
Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч працягвае весці нататнік заняткаў.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Апошняя ў другім сезоне Перакладчыцкая Майстэрня ў анлайн-фармаце была прысвечаная сучаснай украінскай паэзіі. У межах сустрэчы адбылася міні-прэзентацыя зборніка «Пра словы і цішыню між імі», а таксама «ўкраінскай» рубрыкі ў інтэнэт-часопісе «Таўбін», куды ўвайшлі перакладзеныя на беларускую вершы, напісаныя пасля 24 лютага 2022. Але размова не абмяжоўвалася толькі імі: удзельнікі пачулі як найнавейшую паэзію ваеннага часу, так і вершы ўкраінскіх творцаў розных пакаленняў і розных часоў – ад культавай Ліны Кастэнкі, што нядаўна адсвяткавала 95-гадовы юбілей, праз іранічную лірыку бліскучай паэтычнай групы Бу-Ба-Бу, да Сяргія Жадана і Марыяны Кіяноўскай, якія задаюць тон у сённяшняй украінскай літаратуры.
У поле ўвагі ўдзельнікаў трапілі як вольныя вершы, так і тэксты класічна (вельмі часта – віртуозна) рыфмаваныя, разам з праблемамі захавання ў перакладзе паэтычнай формы. Размова вялася і пра падманлівую «лёгкасць» – а так напраўду, звышскладанасць – перакладаў з блізкай і, здавалася б, зразумелай кожнаму мовы. Пра фальшывых сяброў перакладчыкаў, калі «аднолькавыя» ці вельмі падобныя словы значаць нешта зусім рознае, а таксама пра словы і іх злучэнні, што могуць выклікаць у розных культурах зусім розныя асацыяцыі. Вядома ж, пра цытаты, зразумелыя амаль кожнаму ў адной культуры і практычна нечытэльныя для носьбітаў іншай, – і тое, як гэтыя цытаты перакладаць.

Мадэратар Андрэй Хадановіч паказваў вершы паэтаў і паэтак, украінскія арыгіналы, што ставілі перад ім пэўныя перакладчыцкія выклікі і праблемы, і свае спробы гэтыя праблемы вырашыць. Найчасцей цытаваліся вершы Сяргія Жадана, відаць, найбольш на сёння знанага і любімага беларусамі ўкраінскага аўтара. (Досыць згадаць пра тры кнігі Жадана – «Anarchy in the UKR», «Іншае імя любові» і «Месапатамія», – што амаль адначасова з’явіліся ў беларускімі эміграцыйных выданнях у Лондане, Берліне і Варшаве.)
Паэт разважаў пра дапушчальную (і не) ступень вольнасці перакладчыка ў сітуацыі, калі даслоўнае перастварэнне з мовы на мову, вядома ж, немагчымае. Аб працы з сінонімамі і словамі, якія могуць імі быць у пэўным кантэксце.
Сяргій Жадан, арыгінал:
Грудневого сонця знеболювальні таблетки.
Світ, мов із атомів, складається з літер твоєї абетки…
…з теплого наполегливого промовляння.
Короткі дні зимового сонцестояння.
Пераклад:
Сонца напрыканцы снежня – болеспатольным лекам.
З літар твайго альфабэту складаецца свет, як з малекул…
…Цёплыя гукі ўпартаю параю з рота.
Кароткія дні зімовага сонцавароту.
Што рабіць, калі асацыятыўнае поле, здавалася б, аднолькавых словаў у нашых мовах не зусім супадае? Напрыклад, калі «цар» у кантэксце каляднага верша – зусім не цар Ірад, а адзін з трох калядных магаў-мудрацоў (па-ўкраінску «три царі»)?
Арыгінал:
Я не знаю, коли цього року зійде зоря.
Небо цими днями – тихе, сліпе.
Дитина пильно дивиться в око царя,
й бачить там відчай, себто бачить себе.
Пераклад:
Я не ведаю, калі сёлета ўзыйдзе зара.
