Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае сачыць за станам беларускай мовы ў Беларусі і збіраць выпадкі дыскрымінацыі беларускай мовы і яе носьбітаў. Публікуем яе агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі за перыяд з 1 студзеня 2024 года па 30 чэрвеня 2024 года.
Вынікам шматгадовай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі і прапагандысцкай працы ў Беларусі, згодна з даследаваннем праекта Chatham House, з’яўляецца тое, што 55% апытаных беларусаў лічаць: беларусы, рускія і ўкраінцы з’яўляюцца часткай трыадзінай славянскай нацыі. Ідэю пра тое, што беларусы — асобная нацыя з уласнай гісторыяй і культурай, падтрымлівае ўсяго 41% рэспандэнтаў. І ўсяго 16% апытаных жадаюць бачыць беларускую мову ў якасці адзінай дзяржаўнай. Як адзначае аўтар даследавання Рыгор Астапеня, гэта не азначае, што беларусы не любяць беларускую мову ці наагул непатрыятычныя, але яны не бачаць яе дамінантнай мовай. Для беларусаў беларуская мова — гэта хутчэй частка культуры, а не жыццёвых зносін. Мовай жыццёвых зносін дагэтуль застаецца руская, у тым ліку і таму, што ўся камунікацыя дзяржорганаў і дакументазварот вядуцца па-руску, кваліфікацыя службоўцаў дзяржорганаў часта не адпавядае патрабаванням заканадаўства, і яны не валодаюць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі ў роўнай ступені, а беларускамоўныя адказы дзяржорганаў і арганізацый калі і напісаныя па-беларуску, нярэдка змяшчаюць шмат памылак.
На думку беларускага журналіста і літаратара Сяргея Дубаўца, русіфікацыя ў Беларусі — гэта не толькі пра расійскую культуру і нават не толькі пра расійскую мову. Разам з мовай і культурай беларусам насаджаецца нешта большае — канцылярыт — мова чыноўнікаў, прапагандыстаў і начальнікаў усіх маштабаў.
Сяргей Дубавец лічыць, што рэжым Лукашэнкі імкнецца выкрасці ў беларусаў саміх сябе — з прыродай, культурай, мовай, героямі, ператварыць беларускую карціну свету ў трафарэт, дзе ўсяму гэтаму месца няма. Але што з’явіцца замест усяго гэтага? Адказ прыкры — нічога, нічога добрага. Наконт мовы, на думку аўтара, галоўнай задачай прапагандыстаў з’яўляецца не толькі замена беларускай мовы на рускую, але ўсталяванне рускай мовы ў свядомасці беларусаў як роднай.
Гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман лічыць, што пад уплывам культурніцкага мэйнстрыму, які сфарміраваўся ў лукашэнкаўскую эпоху, беларускае асабліва не цікавіла людзей, і гэта прывяло да таго, што нацыянальныя мова і культура набылі маргінальны статус.
Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае пільна сачыць за станам беларускай мовы ў Беларусі і збіраць кожны выпадак дыскрымінацыі беларускай мовы і яе носьбітаў для наступнай абароны.
За першае паўгоддзе 2024 г. у адкрытых крыніцах інфармацыі мы знайшлі наступныя выпадкі дыскрымінацыі.
3 студзеня 2024 г. у адказ на зварот праваабаронцы Ігара Случака аб маркіроўцы прадукцыі па-беларуску ААТ «Брэсцкае піва» адказала, што не будзе выкарыстоўваць беларускую мову на этыкетцы (упакоўцы) сваёй прадукцыі, а таксама не плануе ствараць версію ўласнага сайта на беларускай мове. Матывы такога адказу прадпрыемства не патлумачыла.
