Абвешчаны поўны спіс намінантаў прэміі імя Міхала Анемпадыстава 2025

Апошняе абнаўленне: 23 верасня 2025
Абвешчаны поўны спіс намінантаў прэміі імя Міхала Анемпадыстава 2025

Прэмія за найлепшую кніжную вокладку імя Міхала Анемпадыстава абвяшчае поўны спіс намінантаў-вокладак 2024 года. Сёлета журы дапусціла да ўдзелу 41 кнігу (тры з іх складаюць адну серыю, таму былі заяўлены на разгляд разам), што сведчыць пра высокі ўзровень і разнастайнасць беларускага кніжнага дызайну.

  1. Артур Вакараў – вокладка кнігі «Бліндаж. Афганец» Васіля Быкава (Kamunikat.org, 2024)
  2. Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Былы сын» Сашы Філіпенкі (Gutenberg Publisher, 2024)
  3. Настасся Пазняк – вокладка кнігі «Валадар Пярсцёнкаў. Вяртанне Караля» Дж. Р. Р. Толкіна (Andrei Yanushkevich Publishing, 2024)
  4. Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак – вокладка кнігі «Варшава» Уладзіміра Казлова (Мяне Няма, 2024)
  5. Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак, Коля Суліма, Зміцер Брушко – вокладка кнігі «Велосипедная улица, 51» Колі Сулімы  (Мяне няма, 2024)
  6. Тацяна Шустава – вокладка кнігі «Вольнеры. Бясконцы дзень» Валера Гапеева (Andrei Yanushkevich Publishing, 2024)
  7. Андрэй Пакроўскі, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Гіброіды» Сяргея Прылуцкага (Мяне Няма, 2024)
  8. Ганна Каспяровіч, пры ўдзеле выдавецтва «Gutenberg Publisher» – вокладка кнігі «Дзікае паляваньне караля Стаха: вершы да опэры» Андрэя Хадановіча (Gutenberg Publisher, 2024)
  9. Маша Мароз, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Доўгая дарога дамоў» Машы Мароз, Валерыя Мароза, Ігара Бабкова, Ганны Карпенкі (самвыд, 2024)
  10. Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Д’ябал з сёмага класа» Карнэля Макушыньскага (Gutenberg Publisher, 2024)
  11. Артур Вакараў – вокладка кнігі «Жаўнеры БНР» Алега Латышонка (Kamunikat.org, 2024)
  12. Артур Вакараў – вокладка кнігі «Забіць упалмінзага» Змітра Бартосіка (Kamunikat.org, 2024)
  13. Анастасія Вішнякова – вокладка кнігі «Залатое» Наталкі Кучмель  (Пфляўмбаўм, 2024)
  14. Мечыслаў Ян Супрон – вокладка кнігі «Залатое зерне» Мечыслава Яна Супрона (Gutenberg Publisher, 2024)
  15. Дзяніс Мацеша – вокладка кнігі «Ілюзія» Дзяніса Мацешы (Энцыклапедыкс, 2024)
  16. Лявон Вольскі – вокладка кнігі «Капітан Лятучая Рыба» Альгерда Бахарэвіча (Andrei Yanushkevich Publishing, 2024)
  17. Анастасія Вішнякова – вокладка кнігі «Кнігі Якуба» Вольгі Такарчук (Пфляўмбаўм, 2024)
  18. Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Крэмулятар» Сашы Філіпенкі (Gutenberg Publisher, 2024) 
  19. Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Марсіянін» Эндзі Ўіра (Gutenberg Publisher, 2024)
  20. Ігар Юхневіч, Маша Мароз – вокладка кнігі «Мое баба – діректор морга» Голі з Ополя (самвыд, 2024)
  21. Яна Івашчанка – вокладка кнігі «Незваротнасць: кніга прозы» Платона Станкевіча (Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, 2024)
  22. Яна Івашчанка, Зміцер Шыла – вокладка кнігі «Непрамо(ў)ленае» Анатоля Івашчанкі (Skaryna Press, 2024)
  23. Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Ніхто не чакае» Машы Калекі (Gutenberg Publisher, 2024)
  24. Аляксандр Лубінаў, Ліяна Шыпшыноўска – вокладка кнігі «Казка пра прынцэсу, цмока і паветраны шар» Аляксандра Лубінава (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна)
  25. Анастасія Вішнякова – вокладка кнігі «Перамена месцаў» Югасі Каляды (Пфляўмбаўм, 2024)
  26. Андрэй Бандарэнка  – вокладкі серыі кніг «Польская класіка для беларускага чытача»: «Чалавек шматпавярховы» Чэслава Мілаша; «Яшчэ адзін дзень жыцця» Рышарда Капусцінскага; «Лялька»  Баляслава Пруса (Gutenberg Publisher, 2024)
  27. Ала Пігальская – вокладка кнігі «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» Анкі Упалы (Alena Kazlova, 2024)
  28. Тацяна Шустава – вокладка кнігі «Самасейкі» Дамінікі Словік  (Andrei Yanushkevich Publishing, 2024)
  29. Юры Таўбкін, Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Самы цымус: смакі і водары беларуска-габрэйскай кухні» Алеся Белага (Gutenberg Publisher, 2024)
  30. Любоў Субат, Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Соня, стой» Сашы Гук (Gutenberg Publisher, 2024)
  31. Воля Кузьміч – вокладка кнігі «Стукі-грукі – што за гукі: Вершы пра інструменты» Андрэя Скурко (Gutenberg Publisher, 2024)
  32. Андрэй Бандарэнка – вокладка кнігі «Украінская ноч» Марсі Шор (Gutenberg Publisher, 2024)
  33. Марыя Платонава – вокладка кнігі «Хрушч» Яна Бжэхвы (Gutenberg Publisher, 2024)
  34. Анастасія Вішнякова – вокладка кнігі «Чароўны час» Гедрэ Казлаўскайтэ (Пфляўмбаўм, 2024)
  35. Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак – вокладка кнігі «чорны лес» тоні лашдэн (Мяне Няма, 2024) 
  36. Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак, Верна Харт – вокладка кнігі «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» Таццяны Заміроўскай  (Мяне Няма, 2024)
  37. Надзея Леановіч, Віталь Катовіч – вокладка кнігі «Як гавораць беларусы» Вадзіма Шклярыка (Тэхналогія, 2024)
  38. Анастасія Вішнякова – вокладка кнігі «як я была малалеткай» Віргініі Кульвінскайтэ (Пфляўмбаўм, 2024)
  39. Karolina Pietrzyk, Tobias Wenig – вокладка кнігі «Descent into the Marsh» Лесі Пчолкі (самвыд, 2024)

