Супольная заява чальцоў сеткі Дамоў правоў чалавека да ўладаў Грузіі з заклікам неадкладна спыніць гвалтоўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў, абараніць права на мірныя сходы і выконваць міжнароднае заканадаўства. Акрамя таго, мы заклікаем міжнародную супольнасць асудзіць гэтыя парушэнні і аказаць ціск на ўлады Грузіі.
Мы, чальцы сеткі Дамоў правоў чалавека, якія падпісаліся ніжэй, устрывожаны дзеяннямі ўладаў Грузіі ў кантэксце нядаўніх пратэстаў у Тбілісі ў адказ на абвешчанае ўладамі прыпыненне заявы на ўступленне ў Еўрапейскі саюз. Гэтыя дзеянні ўключаюць гвалт супраць пратэстоўцаў, катаванні і жорсткае абыходжанне з затрыманымі, а таксама наўмысны пераслед журналістаў. Мы заклікаем улады Грузіі спыніць шырокае незаконнае прымяненне паліцыяй сілы і паважаць асноўныя свабоды і правы чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Грузіі.
Рашэнне ўладаў Грузіі прыпыніць перамовы пра ўступленне ў ЕС было прынята на фоне няспынных пратэстаў супраць таго, што мясцовыя назіральнікі лічаць падтасаванымі і сфальсіфікаванымі парламенцкімі выбарамі 26 кастрычніка 2024 года, і наступных заклікаў, у тым ліку з боку Еўрапейскага парламента, да паўторных выбараў. У адказ на гэта з 28 лістапада ў Тбілісі праходзяць маштабныя маніфестацыі. Некаторыя групы назіральнікаў ацэньваюць колькасць дэманстрантаў прыкладна ў 200 000 чалавек.
У адказ супрацоўнікі праваахоўных арганаў, а таксама невядомыя асобы ў цывільным і ў масках прымяняюць супраць дэманстрантаў і працаўнікоў СМІ надзвычайны гвалт. Омбудсмен і праваабарончыя групы асудзілі наўмысныя напады на журналістаў і іх абсталяванне, а таксама пераслед, акружэнне і збіццё мірных дэманстрантаў, у тым ліку тых, што адступалі з месца пратэстаў ці хаваліся ў прыватных памяшканнях. Журналісты і палітыкі атрымалі пераломы костак. Больш за 300 пратэстоўцаў былі затрыманы. Омбудсмен паведаміў, што 80% затрыманых скардзіліся на паліцэйскі гвалт, і яго офіс задакументаваў выпадкі жорсткага абыходжання. Падчас пратэстаў неаднаразова прымяняліся слезацечны газ, вадамёты і пярцовы спрэй. Паводле омбудсмена, гэта робіцца без законных падстаў.
На сённяшні дзень шпіталізавалі 44 чалавек. Юрысты CSO Legal Aid Network паведамілі, што людзі, якія змешчаны ў медыцынскія ўстановы, «маюць вялікія сінякі і траўмы твару, пераломы насоў і сківіц». Паведамляецца, што яны цярпяць ад «множных гематом, ад цяжкасцяў у руху і маўленні». Ахвяры расказалі пра пагрозы згвалтавання і жорсткае збіццё падчас утрымання ў паліцыі пад вартай.
Грузінскія ўлады мусяць выконваць абавязацельствы Грузіі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку абараняць свабоду мірных сходаў. У адпаведнасці з міжнародным правам існуе абсалютная забарона на катаванні і жорсткае абыходжанне. Сутыкненні падчас пратэсту не апраўдваюць разгон усёй дэманстрацыі дзясяткаў тысяч мірных пратэстоўцаў з дапамогай слезацечнага газу, пярцовага спрэю і вадамётаў. Рэакцыя ўладаў на дэманстрацыі з 28 лістапада – гэта празмернае і непрапарцыйнае прымяненне сілы, якое немагчыма апраўдаць абмежаваннямі свабоды сходаў і выяўлення меркавання.
Мы заклікаем улады Грузіі:
- неадкладна спыніць паліцэйскі гвалт і жорсткае абыходжанне з пратэстоўцамі;
- паважаць міжнароднае права на мірны сход і забяспечыць абарону ўдзельнікаў такіх мірных сходаў;
- безумоўна асудзіць жорсткасць паліцыі і зафіксаваныя выпадкі жорсткага абыходжання;
- хутка і эфектыўна расследаваць паведамленні пра злоўжыванні ўладай і заяўленыя катаванні;
- дазволіць журналістам бесперашкодна асвятляць акцыі пратэсту;
- безумоўна вызваліць несправядліва затрыманых пратэстоўцаў і забяспечыць затрыманым гарантыі справядлівага судовага разбору.
Акрамя таго, мы заклікаем міжнародную супольнасць:
- публічна асудзіць прымяненне празмернага гвалту і заяўленых катаванняў грузінскімі праваахоўнымі органамі;
- аказаць ціск на грузінскія ўлады, каб неадкладна спыніць паліцэйскі гвалт і жорсткае абыходжанне з пратэстоўцамі;
- цесна супрацоўнічаць з грузінскімі праваабаронцамі дзеля рэагавання на задакументаваныя выпадкі парушэння правоў чалавека;
- забяспечыць належнае прымяненне ўсіх міжнародных механізмаў дзеля прыцягнення грузінскіх уладаў да адказнасці за парушэнне правоў чалавека.