9 студзеня 2024 г. у Мінску прайшла цырымонія ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне» і «Беларускі спартыўны Алімп». Адметнасць цырымоніі заўсёды была ў тым, што гэта рэдкі выпадак, калі Аляксандр Лукашэнка выступаў па-беларуску. Некалькі хвілін з агульнай прамовы ён чытаў з паперкі заўсёды па-беларуску. Але ў 2024 годзе А. Лукашэнка ўпершыню цалкам адмовіўся ад беларускай мовы, выступаў толькі па-руску.
У сярэдзіне студзеня 2024 г. з інфармацыйных табло на чыгуначным вакзале ў Мінску зніклі надпісы на англійскай мове — засталіся толькі на беларускай або рускай, прычым нярэдка з памылкамі. У беларускамоўных надпісах было некалькі памылак. Напрыклад, замест «ваенаслужачы» трэба было напісаць «ваеннаслужачы». Або правільна не «пакои маці і дзіцяці», а «пакой маці і дзіцяці». Англамоўныя надпісы на электронных табло нібыта немагчыма было замяніць «па тэхналагічных прычынах, звязаных з нізкай тэмпературай вонкавага паветра», — таму заклеілі ізастужкай. На пытанне грамадзян, як замежнікам арыентавацца на вакзале, быў атрыманы адказ за подпісам намесніка начальніка Беларускай чыгункі з мноствам арфаграфічных памылак наступнага зместу: «Чыгуначны вакзал не з’яўляецца турыстычнай славутасцю, і выкарыстанне замежных моў для інфармавання грамадзян на ўказаным аб’екце не абавязковае». Нагадаем, улады (а таксама прарасійскія актывісты) вынішчаюць не толькі англійскую мову ў грамадскіх месцах, але і беларускую лацінку. Так, раней у мінскім метро частку надпісаў на лацінцы ўжо замянілі на рускія варыянты. У красавіку 2023 г. у Беларусі было адменена патрабаванне транслітараваць геаграфічныя назвы толькі з беларускай мовы, якая існавала больш за 20 гадоў у форме традыцыйнай беларускай лацінкі. У верасні таго ж года пазбавіцца лацінкі на паказальніках і інфармацыйных стэндах у найменні вуліц і тапаграфічных аб’ектаў ураду даручыў Аляксандр Лукашэнка. Ён запатрабаваў выкарыстоўваць толькі дзяржаўныя мовы. Праз некалькі дзён кіраўнік Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заявіў, што таблічкі ў горадзе заменяць.
31 студзеня 2024 г. у інтэрв’ю ПЦ «Вясна» былы вязень ПК-1 г. Наваполацка (імя вязня і артыкул, па якім ён быў асуджаны, не называюцца ў мэтах бяспекі) пасля вызвалення расказаў аб умовах адбывання пакарання. Так, яшчэ з восені 2023 г. з бібліятэк калоніі прыбралі ўсе беларускія творы. Палітычным зняволеным было забаронена чытаць творы С. Алексіевіч. Таксама з бібліятэк прыбралі творы Я. Купалы, У. Караткевіча, Я. Коласа. Забралі таксама кніжкі на замежных мовах — англійскай, польскай, літоўскай і нават кітайскай. Асуджаныя пыталі, чаму так сталася. Але адміністрацыя калоніі адказала, што ўсе кніжкі мусяць быць толькі на рускай мове.
З 25 студзеня па 5 траўня 2024 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры мусіла праходзіць літаратурна-мастацкая выстава, прысвечаная 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Але выстава пратрымалася ўсяго 10 дзён, яе закрылі 5 лютага. Прычыны датэрміновага закрыцця выставы кіраўніцтва музея не патлумачыла. Аднак адзначым, што беларусы лічаць Васіля Быкава сумленнем нацыі, у той жа час як лукашэнкаўцамі Быкаў успрымаецца як варожы, чужародны.
