
Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік заняткаў у новым сезоне.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні было прысвечана перакладу як паэзіі, так і прозы, прычым як на беларускую мову, так і ў адваротным кірунку, з беларускай. Удзельнікі абмяркоўвалі як фрагменты сваіх чарнавікоў, так і новую анталогію беларускай паэзіі па-італьянску, міні-прэзентацыі якой была прысвечана першая частка сустрэчы.
Спецыяльна запрошанай госцяй была даследчыца, выкладчыца і перакладчыца Мая Галаванава, якая даўно жыве ў Мілане і выкладае ў Падуанскім і Міланскім універсітэтах. Мая Галаванава – адна з укладальніц і перакладчыц на італьянскую Анталогіі сучаснай беларуcкай паэзіі «Il mondo è finito e noi invece no (Свет скончыўся а мы не)». І заканамерна, што паседжанне пачалося менавіта з размовы пра гэтую кнігу.
Мая Галаванава – даследчыца і перакладчыца. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, дзе па сканчэнні выкладала італьянскую мову. З 2007 года жыве ў Мілане і выкладае рускую мову ў Падуанскім і Міланскім універсітэтах. Куратарка італьянскай кніжнай серыі CONTestO, якая прапануе літаратурныя тэксты і даследаванні розных краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
Сярод аўтараў, перакладзеных на італьянскую мову, Крысціна Бандурына, Веніямін Блажэнны, Пятрусь Броўка, Зміцер Вішнёў, Аксана Данільчык, Ганна Комар, Наста Кудасава, Марыя Мартысевіч, Вальжына Морт, Алесь Разанаў, Ганна Севярынец, Таня Скарынкіна, Дзмітрый Строцаў, Максім Танк, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута і іншыя.
Анталогія выйшла ў кастрычніку 2024 года. У яе ўвайшлі сорак аўтараў і аўтарак, больш за сотню вершаў, якія ахопліваюць перыяд з 2000 да 2024 гг. Разам з Маяй над укладаннем і перакладамі працавалі італьянскія перакладчыкі Алесандра Акілі, Джулія Дэ Флёрыя і Масіма Маўрыцыё, а таксама беларускі паэт Дзмітрый Строцаў. Прадмову напісала літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына. У анталогіі прадстаўлена лірыка вельмі розная па стылі, па тэматыцы і нават па мове і алфавіце: тут ёсць вершы на беларускай (напісаныя як «тарашкевіцай» і «наркамаўкай», так і беларускай лацінкай) і рускай мовах, а таксама два тэксты на ідыш і тры на ўкраінскай, што сведчыць пра складаную шматмоўнасць, якая засталася ў спадчыну ад мінулага і пра якую хоча расказаць кніга.
«Выбіраючы вершы, – апавяла Мая Галаванава, – мы імкнуліся падкрэсліць стылістычную і тэматычную разнастайнасць беларускай паэзіі апошніх дваццаці пяці гадоў. Сярод выклікаў і цяжкасцяў – праблема захавання/не-захавання рыфмы, пераклад архетыпаў і топасаў, перадача фонасемантычных асаблівасцяў у тэкстах».

Яскравым прыкладам апошняга могуць паслужыць знакамітыя вершаказы Алеся Разанава, якія цалкам будуюцца на фонасемантыцы і своеасаблівай гульні са словамі і гукамі. Невыпадкова, што менавіта гукапіс складае найбольшую цяжкасць для перакладу твораў Разанава на іншыя мовы. Экспертка грунтоўна, па пунктах паказала стратэгію перакладу разанаўскіх вершаказаў на прыкладзе яго «Пчалы»:
1) ўважлівы выбар тэкстаў, якія патэнцыйна могуць «спрацаваць» не толькі на лексічным, але і на фанетычным узроўні. Загаловак тут выконвае найважнейшую ролю: менавіта вакол яго ствараецца аўтарская гульня з гукасэнсам.
