
Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік заняткаў у новым сезоне.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні было прысвечанае добрай – напраўду вартай увагі, чытанння і перакладання – сучаснай прозе. Абмяркоўваліся пераклады двух жывых класікаў, самага вядомага празаіка славенскай літаратуры Драга Янчара і знакамітага нямецкага літаратара Бернхарда Шлінка.
Драга Янчар (1948) знаёмы самым дасведчаным беларускім чытачам, бо ягоны раман «Галернік» выходзіў у перакладзе Івана Чароты яшчэ ў 1990 годзе. Другім раманам, перакладзеным на нашую мову, можа стаць «Той ночы я бачыў яе нібыта жывую», пачатак якога прадставіў Яўген Пятліцкі.
Кніга нямецкага юрыста і літаратара Бернхарда Шлінка (1944) «Чытальнік» зрабілася сусветна вядомым бестсэлерам, паспяхова экранізаваным Галівудам і перакладзеным на чатыры дзясяткі моваў. Вікіпедыя падае дакладную статыстыку – на 39. Але саракавой можна стацца беларуская, прынамсі першы раздзел вынесла на суд калегаў удзельніца Майстэрні (з меркаванняў бяспекі тут і далей будзем называць яе Перакладчыцай).
Трэцім жывым класікам на паседжанні быў Сяргей Шупа, вядомы рэдактар, выдавец і найперш перакладчык-паліглот, трохразовы лаўрэат Прэміі імя Карласа Шэрмана. Запрошаны эксперт разам з мадэратарам разабраў прадстаўленыя пераклады, а заадно сфармуляваў некалькі прафесійных парадаў, карысных не толькі пачаткоўцам, але і ўсім калегам-перакладчыкам.
Сяргей Шупа – беларускі перакладчык, рэдактар, журналіст і грамадскі дзеяч. Укладальнік і публікатар «Архіваў БНР». Перакладаў творы Праспэра Мэрымэ, Гі дэ Мапасана, Эдгара По, Хорхэ Луіса Борхеса, Габрыэля Гарсія Маркеса, Бруна Шульца, Эдгара Керэта, Джэймса Джойса, Міленка Ергавіча, Мойшэ Кульбака і іншых.
Лаўрэат прэмій Алеся Адамовіча і Карласа Шэрмана, прэміі часопіса «Прайдзісвет», ушанаваны медалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
- У перакладзе не павінна быць месцаў, сфармуляваных так, як бы вы самі нармальна не напісалі/сказалі. Трэба як мага дакладней уявіць сабе сітуацыю і адэкватна яе апісаць, а не перакладаць бяздумна «як у аўтара».
- Важна карыстацца аўтарытэтнымі крыніцамі (і правяраць паводле іх нюансы значэння словаў, граматыку, ужыванне пэўных словаў і словазлучэнняў) – акадэмічнымі слоўнікамі (verbum.by, slounik.org), граматычнай базай, корпусам.
- Каб пазбегнуць розных нязграбнасцяў – блізкіх паўтораў, неапраўданых рыфмаў або паэтычных рытмаў у прозе, сэнсавай няўцямнасці – абавязкова па выніку чытаць тэкст уголас, ідэальна – нейкаму рэальнаму слухачу.
- Не засмечваць тэкст рознымі «неафітызмамі» («сканчацца» ў сэнсе «канчацца», «гуляцца» ў сэнсе «гуляць» і г.д.). Калі вы не ўпэўненыя, як правільна, глядзіце пункт 2.
Часам парады рабіліся адначасова з разборам тых ці іншых перакладзеных фрагментаў і прапановамі, як іх палепшыць. Вось колькі заўвагаў, выказаных перакладчыку Драга Янчара.
Па-першае, не злоўжываць без дай прычыны формай «ані», калі і рытмічна, і стылістычна больш пасуе звычайнае «ні». І ўвогуле не спрабаваць «упрыгожыць» аўтара, бо часам можа быць проста так (або так проста), як у арыгінале.
Арыгінал: “Jaz pa gledam svoj obraz v ogledalu in vem, da ničesar več ni, ni Veronike, ni kralja, ni Jugoslavije, svet je šel na kose kakor to rozpokano ogledalo, iz katerega me gledajo deli mojega neobritega obraza”.
Пераклад, было: “Я ж гляджу на сваё аблічча ў люстэрку і ведаю, што нічога больш няма, ані Веранікі, ані караля, ані Югаславіі, свет распадаецца на ашчэпкі як тое трэснутае люстэрка, з якога на мяне глядзяць кавалкі майго няголенага твару”.
Прапанова: “Я ж гляджу на сваё аблічча ў люстэрку і ведаю, што нічога больш няма, ні Веранікі, ні караля, ні Югаславіі, свет распадаецца на кавалкі як тое трэснутае люстэрка, з якога на мяне глядзяць часткі майго няголенага твару”.
Па-другое, не перагружаць пераклад складанымі канструкцыямі без патрэбы. А заадно, па-трэцяе, правяраць значэнне слова і яго дарэчнасць у канкрэтнай сітуацыі.
“Zdaj se mu nihče ne posmehuje, ker nikomur ni do smeha, zdaj so vsi nekoliko usmiljenja vredni, tepena vojska, ki so jo iz domovine pregnali orožja in taktike neuki komunistični divjaki, je to sploh še moj obraz, te oči, ta nos, ta lica, presekana s črtami razpokanega ogledala, ki visi na steni umivalnice v baraki”.
Пераклад, было: “Цяпер з яго ніхто не смяецца, увогуле ніхто ні з кога не смяецца, таму што нікому не да смеху, цяпер усе хутчэй вартыя жалю, разбітае войска, якое пагналі з радзімы ненавучаныя абыходжанню з зброяй і тактыцы камуністычныя дзікуны, гэта ўсё яшчэ мой твар, гэтыя вочы, гэты нос, гэтыя шчокі, рассечаныя шчарбінамі трэснутага люстэрка, што вісіць на сцяне ўмывальні ў бараку”.