4 лютага 2024 г. на старонцы ў Фэйсбуку галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч (асуджаны па арт. 216 Крымінальнага кодэкса (далей — КК) — нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, прызнаны палітвязнем 12.07.2021, вызваліўся 18 жніўня 2023 г.) распавёў, што начальнік клуба ў ПК №2 г. Бабруйска не дазволіў асуджанаму на конкурсе самадзейнасці прачытаць па-беларуску верш беларускага класіка. На ўсе заўвагі аб тым, што беларуская з’яўляецца дзяржаўнай мовай у Беларусі, начальнік у нецэнзурнай форме адказаў, што яго не цікавіць, якія мовы ў Беларусі дзяржаўныя, у ягоным клубе ніхто па-беларуску выступаць не будзе.
12 лютага 2024 г. былы палітзняволены актывіст і краязнаўца Алег Кулеша (асуджаны па арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, да 1 года і 7 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, прызнаны палітвязнем 15.06.2021, вызваліўся 17 верасня 2022 г.) у эфіры праграмы «Белсату» «Мова нанова» распавёў, што стаўленне супрацоўнікаў Бабруйскай калоніі №2, дзе ён адбываў пакаранне, да беларускамоўных арыштантаў больш жорсткае, чым да рускамоўных. Таксама ён распавёў, што адміністрацыя калоніі праводзіла Дзень беларускай мовы, але незвычайным чынам. Замест таго, каб зняволеныя шанавалі беларускую мову, расказвалі вершы, рабілі пастаноўкі па творах беларускіх пісьменнікаў, былы кіраўнік СІЗА, які цяпер узначальвае бібліятэку ў калоніі, сабраў усіх у вялізнай залі і пачаў расказваць, што нельга карыстацца беларускай мовай, што яна ўжо забытая, нявартая, і наогул нейкая бздура. Таксама Алег нагадаў, што калі ён знаходзіўся ў Берасцейскім СІЗА, з 4-5 тысяч кніг на беларускай мове даступна было ўсяго 42.
13 лютага 2024 г. «Зеркало» распавяло, што прарасійская прапагандыстка Вольга Бондарава працягвае змагацца з беларускай мовай у грамадскім транспарце. На гэты раз яе не задаволіла тое, што назвы прыпынкаў аб’яўляюць толькі на беларускай, а не на дзвюх дзяржаўных мовах. Яна накіравала свае звароты ў «Мінсктранс», Гомельскі, Брэсцкі, Віцебскі і Гродзенскі аблвыканкамы. Вольга лічыць, што абвяшчэнне прыпынкаў толькі на беларускай — гэта «ліквідацыя дзяржаўнай рускай мовы».
21 лютага 2024 г. стала вядома, што стылёвую беларускамоўную шыльду сталічнага кафэ «Бярозка» замянілі на рускамоўную: на фасадзе дома па Плошчы Перамогі ў Мінску замест вывескі «Бярозка», выкананай у рэтрастылі 1960-х гадоў, павесілі простую рускамоўную вывеску «Берёзка».
Да Дня роднай мовы, што адзначаецца штогод 21 лютага, праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтаваў даклад пра тое, якая сітуацыя з беларускай мовай у зняволенні. Даклад абапіраецца на сведчанні былых палітвязняў і арыштантаў пра ўжыванне беларускай мовы ў зняволенні і ўспрыманне яе ў месцах няволі. Прыводзім некаторыя вытрымкі з даклада, пра якія раней не было вядома (імёны і артыкулы, па якіх былі асуджаныя рэспандэнты, не называюцца ў мэтах бяспекі):
- Следчы падчас допыту аднаго з арыштантаў параіў яму не размаўляць па-беларуску з «вертухаямі» ды падчас суда, бо з-за гэтага ён можа атрымаць большы тэрмін. То-бок размова па-беларуску ў судах успрымаецца як абцяжарваючыя абставіны.
- Намеснік начальніка ІЧУ Маладзечанскага р-на выказаў «пажаданне», каб арыштаваны праваабаронца размаўляў з ім па-руску. Другі раз супрацоўнік у тым жа ізалятары казаў яму штосьці кшталту: «Говори на нормальном языке».