“Пчaлy нeльгa зaбiвaць: янa – пЧAЛa, y ёй зaxoўваецца чaлaвeчы пaчaтaк, i людзi шaнyюць яe, як чaлaвeкa”
“Non si deve mai ammazzare un’ape: è, appunto, un’aPE, ha molto in comune con le PErsone e gli umani la rispettano come se fosse una di loro”
2) пры немагчымасці перадаць алітэрацыйныя і асанансавыя чаргаванні ў тых жа самых лексемах, што і ў аўтарскім тэксце, у перакладзе выкарыстоўваецца прыём кампенсацыі гэтых элементаў у іншых лексемах.
“янa нe шкaдye жыцця, кapaючы – i лeчaчы aд cвaвoлi – кpыўдзiцeля…”
“è suo appannaggio punire e curare dalla prepotenza il provocatore…”
3) з мэтай захавання гукапісу і музычнасці тэкста выкарыстоўваюцца прыём замены лексемы яе функцыянальным аналагам:
“тое, што яна возьме ў поля, у луга, у саду”
“ciò che preleva dal campo, dal prato, dal parco” (parco замест giardino, каб узмоцніць фанетычны эфект).
Далей удзельнікі Майстэрні разам з эксперткай і мадэратарам Андрэем Хадановічам абмеркавалі два пераклады, адзін з якіх – фрагмент рамана жывога класіка італьянскай літаратуры Алесандра Барыка «Мора-акіян», што быў апублікаваны ў 1993 годзе і прынёс 35-гадоваму на той момант аўтару шырокую вядомасць і прэстыжныя ўзнагароды. Перакладчыкі і перакладчыцы пагадзіліся, што кніга – сапраўдны выклік для любога, хто бярэцца пераствараць яе на сваю мову, і выказалі павагу свайму калегу – ужо за праяўленую адвагу. Бо сінтаксічная будова тэксту вельмі няпростая, а сама мова – вобразная і метафарычная, што патрабуе ад перакладчыка не толькі ведаў і стылістычнай ахайнасці, але і пэўнай паэтычнай інтуіцыі. Перакладчык выслухаў даволі шмат крытычных заўваг, але любому на яго месцы было б вельмі няпроста.

Вечная ў такіх абмеркаваннях тэма – «фальшывыя сябры перакладчыка». Слова, якое здаецца знаёмым, можа быць толькі падобным на знаёмае, а насамрэч азначаць нешта зусім іншае. Таму не лянуймася лезці ў слоўнік і спраўджваць усё, пры любым найменшым сумневе. Часам «фальшывага сябра» можна выявіць па нейкай нелагічнасці, што атрымалася ў перакладзе. Нейкае слова ці словазлучэнне не зусім натуральна глядзіцца ў дадзеным кантэксце, «вытыркаецца» і выклікае трывогу. Такой трывозе варта верыць – і неадкладна правяраць, слоўнікі нам у дапамогу!
“Soffia come sempre il vento da nord e la donna si stringe nel suo mantello viola”.
Пераклад. Было: “Як заўсёды дзьме паўночны вецер, і жанчына сціскае ў сваім плашчы скрыпку”.
Здзіўленне выклікала слова «скрыпка». Сярод герояў Барыка, вядома ж, трапляюцца дзівакі. Калі адзін персанаж – мастак, які малюе мора марской вадой, то чаму б другой гераіні не хаваць сваю скрыпку ў плашч ад паўночнага ветру, ды яшчэ «сціскаць» яе там? І ўсё-ткі неяк занадта эксцэнтрычна. Хто не ведае італьянскай, можа паглядзець у гугле слова «скрыпка» – падобна, але не зусім так: violino. Дык, можа быць, жанчына хавае ў плашчы віёлу? Старажытны музычны інструмент стагоддзя, скажам, XVI-XVII? (Вядома ж, такое трэба ахоўваць ад ветру.) Або прыгожую кветку з назвай «віёла»? Але ўсё гэта было б граматычна аформлена ў сказе інакш. То, можа, і не назоўнік гэта зусім, а прыметнік, што пазначае колер яе плашча, у якім нічога не трэба «сціскаць», бо ад ветру хутаецца яна сама?
