Усё бліжэй надыходзіць момант, калі мы даведаемся пераможцу прэміі імя Ежы Гедройця за 2023 год!
Сёлета журы галоўнай беларускай літаратурнай прэміі пачало працу ў жніўні, каб традыцыйна ў лістападзе абвясціць, якая кніга прозы стала найлепшай за мінулы год.
На этапе вызначэння доўгага спісу журы звярнулася да аргкамітэту прэміі з прапановай зменшыць яго:
«У звязку з невялікай колькасцю выдадзеных у 2022–2023 гадах мастацкіх кніг на беларускай мове, выкліканай крызісам кнігавыдання, і, адпаведна, з крытычна малой розніцай паміж колькасцю пазіцый поўнага і доўгага спісаў журы прэміі прапануе скараціць колькасць кніг доўгага спісу з дванаццаці да дзесяці.
Разам з тым гэтая колькасць можа быць і павялічаная да дванаццаці ў выпадку паляпшэння агульнай сітуацыі ў айчынным кнігавыданні ў наступных сезонах».
Аргкамітэт прэміі разгледзеў і прыняў рашэнне ўхваліць запыт журы. Такім чынам, сёлета доўгі спіс прэміі Гедройця складаецца з дзесяці пазіцый:
- «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» – Валянцін Акудовіч (выдавецтва «Логвінаў», 2023)
- «Забіць упалмінзага» – Зміцер Бартосік («Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022)
- «Я танцую» – Віка Біран (выдавецкая ініцыятыва «Кася на Парнасе», 2023)
- «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» – Ева Вайтоўская (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
- «На прызбе ў Сілічах» – Марыя Вайцяшонак (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023)
- «Жамяра: жаночыя гісторыі» – Алена Вешторт (выдавецтва «Альфа-кніга», 2023)
- «Вольнеры. Прадвесце» – Валер Гапееў (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
- «Круглая Square: Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі» – Вал Клемэнт (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023)
- «Слюнькоў. Палітычная біяграфія» – Дзяніс Марціновіч (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
- «Час пустазелля» – Ганна Янкута (выдавецтва «Янушкевіч», 2023)
Мы працягнем інфармаваць вас пра падзеі галоўнай беларускай літаратурнай прэміі! А пакуль прапануем вам пачынаць знаёмства з кнігамі доўгага спісу.