Прапанова: “Цяпер з яго ніхто не смяецца, увогуле ніхто ні з кога не смяецца, таму што нікому не да смеху, цяпер усе хутчэй вартыя жалю, разбітае войска, якое пагналі з радзімы не знаёмыя з зброяй і тактыкай камуністычныя дзікуны, гэта ўсё яшчэ мой твар, гэтыя вочы, гэты нос, гэтыя шчокі, рассечаныя лініямі трэснутага люстэрка, што вісіць на сцяне ўмывальні ў бараку”.
Як ужо не раз раілася перакладчыкам на розных занятках Майстэрні і казалася тут вышэй, часам варта змяніць сінтаксічную канструкцыю, адарвацца ад парадку словаў, ужытых у арыгінале, як бы на хвіліну «забыць пра яго», і спраўдзіць, ці напісалася б такое па-беларуску, ці натуральна ўсё гэта гучыць на-нашаму? Гэтае «ад (чалавека)» у наступным прыкладзе ніколі б не ўзнікла без уплыву славенскай мовы, але ж пераклад ствараецца згодна з законамі беларускай.
“…od osebe, ki je dolgo ne vidiš, najprej izgine glas, zvok, njegova barva in moč”.
Пераклад, было: “…ад чалавека, якога доўга не бачыш, губляецца спярша голас, гук, ягоныя колер і сіла”.
Прапанова: “…калі доўга не бачыш чалавека, спярша знікае голас, гук, ягоныя колер і сіла”.
Тая самая заўвага была зробленая і ў адрас Перакладчыцы «Чытальніка» Бернхарда Шлінка, якая ўжо ў першым сказе першага раздзела жыўцом перанесла ў пераклад арыгінальную будову фразы, зрабіўшы тэкст трохі больш грувасткім. Нічога смяротнага, так у прынцыпе можна сказаць, але – з папраўкай на тое, што гаворка пра добрую літаратуру, – пераклад можна трохі падрэдагаваць.
“Als ich fünfzehn war, hatte ich Gelbsucht”.
Пераклад, было: “Калі мне было пятнаццаць, у мяне была жаўтуха”.
Прапанавана: “У пятнаццаць гадоў я захварэў на жаўтуху”.
Варта памятаць, што сама логіка апавядання вядзе чытачоў ад ужо знаёмага ім да яшчэ не вядомага. Таму эксперт параіў Перакладчыцы – і ўсім удзельнікам ды ўдзельніцам Майстэрні – «не закопваць» самае галоўнае слова недзе ў сярэдзіне фразы. Лепш, калі яно прагучыць і выканае сваю ролю напрыканцы сказа.
“Dort hatte ich mich an einem Montag im Oktober auf dem Weg von der Schule nach Hause übergeben”.
Пераклад, было: “Там я быў званітаваў адным кастрычніцкім панядзелкам па дарозе са школы дадому”.
Прапанова: “Там мяне адным кастрычніцкім панядзелкам па дарозе са школы дадому званітавала”.
Ніколі не пашкодзіць візуалізаваць перакладанае. Добра разабрацца, пра што кажа аўтар, убачыць сітуацыю сваімі вачыма. Так паменее ўсякай размытасці і прыблізнасці, а паболее дакладнасці. Або проста памяняецца сэнс.
“Wenn ich zu Hause oder in der Schule Treppen stieg, trugen mich meine Beine kaum”.
Пераклад, было: “Калі я падымаўся па сходах дадому ці да школы, ногі ледзь неслі мяне”.
Прапанова: “Калі я падымаўся па сходах дома або ў школе, ногі ледзь неслі мяне”.
Уявіце сабе, што вы гэта самі расказваеце. Ці вы б рэальна выказаліся так?
“Ich war kaum größer als sie, spürte ihre Brüste an meiner Brust, roch in der Enge der Umarmung meinen schlechten Atem und ihren frischen Schweiß und wußte nicht, was ich mit meinen Armen machen sollte”.
Пераклад, было: “Я быў крыху вышэйшы за яе, адчуў яе грудзі ля сваіх грудзей, удыхнуў у цясніне абдымкаў сваё смярдзючае дыханне і яе свежы пот і не ведаў, што мне рабіць са сваімі рукамі”.
Прапанова: “Я быў крыху вышэйшы за яе, я адчуваў яе грудзі ля сваіх грудзей, нюхаў у цеснаце абдымкаў сваё смярдзючае дыханне і яе свежы пот і не ведаў, што мне рабіць са сваімі рукамі”.
І яшчэ адзін прыклад, калі карысна ўявіць, што вам самім трэба гэта сказаць. Як бы вы гэта зрабілі?
“Ich glaube nicht, dass ich sie sonst besucht hätte”.
Пераклад, было: “Не думаю, што іначай я б яе наведаў”.
Прапанова: “Думаю, інакш бы я яе не наведаў”.
Трэба сказаць, што заўвагаў было не так і шмат. І перакладчык, і перакладчыца збольшага адчуваюць стыль свайго аўтара, а таксама дастаткова добра пачуваюцца ў стыхіі нашай мовы, каб знаходзіць яму дарэчныя беларускія адпаведнікі. Так што самы час пажадаць абаім паспяховага працягу ды імпэту да самага канца тэксту, а потым руплівых выдаўцоў, пільных рэдактараў і ўдзячных чытачоў і чытачак! Апошняе датычыць і нас, так што хуткай сустрэчы з беларускім Янчарам і беларускім Шлінкам нам усім!