«Чыстае акно»: парады Анхэлі Эспіносы | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 8 ліпеня 2025
«Чыстае акно»: парады Анхэлі Эспіносы | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч складае нататнік заняткаў.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Другі раз за год – і ўпершыню ў гэтым сезоне – на паседжанні Перакладчыцкай Майстэрні абмяркоўваліся пераклады гішпанскай літаратуры. Прычым гэтым разам – самы вядомы твор у гісторыі гішпанскага пісьменства, геніяльны раман «Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі» Мігеля дэ Сервантэса (1547 – 1616). Раней невялікія фрагменты «Дона Кіхота» публікаваліся па-беларуску ў перакладзе Якуба Лапаткі (1944-2024), некаторыя з іх можна прачытаць у сеціве ў часопісе «ПрайдзіСвет»:

Раздзел І.
Раздзел ІІ.
Раздзел VI.
Раздзел VIII.

На сустрэчы Майстэрні разглядалася новая версія І раздзела, а таксама ўпершыню перакладзены на беларускую пралог да рамана. А запрошанай госцяй і эксперткай была Анхэля Эспіноса Руіс, паэтка, якая піша вершы па-беларуску, а таксама перакладае беларускую паэзію на гішпанскую мову. На пачатку сустрэчы перакладчыца звярнулася да сваіх калегаў з парадамі, якія пажадала разгарнуць у невялічкае эсэ ў пяці частках, якое прыводзім тут цалкам, бо яно таго вартае.


Анхэля Эспіноса Руіс – беларуская паэтка, даследчыца-славістка і выкладчыца. 

Аўтарка кніг «Раяль ля мора», «Памяць пра будучыню», «Ecos de mi tierra» (зборнік абраных вершаў Максіма Багдановіча на беларускай і іспанскай мовах), «Pomme de ciel», «Колер крылаў. Паэзія і проза», «Астралябія божых таямніц». Лаўрэатка журналісцкай прэміі «Беларусь у фокусе» (2011), фіналістка паэтычнага конкурсу «Экслібрыс» імя Рыгора Барадуліна (2015), лаўрэатка прэміі імя Міхася Стральцова (2019).


1. Вечная маладосць

Арыгіналы не старэюць, а пераклады… На вялікі наш жаль, вельмі хутка! Калі толькі не выбіраем мэтанакіравана застарэлы стыль, каб наблізіць наш тэкст да арыгінальнага ў часе і прасторы. Аднак ведаеце, чаму гішпанцы амаль ніколі не чытаюць Кіхота, а замежнікі — акурат чытаюць? Бо чытанне арыгіналу даецца сучасным чытачом вельмі цяжка. Падумайце добра пра «ўзрост» тэксту. З выбарам дапамогуць наступныя пункты. Прынамсі пастараюся, каб дапамаглі.

2. Прынцып «калі б», або пераклад паводле вайбу

Гэта мая асабістая забабона, але ўсё ж перадам. Кожны раз, калі бяруся за новы перакладны тэкст, задаю самой сабе пытанне: а калі б гэты аўтар, гэтая аўтарка, пісалі па-гішпанску (ці па-беларуску) — як бы напісалі гэты тэкст? Натуральна, пытанне надзвычайна спрошчанае, бо трэба таксама ўлічыць, якія нашыя арыгінальныя пісьменнікі маюць досвед, гісторыю, характар. Ці ўяўляю я іншага Багдановіча, народжанага ў Мадрыдзе? Ці бачу такую Геніюш, якая б пераехала ў Перу пасля Прагі? Часам варта змяніць адну кветку на іншую, жывёлачку… Вобраз ці метафару — на зразумелыя. У Севільі ніхто не скажа, як пахне чабор, але кожны ўзгадвае шчаслівае юнацва, калі квітнеюць апельсінавыя дрэвы.

