Лаўцы на полі амерыканскай літаратуры | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 1 красавіка 2025
Лаўцы на полі амерыканскай літаратуры | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч працягвае весці нататнік заняткаў.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні зноў было прысвечана амерыканскім творам, але гэтым разам не сучаснай літаратуры ЗША, а класіцы ХХ стагоддзя, двум даўно і заслужана культавым аўтарам, Айзеку Азімаву і Джэрому Дэвіду Сэлінджэру. Удзельнікі прадставілі па-беларуску два раманныя пачаткі: «Прэлюдыі да Асновы» (Prelude to Foundation) і «Лаўца ў жыце» (The Catcher in the Rye).

А яшчэ да маладых перакладчыц і перакладчыкаў завітала ў госці галоўная рэдактарка кракаўскага выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціна Андрэеева, каб пазнаёміцца і прадставіць сваю выдавецкую стратэгію ды месца ў ёй перакладной літаратуры. Паразмаўлялі пра камунікацыю перакладчык-выдавец у сённяшніх умовах, пра аўтарскія правы і роялці, пра пераклад на замову і творчыя ініцыятывы саміх перакладчыкаў.

Іншым грунтоўным уступам да канкрэтнага разбору тэкстаў стала размова пра беларускія пераклады амерыканскай літаратуры апошняга часу, а канкрэтна – пра кніжную серыю «Амерыканка». Ужо яе назва ва ўсёй сваёй шматсэнсоўнасці выразна сігналізуе, што «Амерыканка» – не проста механічная сума запланаваных і выдадзеных кніжак з краін Паўночнай Амерыкі, але найперш сведчыць пра пэўныя этычныя і эстэтычныя выклікі. Пра свабоду і чалавечую годнасць. Але і пра сучаснасць на ўзроўні мастацкай мовы і стылю, што стала не абы-якім іспытам для перакладчыц і перакладчыкаў, якія годна гэты іспыт яго здалі. А таксама пра досвед кніжнага выдання без дзяржаўнай ды іншай інстытуцыйнай падтрымкі (беларускі краўдфандынг канца 20-х гадоў). «Амерыканка» пачалася ў 2017 годзе і ўжо ўключае некалькі важных для нашай культуры кніжных пазіцый: «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі, «Байцоўскі клуб» Чака Паланюка, «Чытво» Чарлза Букоўскі, «Пенелапіяда» Маргарэт Этвуд, «Бойня №5» Курта Вонэгута. Большасць гэтых перакладаў абмяркоўвалася яшчэ на «вочных» занятках «Перакладчыцкай Майстэрні» ў Менску.


Кніжная серыя «Амерыканка» – незалежны выдавецкі праект, які аб’ядноўвае кнігі аўтараў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Найлепшыя амерыканскія кнігі ў найлепшым перакладзе на беларускую мову пакліканыя пашырыць далягляды беларускай культуры.

Нядаўна выдавецтва «Беларускія аўдыякнігі» выпусціла аўдыяверсію рамана «Палёт над гняздом зязюлі»  Кена Кізі, які ў перакладзе Аляксея Знаткевіча выходзіў у 2017 годзе ў гэтай серыі. 


Адна з агучаных падчас дыскусіі думак:

«Канцэпцыя серыі сягае шырэй за кнігавыданне. Бо дзякуючы “Амерыканцы” перакладчыкі, выдаўцы і чытачы сустракаюцца, каб абмеркаваць амерыканскую літаратуру, абмяняцца ідэямі і выказаць адно аднаму ўзаемныя чаканні; пачаткоўцы могуць зрабіць першыя крокі ў перакладзе мастацкай літаратуры; перакладчыкі, рэдактары і мастакі могуць эксперыментаваць з мовай, стылем і кніжным дызайнам».

Першым абмяркоўвалася «Прэлюдыя да Асновы» – уступны раман да аб’ёмнай навукова-фантастычнай сагі Айзека Азімава, які прадставіла Вольга Быкоўская. Перакладчыца прызналася ў сваіх сімпатыях да творчасці амерыканскага фантаста, які падаецца ёй найперш «лагічным». Пазітыўнае стаўленне да тэксту (адчуванне, што гэта «тваё»), на думку ўдзельнікаў абмеркавання, паспрыяла таму, што пераклад  «выкананы на добрым узроўні». Заўвагі датычылі варыянтаў перакладу самой назвы, а таксама адаптацыі імёнаў персанажаў сагі. Ці найлепшая беларуская версія для Foundation – «Аснова»? Ці варта рабіць героя, якога ў арыгінале завуць Demerzel, – Дэмярзелем? Празмерная славянізацыя можа прывесці да таго, што імя пачне ўспрымацца як вымоўнае. (А ці настолькі «мярзотны» персанаж?) Было прапанавана: Дэмэрзэл. Іншы герой, Гары Сэлдан: у арыгінале Hari Seldon. Ці не ўсходняе ў персанажа імя? Магчыма, варта перакладаць як Хары? Прагучала парада: пашукаць у іншых раманах серыі звесткі пра паходжанне гэтага імені.