Неба ў гэтыя дні аслепла ў ціхай журбе.
Дзіця ўглядаецца ў вока ўкленчанага цара
і бачыць там роспач, то бок бачыць сябе.
У гэтым выпадку ўдакладненне «ўкленчанага» – бо менавіта так «цары» (яны ж каралі, магі, мудрацы, вешчуны, валхвы і г.д.) падносяць немаўляці дары – здаецца цалкам дапушчальным. Разам з тым, перакладчык прывёў прыклад, калі дадаванне ў пераклад аднаго слова – здавалася б, на сто працэнтаў апраўданага кантэкстам – можа прывесці да непрадказальных наступстваў. Ёсць у яшчэ даваеннага Жадана верш пра баксёра, які заканчваецца такой страфой:
Не засинати без морфію, вміло в’язати зап’ястя бинтами,
наче золото в ріках, шукати снодійне у венах,
приходити в зал, ставати під грушу й бити її до нестями,
ніби це справді вона винна в твоїх проблемах.
У перакладзе знайшоўся някепскі эмацыйна эквівалент для арыгінальнай «нестями» – «запамарока», засталося толькі паставіць яго ў гэткую ж моцную пазіцыю ў страфе, то бок зрыфмаваць. Пошук рыфмаў падказаў імя асвечанага Галівудам баксёра, спакуса была занадта моцнай – і «Рокі» ўвайшоў у пераклад:
Бінтуеш запясці. Без морфію не засынае Рокі.
Нібы золата ў рэках, шукаеш снатворнае ў венах.
І, стаўшы пад грушу, б’еш яе, б’еш да запамарокі,
нібы гэта яна вінавата ў тваіх праблемах.
Пераклад увайшоў у кнігу выбраных вершаў Жадана «Украінскія авіялініі», якая выйшла па-беларуску ва ўкраінскім Цярнопалі. (Так бывае.) А потым гэты тэкст раптам пачаў жыць сваім жыццём. Спачатку Сяргей Міхалок зрабіў з верша Жадана песню – і, па-першае, страфа з найбольшай перакладчыцкай вольнасцю зрабілася рэфрэнам. Па-другое, само імя «Рокі» стала назвай песні і кліпа з Віталём Гурковым. Па-трэцяе, менавіта гэтае імя дало назву і ўсяму альбому гурта «Brutto». Вялікая кар’ера, як на слова, што адсутнічала ў арыгінале. Так што, шаноўныя перакладчыкі, асцярожней з дадаваннем словаў, нават калі яны, здавалася б, вельмі пасуюць!
Апроч мадэратара, на Майстэрні выступіў яе ўдзельнік, паэт Артур Камароўскі – у іпастасі перакладчыка ўкраінскіх вершаў і аднаго з рэдактараў інтэрнэт-часопіса сучаснай паэзіі «Таўбін». З першага дня поўнамаштабнага расійскага ўварвання, з 24 лютага 2022, у часопіса з’явілася сталая рубрыка з перакладамі ўкраінскіх вершаў ваеннага часу. Беларускія перакладчыкі знаходзілі іх у сеціве і перастваралі па гарачых слядах. А потым выйшаў і зборнік з беларускімі перакладамі ўкраінскай ваеннай паэзіі «Пра словы і цішыню між імі». У кнігу ўвайшлі вершы трынаццаці паэтак і паэтаў. Не ўсе ўкраінскія аўтары – з цалкам сёння зразумелых прычын – пагадзіліся на публікацыю ў ёй. Тым важнейшая для нас згода і падтрымка тых, хто на гэта пагадзіўся!
Артур Камароўскі – паэт, мастак, перакладчык, рэдактар, куратар.
Рэдактар часопіса пра сучасную беларускую літаратуру «Таўбін», удзельнік ВІА «Красный Борщевик». Аўтар паэтычных зборнікаў «Вада пачынае жыць» (2020), «Corpus Vile» (2023), «Я і ёсць забаронены сцяг» (2023). Лаўрэат прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Перакладае з украінскай, польскай, англійскай і шведскай моў. Удзельнік шматлікіх міжнародных арт-фестываляў і выстаў.
