• Афiша
  • БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ. Літаратурная сцэна на Hučna Fest

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ. Літаратурная сцэна на Hučna Fest

Апошняе абнаўленне: 31 мая 2024
БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ. Літаратурная сцэна на Hučna Fest

29 чэрвеня ў Варшаве на беразе Віслы пройдзе вялікі Hučna Fest з сучаснай літаратурай і мастацтвам, актуальнай беларускай музыкай і актывізмам. Арганізатар – Free Belarus Center.

Беларускі ПЭН ладзіць сёлета на фэсце літаратурную сцэну «БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ», прысвечаную беларускай жаночай і квір-літаратуры. Вядоўцай стане вядомая актрыса, сузаснавальніца праекта «Кніжны воз» Крысціна Дробыш.

Слоган літсцэны – «Пачуй сваю літаратуру!»

Пачуй літаратуру, якую ствараюць проста цяпер і пра цябе твае сучасніцы і сучаснікі. Пачуй салідарнасць і галасы тых, хто ўпісвае Беларусь у сусветны кантэкст. Пачуй у жывым выкананні тыя творы і тых аўтарак ды аўтараў, якіх ты чытаеш, любіш, за якімі сочыш. Пачуй літаратуру, што гаворыць з табой на тыя тэмы, якія цябе хвалююць, змагаецца з тымі ж самымі выклікамі, што і ты, знаходзіць словы, каб падзяліцца тым, што для цябе важнае.

Праграма літсцэны складаецца з чатырох блокаў:

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ

Анхела Эспіноса Руіс прэзентуе свой новы зборнік вершаў «Астралябія Божых таямніц». Анхела – беларускамоўная паэтка з Малагі (Іспанія), якая ўжо не першы год імкнецца – паводле журы прэміі Стральцова – «асэнсаваць таемнасць беларускага быцця». Жыве ў Варшаве, дзе выкладае ва ўніверсітэце, тусуецца з беларускай дыяспарай і піша паэзію па-беларуску. Як так атрымалася? Чытай наша нядаўняе інтэрв’ю з Анхелай. 

На музыку вершы Анхелы пакладуць Юстына Карпіловіч і Зміцер Бартосік: гэта будзе касмічна! Музыкі выступяць падчас прэзентацыі зборніка і прапусцяць «Астралябію Божых таямніц» праз свой творчы сусвет. Юстына Карпіловіч – юная спявачка з яркім голасам – ператворыць вершы ў песні. Лірычную атмасферу зробіць вядомы музыка і пісьменнік Зміцер Бартосік.

ДЫСКУСІЯ

Беларуская жаночая літаратура і яе сучасны стан – дыскусія разам з Настай Кудасавай, Светай Бень, Ганнай Кандрацюк, Касяй Чэкатоўскай. Мадэраваць дыскусію будзе тоні лашдэн.

Што можа прапанаваць беларуская літаратура супольнасцям у 2024? Якая роля літаратарак у асэнсаванні асабістай і калектыўнай памяці, рэфлексіі над траўматычнымі падзеямі нядаўняга мінулага і пошуку стратэгій аднаўлення? І ці варта казаць пра жаночную ці фемінісцкую літаратуру як пра нейкую асобную частку беларускай літаратуры? Абмяркуем гэтыя пытанні разам.

Наста Кудасава – паэтка, перакладчыца. Аўтарка шасці паэтычных зборнікаў, лаўрэатка некалькіх літаратурных прэмій. «На літаратурнай сцэне я буду разам з каляжанкамі разважаць над тым, ці мае сэнс тое, што мы робім. Як нам захаваць надзею і імпэт у нашай працы, якая будчяыня чакае ў бліжэйшай перспектыве беларускую літаратуру?»

Света Бень – паэтка, спявачка, тэатральная рэжысёрка (Віцебск/Берлін), удзельніца вялікай колькасці музычных, тэатральных і літаратурных праектаў. Амаль 20 гадоў знаходзіцца ў бесперапыннай творчай вандроўцы па ўсім свеце. У гэтым годзе выйшла чацвёртая кніга паэтычных твораў, прэзентацыя якой адбылася ў Берліне.

Ганна Кандрацюк – журналістка Тыднёвіка Беларусаў у Польшчы «Ніва», з 31-ці гадовым стажам, аўтарка кніг на беларускай і польскай мовах, між іншым «У прысценку старга лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы», за якую атрымала літратурныя прэміі імя Ежы Гедройца і Алеся Адамовіча. Падляшская аўтахтонка, спецялістка ад безнадзейных спраў, грамадская актывістка, непрыкметная намадка. На літсцэнне Ганна раскажа пра свой пушчанскі прысценак і жаночую памяць у гісторыях з Белавежскай пушчы. І пра феномен падляшскай беларускі, на якой трымаецца жыццё нашай нацыянальнай меншасці. З прыемнасцю адкажа на пытанні падчас дыскусіі, асабліва як адаптавацца ў новым асяроддзі.

Кася Чэкатоўская – драматуржка і акторка, аўтарка мастацкіх і дакументальных п’ес. На літсцэне будзе ўсіх пераконваць, што жаночая літаратура ёсць універсальнай, бо яна апісвае тое, што мы ўсе цяпер перажываем, і шукае адказы на пытанні, якія паўстаюць перад намі і не даюць спакойна спаць.

тоні лашдэн – беларус:кая небінарн:ая пісьменні:ца, квір-феміністка і праваабаронца. Тоні будзе дапамагаць рабіць галасы беларускіх жанчын больш гучнымі і змадэруе панэль пра сучасны стан беларускай жаночай літаратуры з выбітнымі аўтаркамі, якія працуюць з жаночным досведам.

РАЗМОВА

Ганна Янкута прадставіць сваю кнігу «Час пустазелля». Акторка Крысціна Дробыш правядзе з Ганнай размову на тэмы, што падымаюцца ў кнізе, і зачытае адтуль некалькі ўрыўкаў.

Ганна Янкута – беларуская пісьменніца і перакладчыца. Аўтарка кнігі «Час пустазелля», зборніка «Канстытуцыя» – паэтычнага праекта на палях беларускага закона, а таксама твораў для дзяцей, у тым ліку серыі пра ката Шпрота і аповесці «Марта і яе мара пра снег». Цяпер піша нататкі пра беларускія гісторыі ў Аргентыне. На літсцэне прэзентуе кнігу «Час пустазелля» і адкажа на ўсе пытанні мадэратаркі сустрэчы Крысціны Дробыш, якія тая палічыць патрэбным задаць. Будзе вельмі рада сустрэцца з беларусамі Варшавы і ўсімі, хто прыйдзе на фэст, а таксама паслухаць іншых удзельнікаў і літаратурнай, і музычнай яго частак.

Крысціна Дробыш – у мінулым акторка, цяпер выдаўца аўдыякніг, сузаснавальніца аўдыявыдавецтва «Кніжны воз», прадстаўніца аўдыёвыдавецтва audiobooks.by. Голас. Дзеці ведаюць яе як Мышку Пік-Пік. Сама сябе лічыць чалавекам выпадковым у літаратуры. На літсцэне ў якасці прадстаўніцы аўдыёвыдавецкай галіны беларускай літаратуры, суразмоўцы выдатнай пісьменніцы і перакладчыцы Ганны Янкута, дзякуючы якой з’явілася не адна аўдыёкніга. «Чаму я тут? З аднаго боку для мяне гэта таксама загадка, з іншага – ёсць падазрэнне, што я досыць рэдкі чалавек у цяперашнім часе, хто можа распавесці пра аўдыякнігі, працэс іх стварэння, ну і пачытаць гісторыю за 10 чалавек адначасова».

ЧЫТКІ

Музычна-перфарматыўныя чытанні квір-літаратуры ў выкананні яе аўтар:ак – тоні лашдэн, Уладзя Гарбацкага, Артура Камароўскага, Светы Бень. Музычны сэт ад праекта WTBSK на працягу ўсіх чытак!

тоні лашдэн – беларус:кая небінарн:ая пісьменні:ца, квір-феміністка і праваабаронца. Су-арганізатар:ка беларускай фемінісцкай лабараторыі пісьма «Расцяжэнне», якая аб’ядноўвае больш за 40 беларускіх літаратарак з усяго свету. Аўтарка кніг «чорны лес» (2023) і «Последний автобус уходит в восемь» (2021). У вольны час тоні назірае за птушкамі, я:е любімая птушка – чорны дрозд. Тоні прачытае некалькі сваіх твораў, у якіх я:на асэнсоўвае сваю міграцыю і адносіны з блізкімі.

Уладзь Гарбацкі – віцебскі, а цяпер віленскі малец. Пісьменьнік упартага аптымізму. На літсцэне ў якасьці «захавальніка сьвету, які мы пакінулі навечна» (Ані Эрно). У Hučna Fest удзельнічае, каб часам па-эстэцку, а часам брутальна агучыць пэўныя нязручныя публічныя і інтымныя тэмы, якія сумысьля ігнаруюцца літаратурай большасьці. Каб загаласіць пра боль і гвалт маўчаньня і самоты.

Артур Камароўскі – паэт, мастак і перакладчык. У мінулае глядзіць с цікаўнасцю, у будучыню – з трывогай. Найлепшае, што можа быць у паэзіі – выпрабаванне і эксперымент. На літаратурнай сцэне Артур будзе часткай абсалютна новага і эксперыментальнага паэтычна-музыкальна-візуальнага перформанса, у якім паспрабуе пераказаць у некалькіх вершах апошнія гады ў новых месцах, вялікія і малыя падзеі і знаёмствы з новымі людзьмі.

WTBSK – праект музыкаў Светы Бень і Сяргея Навіцкага. Увесь папярэдні год праект працаваў над альбомам, у якім паэзія спалучаецца з эксперыментальнай электроннай музыкай. «Мы хочам паказаць вынік гэтай працы – выканаць некалькі трэкаў, і, вядома, пачуць іншых, натхніцца, а можа і натхніць кагосьці».

Жаночая і квір-літаратура гучыць БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ

У тым ліку бліжэй, чым ты думаеш. Чаму? 

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ – бо размаўляе з табой на блізкія і важныя тэмы галасамі аўтарак і аўтараў, якія ўжо выйшлі за межы «нормы» і змаглі расказаць пра «недазволеныя» рэчы;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ – бо гнуткая і рэактыўная, рэагуе, рэфлектуе і пражывае ўсе радасці і нягоды разам з табой;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ – бо шукае словы, вынаходзіць мову, каб назваць і апісаць усё тое, што адбываецца з намі проста цяпер;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ – бо дэмакратычная і гарызантальная ў сваіх адносінах з чытачамі, ты можаш бяспечна прагаварыць складаныя і балючыя тэмы разам з аўтаркамі і аўтарамі;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ – бо выходзіць у публічную прастору, ты можаш лёгка сустрэцца з ёй, паміж вамі – малая адлегласць, усяго адзін крок;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ – бо не канкурэнтная, а салідарная, падтрымлівае ўсіх удзельніц і ўдзельнікаў гэтага працэсу, кожны голас робіцца пачутым і прынятым;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ – бо смелая і разнастайная, лёгка эксперыментуе з новымі формамі, ідзе на нестандартныя калабарацыі, працягвае табе руку там, дзе ты ёсць;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ – бо…

Што яшчэ будзе на Hučna Fest?

На фэсце будуць працаваць кніжныя стэнды беларускіх выдавецтваў і стэнды НДА – пляцоўкі сацыяльных актыўнасцяў з вядомымі актывісткамі і актывістамі, пінг-понг для падтрымкі палітзняволеных і іншыя магчымасці не толькі добра правесці час, але і выказаць сваю салідарнасць.

На музычнай сцэне выступяць «Разбітае Сэрца Пацана», «LEIBONIK», «NOCHY» і «Syndrom Samazvanca». Вядоўца – Мікіта Мелказёраў.

Чакаем вас 29 чэрвеня з 13:00 да 17:00 на беразе Віслы каля варшаўскага Музея сучаснага мастацтва (Wybrzeże Kościuszkowskie 22). Музычная праграма будзе доўжыцца да 22:00.