Стартуе новы сезон Перакладчыцкай майстэрні! Наступны ўзровень!

Апошняе абнаўленне: 31 сакавіка 2025
Стартуе новы сезон Перакладчыцкай майстэрні! Наступны ўзровень!

Беларускі ПЭН абвяшчае набор на трэці сезон Перакладчыцкай майстэрні — і ён будзе яшчэ больш паглыбленым, насычаным і прафесійна арыентаваным!

У гэтым сезоне мы вельмі чакаем тых, хто хоча сур’ёзна займацца перакладамі і супрацоўнічаць з выдавецтвамі. Запрашаем у тым ліку і выпускніц ды выпускнікоў папярэдніх сезонаў, каб яны далей удасканальвалі сваё майстэрства. 

У чым асаблівасць гэтага сезона?

Мы папрасілі беларускія выдавецтвы, якія працуюць з перакладамі, падзяліцца фрагментамі кніг, што плануюцца да выдання. Гэта значыць, што ўжо на этапе падачы заяўкі вы пачняце працаваць з мастацкімі тэкстамі, якія маюць рэальны шанц з’явіцца ў друку.

У гэтым сезоне мы чакаем актыўнага ўдзелу і наведвання ўсіх сустрэч, каб вы змаглі ўзяць ад курса ўсё, што мы вам можам прапанаваць.

  1. Каб трапіць у майстэрню, трэба перакласці адзін з прапанаваных фрагментаў (да 3  старонак) і даслаць яго разам з заяўкаю. У выпадку, калі сярод прапанаваных фрагментаў адсутнічае мова, з якой вы можаце перакладаць, або вы не адчуваеце, што прапанаваны спіс адпавядае вашым інтарэсам ды досведу, запрашаем падаваць пераклады твораў, што цікавяць менавіта вас (таксама да 3 старонак).
  2. У вас будзе тры тыдні, каб спакойна і якасна падрыхтавацца і падаць заяўку.
  3. Чакайце ліста ад нас з вынікамі адбору. Колькасць удзельнікаў ды ўдзельніц абмежаваная.
Што чакае тых, хто пройдзе адбор?

Гэта будзе больш, чым базавы курс. Вы зможаце паляпшаць і шліфаваць ваш пераклад пад кіраўніцтвам вопытных майстраў — вядомых перакладчыкаў і перакладчыц.

Па заканчэнні майстэрні гатовыя пераклады будуць прадстаўлены выдавецтвам. Наша мэта — стварыць умовы для вашага прафесійнага росту і дапамагчы перакладам знайсці шлях да выдаўцоў.

Сустрэчы будуць адбывацца анлайн на платформе ZOOM у траўні – ліпені раз на тыдзень чацвяргамі, з 18:00 да 20:00 беларускага часу.

Усе тэксты для перакладу даступныя ў дакуменце  па спасылцы. Гатовы варыянт або варыянты перакладу разам з арыгінальным тэкстам прымацуйце ў гугл-форме.

Запоўніць заяўку

Дэдлайн падачы заяўкі з перакладамі — да 20  красавіка 2025 года ўключна.

Чакаем вас у новым сезоне!