Беларускі ПЭН рады запрасіць беларусаў Германіі на імпрэзы, прысвечаныя літаратурным даследаванням гісторыі і ідэнтычнасці з пункту гледжання жанчын.
Мы з’яўляемся партнёрамі FemLitWeekend – першага мерапрыемства з пяцісерыйнага цыкла, які будзе паказаны берлінскай публіцы пад брэндам FemBridging Cultures. Пяць FemArtWeekends будуць прадстаўляць творы жанчын-мастачак і аўтарак* з Беларусі і Украіны на іх родных мовах, а таксама на нямецкай мове. Гэтыя працы закранаюць тэмы захавання культурнай ідэнтычнасці і супрацьстаяння (неа)каланіялістычным памкненням Расіі сцерці культурную ідэнтычнасць Украіны і Беларусі.
FemLitWeekend адбудзецца ў Берліне з 30 жніўня па 1 верасня. Праграма вартая таго, каб завітаць на парачку імпрэз:
30 жніўня: праект WTBSK Светы Бень і Сяргея Навіцкага
WTBSK – праект Светы Бень і Сяргея Навіцкага, які пачаўся ў Віцебску і працягнуўся ў выгнанні ў Берліне. У чэрвені 2024 года дуэт прадставіў свой першы сінгл «Тут нікому не месца» ў Варшаве.
У WTBSK Света і Сяргей разважаюць пра страту свайго роднага горада Віцебска. Іх творы перадаюць глыбокую меланхолію і спрабуюць адшукаць сэнс і надзею ў свеце, які ўспрымаецца як варожы. У сваіх тэкстах Света Бень падымае экзістэнцыйныя пытанні, такія як страта, роспач і пошук надзеі ў змрочнай рэчаіснасці.
«Эксперыментальная электроніка, трып-хоп і псіхадэліка, нойз-гітары, транс і тэхна спалучаюцца з тэкстамі – такімі вострымі і пранізлівымі, як разбітае акно ў электрычцы», – так яны самі апісваюць свой альбом.
Мова: беларуская з нямецкімі субтытрамі.
Калі: 30 жніўня, 20:00.
Месца: тэатр ACUD, Veteranenstr. 21, Берлін.
Уваход: вольны, ахвяраванні для музыкаў вітаюцца!
Падрабязнасці шукайце тут.
31 жніўня: сцэнічнае чытанне «Па што ідзеш, воўча?»
«Па што ідзеш, воўча?» – раман беларускай пісьменніцы Евы Вежнавец (Святланы Курс), які малюе моцную карціну беларускай гісторыі з жаночай перспектывы. Галоўная гераіня Рына вяртаецца з Германіі ў родную вёску, каб прысутнічаць на пахаванні сваёй бабулі. Успаміны бабулі Дарафеі адлюстроўваюць гісторыю беларускай зямлі. Нягледзячы на жорсткі гвалт, змены ўлады, прымусовую калектывізацыю і дэпартацыі, жанчыны ў сям’і галоўнай гераіні захоўваюць сваю годнасць і сацыяльныя сувязі.
Акторкі: Моніка Давідзюк, Вольга Грыгораш, Яўгенія Кульбачная, Святлана Зелянкоўская. Сцэнічная пастаноўка: Моніка Дабраўлянская.
Пасля чытання адбудзецца сустрэча з аўтаркай рамана Святланай Курс. Мадэратарка сустрэчы – Яраслава Ананка.
Мовы: беларуская, украінская, польская, нямецкая, руская з нямецкімі субтытрамі.
Калі: 31 жніўня, 20:00.
Месца: тэатр ACUD, Veteranenstr. 21, Берлін.
Квіткі: абмежаваная колькасць – па спасылцы.
1 верасня: Квір-літаратура пра дом, міграцыю і прытулак
Літаратурная імпрэза «Квір-літаратура пра дом, міграцыю і прытулак», на якой будуць прадстаўленыя гісторыі квір- і FLINTA-аўтарак* з Беларусі і Украіны.
Некаторыя аўтаркі будуць прысутнічаць асабіста і прачытаюць свае творы. Тыя, хто застаўся ў сваіх краінах, падзеляцца з сваімі гісторыямі, перажываннямі і марамі праз свае тэксты – нягледзячы на межы.
Удзел возьмуць Алена Казлова (Беларусь), Марыям Агам’ян (Украіна), Мілана Лявіцкая (Беларусь) і Маша Бекетава (Украіна/Германія). Мадэрацыю возьме на сябе даследчыца і пісьменніца Віка Біран.
Пасля чытання можна будзе разам абмеркаваць пачутае і перажытае ў цёплай і ўтульнай атмасферы.
Мовы: беларуская, украінская.
Калі: 1 верасня, 15:00.
Месца: Fem*HUB, Wartburgerstr. 41, 10823 Берлін.
Уваход: вольны, папярэдняя рэгістрацыя.