- Былому палітзняволенаму актывісту ў Гомельскім ІЧУ Іллю Міронаву (асуджаны па арт. 369-1 КК — дыскрэдытацыя Беларусі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, прызнаны палітвязнем 06.10.2021, вызваліўся 24 кастрычніка 2022 г., 10 лютага 2023 г. уключаны ў спіс экстрэмістаў) на запыт выдаць бланк пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні на беларускай мове адмовілі (існуе верагоднасць таго, што такіх бланкаў у Беларусі проста не існуе).
- Яшчэ адзін палітвязень распавёў, што ў Магілёўскай калоніі №15 пачуў ад кантынгенту, што пісаць дакументы на беларускай мове — «это нельзя». Даклад, зроблены па-беларуску, адміністрацыя калоніі не прыняла і пакарала палітвязня 10 суткамі ШІЗА. Пасля наступнай спробы зрабіць даклад па-беларуску палітвязень атрымаў яшчэ 10 сутак ШІЗА, а таксама быў пазбаўлены ўсіх спатканняў і следам — перадач.
23 лютага 2024 г. экс-палітвязень ПК №15 у г. Магілёве Ілля (імя зменена, артыкул, па якім быў асуджаны, не называецца ў мэтах бяспекі) расказаў «Нашай Ніве», што палітычным зняволеным забараняюць вывучаць замежныя мовы, чытаць кнігі на гістарычную тэматыку і на беларускай мове. «Вельмі часта адміністрацыя рабіла шмон. Супрацоўнікі калоніі ператрасалі тумбачкі і ложкі. Калі яны знаходзілі кнігу на беларускай мове або калі ім не падабаўся змест рускамоўнай кнігі, то іх адбіралі. Потым іх знішчалі: скідалі ў агульную кучу каля лазні і падпальвалі».
7 сакавіка 2024 г. у адказ на зварот праваабаронцы і моўнага актывіста Ігара Случака намеснік міністра МЗС Беларусі Ю. Г. Амбразевіч адказаў, што моўная палітыка, якая праводзіцца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні, з’яўляецца ўзорнай, не правакуе канфлікты, адпавядае ўяўленням і спадзяванням беларускага народа, садзейнічае культурнаму і духоўнаму ўзбагачэнню беларускай нацыі.
20 сакавіка 2024 г. прапагандыст Андрэй Мукавозчык у праўладнай газеце «СБ: Беларусь сегодня» выпусціў артыкул пад назвай «Мова — яна беларуская. Яна наша. Значыць, нам яе сабе і забіраць». У сваім артыкуле ён непаважліва называе людзей, якія выступілі ў 2020 г. за дэмакратычныя перамены ў краіне, «змагарамі». На яго думку, «змагары» забралі сабе беларускую мову і так проста яе беларускаму грамадству не аддадуць. Таксама ён лічыць, што «змагары» выкарыстоўваюць беларускую мову ў якасці зброі, каб раскалоць Саюзную дзяржаву. Ён піша, што ў Беларусі праблем з беларускай мовай няма, а «змагары» кажуць, што ёсць, значыць праблемы не з мовай, а — са «змагарамі», з імі іх і трэба вырашаць. У той жа час ён усхваляе рускую мову, прыводзіць розныя цытаты ў яе абарону як дачыненне да вялікай цывілізацыі. Між тым сам артыкул напісаны Мукавозчыкам на рускай мове, у тэксце часам выкарыстоўваюцца беларускія словы, часцей зневажальна. З высновамі Мукавозчыка не пагадзіўся беларускі прадпрымальнік, бізнес-ментар і былы зняволены Аляксандр Кныровіч. Так, у эфіры праграмы «Белсат NEWS» 24 сакавіка Аляксандр выказаў меркаванне пра тое, што прапагандысты пачалі «забіраць» у змагароў і прысвойваць сабе беларускую мову ў сувязі з тым, што больш вострым стала пытанне аб поўнай інтэграцыі Беларусі і Расіі, якой яны на самай справе не жадаюць, а не ад любові і павагі да роднага народа і мовы. Прапагандысты спрабуюць паказаць, што беларусы, на іх думку, хоць і частка рускай цывілізацыі, але ўсё ж такі асобны народ, і выкарыстоўваюць для гэтага беларускую мову.
