“Я не веру ў нацыянальныя стэрэатыпы
Мы не мусім быць аднолькавыя”
Інтэрв’ю будзе адбывацца ва ўтульным месцы – гэта двухпавярховая кавярня з цікавымі дэсертамі. Мая суразмоўца не мае шмат часу, таму не магу дазволіць сабе спазніцца. Прыбываю на месца загадзя, замаўляю сабе гарбату, госці – каву. Спадзяюся, што не памыліўся. Выбіраю верхнія фатэлі з жывымі кветкамі на невялікім століку, каб можна было зрабіць некалькі файных здымкаў. Чакаю. Заўважыў яе ў вялікія вокны ды пайшоў насустрач.
– Вітаю, Анхела! Дзякуй, што пагадзіліся сустрэцца! – кажу паэтцы, даследчыцы, выкладчыцы Анхеле Эспіноса Руіс.
У адказ шчырая, прыгожая ўсмешка. Гэта знак: здаецца, размова атрымаецца.
У вас падвойнае імя. Гэта такая іспанская традыцыя?
Я маю не двайное імя, а два асобныя прозвішчы. Яны аднолькавыя па важнасці: адно ад бацькі, другое ад маці. Гэта сапраўды традыцыя нашага народу. Можна выбраць, якое будзе ісці першым. Бо толькі яго можна перадаваць наступнікам. Таксама магла б перадаць патэнцыйнаму свайму дзіцяці.
Руіс – вельмі распаўсюджанае прозвішча ў Іспаніі, амаль палова маіх землякоў яго маюць. Нават Пікаса. Але мы ведаем яго менавіта як Пікаса, таму што так лепей для маркетынгу было – бо з-за папулярнасці Руіса Пабла бы папросту згубіўся.
А вось наконт імя я чула толькі такую версію: у маёй мамы ў дашкольным класе была вельмі разумная, добрая і вясёлая дзяўчынка з імем Анхела. Такое стандартнае імя, старагрэцкага паходжання…
Вы казалі, што шаблон: іспанка, якая вывучыла беларускую мову і размаўляе на ёй – ужо абрыднуў… Але ім карыстаюцца зноў і зноў. Гэта раздражняе?
Раздражняе, безумоўна. Я што, гаварушчая малпа? Свайго кшталту кіно, цырк – давайце сходзім, паглядзім на тое дзіва?!
Часам падаецца, што ад гэтага ніколі ўжо не пазбаўлюся… Нават не ведаю, як тое адрынуць: ужо і кандыдаткай навук стала, і лаўрэаткай прэміі Стральцова, вершаў колькі ў мяне, не памятаю ўжо… А шаблон застаецца нязменным! І для некаторых – ці не галоўным…
Вось думаю: адкуль такое? У чым справа?
Я ведаю, у якім стане беларуская мова… Дык можа, некаторым падаецца, што праз маю нацыянальнасць можна падвысіць увагу да яе? Маўляў, глядзіце: нават іспанка загаварыла па-беларуску! Па логіцы інтэрв’юераў, гэта падштурхне многіх да іх роднага слова. Атрымліваецца, я – хадзячая рэклама?
Толькі ці не дужа просценькая? А ці не міма такі стрэл? Ці не халасты ён? І што застаецца ў такім разе мне?
Калі акцэнт выключна на маёй экзотыцы, дык мушу тады бясконца сумнявацца ў вартасці сваіх вершаў і навуковых прац. І ці я адна мушу так думаць?
Бо ў выніку выглядае так, нібыта атрымала прызнанне і ў літаратуры, і ў навуцы, так бы мовіць, на халяву. А як жа: іспанка, што размаўляе і піша «па-нашаму»! Ну дык пойдзем ёй насустрач…
Гэта, па-вашаму, правільна? Мне падаецца – не.
Вы нарадзіліся ў горадзе Малага. Вядома, што ў Іспаніі, акрамя афіцыйнай, ёсць і нацыянальныя мовы. У вашым рэгіёне гавораць на сваёй ці выключна на іспанскай?
Нашую мову забілі! Мой рэгіён – Андалузія – быў заўсёды бедным, эканамічна адсталым. Але не з пункту гледжання культуры, перспектыўнасці, шматнацыянальнасці! Вось у эпоху іспанскіх «нашаніўцаў» акурат развівалася андалузійская граматыка. Але бацьку нашай нацыі, Бласа Інфантэ, забілі першым. Потым узяліся за інтэлігенцыю… Нічога не нагадвае? І ўсё вельмі хутка: рупліўцы не паспелі нават выдаць той граматычны матэрыял.
Насамрэч, такое робіцца паўсюль, сістэматычна. Хочаш умацаваць аўтарытарны рэжым – забіваеш разумных, адукаваных, людзей культуры.
Але хоць у нас у выніку няма мовы, затое маем вельмі багатую культуру, якая часцей асацыюецца з цэлай Іспаніяй. Напрыклад, фламенка – гэта менавіта андалузійскія музыка і танец. І строй таксама наш.
Дарэчы, да размовы з вамі ў мяне ўвесь час пыталіся пра каталонцаў… Ізноўку паўтаруся: гэта нічога не нагадвае? Так што цяпер я ўпершыню распавядаю менавіта пра Андалузію.
Вы былі ў Беларусі. Паспелі шмат што зразумець. Цяпер магу ў вас спытаць: ці ёсць сутнасна аднолькавыя рысы ў беларусаў і іспанцаў? Пытаю менавіта пра звычайнае жыццё звычайных людзей.
Я не веру ў нацыянальныя стэрэатыпы. Не думаю, што мы такія розныя. Чалавечая натура вельмі падобная.
Па-першае, людзі шукаюць нейкую сваю групу, сацыяльную. Хай гэта будзе нацыя, сям’я, рэлігія.
Чалавек шукае сябе і актыўнасць, якую ён можа рэалізаваць, каб пачувацца патрэбным.
Думаю, большасць людзей маюць нейкую руціну, мараць пра тое самае мора ці лецішча… Ведаю, што беларусы цяпер не могуць далёка вандраваць – магчымасці на мінімуме. Прынамсі, тыя, хто жывуць у краіне. Але яны падарожнічаюць па сваёй краіне!
А я ў дзяцінстве сваім нікуды не вандравала з сям’ёй, таму што ўлетку да нас прыязджалі з цэнтральнай Іспаніі. Бо – мора! Цяпер у Андалузіі шмат чаго для турызму робіцца. Напрыклад, Антоніа Бандэрас, які таксама нарадзіўся ў Малазе, актыўна інвестуе ў развіццё рэгіёна. У выніку з’явілася шмат музеяў, свой кінафестываль маем.
Чытаў, што сям’я спачатку скептычна паставілася да вашай зацікаўленасці беларускаю моваю: краіна невядома дзе, мова незразумелая… Ці змянілася пазіцыя бацькоў?
Дома я бываю некалькі разоў на год. Спачатку бацькі не ведалі, ці знайду я пасля такога незвычайнага выбару ўвогуле хоць нейкую працу… Але цяпер у любой краіне з гэтым цяжка. З другога боку, калі ў Іспаніі з’явіцца хаця б адна пасада, звязаная з беларускай мовай, мне будзе вельмі лёгка атрымаць яе.
Хоць родныя і скептычна глядзелі на маю будучыню, але бачылі: я добра вучылася, ведала, куды хачу паступіць, чым буду займацца… Таму прынялі ўрэшце мой выбар, паверылі ў яго.
Яшчэ моцна дапамагло тое, што мой брат пайшоў на фізмат. Так бы мовіць, узяў удар на сябе за дваіх. Спецыяльнасць запатрабаваная, ён працуе ў вялікай фірме.
І я лічу, што ўсё добра атрымалася. А нават калі і не атрымалася б, дык перавучылася б – іншым мовам, іншым рэчам.
У маёй мамы аднойчы быў выпадак: яна выклікала сантэхніка, які аказаўся беларусам. Слухала і не разумела, што за акцэнт. Потым проста спыталася і пачула ў адказ: «Я з Беларусі». Вось тут матуля і паказала, наколькі ж яна мною ганарыцца: распавяла, што я вывучыла беларускую мову і пішу вершы па-беларуску. У таго мужчыны быў шок! Паабяцаў пачытаць… Можа, пасля тэлефанаваў сваякам ды распавядаў пра такі дзіўны выпадак.
На вашую думку як літаратуразнаўцы, паэткі: з чаго мусіць пачаць чалавек, калі вырашае перайсці цалкам на беларускую мову? Якія творы, тэксты лепш чытаць першымі, каб разумець сэнс і павялічваць моўны запас?
Зразумела, што той самы Купала акажацца для пачатку вельмі цяжкім. Таксама складана браць адразу «Новую зямлю» ці вялікія раманы Караткевіча. Гэта высокая літаратура, хочам ці не хочам.
Можа падацца контраверсійным, але раю пачынаць праз сучасныя пераклады еўрапейскай і амерыканскай літаратуры. Гэта бестселеры, сучасная класіка, але тое лягчэй чытаецца.
Фантастыка таксама ўспрымаецца лёгка, як і дэтэктывы, нуар. Там натуральная сучасная мова. І перакладчыкі нашыя цудоўна валодаюць жывым беларускім словам, прафесійна перакладаюць кнігі, якія дакладна будуць пасаваць пачаткоўцам у беларускім літаратурным свеце. Перакладчыкі – гэта другія аўтары!
Ці трэба потым перайсці непасрэдна да беларускай літаратуры? Так, трэба! Але зноў жа, не ўся літаратура падабаецца ўсім. Паэзію не так шмат любяць. Гэта нармальна. І Караткевіча калісьці ўсё ж трэба чытаць. Лепш нават пазней, каб не асацыяваць творы Уладзіміра Сямёнавіча з цяжкасцямі вывучэння, з чытаннем праз сілу.
Ці ёсць прыклады менавіта ў жаночай беларускай літаратуры, якія вас заахвочваюць, натхняюць, якімі вы цікавіліся ці цікавіцеся па сёння?
У паэзіі гэта адназначна Наста Кудасава. Вельмі падабаецца яе творчасць. Чытаю і думаю, як шкада, што гэтыя радкі не я напісала…
Святлана Курс, яна ж Ева Вежнавец, у прозе і «Фэйсбуку». Сярод іншага таму, што яе допісы поўныя фантастычнай, смачнай беларускай мовы. Яна вельмі эмпатычна падыходзіць да ўсіх людзей, пытанняў, праблем.
З мінулых гадоў – дакладна Ларыса Геніюш, у якой жыццё было змаганнем. Думаю часамі: ці трымалася б я так моцна ў такіх абставінах, як яна? Яна ніколі не адыходзіла ад творчасці, крэатыўнасці – працягвала пісаць нават у калоніі. Нават тады, калі не магла бачыцца з сям’ёй.
Таксама падабаецца творчасць Яўгеніі Янішчыц – цудоўная паэтка! Людзі кажуць: «Выскачыла з акна, слабая…» Але ж не кожны вытрымае быць моцным. А я скажу: ну і што? Яе творчасць, яна сама, падобныя на яе людзі – хоць і слабыя, але маюць права існаваць. Жыццё не толькі для моцным герояў, але і для тонкіх, эмацыйных душаў.
Мы не мусім быць аднолькавыя.
Якой літаратуры нам проста цяпер не хапае, на вашую думку? Пытаю не толькі як у літаратаркі, паэткі, але і ў літаратуразнаўцы, навукоўцы.
Беларускай літаратуры не хапае «кепскіх» твораў. Каб было з чым параўноўваць, каб была такая творчасць, як «фастфуд», скажам так.
Гэта выдатна, што ёсць вельмі класная беларуская паэзія. Выходзяць цудоўныя проста раманы, з такой сур’ёзнай псіхалогіяй герояў… Возьмеш Бахарэвіча, Вежнавец – гэта цяжкія для ўспрымання творы, нязвыклая нават іх мова. Сама асабіста я адпачываю з такімі кніжкамі. Але разумею, што многія людзі, у якіх літаратура не праца, любяць найчасцей чытаць лёгкае, просценькае нешта. І вось гэтага якраз не хапае. Таму я спадзяюся на пераклады.
Анхела пад канец нашай размовы вырашыла адкрыць таямніцы свайго творчага жыцця:
Спадзяюся, сёлета мы пабачым новы зборнік маёй дарослай паэзіі. Гэтая кніга ўжо гатовая, называецца «Астралябія божых таямніц», і цяпер я чакаю гатовага макета ад вядомай дызайнеркі Кацярыны Пікірэні. Бачыла яго адным вокам. Кніга выглядае цудоўна, яна з прадмовай Змітра Бартосіка. І гэта проста космас! Мы плануем выдаць яе ў хуткім часе. Мне цяжка ацэньваць сваю кнігу, але, безумоўна, яна лепшая за папярэднія.
Цяпер і нашая чарга адкрыць для вас таямніцы, паважаныя чытачы!
Першая прэзентацыя новага зборніка паэткі Анхелы Эспіноса Руіс «Астралябія божых таямніц» адбудзецца на літаратурнай сцэне фестывалю Hučna Fest у Варшаве. Беларускі ПЭН стане суарганізатарам гэтай падзеі.
Падчас прэзентацыі музыка і аўтар прадмовы кнігі Зміцер Бартосік і яго дачка, спявачка Юстына Карпіловіч, будуць выконваць песні, напісаныя на новыя вершы Анхелы.
Аўтар матэрыялу: Ян Гофман