Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 31 жніўня 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 22, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 125, забароненых кніг – 375.
Супраць Алеся Бяляцкага завочна распачата новая палітычна матываваная крымінальная справа.
Фатографка Алена Таленец асуджана паводле палітычна матываванай крымінальнай справы.
Супраць музыкі Вадзіма Дубойскага распачалі завочную палітычна матываваную крымінальную справу.
«Экстрэмісцкім» прызналі артбук «Love is» палітзняволенай Насты Кухты.
Выдавецтва «Тэхналогія» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
«Экстрэмісцкім» прызнаны Telegram-канал праваабарончай ініцыятывы «НЕ смяротнаму пакаранню».
Суд прызнаў «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй інтэрнэт-рэсурсы пра сталінскія рэпрэсіі «Хайсы – Віцебскія Курапаты».
Песню «Номера» гурта «ЛСП» прызналі «экстрэмісцкай».
Накладзены арышт на частку кватэры ў Віцебску, дзе зарэгістраваны грамадскі дзеяч, літаратар, былы палітвязень Павел Севярынец.
І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 18 жніўня стала вядома, што ў дачыненні да праваабаронцы, літаратара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру (2022), былога палітвязня Алеся Бяляцкага завочна распачата новая палітычна матываваная крымінальная справа. 5 жніўня Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясціла Алеся Бяляцкага ў вышук, яго картка з’явілася ў базе расійскага МУС. Падставай для вышуку пазначана «крымінальная справа», без удакладнення артыкула.
2. 21 жніўня стала вядома, што фатографка Алена Таленец асуджана Мінскім гарадскім судом паводле палітычна матываванай крымінальнай справы на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Алена Таленец была зняволена ў СІЗА з лютага 2026 года.
3. 26 жніўня стала вядома, што Следчы камітэт распачаў у дачыненні да музыкі Вадзіма Дубойскага завочную крымінальна матываваную справу за ўдзел у мірных масавых пратэстах 2020 года. Вадзім Дубойскі – гітарыст, удзельнік хардкор-панк-гурта «Vagitta». Быў затрыманы ў жніўні 2020 года ў Брэсце, збіты. Ратуючыся ад палітычна матываванага пераследу, у кастрычніку 2020 года выехаў у Расію, дзе быў затрыманы паводле запыту з Беларусі. Утрымліваўся ў СІЗА № 3 у Белгарадзе. Не быў перададзены Беларусі дзякуючы патрабаванню Еўрапейскага суда па правах чалавека, выехаў з Расіі.
II. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
1. 17 жніўня стала вядома, што «экстрэмісцкім» прызналі артбук «Love is» (2024) палітзняволенай Насты Кухты, у якім сабраны яе малюнкі з калоніі і апавяданні. Наста Кухта была затрымана 17 лютага 2022 года. Мінскі гарадскі суд 11 лістапада 2022 года асудзіў яе паводле палітычна матываванай справы на пяць гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
2. 20 жніўня стала вядома, што выдавецтва «Тэхналогія» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». 10 чэрвеня рашэнне вынес Эканамічны суд Мінска, а пазіцыю ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» дадалі 20 жніўня. У красавіку Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзеянне пасведчання распаўсюдніка друкаваных выданняў НВК «Тэхналогія». Выдавецтва дзейнічала з 1988 года і спецыялізавалася на выданні навуковай, даведачнай, вучэбнай і мастацкай літаратуры. У лютым «Тэхналогія» абвясціла, што прыпыняе працу.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
31 жніўня грамадскі дзеяч, літаратар, былі палітвязень Павел Севярынец у Facebook-допісе расказаў пра рэаліі ў ШІЗА і карцарах, дзе забаронены прадметы гігіены: «Калі месяцамі сядзіш у бетонных скрынях, дзе забаронена ўсё, праблема стрыжкі пазногцяў ператвараецца ў сур’ёзную рэч. Нельга нажніцы. Нельга кусачкі. Нельга лязо. Нельга станкі для галення. Бетонны пыл і бруд забіваюцца пад пазногці. А за месяц, два ці тры кіпці вырастаюць, самі ўявіце, ого-го. А як пастрыгчы пазногці? Ніяк. Ведаю, ёсць людзі, якія пазногці абкусваюць. Але паспрабаваў – не маё. У карцарах Акрэсціна быў прыладзіўся сточваць пазногці аб металёвыя шрубы. Часам здзіраў пальцы да крыві – затое не было адчування, што ты звер, якога заперлі ў бетонны мяшок. У ШІЗА Шклова ці гарадзенскай крытай такіх шрубаў мне знайсці не ўдавалася – і даводзілася сточваць пазногці на адным ці некалькіх пальцах аб бетон ці цэмент паміж пліткамі. Тут праца доўгая, пільная – затое, як той казаў, бачыш вынік».
IV. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак гістарычна-культурных і праваабарончых ініцыятыў
1. 19 жніўня 2026 года суд Лоеўскага раёна прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-канал праваабарончай ініцыятывы «НЕ смяротнаму пакаранню», якая ў сваёй дзейнасці выкарыстоўвала нон-фікш літаратуру, кінадакументалістыку і сродкі выяўленчага мастацтва.
2. 25 жніўня суд Першамайскага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй інтэрнэт-рэсурсы пра сталінскія рэпрэсіі пад Віцебскам: Telegram-канал «Хайсы – Віцебскія Курапаты», старонку «Хайсы – Віцебскія Курапаты» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», старонку «Хайсы – Віцебскія Курапаты» ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». Хайсы – вёска ў Віцебскім раёне, дзе адбываліся масавыя расстрэлы ў 1930–40 гадах. «Хайсы – Віцебскія Курапаты» – грамадская ініцыятыва, удзельнікі якой ушаноўвалі памяць ахвяр сталінізму.
V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» музычных твораў
24 жніўня суд Наваполацка прыняў рашэнне, на падставе якога песню «Номера» гурта «ЛСП» прызналі «экстрэмісцкай».
VІ. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры
17 жніўня Міністэрства інфармацыі дадало ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў Facebook-акаўнт паэткі, выканаўцы, рэканструктаркі гістарычных строяў Кацярыны Ваданосавай.
VІІ. Трансгранічны пераслед
18 жніўня стала вядома, што накладзены арышт на частку кватэры ў Віцебску, дзе зарэгістраваны грамадскі дзеяч, літаратар, былы палітвязень Павел Севярынец. Такія захады ажыццяўляюцца ў выпадку, калі супраць чалавека заведзена крымінальная справа. Новую крымінальную справу супраць Паўла Севярынца распачалі за ўдзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка 2026 года.