3. Перакладчык — здраднік? Пра раўнавагу

Але Анхэля, якія яшчэ апельсіны? Скажа, можа быць, спадар Андрэй. Ну такія, якія прыемна пахнуць ва ўспамінах мэтавай чытацкай групы… Або не. Пераклад — гэта кампраміс, баланс, акт раўнавагі, трохі як у цырку. Заўжды штосьці губляем, каб нешта атрымаць (стварыць) новае. Некаторыя мовы маюць даўжэйшыя словы, чым іншыя, або зусім адрозны граматычны склад. Пэўныя вобразы, хоць і гучаць экзатычна, перадаюць ідэі дасканала ў іншай мове, а часам — абсалютна немагчыма зразумець. Калі хочам цалкам перадаць сэнс тэксту, бывае, губляем рытм. Калі нам галоўная рыфма, можам прапусціць пэўныя метафары. Як выбраць? Сама хачу ведаць. Глядзіце самі, але не адчайвайцеся, калі нешта знікае. Звяртайце ўвагу на тое, што паўстае ў вашай версіі.

4. Для каго перакладаем?

Гэта ключавое пытанне, якое станецца нашай палярнай зоркай у перакладчыцкіх падарожжах. Найцяжэй (прынамсі паводле калегаў) — перакладаць для малых дзяцей. Яны ж не маюць яшчэ такога шырокага міжкультурнага кантэксту, не зразумеюць чужых вобразаў і формаў. Найлягчэй, кажуць — перакладаць для навукоўцаў, якія гатовыя сесці за сыры літаральны пераклад і чытаць вашыя нататкі. Звычайная публіка будзе недзе пасярэдзіне. Адаптуйце для іх пераклад.

5. Чыстае акно

Зрэшты, перакладчыцкая праца не дужа ўдзячная, і гэта так задумана. Добры пераклад — як чыстае акно: чытачы не павінныя яго заўважаць. Як забрудзіцца (з’явяцца недарэчныя фразы, стылістычныя хібы і памылкі) — дык уявіце, што на гэтае вашае акно глядзяць свёкар і свякруха, ой-ёй-ёй… Зычу вам, каб усе вашыя чытачы спаткнуліся аб шкло!


Прысутныя на паседжанні перакладчыцы і перакладчыкі ўхвалілі вобраз чыстага акна. Толькі вось «спатыкацца» аб яго не захацеў ніхто, таму вобраз паспрабавалі трошачкі ўдасканаліць: каб чытачы прайшлі праз шкло перакладу не парэзаўшыся, а ў ідэале нават не заўважыўшы. Але ж сама постаць перакладчыка ці перакладчыцы, а таксама іх праца няхай робіцца ўсё больш заўважнай і шанаванай!

Акрамя выказаных у эсэістычнай форме парадаў, экспертка паказала некалькі сваіх перакладаў беларускай паэзіі на гішпанскую мову. Працытуем гэтыя пераклады тут, дзеля эксперыменту не прыводзячы побач арыгіналаў. Несумненна, вы іх пазнаеце. А калі захочаце праверыць сябе, спасылкі на арыгіналы трохі ніжэй.

***

De la musique avant toute chose.
                                        P. Verlaine

Bajo el florido cerezo,
Flama de celeste luz,
Brilla el aleteo ligero
De una mariposa azul.
A su alrededor el aire
Flota en el oro del sol,
Y de sus alas que baten
Se oye dulce la canción
Y su vuelo tararea
Una oda primaveral,
O, quizá, puede que sea
Mi corazón al cantar.
¿O quizá el viento sonoro
Resuena en la verde rama?
¿O se oye en las alturas
A un ruiseñor que declama?
Yo nunca podré entenderlo,
No se puede distinguir,
Porque los zumbidos quedos
No me dejan discernir.
Estas melodías resuenan
En el mundo sin final
Pero tan solo el poeta
De escucharlas es capaz.

Арыгінал.

Наступны пераклад падаём без назвы, прысвячэння і эпіграфа, бо кожны з гэтых трох элементаў – надта ж празрыстая падказка.

