Цырымонія ўручэння прэміі Анемпадыстава адбудзецца на «Бардаўскай восені»

Апошняе абнаўленне: 21 кастрычніка 2024
Цырымонія ўручэння прэміі Анемпадыстава адбудзецца на «Бардаўскай восені»

Анемпадыстаў ізноў вяртаецца на легендарны фестываль!

Цырымонія ўручэння прэміі Анемпадыстава за найлепшую вокладку для беларускай кнігі адбудзецца на канцэрце фестывалю бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень» 25 кастрычніка 2024 года.

За галоўную ўзнагароду – статуэтку ў форме цудоўнага анёла – сёлета змагаліся 37 мастакоў і мастачак. У кароткі спіс было абрана толькі 9 вокладак. Запрашаем вас пазнаёміцца з фіналістамі і фіналісткамі прэміі ды паспрабаваць адгадаць, хто стане трыумфатарам. Менавіта на «Бардаўскай восені» мы даведаемся імя пераможцы! 

Спецыяльным музычным госцем цырымоніі стане спявак, паэт, мастак, а таксама сябар патрона прэміі Лявон Вольскі! У ягоным выкананні прагучаць вядомыя кожнаму хіты з «Народнага альбома» аўтарства Міхала Анемпадыстава.

Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава. 2022 год стаў першым, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Пераможцамі за 2022 год сталі дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за вокладку кнігі «Людзі Лесу / Ludzi Lesu».

Сёлета ў складзе аргкамітэту прэміі – Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture». Партнёрамі прэміі сталі ТАА «H&L» і кампанія «Laut-Foreigner». Партнёр цырымоніі ўзнагароджання – Фонд TUTAKA.    

Дзе: Бельск Падляскі (Польшча), Бельскі дом культуры.

Калі: 25 кастрычніка, пачатак цырымоніі а 19:40 (пачатак канцэрту а 18:00).

Будзем радыя бачыць усіх і заспяваць разам тыя самыя «Простыя словы»!

Падрабязную праграму фестывалю можна знайсці на адпаведнай старонцы ў Facebook.