“Мы разам не на хвілю, не дзеля мімалётнай забавы, а на ўсё жыццё”

Апошняе абнаўленне: 5 сакавіка 2024
“Мы разам не на хвілю, не дзеля мімалётнай забавы, а на ўсё жыццё”

Час і лёс нярэдка падкідваюць сюжэты, якія ўжо здараліся з нашымі папярэднікамі шмат гадоў таму. Вось і зараз, калі тысячы студэнтаў праз пераслед змушаныя пакінуць радзіму, згадваецца гісторыя іх аднагодкаў з Віленскага ўніверсітэту, якая адбывалася роўна 200 гадоў таму. Таемнаму “Таварыству філаматаў” падчас літаратурнага фестывалю імя Міхася Стральцова (арганізатары – Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН) была прысвечана адмысловая імпрэза.

Горад, захоплены інтэлектуальнай сектай

Мадэраваў размову літаратуразнавец, крытык, сябра Беларускага ПЭНа Ціхан Чарнякевіч:

– “Таварыства філаматаў” (сяброў навукі) аб’ядноўвала студэнтаў зусім маладога на той час Віленскага ўніверсітэту, наноў адкрытага ў кароткатэрміновую адлігу імператара Аляксандра І. Давайце згадаем, што гэта было, як даўнія падзеі паўплывалі на культуру – не толькі беларускую, але і сусветную? Чым тыя падзеі адгукаюцца сёння? Ці змяняюць яны сучасныя ўяўленні пра моладзь і яе ролю ў гісторыі?

– Я ў тэме, як кажуць, ад 2018 году, падымаю яе заўсёды і паўсюль, калі толькі з’яўляецца магчымасць, – пачынае размову адна з удзельніц. – Неяк завітала ў парыжскі музей Адама Міцкевіча – тут жа адначасова і Польская бібліятэка. Гэта мемарыяльнае месца, якое стварыў сын паэта. Навучаная міцкевічазнаўствам дырэктарка раптам спыталася: “Вось вы прыехалі з Беларусі, дык ці праўда што геніяльны паэт у Вільні стаў сябрам нейкай секты?” – “Можна сказаць і так”. – “Удакладняю, бо менавіта так напісана па-французску ў нас так стэндзе папярэднікамі, а мы не разумеем сэнсу”…

Пра што гэты эпізод? Бачыце, ёсць яшчэ нават сур’ёзныя знаўцы творчасці і лёсу Міцкевіча, каторыя пра Таварыства нешта цьмяна чулі ці чыталі, але не разумеюць адкуль там што і да чаго. Вось наколькі нават сусветна вядомы паэт дагэтуль не інтэрпрэтаваны і не пададзены.

“Секта”… Такое слова любога крышачку бянтэжыць, бо кожны лічыць жа сябе царквой афіцыйнай…

Тут дарэчы гісторыя, як у 2010-я Аляксей Жбанаў стварыў песенны праект філаматаў і філарэтаў – своеасаблівы рамантычны мюзікл, з якім група ездзіла па школах, раённых дамах культуры… Напрыклад, для песні “Айчына майго сумлення” ён адразу напісаў сваю мелодыю, а потым знайшлася аўтэнтычная. Дык вось падчас рэпетыцыі адзін запрошаны бізнесовец выскачыў з крыкам: “Вы секта, сапраўдная секта!” Адчуў найглыбокае пранікненне духам Таварыства?

Зразумець метафару закрытай супольнасці філаматаў і філарэтаў, дзе ўсім добра, а астатніх не разумеюць, можна акурат чытаючы ўспаміны Тоні Эдварда Адынца. Нават пры ўсіх заганах ягонага стаўлення да фактаў, сутнасць перададзена вельмі добра.

Насамрэч Вільня тады, ад пачатку ХІХ стагоддзя аж да 1823-га, была горадам, захопленым інтэлектуальнай сектай. Ёй тут вельмі добра жылося. Студэнты праводзілі інтэлектуальныя дыспуты, вячоркі, салоны, нешта тое, што зараз завецца фестывалямі… Але ўсё – са згоды кіраўнікоў Віленскай вучэбнай акругі.