Allá, en Egipto, entre la arena ardiente,
A la orilla del Nilo sinuoso
Se alza un mausoleo portentoso
En el que se ha encontrado una simiente.
Aunque enterrada fue sin sol ni fuente,
Tras este cautiverio doloroso
Se ha dado al crecimiento más brioso
Y ha florecido inesperadamente.
Como aquella semilla, patria amada,
De nuevo por tus hijos reclamada,
Podrás dar a tu pueblo sombra y fruto:
Tu voz será cual manantial bendito.
Tras años del más riguroso luto,
Tus flores llegarán al infinito.

Арыгінал.

Трэці пераклад таксама лепей цытаваць без назвы, бо перакладчыца і ў гішпанскі тэкст жыўцом увяла беларускае слова.

Preocupado mi corazón llora
La desgracia en mi tierra natal
Veo la santa Puerta de la Aurora,
Los guerreros ecuestres pasar.
Por la espuma corren los caballos –
Del galope resuena el tronar,
Y el emblema de los lituanos
No se puede romper ni parar.
Vais volando a lo inconmensurable,
Perseguidos del tiempo inmortal.
¿A quién dais, decid, caza, incansables?
¿Dónde va vuestra ruta a parar?
Belarús, puede que hayan seguido,
A tus hijos, faltos de valor
Que te habían olvidado, vendido,
En la más despreciable traición.
¡Ha de herir vuestro hierro su pecho,
Extranjeros no se han de llamar!
Sentirán cada noche en su lecho
El dolor de su tierra natal.
Madre patria, país mío bendito,
No se puede calmar mi dolor…
Que a tu hijo perdones suplico
Y lo dejes morir por tu honor.
Vuelan, vuelan los nobles caballos,
Sus monturas brillan al trotar,
Y el emblema de los lituanos
No se puede romper ni parar.

Паслухаць арыгінал.

Пераклад Анхэлі Эспіносы верша «Пагоня» Максіма Багдановіча. Разварот з кнігі «Ecos de mi tierra» (зборнік абраных вершаў Максіма Багдановіча на беларускай і іспанскай мовах).

А потым удзельнікі сустрэчы прадставілі на абмеркаванне свае пераклады «Дона Кіхота». Першы – назавём яго Перакладчык – паказаў пралог да рамана, а другая – адпаведна, Перакладчыца – падрыхтавала першы раздзел. Заўвагі, якія выказвалі ім экспертка, мадэратар і іншыя калегі па Майстэрні, датычылі не толькі сэнсавай дакладнасці ў перанясенні гішпанскага арыгінала на нашую мову, але таксама стылістыкі беларускіх тэкстаў, якія атрымаліся ў выніку. Такіх заўвагаў было ці не найбольш, бо мастацкі пераклад – не стамляемся зноў і зноў звяртаць на гэта ўвагу – гэта перадусім пісанне на сваёй мове, няхай і пад дыктоўку замежнага аўтара. Вось, напрыклад, фрагмент з пралога, дзе аўтар разважае пра свой раман.

Арыгінал: “…que este libro, como hijo del entendimiento, fuera el más hermoso, el más gallardo y más discreto que pudiera imaginarse”.

Пераклад, было: “…каб гэтая кніга – дзіцё майго розуму – стала найвыдатнейшай, найпачцівейшай і найпраніклівейшай з усіх твораў, якія толькі можна ўявіць”.

Што не так з гэтым сказам? Тры эпітэты дапасоўваюцца да жаночага роду слова «кніга», бо сэнсава гаворка пра яе, але ж граматычна мусяць быць звязаныя з «творамі», якія ідуць пасля іх. Таму мае быць «найвыдатнейшым» і гэтак далей.

Прапанавана: “…каб гэтая кніга – дзіцё майго розуму – стала найвыдатнейшым, найпачцівейшым і найпраніклівейшым з усіх твораў, якія толькі можна ўявіць”.

