
Кааліцыя беларускіх НДА і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў прадставіла аналітычны даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў сферы працы, прызначаны для Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Для падрыхтоўкі справаздачы Генеральнай Асамблеі ААН у кастрычніку 2025 г. Спецыяльны дакладчык запытваў інфармацыю аб тым, як развівалася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў сферы працы за апошнія некалькі гадоў.
Даклад падрыхтавалі:
- Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў
- Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой
- Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
- Беларускі Хельсінкскі Камітэт
- Lawtrend
- Офіс па правах людзей з інваліднасцю
- Беларускі ПЭН
- Праект “Права на абарону”
- Рабочы Рух
- Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Агульную каардынацыю падрыхтоўкі даклада ажыццяўляў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.
Даклад
У сваім дакладзе кааліцыя беларускіх НДА і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў распавяла Спецыяльнаму дакладчыку аб сітуацыі з усім спектрам працоўных правоў у краіне і прапанавала, якія рэкамендацыі карысна адрасаваць уладам Беларусі і міжнароднай супольнасці з пазіцыі працоўных стандартаў і правоў чалавека.
Аўтары даклада пазначаюць, што ў Беларусі назіраюцца сістэмныя і маштабныя парушэнні працоўных правоў, якія закранаюць шырокае кола працаўнікоў.
Асноўныя праблемы ўключаюць фактычную ліквідацыю свабоды аб’яднання шляхам ліквідацыі ўсіх незалежных прафсаюзаў, пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці і членаў незалежных прафсаюзаў, масавыя звальненні і ціск на нелаяльных уладзе працаўнікоў, у тым ліку па палітычных матывах. Былыя палітычныя зняволеныя, адвакаты, жанчыны, асобы з інваліднасцю і іншыя ўразлівыя групы падвяргаюцца дыскрымінацыі пры працаўладкаванні і на працоўным месцы. Шырока выкарыстоўваюцца прымусовая праца ў пенітэнцыярнай сістэме, лячэбна-працоўных прафілакторыях, у форме абавязковых суботнікаў і “грамадска карысных работ”, стыгматызацыя і ўскладанне дадатковага маёмаснага цяжару на так званых “дармаедаў” (працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы).
На дзяржаўных прадпрыемствах распаўсюджана палітызацыя кадравай палітыкі: існуюць пасады намеснікаў па ідэалогіі – супрацоўнікаў КДБ, адбываюцца вобшукі і арышты на працоўных месцах. Працадаўцы таксама прымушаюць працаўнікоў падпісваць абавязацельствы аб “нелаяльнасці да экстрэмісцкай дзейнасці”. Пры гэтым кантралюемая дзяржавай Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і прадзяржаўныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у яе склад, захоўваюць маўчанне наконт дапускаемых парушэнняў і актыўна ўзаемадзейнічаюць з афіцыйнымі ўладамі ў рэпрэсіях супраць працаўнікоў.
Даклад змяшчае наступныя тэмы і рэкамендацыі:
- Міжнародныя абавязкі Рэспублікі Беларусь і супрацоўніцтва з міжнароднымі механізмамі па правах чалавека – добрасумленна выконваць рэкамендацыі інстытутаў ААН па пытанні аб свабодзе асацыяцыі, мірных сходаў, выказвання меркаванняў; поўнасцю выканаць Рэкамендацыі Камісіі па расследаванні МАП, а таксама добрасумленна ўзаемадзейнічаць з МАП у рамках прымянення артыкула 33 Статута МАП у дачыненні да свабоды аб’яднанняў.
- Палітызацыя рэгулявання працы (рэпрэсіўныя заканадаўства і практыка ў галіне працы ў Беларусі) – адмяніць рэпрэсіўнае заканадаўства, якое абмяжоўвае доступ да прафесій па палітычных або ідэалагічных матывах, і забяспечыць адпаведнасць нацыянальнага заканадаўства міжнародным стандартам; спыніць рэпрэсіўную практыку ў дачыненні да работнікаў, а таксама грамадзянскіх актывістаў, недзяржаўных арганізацый і незалежных прафсаюзаў; вызваліць незаконна затрыманых актывістаў і аднавіць на працы несправядліва звольненых работнікаў з належнай кампенсацыяй.
- Прымусовая праца ў месцах утрымання пад вартай – ліквідаваць сістэму лячэбна-працоўных прафілакторыяў і адмяніць выкарыстанне прымусовай працы ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі, даць пацярпелым эфектыўныя сродкі прававой абароны.
- Адвольныя і дыскрымінацыйныя абмежаванні доступу былых палітвязняў да рынку працы – неадкладна спыніць усе палітычна матываваныя звальненні, адмяніць чорныя спісы, якія абмяжоўваюць доступ да прафесій, перагледзець заканадаўства, якое дазваляе звальненні па палітычных поглядах.