Наагул выказаныя заўвагі не паўплывалі на высокую ацэнку перакладчыцкай працы і збольшага мелі чыста стылістычны характар. Напрыклад, замест:

Яго твар быў гладкі і вясёлы, валасы цёмна-каштанавыя, амаль чорныя, а адзенне беспамылкова належала правінцыялу”, –

было рапанавана: “Яго твар быў гладкі і вясёлы, валасы цёмна-каштанавыя, амаль чорныя, а адзенне, безумоўна, належала правінцыялу”.

Часам стылістычныя хібы вынікалі бадай што з вялікай павагі да тэксту і не меншай адказнасці перакладчыцы, якая не наважвалася трохі больш «адарвацца» ад арыгіналу:

Seldon knew he had no choice, for all the other’s careful politeness…”

Было: “Сэлдан ведаў, што ў яго не было выбару, нягледзячы на ўсю асцярожную ветлівасць вайскоўца…”

Прапанавана: “Сэлдан ведаў, што ў яго не было выбару, нягледзячы на ўсю бездакорную ветлівасць вайскоўца…”

Фота: Macmillan Publishers Citation, San Diego Historical Society

Другім перакладам, прадстаўленым на занятках, быў пачатак культавага раману «Лавец у жыце» (часам памылкова званы ў нас «Над прорвай у жыце», калька з досыць вольнай назвы рускага перакладу). Абмеркаванне выбухнула шквалам заўваг, што часткова вынікае з агульнай любові да твору, на якім вырасла не адно і не два пакаленні чытачоў ва ўсім свеце, а часткова з няроўнасці (дыпламатычна кажучы) прапанаванага на разгляд чарнавіка.

Мабыць, цэнтральная праблема беларускага тэксту – тое, што перакладчык не змог «схапіць», адэкватна перадаць інтанацыю апавядальніка. Таму і галоўнай парадай было «ўжыцца» ў вобраз героя Холдэна Коўлфілда: згадаць сябе ў падлеткавым веку, пачытаць кнігі па падлеткавай псіхалогіі, паслухаць, як размаўляюць сучасныя тынэйджэры. І гаворка тут не толькі і не столькі пра падлеткавы слэнг, з якім якраз варта быць асцярожным, бо нішто так хутка не састаравае і не ператвараецца з часам у архаізмы, як модныя наватворы (а разам з імі імкліва «старэюць» і самі пераклады). Да таго ж, вельмі лёгка «прамазаць» міма добрага густу.

Арыгінал: “If there’s one thing I hate, it’s the movies”.

Чарнавік: “Адзіная рэч, якую я хейчу, — гэта фільмы”.

«Хэйчу», безумоўна, паходзіць ад «hate», але на гэтым стылістычнае падабенства між арыгіналам і перакладам і заканчваецца. А таму –

прапанавана: “Адзіная рэч, якое я не выношу, — гэта фільмы”.

Яшчэ адзін прыклад ужывання слэнгавага слоўка з сумнеўным вынікам. На месцы нейтальнага арыгінальнага: “Now hes out in Hollywood, D.B., being a prostitute”, – з’яўляецца экзатычнае: “Д. Б. стаў сапраўднай галівудскай лафірындай”. Здаецца, без «падчэпленай» у нашага земляка Сяргея Пясецкага «лафірынды» цалкам можна было б абысціся, хапіла б і «прастытуткі».

«Схапіць інтанацыю» хутчэй значыць адтварыць па-беларуску эліптычную, поўную словаў-паразітаў мову дэпрэсіўнага школьніка. Перакладчыку параілі вылучыць у тэксце ўстаўныя канструкцыі, што паўтараюцца да злоўжывання («and all», «or something», «sort of» і г.д.), ды падабраць да іх беларускія адпаведнікі: «і ўсё такое», «кшталту», «неяк так», «ці там штосьці» – або свае варыянты.

Асаблівую праблему, на думку калегаў-перакладчыкаў, стварае слова «Boy» – выклічнік, які так часта паўтарае Холдэн, пры гэтым сам усведамляючы, што гэтае слова ў яго засмечвае мову. Аналагічным «паразітам» магло б стаць слова «блін», але гэта, вядома ж, толькі адна з магчымых прапаноў. Урэшце перакладчык сам павінен прыдумаць сваё рашэнне. Але так ці іначай, чарнавы варыянт «дружа» выглядае калькай і да перакладу не зусім пасуе.