Падобнае сустракаецца і ў першым раздзеле, пераствораным па-беларуску перакладчыцай.

Puesto nombre, y tan a su gusto, a su caballo, quiso ponérsele a sí mismo, y en este pensamiento duró otros ocho días, y al cabo se vino a llamar don Quijote”.

Было: “Даўшы такую густоўную мянушку свайму каню, заманулася яму мець нешта падобнае і для сябе; у гэтых думках ён прабавіў наступныя восемь дзён, і ўрэшт вырашыў назвацца Донам Кіхотам”.

Тыдзень таму, абмяркоўваючы пераклады «Галодных гульняў», мы ўжо спатыкаліся на падобным. Як любяць жартаваць настаўнікі: «Пад’язджаючы да станцыі, у мяне з галавы зляцеў капялюш». На жаль, такое сустракаецца ўсё часцей і ўсё менш рэжа камусьці вуха, так што ўжо і не смешна. А вось дзіўнаватая форма «ўрэшт» з’явілася, відаць, пад уплывам формы «ў рэшце рэшт» (дарэчы, таксама небясспрэчная калька рускага «в конце концов»). Ну, і найважнейшае пытанне ў гэтым фрагменце – з вялікай ці маленькай літары пісаць «дон» (і ці скланяць яго). Тое самае датычыць і іншага вядомага персанажа – «дона Жуана». Здаецца, варта падыходзіць да іх таксама, як і да менш вядомых «донаў» (і «доньяў»), якія скланяюцца і пішуцца з маленькай літары.

Прапанавана: “Даўшы такую густоўную мянушку свайму каню, пажадаў ён мець нешта падобнае і для сябе; у гэтых думках ён прабавіў наступныя восемь дзён, і ўрэшце вырашыў назвацца донам Кіхотам”.

Дарэчы, гэта далёка не адзіная праблема, звязаная з перадачай па-беларуску імёнаў. Калі імёны гішпанскія, то ўсё проста – транслітаруем іх, згодна з арыгінальным вымаўленнем:

y de todos, ningunos le parecían tan bien como los que compuso el famoso Feliciano de Silva

Пераклад, было: “але ніводная з іх не падалася яму такой жа слаўнай, як кнігі Феліцыяна дэ Сільва

Прапанова: “але ніводная з іх не падалася яму такой жа слаўнай, як кнігі Фелісіяна дэ Сільвы

Або яшчэ адзін прыклад:

Decía él que el Cid Ruy Díaz había sido muy buen caballero…”

Пераклад, было: “Ён лічыў Сіда Руй Дыяза вельмі добрым рыцарам…”

Прапанова: “Ён лічыў Сіда Руй Дыяса вельмі добрым рыцарам…”

Усё значна складаней, калі імя адсылае больш, чым да адной традыцыі.

“…porque en Roncesvalles había muerto a Roldán…”

Было: “…бо ў Рансесвалі ён умярцвіў Ралдана…”

З Рансевальскай цяснінай трохі прасцей, проста не перадаем тое, што не вымаўляецца. Трохі складаней з «Ролданам» – героем, які сустракаецца і ў гішпанскіх песнях, а не толькі ў французскім гераічным эпасе. Але ўсё-ткі ён быў французам – і варта захаваць такое ж напісанне, як і ў беларускай версіі «Песні пра Раланда», фрагменты якой публікаваліся ў перакладзе Змітра Коласа.

Таму прапанова: “…бо ў Рансевалі ён умярцвіў Раланда…”

Для параўнання, у перакладзе Якуба Лапаткі: «які абхітрыў і перамог у Рансевальскай цясніне славутага Раланда».

А вось з’яўляецца яшчэ адзін сярэднявечны эпічны герой, які, уласна кажучы, увасабляе не гераізм, а помслівасць і падступнасць, што прыводзяць яго да здрадніцтва:

Diera él, por dar una mano de coces al traidor de Galalón, al ama que tenía, y aun a su sobrina de añadidura”.

