Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International адносна затрыманых сябраў PEN Romania.
«Затрыманне сябраў PEN, якія спрабавалі паехаць у непрызнаны рэгіён Малдовы – Прыднястроўе – для ўдзелу ў літаратурнай сустрэчы, выклікае вялікую занепакоенасць. Падтрыманы Расіяй сепаратысцкі ўрад Прыднястроўя імкнецца знішчыць незалежныя погляды. Мы заклікаем мясцовыя ўлады забяспечыць, каб пісьменнікі маглі працаваць у рэгіёне бяспечна і без страху перад рэпрэсіямі», — Ma Thida, старшыня Камітэта пісьменнікаў у зняволенні PEN International.
2 кастрычніка 2024 года PEN International і PEN Romania асудзілі затрыманне сябраў PEN Romania Dumitru Crudu, Maria Ivanov і Emilian Galaicu-Păun разам з журналісткай Elvira Moroșan у Прыднястроўі. Пісьменнікам і журналістам павінна быць дазволена працаваць свабодна і бяспечна ў гэтым рэгіёне.
16 верасня 2024 года, сябры PEN Romania Dumitru Crudu, Maria Ivanov і Emilian Galaicu-Păun, а таксама журналістка Elvira Moroșan былі затрыманыя на мяжы горада Бендэры (Цягінка) агентамі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (МДБ) – службы бяспекі ўрада Прыднястроўя, падтрыманага Расіяй. Пісьменнікі і журналістка накіроўваліся на літаратурную сустрэчу са старшакласнікамі ў Бендэрах.
Паводле слоў Dumitru Crudu, які апісаў падрабязнасці затрымання, агенты МДБ канфіскавалі іх дакументы і правялі ператрус у машыне. Асаблівую ўвагу яны надалі часопісу «TIMPUL», які прызначаўся для студэнтаў і ўтрымліваў артыкулы, што асуджалі вайну Расійскай Федэрацыі супраць Украіны. Пісьменнікаў і журналістку дапытвалі больш за гадзіну, распытваючы пра мэту іх візіту, але адмаўляліся растлумачыць прычыны затрымання. Апасаючыся арышту, Crudu змог звязацца з прадстаўнікамі Міністэрства па рэінтэграцыі Малдовы, якія дапамаглі дамагчыся вызвалення. Пасля гэтага іх накіравалі назад у Кішынёў і паведамілі, што ім больш не дазволяць уезд у Прыднястроўе.
Арганізацыі, якія абараняюць свабоду слова, такія як Камітэт па абароне журналістаў, дакументуюць выпадкі пераследу журналістаў у Прыднястроўі, уключаючы сістэматычную слежку, запалохванне і канфіскацыю абсталявання. PEN International і PEN Romania заклікаюць улады гарантаваць, што пісьменнікі і журналісты могуць працаваць і падарожнічаць па Прыднястроўі свабодна і бяспечна, без запалохвання.