Ігар Ільяш

Апошняе абнаўленне: 16 верасня 2025
Ігар Ільяш
Ігар Ільяш. Фота novychas.online
Журналіст, філосаф, пісьменнік.
Палітычны пераслед:

У лістападзе 2020 года Ігара Ільяша арыштоўвалі на 15 сутак за «ўдзел у пікетаванні».

У ліпені 2021 года арыштоўвалі на 15 сутак падчас масавых ператрусаў і затрыманняў незалежных журналістаў.

22 кастрычніка 2024 года стала вядома, што Ігара Ільяша затрымалі ў Мінску. На кадрах уварвання ў кватэру відаць, што затрымлівалі яго чацвёра байцоў атрада спецыяльнага прызначэння МУС «Беркут».

22 кастрычніка  тэлеграм-канал, звязаны са спецслужбамі, апублікаваў відэа з Ігарам Ільяшом. У анонсе відэа аўтары рэсурсу пішуць: «Шляхам жонкі. Гэты польскі журналіст-шпіён разам з жонкай займаўся спрыяннем экстрэмісцкім фарміраванням і зборам звестак для замежных выведак. Хаўрусніца ўжо даўно сядзіць за экстрэмізм і здраду дзяржаве, а муж дагэтуль быў на волі, бо яго дзейнасць старанна дакументавалася. Выпраўляем гэту абуральную несправядлівасць».

30 кастрычніка 2024 года стала вядома, што Ігара Ільяша перавялі ў следчы ізалятар у Калядзічах. З гэтага вынікае, што яму афіцыйна прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне.

22 лістапада 2024 года праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Ігара Ільяша палітзняволеным.

Разгляд крымінальнай справы Ігара Ільяша пачаўся 21 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскі судзе. Яго вінавацяць паводле арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі) і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

12 сакавіка стала вядома, што Мінскі гарадскі суд зрабіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы Ігара Ільяша. Пра гэта паведаміў на сваёй Facebook-старонцы журналіст Сяргей Ваганаў, дзед Кацярыны Андрэевай: «Зараз аб’яўлены перапынак у сувязі з тым, што па хадайніцтву дзяржабвінаваўцы суд накіраваў аналітычныя публікацыі Ігара ў СМІ эксперту пазасудовай экспертнай арганізацыі, прафесару, доктару філалагічных навук, загадчыку кафедры на філфаку БДУ С. І. Лебядзінскаму. Што праўда, Ігар з адвакатам хадайнічалі аб экспертызе ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, але суд іх хадайніцтва не задаволіў. Такім чынам, суд і ўсе мы чакаем зараз вынікаў экспертызы».

4 і 5 верасня 2025 года Мінскі гарадскі суд у адкрытым пасяджэнні заслухаў высновы лінгвістычнай экспертызы публікацый Ігара Ільяша. Экспертызу цягам некалькіх месяцаў рыхтаваў загадчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай філалагічнага факультэта БДУ, доктар філалагічных навук Сяргей Лебядзінскі. Сяргей Ваганаў (журналіст і дзед жонкі Ігара Ільяша, палітзняволенай Кацярыны Андрэевай), распавёў на сваёй Facebook-старонцы, што адбывалася ў судзе. На ягоную думку, экспертная ацэнка зместу публікацый Ігара Ільяша заснавана на палітычных поглядах Лебядзінскага: «Так, напрыклад, ён лічыць, што журналіст, палітычны аналітык не павінен карыстацца тэрмінам “палітзняволеныя”, бо ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе. Так, не існуе, але ён існуе ў сусветнай паліталогіі. Як існуе і тэрмін “палітычная эміграцыя”. Але, на думку эксперта, трэба карыстацца тэрмінам “беглыя апазіцыянеры”. А тэрмін “дыктатура”, якім неаднаразова карыстаюцца прадстаўнікі ўлады, у тым ліку кіраўнік краіны, увогуле недапушчальны. […] Нельга пісаць і “вайна супраць Украіны”, бо гэта, з гледзішча эксперта, “вайна супраць кіеўскага рэжыму”, а не супраць народа, доказам чаго, лічыць эксперт, з’яўляецца тое, што расійскія войскі “не захопліваюць, дакладней, не вызваляюць гарады, таму што хвалююцца аб насельніцтве, што там жыве”…»

12 верасня 2025 года адбылося перадапошняе адкрытае пасяджэнне Мінскага гарадскога суда ў справе Ігара. Суддзя абвясціў пра заканчэнне судовага следства і пачатку спрэчак бакоў. Пракурор запатрабаваў 4 гады зняволення і 100 базавых велічынь штрафу, адвакат – апраўдальнага рашэння. Ігару Ільяшу было дадзена апошняе слова, у каторым ён адхіліў усе абвінавачанні і не прызнаў віны.

16 верасня 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе Ігару Ільяшу вынесены прысуд: за каментары незалежным СМІ паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі) – 4 гады калоніі і 100 базавых велічынь штрафу на карысць дзяржавы (4200 рублёў, або каля 1382 долараў).

Творчая дзейнасць:

Нарадзіўся 18 ліпеня 1988 года.

Журналіст, філосаф паводле адукацыі, суаўтар дакументальнай кнігі «Беларускі Данбас» (К. Андреева, И. Ильяш. Белорусский Донбасс. 2020. ISBN: 978-966-03-9020-1), напісанай разам з жонкай Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай), якая з 2020 года знаходзіцца ў зняволенні паводле палітычна матываванай справы.

У 2021 годзе кнігу прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкай».

У кнізе «Беларускі Данбас» сабраны гісторыі грамадзян Беларусі, якія ваявалі як на баку Украіны, так і на баку расійскіх акупацыйных войскаў.

Публікацыі:

К. Андреева, И. Ильяш. Белорусский Донбасс. 2020. ISBN: 978-966-03-9020-1

Месца зняволення: 

СІЗА № 1, Навадворскі сельсавет, 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць, 223016.