12 красавіка 2024 г. інстаграм-старонка «МОВА ТУТ» заўважыла, што ў аўтобусах і тралейбусах Мінска пачалі знішчаць інфармацыйныя налепкі, напісаныя на беларускай мове (напрыклад, пра аварыйны выхад). На іх месцы сталі з’яўляцца налепкі на рускай мове.
12 красавіка 2024 г. касманаўты Марына Васілеўская і Алег Навіцкі падарылі Аляксандру Лукашэнку гадзіннік. На гадзінніку звяртае на сябе ўвагу адна дэталь. На эмблеме напісаны прозвішчы касманаўтаў, якія ўдзельнічалі ў місіі з Марынай Васілеўскай. Прозвішча амерыканкі Трэйсі Дайсан напісана на англійскай мове, прозвішча Алега Навіцкага, які ў палётах прадстаўляў Расію, — на рускай. А прозвішча Марыны Васілеўскай, якая прадстаўляла Беларусь — таксама на рускай.
13 красавіка 2024 г. у цэнтры Мінска з’явіўся прыпынак з дзіўнай назвай — «Чирвоная». Такое незвычайнае найменне ўнесена ў электроннае табло «Мінсктранса», а таксама трапіла на схему маршруту аўтобуса №100. 13 і 14 красавіка на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова ішоў рамонт, таму 100-ты аўтобус пусцілі ў аб’езд. Так у яго маршруце з’явілася «Чирвоная». Паводле Закона «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў», які набыў моц яшчэ 2 сакавіка 2011 г., назвы ўсім геаграфічным аб’ектам, у тым ліку і прыпынкам грамадскага транспарту, прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову. Неспадзяванкі са з’яўленнем вуліц «Будавников» або «Чигуночников» узнікаюць кожны год. Прычына ў тым, што чыноўнікі першапачаткова не задумваюцца, што назва будзе транслітаравацца з беларускай.
Сітуацыя з прыпынкам «Чирвоная» палягае з таго, што названая яна ад Чырвонай вуліцы, якая першапачаткова па-беларуску была «Краснай» (г. зн. «прыгожай»). За савецкім часам яе руская назва ніяк не змянілася, а вось па-беларуску яна ўжо стала называцца «Чырвонай».
6 красавіка 2024 г. у адказ на зварот праваабаронцы Ігара Случака аб выкарыстанні беларускай мовы ў дзейнасці ДУ «Футбольны клуб “Днепр-Магілёў”» установа адказала, што ў цяперашні час няма вострай неабходнасці для выкарыстання беларускай мовы. Таксама ўстанова зрабіла спасылку на артыкул Канстытуцыі аб тым, што ў краіне дзве дзяржаўныя мовы.
Папулярны беларускі блогер Loony вядзе два ютуб-каналы — Loonyman на медыцынскую тэматыку і гістарычны «Архіварыус». Апошнім часам малады чалавек пачаў часцей выказвацца на палітычна-сацыяльныя і мовазнаўчыя тэмы. Так, у адным з апошніх тыктокаў 26 красавіка 2024 г. ён называе беларускую мову «не роднай» беларусам, сцвярджае, што ніхто яе не ведае, а ў яшчэ адным свежым роліку, крыўляючыся, смяецца з рэкламы кавы па-беларуску. «Беларуская мова не родная для нас», — заяўляе блогер і аргументуе сваю пазіцыю тым, што за свой 31 год бачыў усяго пяць чалавек, якія размаўлялі па-беларуску. Блогер кажа, што сам некалі «праходзіў этапы беларусізацыі» і думаў, што трэба размаўляць па-беларуску, берагчы беларускую мову, але потым зразумеў, што гэта дарэмна. «Я спрабаваў размаўляць па-беларуску — на мяне глядзелі як на хворага… У нас ёсць свая мова — руская, на ёй мы размаўлялі апошнія 200-300 год. У 99% выпадкаў для беларусаў родная мова — руская», — настойвае ён. Ён лічыць, што ў краіне беларускую мову не ведаюць. Усіх, хто лічыць інакш і прасоўвае ідэі беларусізацыі, ён называе «каструлягаловымі».