Вось як выказаўся пра інтэрнэт-рубрыку ў «Таўбіне» і папяровы зборнік Артур Камароўскі:
«Тое, што зараз можна прачытаць на “Таўбіне” – гэта і “пра словы і цішыню між імі”, і пра нянавісць, і пра гнеў, але таксама і пра любоў. Гэтая украінская паэзія поўніцца рознымі эмоцыямі і дае магчымасць чытачам і чытачкам хаця б трошачкі стаць бліжэй да разумення гэтых пачуццяў. Але таксама гэта і выклік – ці паэзія добры і прыдатны для гэтай справы сродак? Масток, які пракладаюць перакладчыкі і перакладчыцы паміж дзвюма краінамі – часам хісткі, часам нябачны, але дакладна неабходны і важны».
Артур паказаў сваім калегам з Майстэрні як уласныя пераклады, так і працу іншых перакладчыкаў, што перастваралі ўкраінскіх аўтараў і аўтарак для «Таўбіна» і для зборніка «Пра словы і цішыню між імі». Адзін з найадметнейшых паэтаў у зборніку – Артур Дронь, які быў прадстаўлены як у арыгінале, так і ў беларускай версіі Ігнася Налбандзяна:

***
Ми знову сперечались,
коли тебе зустрічати. Але, знаєш
і 25-го і 7-го Вифлеєм
обстрілювали і бомбили.
Нема ясел, нема ягнят, нема
перинатального центру, нема
дитячого садочка, нема
дитячого майданчика.
Коли ти підростеш і вже говоритимеш,
скажи своїй мамі хай скаже моїй,
як їй це все
пережити.
***
Мы зноўку спрачаліся,
калі цябе сустракаць. Але, знаеш,
і 25-га і 7-га Бэтлеем
абстрэльвалі і бамбавалі.
Няма ані ясляў, ані ягнят, няма
перынатальнага цэнтра, няма
дзіцячага садка, няма
дзіцячае пляцоўкі.
Калі пасталееш і ўжо гаварыцьмеш,
скажы сваёй маці, хай скажа маёй,
як ёй гэта ўсё
перажыць.
Больш вершаў Артура Дроня па-беларуску чытайце на «Таўбіне».
Удзельнікі Майстэрні звярнулі ўвагу, што ў апошнія гады ўкраінская мова – мабыць, як у часы Уладзіміра Караткевіча – зноў адчувальна ўплывае на беларускую. Адбываюцца і лексічныя запазычанні, і пашырэнне пэўных граматычных формаў, на ўзор украінскай. Так, сінтэтычная форма будучага часу «гаварыцьмеш», што ўжывае перакладчык, безумоўна, больш рэдкая ў беларускай, чым форма «говоритимеш» ва ўкраінскай. Але магчымая – і відочна ў апошні час у нас пашыраецца. (Ніжэй знойдзеце прыклад яшчэ адной такой формы ў перакладзе.)
Некалькіх украінскіх паэтак і паэтаў Артур Камароўскі прадставіў ва ўласных перакладах: у арыгіналах і па-беларуску чыталіся вершы Дарыны Гладун, Іі Ківы, Лізаветы Жарыкавай, Вячаслава Лявіцкага. Параўнайце самі арыгінал Іі Ківы з беларускай версіяй Артура:

*
сидимо у темній кімнаті
спина до спини
тінь до тіні
обручку сонця перекручуючи по колу –
немовби освідчуючись у любові
а коли пальці і руки і рухи нам зраджують –
тепло обіймає наче дитя
вдивляємося в страх темряви
ніби…
(повітря хапає за горло –
і метафори змокрілий сірник
кришиться наче хліб)
…війна – це гра у перегляди
ця ґвалтовна втрата звички до мови –
срібне серце що б’ється на шворці
про яке кожен думає: щось ми загубили
*
сядзім у цёмным пакоі
спіна да спіны
цень да ценю
заручальны пярсцёнак сонца круцім па коле –
быццам прызнаемся ў каханні
а калі пальцы і рукі і рухі нам здраджваюць –
цяпло абдымае нібы дзіця
углядаемся ў страх цемнаты
быццам…
(паветра хапае за горла –
і метафары размоклая запалка
крышыцца нібы хлеб)
… вайна – хто каго перагледзіць
гвалтоўная страта звычкі да мовы –
срэбнае сэрца што трымціць на вяроўцы
пра якое кожны думае: мы страцілі штосьці
Больш вершаў Іі Ківы ў перакладах Артура Камароўскага можна знайсці на «Таўбіне».
