Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 красавіка 2024 года)

Апошняе абнаўленне: 19 красавіка 2024
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 красавіка 2024 года)

На 15 красавіка 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 155.

Палітзняволеных музыкаў гурта «Nizkiz» дадалі ў «спіс экстрэмістаў».

Паэт і хрысціянскі прапаведнік Сяргей Мельянец правёў пад арыштам два адміністрацыйныя тэрміны агульнай працягласцю 25 сутак.

Ніну Багінскую аштрафавалі на 2000 рублёў (611 долараў) за значок з выявай бел-чырвона-белага сцяга.

Праваабаронца, літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў адзіночнай камеры ў калоніі № 9 у Горках, стан ягонага здароўя пагаршаецца.

Краязнаўцу Уладзіміра Гундара пазбавілі прадуктовых перадач на год.

Марыя Калеснікава трапіла ў калоніі ў поўную ізаляцыю – яе змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.

Звольнены дырэктар Беларускага тэатра лялек Дзмітрый Сямёнаў.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

12 красавіка 2024 года стала вядома, што музыкаў гурта «Nizkiz» дадалі ў «спіс экстрэмістаў» за «грубае парушэнне парадку». 20 сакавіка Аляксандр Ільін, Сяргей Кульша і Дзмітрый Халяўкін былі пакараны судом Кастрычніцкага раёна абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2,5 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

10 красавіка стала вядома, што паэта Сяргея Мельянца, які быў затрыманы 19 сакавіка 2024 года ў Мінску, паўторна арыштавалі. Ён правёў пад арыштам два адміністрацыйныя тэрміны агульнай працягласцю 25 сутак. Сяргей (Сергій) Мельянец – хрысціянскі прапаведнік, паэт, выканаўца аўтарскай песні, бацька семярых дзяцей. Сяргей Мельянец наведваў палітычныя судовыя працэсы і адлюстроўваў іх на сваёй Facebook-старонцы.

III. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. Дальнабойшчыка затрымалі за татуіроўку з выявай Пагоні. Герб «Пагоня» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

2. Суд Браслаўскага раёна аштрафаваў кіроўцу Мікалая Кашкура на 4000 руб (1222 долараў) за відэаролік з бел-чырвона-белай сімволікай у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».

3. 15 красавіка суд Партызанскага раёна Мінска аштрафаваў грамадскую актывістку Ніну Багінскую на 2000 рублёў (611 долараў) за значок з выявай бел-чырвона-белага сцяга на лацкане паліто. У пастанове суда адзначана, што «значок белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру» падлягае знішчэнню.

IV. Умовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

1. Праваабаронцу, літаратара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага трымаюць у адзіночнай камеры ў калоніі № 9 у Горках, стан ягонага здароўя пагаршаецца. Пра гэта паведаміла жонка Алеся Бяляцкага, Наталля Пінчук: «Ад людзей, якія выйшлі з турмы, я даведалася, што стан Алеся працягвае пагаршацца і ён не атрымлівае некаторыя неабходныя яму лекі».

2. Краязнаўцу Уладзіміра Гундара, асуджанага на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, пазбавілі прадуктовых перадач на год. Уладзімір Гундар мае інваліднасць, у яго ампутавана нага ад калена.

3. Флейтыстка і палітычная дзяячка Марыя Калеснікава апынулася ў калоніі ў поўнай ізаляцыі – яе змясцілі ў адзіночнае памяшканне камернага тыпу. Апошні ліст ад Марыі ейныя родныя атрымалі 15 лютага 2023 года. У канцы лістапада 2023 года асуджаная на 11 гадоў Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю Гомельскай бальніцы хуткай дапамогі. Ёй правялі экстранную аперацыю, выявілі прабадную язву, ускладненую перытанітам. Неўзабаве пасля бальніцы Марыю перавялі назад у медыка-санітарную частку калоніі. Там ёй дазволілі сустрэцца з бацькам, з таго часу родныя не маюць інфармацыі пра яе.

V. Звальненні з устаноў культуры

8 красавіка ў Мінску звольнены дырэктар Беларускага тэатра лялек Дзмітрый Сямёнаў.

VI. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска «экстрэмісцкай» прызнана кніга «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры» Віктара Ляхора.