1 траўня 2024 г. у сваім тэлеграм-канале прапагандыст і з нядаўняга часу дэпутат Вадзім Гігін звярнуў увагу на велапраект з беларускамоўнай назвай «Першы ровар», які шмат рэкламуюць, і «чыноўнікі бласлаўляюць яго сваёй прысутнасцю». Але вось слова «ровар», па меркаванні Гігіна — «яскравы і знарочысты паланізм». Для доказу ён звяртаецца да слоўніка Некрашэвіча-Байкова 1928 г. выдання, на які, па яго словах «бэчэбэшнікі гатовыя маліцца». Там напісана — «велясіпэд, самакат». Такім чынам, робіць заключэнне прапагандыст, «веласіпед/ровар» гэта не «філалагічная цікавостка», а справа палітычная». І прапануе сваю назву праекту — «Першы велік». У каментарах пад апытанкай адна жанчына заўважае, што беларускую мову са слоўнікамі правяць людзі, якія не жывуць сярод яе носьбітаў, жывуць у гарадах і гавораць па-руску.
6 траўня 2024 г. па заяве пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя друкаваных выданняў «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага (1997) і «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча (2017), выдадзеныя ў рамках праекта «Беларускі кнігазбор», прызнаныя судом экстрэмісцкімі. Вацлаў Ластоўскі — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, філолаг, літаратуразнавец, гісторык і этнограф, а Алесь Петрашкевіч — беларускі і савецкі драматург, празаік, публіцыст, сцэнарыст, педагог, першы рэктар Мінскага інстытута культуры (1975-1976), кандыдат гістарычных навук (1967), заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1975), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976), член Саюза пісьменнікаў СССР (1974).
20 траўня 2024 г. на сайце Міністэрства адукацыі апублікавана, што з 1 верасня 2024 года ў раскладзе 10-класнікаў замест прадметаў «Гісторыя Беларусі» і «Сусветная гісторыя» з’явіцца «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі».
Міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што падручнік «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» для 10-га класа будзе прэзентаваны ўжо ў жніўні. Гэты падручнік можна будзе прачытаць літаральна за дзень «не адрываючыся». Таксама ён зазначыў, што «з’явіцца вельмі сур’ёзны патрыятычны кампанент, таму што мы фактычна змянілі падыходы да тых тэкстаў, якія там выкарыстоўваюцца». Звычайна патрыятычнымі кампанентамі ва ўлады з’яўляюцца замена беларускай мовы на рускую і скажэнне гістарычных фактаў у прапагандысцкіх мэтах.
16 траўня былы міністр культуры Расіі, а цяпер памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі заклікаў да «большай збалансаванасці» ў выкладанні гісторыі ў Расіі і Беларусі. Паводле яго слоў, будзе працягнута ўзаемнае ліцэнзаванне школьных падручнікаў. Сінхранізацыя будзе праводзіцца і на навуковым узроўні, шляхам сумеснага слоўніка, сумесных адзіных паняццяў.
Расійска-беларускі экспертна-кансультатыўны савет па гісторыі дамовіўся аб стварэнні двух сумесных гістарычных часопісаў. Адзін з іх будзе агульнагістарычным, другі прысвецяць ваеннай гісторыі.
Камісія раней заяўляла пра неабходнасць стварэння адзінага падручніка па гісторыі Беларусі і Расіі. Таксама быў распрацаваны падручнік па гісторыі саюзнай дзяржавы.
24 траўня 2024 г. суд Жыткавіцкага раёна прызнаў «экстрэміцкімі матэрыяламі» прадмову Язэпа Янушкевіча да збору творчасці Дуніна-Марцінкевіча. Двухтомнік Дуніна-Марцінкевіча раней быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў лістападзе 2023 г. года тым жа судом Жыткавіцкага раёна. Пазней, 11 сакавіка 2024 г., рашэнне раённага суда адмяніў прэзідыум Гомельскага абласнога суда. Аднак зараз гэты двухтомнік зноў з’явіўся ў адпаведным спісе на сайце Мінінфарма. Аднак на гэты раз «экстрэмісцкай» прызнана толькі прадмова да яго.
1 чэрвеня 2024 г. жыхара г. Кобрына арыштавалі на 10 содняў за тое, што ў ягоным доме захоўвалася кніга Уладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Міліцыя даведалася пра наяўнасць у доме «экстрэмісцкай» кнігі па даносе. На судовым паседжанні высветлілася, што мужчына захоўваў першае выданне, а экстрэмісцкім прызнана другое выданне кнігі. Суд не ўлічыў гэтыя абставіны і прызнаў мужчыну вінаватым у захоўванні з мэтай распаўсюджання інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
2 чэрвеня 2024 г. праўладная мастачка Святлана Жыгімонт убачыла слова «спампуйце» на інфармацыйным шчыце, які знаходзіцца на паркоўцы каля ЦУМа, і абрынулася з абразамі на беларускую мову. Паводле яе слоў, яна «нядрэнна ведае мову», але апошнія гады яе «бязбожна нявечаць». І яна не збіраецца на старасці гадоў марнаваць свой каштоўны час на вывучэнне гэтага набору слоў і выразаў з розных моў і дыялектаў плюс усякіх слоў-вырадкаў, якія ёй нібы спрабуюць навязаць. У далейшым мастачку абурылі надпісы ў грамадскім транспарце аб аварыйным выхадзе, выкананыя на беларускай мове. Яна кажа, што ёй неабходная альтэрнатыва на рускай мове. Называе грамадскі транспарт з беларускамоўнымі надпісамі транспартам для «змагароў» і англамоўных турыстаў. Таксама праўладныя прыхільнікі цеснай інтэграцыі з Расіяй даўно абураюцца наконт выкарыстання некаторых беларускіх слоў у грамадскім транспарце. Так, напрыклад, прапагандыстка Вольга Бондарава нядаўна апублікавала ў сваім тэлеграм-канале пост, у якім абурылася тым, што ў валідатары ў мінскім аўтобусе выкарыстоўваецца ў службовым тэкставым паведамленні “запазычанае” з польскай мовы слова «кіроўца».
7 чэрвеня 2024 г. Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які размяшчаецца ў Бабруйску, абнавіў свой рэпертуар. У новым рэпертуары не знайшлося месца для беларускіх твораў, амаль усе спектаклі пастаўлены па творах рускіх аўтараў, часта — малавядомых. Бабруйскі тэатр і раней не адрозніваўся нацыянальным каларытам. У мінулым сезоне паставілі аднаго толькі «Несцерку», цяпер жа не засталося анічога.