У выніку паступова на адукацыю фактычна перамясцілася грамадская функцыя. Тут кшталтавалася новая эліта нашых земляў.

Сябры Таварыства неўзабаве самым актыўным і плённым чынам паўплывалі на станаўленне і развіццё не толькі беларускай, польскай літаратуры, але і рускай.

Калі іх пачалі судзіць, працэс выглядаў дзіка толькі для аўтсайдараў – нібыта ўсё з-за “нейкіх” там моладзевых сходак. А насамрэч гэта было значна большае за навуку, за Айчыну і сумленне – сярод іншагна тут яшчэ і моцны запал містыцызму, стварэнне новай прасторы.

Інфармацыя ў тэму:

Гурток філаматаў утварыўся ў 1817 годзе студэнтамі, сярод якіх былі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Юзаф Яжоўскі ды іншыя, неўзабаве стаўся арганізацыяй з філіяламі ў розных кутках Беларусі. Змены ў грамадскім жыцці, лічылі маладзёны, магчымыя толькі ў выніку актыўнасці перадавых людзей. Для прапаганды сваіх ідэй сярод насельніцтва выкарыстоўвалі ланкастэрскія школы ў беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх губернях. Увосень 1823-га актывістаў арыштавалі і кінулі ў муры былых кляштараў місіянераў і Святой Тройцы, следства цягнулася некалькі месяцаў. Пад суду пайшлі 108 удзельнікаў моладзевых арганізацый (найбуйнейшы студэнцкі палітычны працэс у Еўропе таго часу). Дваццаць з іх увосень 1824 года былі альбо прысуджаныя да турэмных тэрмінаў з наступнай высылкай, альбо высланыя ў глыб Расіі.

Філаматы і філарэты: Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Адам Міцкевіч, Антоні Эдвард Адынец, Ян Чачот, карціна з 1899 г., фота Wikimedia Commons

 

Евангелле ад філаматаў

Далей Ціхан Чарнякевіч даў слова літаратуразнаўцу, гісторыку Віленскага ўніверсітэту Паўлу Лаўрынцу:

– Але што менавіта было ідэалогіяй Таварыства? Наколькі філаматы ўспрымалі Польшчу як нацыянальную ідэю? Чым былі для маладых вальнадумцаў свабода? Рабства? Што ўваходзіла ў своеасаблівае Евангелле ад філаматаў?

– Пачну з пацвярджэння: наш горад сапраўды быў захоплены гэтай “сектай”. Удакладню: па тым часе ў Вільні жылі пад 40 тысяч чалавек. А сам універсітэт перажываў менавіта тады сваю залатую пару. Былых яго вяршынь не ўдалося дасягнуць дагэтуль. Па многіх прычынах. У прыватнасці, ён атрымліваў фінансаванне, як іншыя расійскія ўніверсітэты, аднак роўна такой жа была дапамога ад езуітаў. І на гэтыя сродкі вучоныя адпраўляліся за мяжу на стажыроўкі, часта запрашалі іншаземных славутасцяў да сябе, закуплялі найлепшую літаратуру, абсталяванне і да т.п. Не выпадкова ўніверсітэт стаў магутнай кропкай прыцягнення для моладзі – ад Украіны да паўночна-заходняй Літвы. І вельмі, вельмі шмат паступалі сюды беларусы – з-пад Гародні, Наваградка, Ашмян…

Важна памятаць, гэта – шляхта. Няхай і не самая заможная, але бацькі іхныя капейку за душой мелі, бо вучыць дзяцей у чужым горадзе – дарагое задавальненне. Але не менш важна і тое, што ў іх былі свае высокія ўяўленні пра гонар і годнасць. Яшчэ – дакладная матывацыя, яны ведалі, чаго хацелі.