А потым удзельнікі Майстэрні разам разбіралі тры вершы легендарнай Ліны Кастэнкі, прадстаўленыя перакладчыцай на абмеркаванне. Варта спыніцца на творы, які можа паслужыць прыкладам не толькі выдатнай, ужо хрэстаматыйнай паэзіі, але і шматлікіх праблемаў, што паўстаюць перад яе перакладчыкамі.

Крила
А й правда, крилатим ґрунту не треба.
Землі немає, то буде небо.
Немає поля, то буде воля.
Немає пари, то будуть хмари.
В цьому, напевно, правда пташина…
А як же людина? А що ж людина?
Живе на землі. Сама не літає.
А крила має. А крила має!
Вони, ті крила, не з пуху-пір’я,
А з правди, чесноти і довір’я.
У кого – з вірності у коханні.
У кого – з вічного поривання.
У кого – з щирості до роботи.
У кого – з щедрості на турботи.
У кого – з пісні, або з надії,
Або з поезії, або з мрії.
Людина нібито не літає…
А крила має. А крила має!
Крылы (чарнавік перакладу)
А праўда, крылатым глебы не трэба.
Зямлі няма, то будзе неба.
Няма поля, дык будзе воля.
Няма пары, дык будуць хмары.
У гэтым пташына праўда спрадвечна…
А як чалавек? А што чалавеча?
Жыве на зямлі. Сам не лятае.
А крылы мае. А крылы мае!
І тыя крылы не з пуху-пер’я
А з праўды, цноты і даверу.
У кагосьці – з адданасці ў каханні.
У кагосьці – з вечнага парывання.
У кагосьці – з шчырасці да работы.
У кагосьці з шчодрасці да турботы.
У кагосьці – з песні, або з чакання,
Або з паэзіі, або са здання.
Чалавек нібыта не лятае…
А крылы мае. А крылы мае!
Самага беглага позірку дастаткова, каб заўважыць, што перакладчыца не «выйшла з палону» моцнага арыгіналу, спрабуючы перастварыць верш амаль даслоўна. У асобных радках (дзе супадаюць украінскія і беларускія рыфмы) ёй гэта ўдалося, у іншых выпадках або разбураецца дакладная рыфма («пер’я»-«даверу», для параўнання, з арыгінальнай украінскай рыфмай усё ў парадку: «пір’я»-«довір’я»), або дзеля рыфмы ўжываюцца не самыя ўдалыя словы («са здання») ці іх формы («А што чалавеча?»). У апошнім выпадку блытаюцца склоны: ужываецца вакатыў (клічны склон) у сэнсе склону назоўнага. Часам несупадзенне націскаў ва ўкраінскіх і беларускіх словах або іх розная даўжыня прыводзяць да таго, што рытм перакладу разбураецца: «няма» на месцы «немає», «у кагосьці» на месцы «у кого», «чалавек» на месцы «людина» і г.д. Усе гэтыя выпадкі патрабуюць пэўнага адыходу ад даслоўнасці, каб верш ізноў загучаў як верш.
Крылы (прапанавана)
А праўда, крылатым глебы не трэба.
Зямлі бракуе, то будзе неба.
