Беларускі ПЭН далучыўся да заявы PEN International аб жорсткім пераследзе журналістаў і мірных пратэстаўцаў у Грузіі.
«Няспынны ціск грузінскіх праваахоўных сіл на мірных пратэстоўцаў і журналістаў, у тым ліку жорсткае збіццё і адвольныя арышты, выклікае сур’ёзную занепакоенасць. Мы заклікаем улады захоўваць правы чалавека пратэстоўцаў, гарантаваць бяспечнае асяроддзе для прадстаўнікоў прэсы, якое дасць ім магчымасць працаваць, і прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання». Ма Тыда, старшыня Камітэта пісьменнікаў у зняволенні PEN International.
4 снежня 2024 г. – Грузінскія ўлады мусяць тэрмінова спыніць жорсткі пераслед мірных пратэстоўцаў і цалкам захоўваць права на выказванне меркавання і мірны сход, заявілі сёння PEN International і ПЭН Грузіі, бо пратэсты ва ўсёй краіне працягваюць сутыкацца з паліцэйскім гвалтам. PEN International і ПЭН Грузіі заклікаюць неадкладна, непрадузята і старанна расследаваць усе выпадкі прымянення сілы і прыцягнуць да адказнасці за незаконнае прымяненне паліцыяй сілы, у тым ліку катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання. Усе затрыманыя толькі за мірны пратэст мусіць быць неадкладна і безумоўна вызвалены.
28 кастрычніка 2024 года прэм’ер-міністр Іраклій Кабахідзэ абвясціў, што Грузія прыпыніць сваё ўступленне ў Еўрапейскі саюз да 2028 года ў адказ на рэзалюцыю Еўрапейскага парламента, якая асудзіла парламенцкія выбары ў Грузіі 26 кастрычніка як тыя, што маюць «шматлікія і сур’ёзныя выбарчыя парушэнні» і «[не могуць] лічыцца свабоднымі і справядлівымі». У рэзалюцыі, у прыватнасці, быў заклік да паўторнага правядзення выбараў на працягу года пад міжнародным кантролем. Тысячы праеўрапейскіх пратэстоўцаў выйшлі на вуліцы Тілісі, і пратэсты распаўсюдзіліся на ўсю краіну. Паводле паведамленняў СМІ і праваабарончых груп, пратэсты былі жорстка разагнаны супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў вадамёты і слёзацечны газ. Было заўважана, як мужчыны ў балаклавах убягалі ў натоўпы і збівалі людзей. Журналісты паведамілі, што праваахоўныя сілы наўмысна рабілі іх сваёй мэтай: на некаторых з журналістаў некалькі разоў жорстка нападалі, яны мелі патрэбу ў шпіталізацыі. Омбудсмен Грузіі заклікаў спыніць «помсту і запалохванне» з боку праваахоўных органаў, асудзіўшы катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання.
ПЭН Грузіі задакументаваў жорсткае збіццё паліцыяй Звіяда Ратыяні, паэта і перакладчыка, 29 лістапада ў Тбілісі. Ратыяні, які атрымаў сур’ёзныя траўмы, у тым ліку пераломы носа і спіны, быў асуджаны Тбіліскім гарадскім судом на восем дзён адміністрацыйнага арышту 2 снежня паводле абвінавачанняў у прыпісаных яму дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законным загадам паліцыі (артыкулы 166 і 172 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Грузіі). Таксама 2 снежня Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі абвясціла, што 224 пратэстаўцы затрыманы паводле адміністрацыйных абвінавачанняў і трое арыштаваны паводле крымінальных абвінавачанняў. Сярод затрыманых – Торніке Чэлідзэ, паэт і настаўнік, якога паліцыя некалькі разоў збіла і асудзіла на сем дзён адміністрацыйнага зняволення, таксама паводле абвінавачанняў у прыпісаных яму дробным хуліганстве і непадпарадкаванні законным загадам паліцыі.
Апошнія пратэсты ў Грузіі выбухнулі на фоне ўсё больш рэпрэсіўнага заканадаўства ў расійскім стылі, прасунутага ў нядаўнія месяцы кіроўнай партыяй «Грузінская мара», якая таксама кіравала жорсткім падаўленнем іншадумства. У верасні 2024 года парламент Грузіі прыняў законапраект аб сямейных каштоўнасцях, які, у прыватнасці, не дазваляе журналістам асвятляць пытанні ЛГБТІ і забараняе публічныя сходы, якія закон апісвае як «прасоўванне прапаганды ЛГБТ». Закон аб «замежных агентах», прыняты ў траўні 2024 года, нягледзячы на масавыя пратэсты, азмрочаныя паліцэйскім гвалтам, абавязвае арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20% гадавога фінансавання з крыніц за межамі Грузіі, у тым ліку ПЭН Грузіі, рэгістравацца як «арганізацыі, якія дбаюць пра інтарэсы замежнай дзяржавы», у выніку чаго яны сутыкаюцца з драконаўскімі патрабаваннямі да справаздачнасці.
Згодна з міжнародным правам у галіне правоў чалавека, дзяржава абавязана садзейнічаць правядзенню мірных сходаў. Любое выкарыстанне сілы мусіць адпавядаць фундаментальным прынцыпам законнасці, неабходнасці, прапарцыйнасці, перасцярогі і недыскрымінацыі, а тыя, хто прымяняе сілу, мусяць несці адказнасць за кожнае прымяненне сілы. PEN International і ПЭН Грузіі заклікаюць улады Грузіі выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, неадкладна спыніць паліцэйскі гвалт і расследаваць незаконнае прымяненне сілы. Усе затрыманыя за ажыццяўленне сваіх правоў на выказванне меркавання і мірны сход, у тым ліку Звіяд Ратыяні і Торніке Чэлідзэ, павінны быць неадкладна і безумоўна вызвалены.
Заўвага для рэдактараў:
Каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю, звяжыцеся з Аўрэліяй Донда, кіраўніцай аддзела Еўропы і Цэнтральнай Азіі PEN International: Aurelia.dondo@pen-