Прапанавана: “Як заўсёды, дзьме паўночны вецер, і жанчына хутаецца ў фіялетавы плашч”.
Вось яшчэ адзін, аналагічны, выпадак, калі італьяскае relitto не зусім тое самае, што нашае «рэліктавы»:
“…restano lì, l’uno e l’altro, impassibili, come un’isola in miniatura, o un relitto a due teste”.
Пераклад. Было: “…яны застаюцца там, абое, бы ні ў чым не бывала, як маленечкі востраў, як рэліктавы арганізм з дзвюма галовамі”.
Калегі-перакладчыкі надоўга задумаліся над сэнсам слова relitto ў дадзеным кантэксе. Ці не пра «двухгаловы ўцёс» вядзецца? Урэшце, ужо наўздагон абмеркаванню, экспертка даслала магчымае рашэнне задачы:
“…яны застаюцца там абое, няўзрушныя, як маленечкі востраў, як абломак карабля з дзвюма мачтамі”.
Удзельнікі актыўна абмяркоўвалі сінтаксіс перакладу, сыходзячы з агульнага правіла, што перакладаць варта не асобныя словы, з якіх складаюцца сказы, а адразу цэлыя сказы. Уласцівы для арыгінальнай мовы сінтаксіс трэба ператвараць у натуральны беларускі. Інакш – скарыстаю сумны каламбур – паўстаюць скалечаныя (ад слова «калька») канструкцыі, грувасткія і складаныя, прытым што ў арыгінале ўсё было проста і зразумела.
“Il buio sospende tutto. Non c’è nulla che possa, nel buio, diventare vero”.
Пераклад. Было: “Змрок прыпыняе ўсё. Няма нічога, у змроку, што магло бы стацца сапраўдным”.
Прапанавана: “Змрок прыпыняе ўсё. У змроку нічога не можа быць сапраўдным”.
Часам складаная сінтаксічная канструкцыя патрабуе ад перакладчыка асаблівай увагі, каб не пераблытаць, якая частка сказу дапасоўваецца да якога слова. Напрыклад, першы сказ у рамане – ужо сапраўдны тэст на пільнасць і вынаходлівасць:
“Sabbia a perdita d’occhio, tra le ultime colline e il mare – il mare – nell’aria fredda di un pomeriggio quasi passato, e benedetto dal vento che sempre soffia da nord”.
Пераклад. Было: “Неаглядны пясок, паміж астатнімі пагоркамі й морам – морам – у халодным паветры амаль згаслага дня, асвячонага ветрам, што заўсёды дзьме з поўначы”.
Але гэтае «асвячонага ветрам» адносіцца не да «дня», а да «мора». І, дарэчы, можа, не «асвячонага», а «блаславёнага»?
Прапанавана: “Неаглядны пясок, апошнія пагоркі і мора – мора! – у халодным паветры амаль згаслага дня, блаславёнае ветрам, што заўсёды дзьме з поўначы.
Празмерная даслоўнасць у перакладзе шкодзіць яшчэ і таму, што часам у арыгінале трапляюцца словы, якіх не варта перакладаць. Скажам, слова quaggiù, на якое звярнула ўвагу экспертка:
«У тэксце сустракаецца складанае прыслоўе quaggiù, утворанае з qua (тут) + giù (унізе/уніз). Як сведчыць слоўнік Трэкані (Treccani), гэтае прыслоўе азначае “ў гэтым месцы, ніжэй за чалавека, да якога звяртаюцца, або ніжэй за месца, пра якое ідзе гаворка”. Такім чынам утвараюцца і іншыя складаныя прыслоўі (quassù, laggiù, lassù і інш.). Звычайна перакладаецца толькі першая частка складаных прыслоўяў, таму што гэтае пазначэнне месца – вельмі ўмоўнае. Таксама вельмі ўмоўным можа быць ужыванне простых прыслоўяў giù (унізе/уніз) і su (уверх / уверсе / наверх / наверсе) у некаторых кантэкстах, асабліва ў гутарковай мове. Напрыклад, італьянцы могуць спытаць: “Sei ancora su?” (даслоўна: “Ты яшчэ наверсе?”), але без кантэксту мы не зразумеем, што маецца на ўвазе. Гэты сказ можна перакласці так: “Ты яшчэ там?”. Гэта не датычыцца канкрэтных напрамкаў (напрыклад, “ісці ўверх”)».