Бракуе поля, дык будзе воля.
Бракуе пары, дык будуць хмары.
Мо ў гэтым праўда птушкі спрадвеку…
А як чалавеку? А што чалавеку?
Жыве не ў небе. Сам не лятае.
А крылы мае. А крылы мае!
І тыя крылы не з пер’я-пуху,
А з праўды і цноты, даверу і духу.
Камусьці крылы – з веры ў каханне.
Камусьці – з вечнага парывання.
Камусьці – з шчырасці да работы.
Камусьці – з шчодрасці на турботы.
Камусьці – з песень, або з чаканняў.
Камусьці з вершаў, мрой, спадзяванняў.
Бо чалавек нібы не лятае…
А крылы мае. А крылы мае!

Другой сучаснай – і таксама ўжо знакамітай – украінскай паэткай, чые беларускія пераклады абмяркоўваліся на Майстэрні, была Марыяна Кіяноўска, якая жыве ў Львове, хоць у апошнія часы – пераважна за мяжой, у Кракаве. Схільная да глыбокай медытацыі, трагічнай інтанацыі і віртуознай версіфікацыі ў межах розных паэтык, Марыяна здолела стварыць па-ўкраінску поліфанічную споведзь ахвяраў Халакосту ў сваёй кнізе «Бабін Яр. Галасамі», што мела вялікі рэзананс, была перакладзена на некалькі моваў і прынесла аўтарцы некалькі прэстыжных еўрапейскіх прэміяў (Гданьскі Паэт Свабоды, Прэмія імя Збігнева Гербэрта ды інш.). Марыяна чытала вершы з «Бабінага Яра» і ў Менску, калі прыязджала на паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова. Вось адзін з іх у перакладзе Андрэя Хадановіча:
я памерла б на вуліцы гэтай ці той што за рогам
ды канвой аніяк не дазволіць малі не малі
у валізцы не тое каб рэчы збірала ў дарогу
як збіраюць людзей у дарогу на нашай зямлі
толькі ключ і лісты фатаграфіі брошка і грошы
і не тое каб грошы адно толькі пара банкнот
мы брыдзём летнім пылам нібыта ў зімовай парошы
абмінаючы целы варонкі й сляды нечыстот
уварваліся ў дом і ўсё цэннае ўзяць загадалі
я ўзяла цёплы плед трохі хлеба і трохі вады
а эсэсаўцы кпілі з жытла з кожнай беднай дэталі
што ў нішто праваліліся раптам як я назаўжды
і цяпер я іду назаўжды разумею і бачу
ўсю асуджанасць нашу праз горкага лета расу
я памерла б на вуліцы гэтай таму і не плачу
апускаю валізку і толькі імя я нясу
я Рахіля
Марыянін верш, што абмяркоўваўся на Майстэрні, ізноў змусіў удзельнікаў дыскусіі засяродзіцца на пытаннях рыфмы і рытму і іх адэкватнай перадачы. Вось як гучыць апошняя страфа арыгіналу:
…Хай яблука впадуть – і навіть ті останні,
Що важчі, ніж слова, та легші молитов.
…Є особливий час – час постаті в тумані,
Якій усе одно. Якій усе – любов.
У чарнавіку ў перакладчыцы выйшла па-беларуску наступным чынам:
…Хай яблыкі ўпадуць – апошнія ўсе,
Яны цяжэй за словы, але лягчэй малення.
Ёсць асаблівы час – час постаці ў імгле,
Якой усё адно. Якой усё – каханне.
Як вы можаце заўважыць, жаночыя і мужчынскія рыфмы, па-першае, памяняліся месцамі, па-другое, зрабілісія менш багатымі і дакладнымі («усе-імгле») або наагул перасталі ўспрымацца як рыфмы («малення-каханне»). Па-трэцяе, у другім радку страфы пачынае патроху хістацца рытм, бо знікае абавязковая для аўтаркі цэзура пасярэдзіне радка, пасля шостага складу («яны цяжэй за сло||вы, але…» – правільная цэзура мусіла б трапіць на словападзел, чаго не адбылося). Па-чацвёртае, хібна ўжытая параўнальная ступень прыметніка («цяжэй», «лягчэй» – у такой сінтаксічнай пазіцыі патрэбна: «цяжэйшыя», «лягчэйшыя»).
