя змрочныя часы.
Пра актуальны стан моўных правоў беларусаў вы можаце болей даведацца з нашых маніторынгавых і аналітычных матэрыялаў:
Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу: праявы моўнай дыскрымінацыі
Русіфікацыя Беларусі: сфера культуры (2022–2023 год)
Задушэнне іншадумства: схаваныя формы рэпрэсій у дзяржаўных установах культуры Рэспублікі Беларусь
Міжнародны дзень роднай мовы: разбіраемся з нашымі моўнымі правамі