Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
30 кастрычніка 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад’яўлянага яму крымінальнага абвінавачання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананы судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.
Мы таксама нагадваем сваю пазіцыю, выказаную ў заяве праваабарончай супольнасці, пра тое, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і ня пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.
Нам вядома аб асуджэнні:
- Вадзіма Наўцэні паводле абвінавачвання ў абразе А. Лукашэнкі, абразе прадстаўніка ўлады, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, распальванні варожасці, арганізацыі альбо актыўным удзеле ў групавым грубым парушэнні грамадскага парадку паводле арт. 368, 369, 369-1, 130, 342 Крымінальнага кодэкса да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады ў папраўчай калоніі з штрафам;
- Андрэя Субцельнага паводле абвінавачвання ў закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, распальванні варожасці або варажнечы паводле арт. 361 і 130 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргея Кабарчука і Паўла Кабарчука, грамадзян Украіны, у закрытым судовым пасяджэнні паводле абвінавачвання ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту, незаконных дзеянняў у дачыненні да зброі і боепрыпасаў, перамяшчэнні іх праз мяжу, агентурнай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 13, ч. 3 арт. 289, ч. 4 арт. 295, ч. 3 арт. 333-1, арт. 358-1 КК прызначанае пакаранне ў выглядзе 20 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі са штрафам;
- Людмілы Дэйнекі паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варожасці, закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, абразе Лукашэнкі паводле арт.130, 361, 368 КК да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Уладамі неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, “утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах”. “Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, якія чакаюць судовага разбору паводле крымінальнага абвінавачвання, гэта значыць пасля прад’яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад’яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснаванае на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, ўмяшанне ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не мусяць утрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як “грамадская небяспека”… Дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання”.
Так, нам вядома пра ўтрыманне пад вартай:
- Вольгі Радзівонавай паводле абвінавачвання ў абразе А. Лукашэнкі і паклёпе на яго, абразе прадстаўніка ўлады, распальванні варожасці паводле арт. 368, 367, 369, 130 КК;
- Данііла Палянскага, журналіста, паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве паводле арт. 356 КК;
- Аляксандра Судніковіча паводле абвінавачвання ў абразе А. Лукашэнкі, абразе прадстаўніка ўлады, удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні, распальванні сацыяльнай варожасці паводле арт. 368, 369, 361-1, 130 КК;
- Наканісі Масатосі, грамадзяніна Японіі, паводле абвінавачвання ў агентурнай дзейнасці паводле арт. 358-1 КК.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:
- пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Вадзіма Наўцэні, Андрэя Субцэльнага, Сяргея Кабарчука, Паўла Кабарчука, Людмілы Дэйнекі, Вольгі Радзівонавай, Данііла Палянскага, Аляксандра Судніковіча, Наканісі Масатосі – з’яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і абраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на абранне захадаў, кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
- вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя захады для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Lawtrend;
Human Constanta;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі ПЭН.