Пачатак раману гучыць наступным чынам:

If you really want to hear about it, the first thing you’ll probably want to know is where I was born, an what my lousy childhood was like…”

Перакладчык прапанаваў такую версію:

Калі вам сапраўды цікава пачуць гэтую гісторыю, то, напэўна, першае, што вы б хацелі пачуць — гэта дзе я нарадзіўся, якім было маё агіднае дзяцінства…”

Апроч недарэчных паўтораў, на жаль, тут можна дыягнаставаць уплыў класічнага расійскага перакладу Рыты Райт-Кавалёвай. Зусім не абавязкова перакладаць about it як «гэту гісторыю», як у расійскім тэксце. Таму прапанавана:

Калі вам сапраўды цікава, то, напэўна, першае, што вы б хацелі пачуць, —  дзе я нарадзіўся, якім было маё паршывае дзяцінства…”

Некаторыя заўвагі датычылі анахранічнасці гучання беларускага тэксту, так што калегам даводзілася «вяртаць» маладога перакладчыка ў рэаліі 1950-х гадоў.

Напрыклад: “…and she had on those damn falsies that point all over the place…”

Чарнавік: “…былі і фальшывыя сіські…”

Вядома ж, у часы дзеяння раману сіліконавых грудзей яшчэ не было, а гаворка ішла пра ўстаўкі ў дзявочы станік, каб здавацца больш дарослай. (Не кажучы пра сумнеўны русізм «сіські», які ёсць чым замяніць па-беларуску.) Таму было прапанавана:

“…і яна напхала сабе нешта  ў станік, так што цыцкі тырчалі ўва ўсе бакі…”

Раз-пораз перакладчыку звярталі ўвагу на працу з ідыёмамі, якія, вядома ж, не варта перакладаць даслоўна:

Арыгінал: “They were coming in the goddam window”.

Было: “Яны проста лезлі ў вокны”.

Прапанавана: “Іх было як грэбаных селядцоў у бочцы”.

Калі-нікалі перакладчык спрашчае канструкцыі арыгіналу, падмяняючы пераклад болей ці меней блізкім да арыгіналу пераказам. Пры гэтым мала што застаецца ад аўтарскага стылю. Вось як герою Сэлінджэра чуецца матч, якога ён не бачыць:

“…but you could hear them all yelling, deep and terrific on the Pencey side, because practically the whole school except me was there, and scrawny and faggy on the Saxon Hall side, because the visiting team hardly ever brought many people with them”.

Што застаецца ў перакладчыка?

“…але добра чуваць заўзятараў Пенсі. Канешне, там была ўся школа. Акрамя мяне. Былі там і заўзятары з боку Сэксан Хол. Каманда ў гасцях, таму іх было зусім не шмат”.

Разам з сінтаксічнай паралельнасцю канструкцый з двума «because», знікаюць і ўсе гукі з гаспадарскай і гасцявой трыбунаў, акрамя канстатацыі, што «добра чуваць». Але так напраўду ў перакладзе не чуваць нічога, а магло б гучаць прынамсі такое:

“…затое добра чуваць крыкі заўзятараў – магутныя раскаты з нашага боку, бо там была амаль уся школа, апроч мяне, ды кіслы піск з боку Сэксан Хол, бо з камандай гасцей звычайна не прыязджае шмат народу”.

Часам цікавыя на ўзроўні ідэі перакладчыцкія задумы не атрымліваюць добрага стылістычнага ўвасаблення. Вось рэклама каледжу:

“…we have been molding boys into splendid, clearthinking young men

У перакладчыка ў чарнавіку:

Гадуем хлопцаў у цудоўных і разважлівых мужчын…”

Паколькі тэкст суправаджае выява пародзістага каня, а на ім – не менш шляхетнага зуха, які гуляе ў пола, дзеяслоў «гадаваць» у сэнсе «выхоўваць» быў бы цалкам на месцы, каб не фатальная стылістыка: «гадаваць кагосьці ў кагосьці». У адрэдагаванай версіі можа быць такое:

Гадуем з хлопцаў бліскучых і разважлівых маладзёнаў…”.

Калі яшчэ крыху падрэдагаваць гэты слоган, можна смела рэкламаваць і нашу Майстэрню: «Гадуем з пачаткоўцаў цудоўных і разважлівых перакладчыкаў».

Галоўнае, усё праўда. Бо Перакладчыцкая Майстэрня пачынае трэці сезон, завязвае больш актыўнае супрацоўніцтва з беларускімі незалежнымі выдаўцамі, і ў маладых перакладчыц ды перакладчыкаў з’яўляюцца рэальныя магчымасці «гадаваць» з фрагментаў чарнавікоў бліскучыя і разважлівыя (або і не, як каму падабаецца) кніжныя публікацыі.