Турцыя: вызваліце Фуркана Карабая з-пад хатняга арышту

Апошняе абнаўленне: 5 лютага 2026
Турцыя: вызваліце Фуркана Карабая з-пад хатняга арышту
Image Credit: Furkan Karabay

Беларускі ПЭН далучаецца да заявы Міжнароднага ПЭНа наконт журналіста і пісьменніка Фуркана Карабая.

«Тое, што Фуркан Карабай апынуўся пад хатнім арыштам пасля больш як 200 дзён, праведзеных за кратамі па надуманых абвінавачаннях, сведчыць: улады Турцыі гатовыя на ўсё, каб заглушыць яго расследвальную журналістыку. Мы і надалей салідарныя з Карабаем і іншымі маладымі аўтарамі, якія рызыкуюць усім, каб казаць праўду ўладзе», — Бурхан Сонмез, прэзідэнт PEN International.

3 лютага 2026 года. Улады Турцыі павінны неадкладна вызваліць журналіста і пісьменніка Фуркана Карабая з-пад хатняга арышту і спыніць безупынны судовы ціск, заявіў сёння PEN International. Арганізацыя таксама заклікае ўлады забяспечыць правы на свабоду выказвання і доступ да інфармацыі, а таксама спыніць выкарыстанне сістэмы правасуддзя як інструмента для замоўчвання незалежных галасоў.

23 студзеня 2026 года паліцыя затрымала Фуркана Карабая і змясціла яго пад хатні арышт па падазрэнні ў «публічным распаўсюджванні зманлівай інфармацыі» і «стварэнні мішэняў з асобаў, адказных за барацьбу з тэрарызмам». Абвінавачанні супраць Карабая грунтуюцца на яго журналісцкіх расследаваннях справы супраць Стамбульскай сталічнай мэрыі (İBB), якая, як вядома, прывяла да арышту мэра Стамбула Экрэма Імамаглу ў сакавіку 2025 года і выклікала масавыя пратэсты па ўсёй Турцыі. На момант падрыхтоўкі гэтага тэксту расследаванне супраць Карабая працягваецца.

У апошнія гады Фуркан Карабай неаднаразова станавіўся мішэнню турэцкіх уладаў праз сваю крытычную журналісцкую дзейнасць. 2 снежня 2025 года 25-ы Стамбульскі суд па цяжкіх крымінальных справах прызнаў Карабая вінаватым у «абразе прэзідэнта», «абразе службовай асобы» і «стварэнні мішэняў з асобаў, адказных за барацьбу з тэрарызмам» у сувязі з яго журналісцкай працай і прызначыў сумарны турэмны тэрмін у чатыры гады і тры месяцы. Карабай, які правёў 201 дзень у папярэднім зняволенні, быў вызвалены з улікам ужо адбытага тэрміну. PEN International, яго нядаўна створаны Камітэт маладых пісьменнікаў, а таксама ПЭН-цэнтры па ўсім свеце актыўна выступалі за яго вызваленне, у тым ліку перакладаючы і публікуючы яго кароткія апавяданні. PEN International заклікае да скасавання неабгрунтаванага прысуду Карабаю ў апеляцыйным парадку.

PEN International зноў заклікае ўлады Турцыі спыніць адвольныя арышты і ўтрыманне пад вартай пісьменнікаў і журналістаў выключна з-за зместу іх тэкстаў і забяспечыць абарону ключавой ролі журналістыкі ў развіцці грамадскага дыялогу і дэбатаў па пытаннях грамадскай значнасці.

Дадатковая інфармацыя

Фуркан Карабай, народжаны 15 мая 1996 года, супрацоўнічаў з шэрагам медыя ў Турцыі, у тым ліку з Medyascope, Cumhuriyet, 10Haber, Oda TV і Gerçek Gündem. Асаблівую ўвагу ў сваёй працы ён надае судовым працэсам. У 2024 годзе Карабай апублікаваў кнігу Gurban, у якой апісаў сваё расследаванне дзейнасці бізнесоўца Мубарыза Мансімава ў сувязі з урадам Турцыі, а таксама яго ўзлёт і падзенне.

У адказ на хатні арышт Карабай напісаў новае кароткае апавяданне, перакладзенае на англійскую мову Эге Дзюндарам — пісьменнікам, сябрам праўлення PEN International і намеснікам старшыні Камітэта маладых пісьменнікаў PEN International. Тэкст Reflections From Detention: ‘I Don’t Know Why They’re Putting You Through This’ даступны на платформе Tomorrow Club па спасылцы тут.