Сваю ахмістрыню і нават пляменніцу аддаў бы наш ідальга дзеля магчымасці даць выспятка здрадніку Галалону!

Якуб Лапатка, дарэчы, пайшоў той самай дарогай: «А за тое, каб адлупіць як след здрадніка Галалона, ён аддаў бы сваю ахмістрыню, ды яшчэ і пляменніцу ў дадатак». Але персанаж гэты – таксама француз, і найвядомейшы твор, у якім ён фігуруе, – таксама «Песня пра Раланда», дзе яго завуць Ганелон. Так што, следам за Раландам, варта вярнуць імя персанажа да яго больш славутай версіі.

Прапанова: “Сваю ахмістрыню і нават пляменніцу аддаў бы наш ідальга дзеля магчымасці даць выспятка здрадніку Ганелону!

Але найскладанейшае і найцікавейшае месца, звязанае з імёнамі, сустракаецца ў пралогу, дзе перакладчык, здавалася б, сумленна і даслоўна пераносіць з гішпанскага тэксту ў беларускі імёны Ксенафонт, Заіл і Зеўксіс:

“…ni menos sé qué autores sigo en él, para ponerlos al principio, como hacen todos, por las letras del A.B.C., comenzando en Aristóteles y acabando en Xenofonte y en Zoílo o Zeuxis…”

Пераклад, было: “Болей за тое, мне невядома, на якіх аўтараў я раўняюся ў гэтай кнізе, каб скласці спіс з іх імён у алфавітным парадку і паставіць яго ў пачатку, пачынаючы Арыстоцелем і заканчваючы Ксенафонтам, ці Заілам або Зеўксісам…”

«У пачатку, пачынаючы» – дзіцячая таўталогія, якую лёгка паправіць. Сапраўдная праблема ў тым, што аўтар гуляецца з алфавітным парадкам напісання імёнаў: ад Арытоцеля (які на літару А.) да тых, якія ў лацінскім алфавіце займаюць месца ў канцы, а вось у кірылічным – зусім не, што ў значнай ступені разбурае сервантэсаўскую іронію. То чым кіравацца перакладчыку? Захоўваць найперш сэнс, які часцяком успрымаецца як галоўнае? Але ў дадзеным выпадку галоўнае – якраз суаднесенасць з алфавітам. (Згадваецца прыклад нятворчага перакладу назвы фільма з ангельскай мовы на рускую: «Любовь – слово из четырех букв».) То што робім – адважваемся памяняць імёны на тыя, якія пасавалі б да канца кірылічнага алфавіта? Легендарны ўкраінскі перакладчык Мікола Лукаш так і зрабіў, часткова дазволіўшы сабе такі падыход. Але толькі часткова, бо пару імёнаў з арыгінала ён пры гэтым «уратаваў»:

Я навіть не знаю, яких авторів я в своїй повісті наслідую, то й не можу приточити їх імен в осібному альфабетному списку, як то роблять інші, наводячи їх усіх од Арістотеля до Юлія Цезаря і включаючи сюди навіть Зоїла та Зевксіда

Мігель дэ Сервантэс. Партрэт, які прыпісваецца Хуану дэ Харэгі (Juan de Jáuregui). Яго сапраўднасць не пацверджана, і не існуе ніводнага меркаванага партрэта Сервантэса, сапраўднасць якога была б устаноўлена.

Яшчэ адна праблема, якая абмяркоўваецца на Майстэрні далёка не ўпершыню і датычыць гэтым разам ужо сэнсавай дакладнасці, – гэта так званая «адсябеціна», калі перакладчыкам карціць дапісаць за свайго аўтара, патлумачыць нешта, што на іх думку, патлумачана недастаткова. Часам такое непатрэбнае «разжоўванне» робіць тэкст банальнейшым, а часам нават разыходзіцца з аўтарскай задумай, і пераклад пачынае «хлусіць». Вось, напрыклад, Сервантэс у пралогу іранізуе з традыцыі ўпрыгожваць творы рознымі паэтычнымі ўступамі (чаго, дзеля справядлівасці, і сам не пазбег).