А таму было прапанавана вярнуць правільную цэзуру, памяняўшы месцамі паўрадкоўі пра словы і малітвы; вярнуць правільнае чаргаванне рыфмаў (спачатку жаночая, потым мужчынская), а заадно і арыгінальныя словы «ў тумане» і «любоў»; перабудаваць сінтаксічную канструкцыю так, каб важныя словы «цяжэй» і «лягчэй» (паколькі «цяжэйшыя» і «лягчэйшыя» проста не змясціліся б у вершаваны памер) ператварыліся з прыметнікаў у прыслоўі, адказвалі б на пытанне «як?», а не «якія?». Прыкладна так:
Хай яблыкі ўпадуць – апошнія дазвання,
Лягчэй за пацеры, але цяжэй ад слоў.
Ёсць асаблівы час – час постаці ў тумане,
Якой усё адно. Якой усё – любоў.
Дарэчы, вершы Марыяны Кіяноўскай ў беларускіх перакладах таксама апублікаваныя ў зборніку «Пра словы і цішыню між імі», як надрукаваныя і пераклады ўкраінскага паэта Паўла Карабчука, творам якога ў дзвюх моўных версіях хочацца скончыць гэты матэрыял. І хай хутчэй станецца так, як абяцае гэты верш!

* * *
коли закінчиться війна я буду малювати картини
на обстріляному березі приморського міста
а я буду в поліському лісі збирати малину
обережно щоб не було розтяжки розгортатиму листя
я буду виховувати дітей — світлими і цікавими
а я буду відновлювати пошкоджені трамвайні лінії
а я як і раніше буду баристою готуватиму каву
коли поверну автомат і якщо кавʼярня вціліє
а я лишуся у благодійництві а я продовжу в логістиці
а я і далі повертатиму людей у нормальні психічні стани
а я буду молитися в мені молитва за кожного поміститься
всі ми бачимо себе після війни всі ми — одностайні
а я буду дивитися на мою улюблену країну з небес
а я — з глибини століть а я — з зали слухань Божого суду
а я — з купальських багать а я — з прадавніх словес
а я колись народжуся виросту і теж — буду
а я буду повторювати прізвища та імена
дякуючи героям які вижили і які ні
про те що буде коли закінчиться війна
найвідчайдушніше мріється на війні
* * *
калі вайна скончыцца я малявацьму карціны
на абстраляным беразе ў прыморскім гарадку
а я ў палескім лесе буду збіраць маліны
уважна, каб не было расцяжак, кранаць лісток па лістку
я дзетак буду выхоўваць – светлымі і цікаўнымі
а я – трамвайныя лініі аднаўляць пацярпелыя
а я па-ранейшаму буду барыстам і гатавацьму каву
калі аўтамат вярну й застанецца кавярня цэлаю
а я і далей – у лагістыцы, а я працягну дабрачыннасць
а я захварэлых буду выцягваць з псіхічнай ямы
я ж буду маліцца за ўсіх, покуль ёсць магчымасць
пасля вайны кожны будзе іншы – і гэткі самы
а я на краіну родную буду глядзець з вышыні
а я – з пасяджэння на божым судзе ў час прысуду
а я – з пракаветных заклёнаў і жару ў купальскім агні
а я калісь нараджуся вырасту і таксама – буду
а я паўтарацьму прозвішчы ды імёны
дзякуючы героям хто выжыў і тым хто не
пра тое, што будзе пасля вайны, так натхнёна
і так адчайна мроіцца на вайне
Больш сучаснай украінскай паэзіі ў перакладах А.Хадановіча на «Таўбіне».