Паэзія, што зачаравала журы: кароткі спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай

Апошняе абнаўленне: 13 мая 2025
Паэзія, што зачаравала журы: кароткі спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай

Штогод прэмія імя Наталлі Арсенневай адзначае найлепшыя кнігі паэзіі на беларускай мове — творы, якія захапляюць, кранаюць і перажываюць час.

Згодна са статутам, у кароткі спіс прэміі могуць увайсці тры кнігі. Сёлета журы абрала 10 выданняў для доўгага спісу, што зрабіла фінальны выбар яшчэ складанейшым. Але рашэнне прынята — і вось тройка паэтычных кніг, якія сёлета атрымалі прызнанне:

  1. «Момант цішыні» – Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна);

  2. «Нічога нястрашнага» – Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth Minsk»);

  3. «Дзікае паляваньне караля Стаха: Вершы да опэры» – Андрэй Хадановіч (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).

Журы прэміі – гэта пяцёра адданых паэзіі людзей: паэты і паэткі, літаратуразнаўцы, чытачы і чытачкі, якія па-сапраўднаму разумеюць слова. Сярод публічных сябраў журы:

Ульяна Верына – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук.
Сяргей Дубавец – пісьменнік, рэдактар, літаратуразнаўца, крытык.
Ганна Шакель – паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса «Taŭbin»,  лаўрэатка прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2023 год.

Запрашаем вас на цырымонію ўзнагароджання!

Беларуская паэзія ды музыка на свежым паветры — што можа быць лепшым? Прэмія традыцыйна пройдзе ў белым ды блакітным колерах. Запрашаем далучацца да гэтай гамы ў сваім строі. Будзе прыгожа і святочна!

Калі?

24 траўня (субота)
Пачатак а 16:00 — напоі, кружэлкі ды сяброўскія гутаркі
А 16:30 — урачыстая частка: вершы, музыка, эмоцыі

Дзе?

Беларускі моладзевы хаб у Варшаве
ul. Dożynkowa 6a

І гэта яшчэ не ўсё! Мы падрыхтавалі прыемныя сюрпрызы, якія будзем раскрываць цягам тыдня. Цырымонія загучыць голасам і музыкай зорак беларускай музычнай сцэны. Сачыце за навінамі, а мы будзем з прыемнасцю абвяшчаць імёны.

Арганізатары:

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёр цырымоніі: Беларускі Моладзевы Хаб.

Пры падтрымцы фондаў «Estate of Vitaut Kipel» ды «Belarusian Charitable Trust».

Сачыце за навінамі на сайтах арганізатараў penbelarus.org і bellit.info, а таксама ў сацыяльных сетках!