На гэткай вось агульнай глебе неяк і ўдалося зблізіцца. Філаматаў ядналі вельмі сур’ёзныя адносіны да таго, што яны рабілі і чым даражылі. Хоць адначасова як і ўсе маладыя людзі весяліліся, ладзілі маёўкі, падарожжы… Але наперадзе, найважнейшым заўсёды заставалася дружба. Сапраўдная дружба. Таварыскасць. Узаемападтрымка. Найперш у навуцы, адукацыі.

Іхную ідэалогію можна звесці да ўзвышэння, удасканальвання свайго інтэлектуальнага, ідэйнага, маральнага ўзроўню. І праз уласныя высілкі – уздыму свайго краю. Працытую Міцкевіча:

“У тых няшчасных абставінах, у якіх аказаўся наш край…”

Разумей тое, як хочаш, асабліва калі памятаць, што Адам нарадзіўся праз пяць гадоў пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай. Тут многія ўжо не помняць як Савецкі Саюз разваліўся, а ім не давала забыцца пра трагедыю жывая памяць бацькоў… Тыя жылі вельмі моцным адчуваннем сябе грамадзянамі сваёй разбуранай дзяржавы.

Што яны мелі на ўвазе, калі гаварылі – Айчызна? Менавіта вось гэта: Вялікае Княства Літоўскае ў саюзе з Каралеўствам Польскім.

Важна адзначыць пачцівыя адносіны філаматаў і філарэтаў да языцкай Літвы, разбуранай Люблінскай уніяй. Згадаем хоць бы шматлікія партыйныя клічкі, што нагадвалі менавіта пра сакральнае мінулае краю.

Таварыства не проста так вельмі хутка вырасла як для Вільні ў нешта выразна магутнае. Філаматы і філарэты абраслі цэлай сеткай своеасаблівых дачэрных арганізацый. Хоць адна з іх і называлася зусім нібыта несурʼёзна – “Таварыства сяброў карысных забаў”, аднак кожны там лічыў сябе промнем, які разам з сябрамі будзе асвятляць для іншых прастору ва ўсіх яе напрамках.

І ўрэшце ўсе разам яны сапраўды захапілі горад сваёй кіпучай пазітыўнай, стваральнай энергіяй. Да таго ж усе мелі выдатныя карʼерныя перспектывы, усе з добрых семʼяў, зайздросныя жаніхі для віленскіх паненак…

З пазіцыі сённяшняга дня філаматы былі энтузіястамі-ідэалістамі.

Следства, суд і вырак для многіх апынуліся катастрафічнымі, асабліва для тых, каму дасталіся турмы і шматгадовыя ссылкі некуды за Урал.

Міцкевіча тады закінула ў Маскву, Пецярбург, дзе пазнаёміўся з мясцовай элітай. Далей апынуўся ў Парыжы. Ува Францыі яго якраз і ведаюць па тым этапе. А што было да таго – ну, нейкая “секта”, пра што казалася раней.

З іншага боку, некаторым сябрам Таварыства ўдалося зрабіць бліскучыя карʼеры. Як Ігнацы Дамейка ў Чылі ці Юзаф Кавалеўскі ў Расійскай імперыі. Паважанымі дзяржаўнымі чыноўнікамі сталі многія былыя філаматы і філарэты – згадаць хоць Францішака Манеўскага, пра цяжкі шлях якога напісаў кніжку Аляксандр Фядута. Паўтарыць ягоныя высілкі не ў стане большасць з нас цяперашніх: ну як гэта служыць без аклада гадамі, а толькі на грошы, што прысылаў яму былы рэктар універсітэту. А помнік Яну Чачоту ў Друскеніках пра што гаворыць?

Прыкладаў жыццёвых поспехаў філаматаўцаў у навуцы, паэзіі, дзяржаўным кіраванні хапае.

А як глянуць з іншага боку, то была ж у іх свая ідэалогія, праграма – няхай і ва ўзвышаных, патэтычных выразах? Была. Ці ўдалося выканаць заяўленую місію?

На жаль, не. Бо пачаўся разгром, край кінулі ў дэпрэсію… Наглядны ўрок для ўсяго народа просты: не высоўвайцеся! Памятайце: нічога добрага з такіх парываў не атрымаецца.