Ацэньваючы працы, пададзеныя на сёлетнюю прэмію, дызайнер і сябра журы Анатоль Лазар падзяліўся сваімі ўражаннямі:

«Разумею, што дасланыя на прэмію работы не прэтэндуюць на аб’ектыўны зрэз навінак і тэндэнцый у афармленні кніг. Кніжны рынак сёння саступае лічбавай індустрыі спажывання, а беларускі кніжны рынак да ўсяго яшчэ і моцна падзелены на дзве Беларусі, якія суіснуюць амаль паралельна…

Парадавалі навічкі. Часам смелыя, часам смешныя. Паверце, было б сумна разглядаць поўны спіс дасланых работ без такіх во наіўных і мілых пачаткоўцаў.

Але ж пераважная большасць – гэта вельмі добрыя прафесійныя работы, якія ўпэўнена пачуваюцца на кніжных паліцах і вынікамі продажаў якіх безумоўна задаволены аддзелы продажаў выдавецтваў. Стабільныя і класныя работы некаторых дызайнераў можна досыць хутка пазнаць, нават не заглядаючы ў “тытры”. Добры і якасны дызайн, які прыемна бачыць на паліцах любой кнігарні.

А цяпер самае яркае. Сярод заяўленых работ былі такія, што адразу прыцягвалі ўвагу сваім вельмі прадуманым выкананнем і досыць смелымі рашэннямі. І гэтыя дызайны “зрабілі” сёлетнюю прэмію. Тыпаграфіка vs ілюстрацыйнасць, класіка vs нечаканасць. Кнігі без карэньчыка (вось прама пераплёт ззяе), кнігі, дзе назва некуды збягае, і нават вокладкі без назвы…

Асабіста мае найлепшыя ацэнкі здабылі работы, дзе дызайнеры і мастакі падышлі да афармлення сваіх выданняў не як да дызайну выключна вокладак, а як да цэласных мастацкіх праектаў. Вельмі раю, нават настойваю: калі вы пабачыце кароткі спіс прэміі і задасцеся пытаннем: “А што там гэтае журы сабе думала?”, дык рабіце свае высновы толькі з жывых выданнях. Знайдзіце магчымасць атрымаць гэтыя кнігі, узяць іх у рукі, пакруціць і пагартаць. І прачытаць, вядома. І тады ўсё стане на свае месцы».

Пра крытэрыі адбору

Для таго, каб трапіць у спіс, вокладкі мусілі адпавядаць патрабаванням статута прэміі. Беларускай кнігай лічыцца тая, што адпавядае як мінімум двум з чатырох крытэрыяў:

  • выдадзена ў беларускім выдавецтве;
  • напісана беларускім аўтарам;
  • напісана па-беларуску;
  • змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.

У выпадку спрэчак рашэнне аб допуску прымаецца большасцю галасоў журы.

Пра прэмію 

Прэмія носіць імя выдатнага беларускага мастака, дызайнера, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава, які значна паўплываў на візуальную культуру Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна працягвае ўшаноўваць яго творчую спадчыну.

Прэмію арганізуюць Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L», кампаніі «Laut» і фестывалю «Бардаўская восень».

За апошнія гады прэмія адзначыла шэраг таленавітых дызайнераў:

  • У 2022 годзе ўзнагароду атрымаў Анатоль Лазар за вокладку кнігі «(Не)расстраляныя».
  • Пераможцамі ў 2023 годзе сталі Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за вокладку кнігі «Людзі Лесу / Ludzi Lesu».
  • У 2024 годзе «Анёла» атрымалі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку да паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач».

Абвяшчэнне пераможцы 2025 года адбудзецца ўжо гэтай восенню. Сачыце за навінамі, наперадзе шмат цікавага!

Праект фінансуецца ў рамках Нацыянальнага плану аднаўлення Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі Рэспублікі Польшча.