- Заканадаўчыя і практычныя абмежаванні ў дачыненні да дзеячаў культуры — неадкладна спыніць усе палітычна матываваныя звальненні і адмяніць прафесійныя забароны ў культурнай сферы; скасаваць дыскрымінацыйныя рэестры і чорныя спісы, якія абмяжоўваюць доступ да культурных прафесій.
- Рэалізацыя права ствараць і ўступаць у прафсаюзы на свой выбар, правы на забастоўку – аднавіць прымусова ліквідаваныя незалежныя прафсаюзы, забяспечыць ім спрыяльныя ўмовы для працы і спыніць умяшанне ў іх дзейнасць (судовы пераслед, вобшукі, замарожванне актываў і дыскрэдытацыю), усталяваць у законе парадак свабоднага правядзення забастовак.
- Парушэнні правоў чалавека, якія вынікаюць з заканадаўства і палітыкі, што прымушаюць грамадзян да абавязковай працы, базы дадзеных “не занятых у эканоміцы грамадзян”, “суботнікі” і грамадскія працы – ліквідаваць сістэму дыскрымінацыйных мер супраць “працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы”, спыніць практыку ўдзелу ў суботніках пад пагрозай звальнення, выключыць з заканадаўства палажэнні аб абавязковым размеркаванні на працоўныя месцы.
- Парушэнні правоў працадаўцаў у Беларусі і за мяжой – аднавіць права на законную прадпрымальніцкую дзейнасць і аб’яднанне ў бізнес-асацыяцыі.
- Парушэнні ў галіне дыскрымінацыі жанчын і пры складанні працоўных дагавораў – адмяніць спіс забароненых прафесій для жанчын, скараціць гендэрны разрыў у аплаце працы і садзейнічаць кар’ернаму росту жанчын, рэалізаваць эфектыўныя меры супраць прыгнёту на працоўным месцы і забяспечыць магчымасць дапамогі прафсаюзаў у такіх сітуацыях.
Беларусь і выкананне міжнародных рэкамендацый
У рамках даклада кааліцыя адзначыла пазіцыю Урада Рэспублікі Беларусь, накіраваную на грэбаванне міжнароднымі абавязкамі дзяржавы ў галіне абароны працоўных правоў.
Беларусь сістэматычна, на працягу больш за 20 гадоў, не выконвае свае абавязкі перад Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), ігнаруючы Рэкамендацыі яе Камісіі па расследаванні, створанай у 2004 годзе ў сувязі з парушэннямі свабоды аб’яднанняў і працоўных правоў.
Беларусь не ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, які ўстанаўлівае працэдуру падачы скарг у дачыненні да працоўных правоў, якія абараняюцца Пактам.
8 лютага 2023 года Беларусь выйшла з Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які дае асобам права падаваць скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.
На працягу доўгага часу Беларусь нязменна ўваходзіць у лік горшых краін у свеце па правах працоўных, згодна з Глабальным індэксам правоў чалавека, апублікаваным Міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў (МКП). У дакладах за 2023 і 2024 гады Беларусь увайшла ў дзясятку краін з найгоршымі ўмовамі працы разам з такімі краінамі, як Бангладэш, Егіпет і М’янма.
Цяпер у Жэневе праходзіць 113 сесія Міжнароднай канферэнцыі працы МАП.
Заклікаем удзельнікаў Канферэнцыі праявіць салідарнасць з незаконна звольненымі і пазбаўленымі волі працаўнікамі Беларусі! У 21 стагоддзі няма месца рабству і дыскрымінацыі па прафсаюзнай, палітычнай і гендэрнай прыналежнасці! Дзяржавы павінны добрасумленна ўдзельнічаць у сацыяльным дыялогу, а не выбіраць яго бакі шляхам выкарыстання кантралюемых імі ўтварэнняў – такіх як Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, і знішчэння апанентаў – незалежных прафсаюзаў.
Заклікаем Міжнародную арганізацыю працы і дзяржавы-члены МАП узмацніць ціск на ўлады Беларусі з мэтай спынення сістэмных парушэнняў правоў працаўнікоў, уключаючы рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў, дыскрымінацыю па палітычных і сацыяльных прыкметах, прымусовую працу і масавыя звальненні.
Неабходна дабівацца ад Беларусі выканання абавязкаў па фундаментальных канвенцыях МАП, выканання рэкамендацый Камісіі па расследаванні і палажэнняў артыкула 33 Статута МАП, а таксама забяспечыць міжнародны маніторынг і салідарную падтрымку пацярпелым працаўнікам.