Sólo quisiera dártela monda y desnuda, sin el ornato de prólogo, ni de la inumerabilidad y catálogo de los acostumbrados sonetos, epigramas y elogios que al principio de los libros suelen ponerse”.

Мне ўсяго толькі хацелася паказаць табе свайго рыцара ў простым, сапраўдным выглядзе, без шматабяцальных пралогаў і незлічоных санетаў, эпіграм і панегірыкаў, якія цяпер прынята змяшчаць у пачатку кніг і якія ўсім даўнымдаўно абрыдалі”.

Экспертка Анхэля Эспіноса слушна звярнула ўвагу, што пазначанае тлустым курсівам перакладчык дапісаў сам. У гішпанскага класіка не было нічога пра тое, што гэтая вершаваная мішура ўсім даўно абрыдла. Бяда ў тым – адсюль і горкая іронія пісьменніка, – што тагачасным чытачам такія сумнеўныя ўпрыгожанні ўсё яшчэ падабаліся. Тое самае і са словам «цяпер», быццам бы раней чытачы былі больш пераборлівыя і рафінаваныя. На жаль, не. Так што ўсе лішнія словы, якія пярэчаць аўтару, варта з перакладу прыбраць.

Прапанавана: “Мне ўсяго толькі хацелася паказаць табе свайго рыцара ў простым, сапраўдным выглядзе, без шматабяцальных пралогаў і незлічоных санетаў, эпіграм і панегірыкаў, якія прынята змяшчаць у пачатку кніг”.

Адзін фрагмент у перакладзе першага раздела выклікаў дыскусію пра анахранізмы, якія могуць несвядома дапускаць перакладчыкі, пераствараючы арыгінал згодна з тымі ці іншымі сучаснымі стэрэатыпамі. Вось як галоўны герой выдумвае імя для свайго каня:

y así, después de muchos nombres que formó, borró y quitó, añadió, deshizo y tornó a hacer en su memoria e imaginación, al fin le vino a llamar Rocinante”.

Пераклад: “І вось пасля размаітых мянушак, якія ён ствараў і выдаляў, дадаваў і адмяняў, сціраў і перарабляў у сваім уяўленні, ён урэшце спыніўся на Расінанце”.

Гэтае «ствараў і выдаляў» выклікае асацыяцыю з сённяшняй працай пры кампутары, чаго ў выпадку з донам Кіхотам, вядома ж, і блізка не было. Лепшым адпаведнікам было б «крэсліў/закрэсліваў», калі мы дапускаем, што праца вялася героем пісьмова. Або нейтральнае «знішчаў».

Каб не склалася ўражанне, што на Майстэрні толькі шукаюцца і крытыкуюцца перакладчыцкія хібы, скончым на пазітыўнай ноце. Бо запрошаная экспетка – цалкам у адпаведнасці з сваім эсэ на пачатку: «Звяртайце ўвагу на тое, што паўстае ў вашай версіі», – знаходзіць месцы, вартыя пахвалы, і выказвае кампліменты. (Дарэчы, не толькі яна.)

En resolución, él se enfrascó tanto en su lectura, que se le pasaban las noches leyendo de claro en claro, y los días de turbio en turbio; y así, del poco dormir y del mucho leer se le secó el celebro de manera, que vino a perder el juicio”.

Пераклад: “У рэшце рэшт, наш ідальга настолькі занурыўся ў чытанне, што праводзіў ночы ад поцемку да досвітку і дні ад досвітку да поцемку амаль без сну і перапынку чытаючы, чым зусім засушыў сваю мазгаўню і выжыў з розуму”.

«Вельмі файна!» – пракаментавала фрагмент Анхэля Эспіноса.