Максім Знак – адвакат, бард, пісьменнік, сябра Беларускага ПЭНа – вядомы сваімі трапнымі і дасціпнымі кароткімі апавяданнямі. З прыемнасцю пачынаем серыю публікацый яго тэкстаў з будучай кнігі беларускіх юрыстаў, якія ён сам апісвае так:
«Беларускіх адвакатаў маглі пазбавіць беларускай ліцэнзіі, але не маглі пазбавіць пачуцця гумару ды тых гісторый, якія здараюцца штодня і надаюць беларускаму прававому асяроддзю ўпэўнены кафкіянскі вайб. Калегі падрыхтавалі кнігу з адвакацкімі байкамі – пра абсурд, смешнае і горкае ў прафесіі, і пра ўсё астатняе, набалелае, і я з задавальненнем далучыўся да праекту, узгадаўшы некалькі баек са свайго праўніцкага досведу. Актуальнасці яны не страцілі. Хутчэй наадварот».
Ідыёт
Да 2006 года ў мяне не было адваката. Ды і ў 2006-м не было, калі па шчырасці. Толькі праз чатырнаццаць гадоў з’явіўся, але гэта ўжо было «як ва ўсіх».
А ў 2006-м, калі трох сяброў за тры дні забралі побач з плошчай, на якой стаяў яшчэ намётавы гарадок, мы з сябрам апрануліся цёпла і пайшлі пастаяць «адну ночку». Па законах жанру менавіта ў гэтую ноч намётавы гарадок быў растаптаны, а ўсе, хто быў на плошчы, – запакаваныя.
Я стаяў разам з усімі ў калідорах Акрэсціна, тварам да сцяны, рукі і ногі расцягнутыя. Я быў сярод тых абраных, якіх заводзілі ў кабінет, бо амапаўцам было сумна і хацелася камунікаваць з затрыманымі, у іхнай нялюдскай манеры. У мяне, напрыклад, яны «правяралі прэс». Пасля мяне заводзілі хлопца з пірсінгам. З ім камунікавалі даўжэй.
Побач з месцам, дзе я быў прышпілены да сцяны, быў уваход у нейкі клас. Там стаялі парты, за імі сядзелі боўдзілы ў чорнай вопратцы і старанна пісалі пратаколы аб адміністрацыйным затрыманні. Усё як у школе – хтосьці стараўся, хтосьці гігікаў, хтосьці спісваў у суседа. Так ствараліся будучыя суткі. Я на той час ужо амаль скончыў сваю дысертацыю па грамадзянскім праве і лічыў сябе вельмі сур’ёзным юрыстам, а таму з усмешкай назіраў за гэтай прафанацыяй. Добра, што твар быў адвернуты да сцяны і гэтай усмешкі ніхто не бачыў.
У судзе ва ўсіх запыталіся, адначасова падказваючы адказ: «Ну што, адвакат тут нікому не патрэбны?» – але я адразу вылез, быццам бы не зразумеўшы: «Мне патрэбны!» Мацюкнуўшыся, мяне прывялі да нейкай спалоханай дзяўчыны з вельмі круглымі вачыма. Я хуценька перадаў тэлефон жонкі, пачаў распавядаць пра справу, але нас ужо цягнулі да суддзі.
Мая адвакатка выступіла вельмі таленавіта, калі лічыць прыкметай таленту сцісласць прамовы ў судзе. Яна сказала: «Прашу суд выявіць паблажлівасць!». Тады мне гэта падалося непрафесійным. Цяпер я разумею, што і найлепшыя прафесіяналы ў тых абставінах не маглі б дапамагчы больш.
Я ж ніяк не мог супакоіцца. Звярнуў увагу на супярэчнасці ў паказаннях «сведак», на тое, што месца затрымання ўказана зусім іншае, не плошча, а дзесьці далёка-далёка, да таго ж час затрымання – на дзве гадзіны пазнейшы за сапраўдны (пэўна, гэтую частку спісалі з іншага пратакола). Казаў, што ёсць відэазапісы і можна пабачыць, дзе і калі нас бралі і што мы рабілі (моўчкі сядзелі на асфальце). Я не пагадзіўся з тым, што нібыта выкрыкваў «антыдзяржаўны лозунг “Жыве Беларусь!”», і з тым, што гэты лозунг анты- (а не пра-) дзяржаўны. Я нават звярнуў увагу суддзі на тое, што ў яе на стале ляжыць газета «Рэспубліка», а там эпіграфам тады яшчэ ў кожным нумары пісалі словы Кастуся Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа». Падчас маёй прамовы вочы ў маёй адвакаткі сталі яшчэ круглейшымі.
Вядома, праз адміністрацыйны працэс у гэтай суддзі я праходзіў не адзін. У стакане мяне чакалі паплечнікі. Яна, пэўна, была вельмі мяккай суддзёй – давала ўсім па пяць сутак. Уражаная маім спічам, мне яна дала трынаццаць. Як знак падтрымкі і пашаны ад калегі-праўніцы.
Ужо адсядзеўшы свае суткі і потым крыху папрацаваўшы, я вывучыў гэтае цудоўнае амерыканскае выслоўе: «Калі ты сам сабе адвакат, значыць, твой кліент – ідыёт!»
Фота: Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы.