Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International адносна прынятага ў Грузіі на фоне жорсткага разгону пратэстоўцаў закона аб «замежных агентах».
«PEN International узрушаны гвалтоўным падаўленнем мірных пратэстаў супраць закона аб «замежных агентах» у Грузіі, калі крытыкаў урада збіваюць, пагражаюць і пераследуюць супрацоўнікі праваахоўных органаў і невядомыя асобы ў рамках, як уяўляецца, скаардынаванай кампаніі. Вінаватыя мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці. Улады Грузіі павінны тэрмінова падтрымаць права на мірны пратэст і адмяніць рэпрэсіўнае заканадаўства, якое сур’ёзна абмяжоўвае правы на свабоду выказвання меркаванняў і аб’яднанняў»,
– сказала Ma Thida,
старшыня Камітэта пісьменнікаў у турмах PEN International.
15 траўня 2024 года – PEN International і PEN Georgia асуджаюць рашэнне парламента Грузіі ўхваліць закон аб «замежных агентах» у расійскім стылі, нягледзячы на масавыя пратэсты, азмрочаныя паліцэйскім гвалтам і жорсткімі нападамі невядомых на мірных дэманстрантаў. Усе вінаватыя ў незаконным ужыванні сілы і гвалтоўных нападах на пратэстоўцаў павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, а рэпрэсіўнае заканадаўства тэрмінова адмененае.
14 мая 2024 года парламент Грузіі прыняў рэпрэсіўны закон аб «замежных агентах», які абмяркоўваўся з сярэдзіны красавіка 2024 года, нягледзячы на шырокія пярэчанні і масавыя пратэсты па ўсім Тбілісі, якія працягваліся больш за месяц. Калі закон уступіць у сілу, арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20% штогадовага фінансавання з крыніц за межамі Грузіі, будуць мець два месяцы, каб зарэгістравацца як «арганізацыі, якія пераследуюць інтарэсы замежнай дзяржавы», і сутыкнуцца з драконаўскімі патрабаваннямі да справаздачнасці. Адмова ад рэгістрацыі будзе карацца штрафам у памеры да 25 000 лары (прыкладна 8 700 еўра). Акрамя таго, закон упаўнаважае Міністэрства юстыцыі Грузіі праводзіць «дбайнае расследаванне», каб пераканацца, што арганізацыі выконваюць патрабаванні.
Нягледзячы на тое, што прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што накладзе вета на закон, кіруючая партыя Грузіі «Грузінская мара» можа адмяніць яго, дзякуючы сваёй парламенцкай большасці. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці – у тым ліку PEN Georgia – неаднаразова асуджалі разбуральны ўплыў закону аб «замежных агентах» на іх працу, у выніку чаго незалежныя арганізацыі і СМІ будуць ачарняцца і стыгматызавацца, а крытычныя галасы будуць задушаныя.
Масавыя пратэсты супраць закону сутыкнуліся з незаконным прымяненнем сілы паліцыяй супраць мірных дэманстрантаў, што прывяло да раненняў сярод пратэстоўцаў і дзесяткаў неабгрунтаваных арыштаў, а таксама гвалтоўных нападаў невядомых на заўважных крытыкаў урада, якія выглядаюць скаардынаванай кампаніяй. Rati Amaglobeli, паэт і сузаснавальнік PEN Georgia, і Lasha Bugadze, пісьменнік і драматург, з’яўляюцца аднымі з вядучых дзеячаў мірнага пратэстнага руху, якія паведамляюць, што падвяргаліся пагрозам і пераследу. Графіці «Вораг народа» былі нанесеныя, у прыватнасці, ля іх месцаў жыхарства. Больш за 30 журналістаў, якія асвятлялі акцыі пратэсту, а таксама сотні крытыкаў атрымалі ананімныя тэлефонныя званкі з пагрозамі ў апошнія дні.
Спецыяльная следчая служба Грузіі заявіла, што распачала справу па факце прымянення паліцыяй празмернай сілы. PEN International і PEN Georgia заклікаюць да аператыўнага, бесстаронняга, дбайнага, незалежнага і эфектыўнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту і прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых.
Грамадзянская супольнасць і крытыкі закона аб «замежных агентах» паабяцалі працягваць дэманстрацыі, PEN International і PEN Georgia будуць працягваць сачыць за сітуацыяй і рэагаваць на развіццё падзей.