10 чэрвеня 2024 г. «Радыё Свабода» распавяло, што з беларускіх кнігарняў і бібліятэк тысячамі канфіскуюць кнігі. Не толькі прызнаныя «экстрэмісцкімі», але і школьныя падручнікі, кнігі на замежных мовах. Прафесар інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук, былы выкладчык БДУ Павел Баркоўскі тлумачыць: раней рашэнні аб прызнанні экстрэмісцкімі прымалі адмысловыя экспертныя камісіі, а цяпер проста раённыя суды па загадзе пракуратуры без усялякіх экспертыз, бо яны будуць замінаць працэсу. Склад камісій, якія прыходзяць у бібліятэкі, кнігарні, букіністычныя крамы з праверкамі, невядомы. Іх удзельнікі звычайна не прадстаўляюцца падчас візітаў, расказалі некалькі крыніц у кніжнай сферы. Калі такія людзі знаходзяць непажаданую літаратуру, загадваюць тэрмінова спісаць і «ўтылізаваць». Са школьных бібліятэк масава забіраюць старыя падручнікі па гісторыі, замежных мовах, метадычную літаратуру. У берасцейскай гімназіі, калі камісія знайшла падручнікі па гісторыі і кнігі, выдадзеныя ў 1990-х гадах, то загадала іх спісаць. Дырэктарка гімназіі загадала ўвогуле спісаць іх задняй датай, за два тыдні да прыходу камісіі.
11 чэрвеня 2024 г. Міністэрства адукацыі Беларусі апублікавала статыстыку вынікаў цэнтралізаваных экзаменаў (ЦЭ) па беларускай і рускай мовах, якія беларускія школьнікі здалі 30 траўня. ЦЭ па беларускай мове здавалі 11,5 тысячы вучняў, па рускай — 44 тысячы. Максімальныя 100 балаў атрымалі 177 вучняў, якія здавалі беларускую мову, і 292 вучні, якія здавалі рускую. Сярэдні бал па беларускай мове склаў 61,7, па расейскай — 63,3. Выходзіць, беларускую ў сярэднім здалі горш, але доля стабальнікаў у 2,3 раза вышэй сярод тых, хто здаваў беларускую. Сітуацыя не дзіўная, улічваючы скарачэнне гадзін вывучэння беларускай мовы і ўвогуле дзяржаўную адукацыйную палітыку.
14 чэрвеня 2024 г. праўладная актывістка Вольга Бондарава ў сваім тэлеграм-канале абурылася тым, што Гарадзенскі малочны камбінат вядзе перапіску з праваабаронцам і моўным актывістам Ігарам Случаком і задавальняе ўсе ягоныя просьбы аб маркіроўцы вырабленай прадукцыі па-беларуску. У сваім паведамленні яна непаважліва ставіцца да Ігара Случака і патрабуе кіраўніцтва ТАА «Малочны свет» вярнуць рускамоўныя этыкеткі на прадукцыю ў сувязі з тым, што, на яе думку, на рускай мове размаўляе пераважная большасць насельніцтва Беларусі і турысты.
24 чэрвеня 2024 г. суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні трох кніг апазіцыйнага палітыка, сузаснавальніка партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, пісьменніка Паўла Севярынца (асуджанага па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках да 7 гадоў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму, прызнаны палітвязнем 10.07.2020) экстрэмісцкімі. Так, суд знайшоў «экстрэмісцкі» змест у такіх кнігах Паўла, як «Каменнае сэрца», «Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі», «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца сьвятла». Кніга Паўла Севярынца «Каменнае сэрца» — гэта зборнік эсэ, напісаных цягам апошніх дваццаці гадоў, кароткія гісторыі з беларускай няволі: «сутак», «хіміі», турмаў. У кнізе «Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі» Павел Севярынец знайшоў 200 найбольш вядомых з’яваў беларускасці ў самых розных сферах: ад гісторыі, геаграфіі да гаспадаркі і спорту, не абмінуўшы вядомых асобаў, спорт, культуру, духоўнасць. «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца сьвятла» — гэта працяг кнігі «Беларусалім. Золак» (2017) — вострасюжэтны раман пра веру і каханне, любоў і волю, змаганне і здраду, у якім асэнсоўваецца гістарычны лёс Беларусі.
Мы працягнем пільна сачыць за станам беларускай мовы і рабіць падобныя агляды не радзей як раз на паўгады. Таму калі ў вас ёсць прыклады дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, якія не ўвайшлі ў гэты агляд, калі ласка, дасылайце іх нам на наш адрас — [email protected].
Агляд падрыхтаваны асацыяцыяй «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў»