• Навiны
  • Абвешчана найлепшая паэтычная кніга 2023 года: «Цела мігдалу» Ганны Шакель

Абвешчана найлепшая паэтычная кніга 2023 года: «Цела мігдалу» Ганны Шакель

Апошняе абнаўленне: 20 верасня 2024
Абвешчана найлепшая паэтычная кніга 2023 года: «Цела мігдалу» Ганны Шакель

Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай абвясціла перможцу за 2023 год. Ёй стала Ганна Шакель з кнігай «Цела мігдалу». Віншуем пераможцу!

Ганна Шакель – беларуская паэтка і перакладчыца. Нарадзілася ў 1998 годзе ў Маладзечне. Атрымала адукацыю ў МДЛУ. Навучалася ў Беларускім Калегіюме і Школе маладога літаратара «W/Rights». Публікавалася ў выданнях «Маладосць» і «Дзеяслоў». У 2022 годзе творы Ганны Шакель увайшлі ў «Анталогію паэтак. Выбранае Вальжынай Морт». Асобныя творы перакладзеныя на англійскую, нямецкую, украінскую, нарвежскую мовы.

У дэбютнай кнізе «Цела мігдалу» паэтка даследуе чалавечую душу і яе шлях праз род, карані і памяць; паэзія ў гэтым зборніку – спосаб гаварыць пра мінулае, якое не дае спакою… Творы ў кнізе ствараюць цэльны наратыў, у цэнтры якога – канцэнтраваная беларуская рэфлексія над сабой і светам.

Сёлета ў складзе журы былі вядомыя імёны літаратурнага свету: паэтка і перакладчыца песень Дар’я Бялькевіч, журналістка, пісьменніца і перакладчыца Міраслава Лукша, славіст, літаратуразнаўца і перакладчык Аляксандр Распапоў, паэт, перакладчык і літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

Паэтычная прэмія была заснаваная ў гонар Наталлі Арсенневай, выдатнай паэткі  і зоркі літаратуры Заходняе Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Малітва» («Магутны Божа»), якая працягвала сваю дзейнасць на эміграцыі, уносячы неацэнны ўклад у захаванне і развіццё беларускай культуры і літаратуры. Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і  Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, якія выступаюць за падтрымку і развіццё беларускай літаратурнай традыцыі. Партнёрамі сёлета сталі фонд «Estate of Vitaut Kipel» ды Беларускі Харытатыўны Траст. Моладзевы хаб падтрымаў правядзенне цырымоніі і стаў яе партнёрам.