Вось пытанне, якое гераіня рамана задае герою: “Plasson, sono giorni e giorni che lavorate quaggiù”. Перакладчык захоўвае па-беларуску ўсё: “Плясон, Вы столькі дзён працуеце тут унізе”. Апошняе слова ў перакладзе, відавочна, лішняе.
І, нарэшце, паэтычнасць стылю ў арыгінале, якую так лёгка страціць у перакладзе, празаізаваўшы яго.
“Il cavalletto è ancorato con corde sottili a quattro sassi posati nella sabbia”.
Пераклад. Было: “Мальберт прыпяты тонкімі вяровачкамі да чатырох камянёў, уложаных на пяску”.
Але ж у арыгінале эфектная метафара – марскі тэрмін ancorato, ужыты ў амаль «сухапутным» кантэксце са словам «мальберт», што такім чынам амаль прыпадабняецца да карабля.
Таму прапанавана: “Мальберт прышвартаваны тонкімі вяровачкамі да чатырох камянёў на пяску”.

Другім перакладам, што разглядаўся на Майстэрні, быў фрагмент кнігі Рыка Раярдана «Персі Джэксан і выкрадальнік маланак», які паказала калегам Марына Дзергачова, ужо вядомая беларускім чытачам як перакладчыца «Франкенштайна» Мэры Шэлі. Тэкст вядзе ў магічны свет дзіцячай і падлеткавай літаратуры, і калі ў перакладчыцы і ў нашых незалежных выдаўцоў усё складзецца, кніга можа заняць ганаровае месца на палічцы з беларускімі перакладамі «Гары Потэра» ў выкананні Алены Пятровіч.
Пакуль жа можна сцвердзіць, што фрагмент атрымаўся ўдалы і Марына сабрала хор заслужаных пахвал, адна з якіх: «Шкада, што ўрывак так хутка скончыўся, бо чытаецца добра – і адразу хочацца працягу!»
Перакладчыца ведае, чым беларускі сінтаксіс адрозніваецца ад ангельскага, не трапляе ў залежнасць ад арыгінальнага парадку слоў, не калькуе чужыя фраземы, а шукае – і найчасцей добра знаходзіць – адпаведныя беларускія. Карацей, падыходзіць да сваёй справы натхнёна і творча, але і не пераходзіць мяжу, за якой пачынаюцца неабгрунтаваныя вольнасці. Мяркуйцце самі.
“Look, I didn’t want to be a half–blood” / “Слухай, я не хацеў быць паўкроўкам” (вядома ж, зварот «слухай» на самым пачатку аповеду выглядае нашмат лепей, чым даслоўнае «глядзі»).
Або: “And the time before that…” / “А яшчэ быў выпадак…”
Пераклад няблага дае рады са слэнгам, так што нефармальная мова школьнікаў перадаецца даволі адэкватна:
“On top of all that, he was crippled. He had a note excusing him from PE for the rest of his life because he had some kind of muscular disease in his legs”.
“Да таго ж, ён кульгаў. Праз нейкую цягліцавую хваробу ног ён быў вызвалены ад фізры да канца жыцця”.
Большасць выказаных заўваг мелі факультатыўны характар і датычылі драбніц. Паўжартаўлівая заўвага мадэратара: «часам пераклад добра ходзіць па зямной паверхні, а мог бы лётаць пару сантыметраў над ёй». Вось колькі прыкладаў такога «хаджэння» замест «палёту», калі даволі неблагі стыль можна трошачкі палепшыць:
“Але падчас заняткаў ён расказваў цікавыя гісторыі…” (Можа, лепш «на занятках»?)
“Most of the time, it gets you killed in painful, nasty ways”. / “Большасць часу цябе забіваюць, жорстка і балюча”. («Большасць часу» – тут перакладчыцы не зусім удалося адысці ад арыгіналу на добрую эстэтычную адлегласць, затое «жостка і балюча» – цалкам натуральна і адэкватна.)
“Па дарозе давялося цярпець Нэнсі Бобафіт…” (Можа, “Усю дарогу нас даставала…”?)
Ці не самая вялікая дыскусія датычыла апісання любімага настаўніка:
“Mr Brunner was this middle-aged guy in a motorized wheelchair. He had thinning hair and a scruffy beard and a frayed tweed jacket, which always smelled like coffee”.
Пераклад: “Спадар Бранар, мужчына сярэдніх гадоў з рэдкаватымі ўжо валасамі і неахайнай барадой, насіў пацёрты цвідавы пінжак і перасоўваўся ў электрычным вазку”.
Безумоўная ўдача – перанясенне фрагмента з электрычным вазком, як самага нечаканага, у канец характарыстыкі героя. Пры гэтым знікла – відаць, праз выпадковы недагляд – важная дэталь пра кававы пах яго пінжака. Што праўда, калі проста механічна ўставіць прапушчаны кавалак («што заўсёды пах кавай, і перасоўваўся…»), можа атрымацца, што перасоўвацца ў вазку будзе пінжак, а ніяк не ягоны гаспадар. Таму пераклад патрабуе больш радыкальнай трансфармацыі. Або «кава» мусіць апынуцца перад «пінжаком» – «насіў пацёрты і вечна прапахлы кавай цвідавы…» і г.д. Або можна захаваць парадак слоў, але «пінжак» тады мусіць памяняць граматычны род, ператварыўшыся… у элегантную «марынарку»:
“Спадар Бранар, мужчына сярэдніх гадоў з рэдкаватымі ўжо валасамі і неахайнай барадой, насіў пацёртую цвідавую марынарку, вечна прапахлую кавай, і перасоўваўся ў электрычным вазку”.
Некаторыя пытанні засталіся не да канца вырашаныя. Спрашчаць, робячы больш зразумелымі чытачам, некаторыя рэаліі, ці ўсё-ткі не рабіць гэтага?
“You should’ve seen him run when it was enchilada day in the cafeteria”.
Пакінуць, як было ў перакладчыцы: “Варта было бачыць, як ён на злом галавы нёсся ў школьную сталоўку ў дзень энчылады”? Або скончыць сказ так: “…у школьную сталоўку, калі давалі мексіканскія тарціллі”?
“…to ride a Harley right into your locker”
Ухваліць лёгкую вольнасць перакладчыцы: “каб заехаць у чыюсь школьную шафку на сваім байку”? Ці патрабаваць ад яе вярнуць на месца “харлей”?
І, на дэсерт, пытанне: што рабіць з іроніяй і гумарам?
“The headmaster had threatened me with death-by in-school-suspension if anything bad, embarrassing, or even mildly entertaining happened on this trip”.
“Дырэктар пагражаў мне амаль-смяротным пакараннем (то бок адхіленнем ад заняткаў), калі падчас паездкі здарыцца нешта кепскае, непрыемнае ці хаця б трохі забаўнае”.
У перакладчыцы выйшла амаль-смешна, каб не гэтае «амаль» са злучком ды трохі грувасткае «то бок». Можа, скінуць іх, як непатрэбны баласт?
“Дырэктар пагражаў мне смяротным пакараннем, а заадно адхіленнем ад заняткаў…”
Карацей, вы зразумелі, што Перакладчыцкая Майстэрня – той яшчэ магічны факультэт, дзе можа быць цікава, захапляльна і нават весела. Дзе можна падгледзець чужаземна-іншамоўны фокус – і паспрабаваць паўтарыць яго ў хатніх беларускіх умовах. Але некаторыя чарадзейныя заклёны ўсё ж патрабуюць уважлівасці і асцярожнасці. Проста каб не ўляцець «у чужую шафку на сваім харлеі». Але нават тады ад заняткаў цябе найхутчэй не адхіляць.