Бязлітаснае задушэнне Таварыстве надоўга затрымала развіццё наступнага пакалення.

Тэму працягвае адна з удзельніц:

– Варта дадаць: перад тым, як узяліся за Таварыства, былі званочкі пра небяспеку – напрыклад, пагром у гімназіі. Калі маладых шляхцюкоў слалі ў Сібір, забіралі ў салдаты, або адпраўлялі ў семʼі без права атрымання вышэйшай адукацыі. Яны не маглі нават атрымаць прафесію каваля – то бок выключаліся з грамадства.Назіральнікі збоку наагул не маглі ўсяго гэтага зразумець! А потым – справа філаматаў як найгучная акцыя застрашэння.

Што тычыцца ўзаемаадносін філаматаў з літоўскім фальклорам, то варта звярнуць увагу на шэраг сведчанняў таго часу. Узяць, скажам, каментары Міцкевіча да славутай “Гражыны”, каторыя паводле ўсіх навукоўцаў былі для аўтара дадатковай пляцоўкай прасоўвання сваіх ідэй, ідэалогіі, дапушчэнняў і сродкам як бы нават містыфікацыі.

Гэтыя каментары вельмі нязручныя для ідэі пра тое, што Міцкевіч быў беларускім аўтарам: там акурат літоўскасць трактуецца, кажучы сённяшняй мовай, менавіта летувіскасцю, і там бачны яго вельмі паважлівае, захопленае стаўленне культурай менавіта сучасных яму літоўцаў.

Як я разумею, там дзве важныя рэчы.

Па-першае, Міцкевіч знаходзіўся тады ў працэсе разумення, хто ён сам і які баланс паміж літоўскай і беларускай крывёю ў ім ёсць… Прычым яшчэ рос і з польскай культурай. Гэта ўсё яго моцна хвалявала… Нягледзячы на блізкае жыццё з літоўцамі – а яны былі вельмі закрытай культурай для не літоўцаў, таму патрабавалася добра пастарацца, каб увайсці туды. Размова ж пра тагачасных сялян, якім стагоддзямі пагражалі за іхныя традыцыі.

Міцкевіч выкарыстоўваў гісторыю балтаў – то бок літоўцаў і прусаў – як прыклад для народаў, што забываюць сваё. Прусы ў каментах кепскі прыклад. Іх знішчылі тэўтонцы. А вось літоўцы – героі, якія абараніліся. То бок ён быў вельмі добрым іх суседам.

Але ў прынцыпе, на момант філарэтаў і філаматаў ставіць нацыянальнае пытанне не выпадае, бо там усё было іначай, чым мы звыкліся думаць і ўяўляць.


Тытульная старонка з “Паэзіі” Адама Міцкевіча, т. 1., 1822, Вільня, фота Нацыянальная бібліятэка Polona

Інфармацыя ў тэму:

Паводле літаратураведа, археографа Язэпа Янушкевіча, справа філаматаў і філарэтаў – непаўторная. Віленскі ўніверсітэт лічыўся адным з самых вялікіх у тагачаснай Еўропе. Ведаеце, колькі студэнтаў было ў Вене? У Сарбоне? У Маскве? Віленскі – вышэй за ўсіх: больш тысячы. Масква – трохі за сотню. А праз 30 год наагул 72 студэнты.

Філаматы дамовіліся, што кожны з іх апроч латыні, роднай і французскай павінен ведаць некалькі замежных моваў. Таму дадаткова вывучалі англійскую, нямецкую. Каб больш эфектыўна займацца асветай народа, супрацоўнічалі з шубраўцамі, масонамі, польскім Патрыятычным таварыствам, з дзекабрысцкімі арганізацыямі.

З таго міксу вырасталі нацыі

Паэт, музыка, перакладчык Уладзь Лянкевіч:

– Для мяне філамацкая тэма была не важнай, пакуль не прыйшоў Алесь Дземідзенка – бубнач нашага гурта, і сказаў: “Уладзь, ты ж паэт, а ёсць ідэя: стварыць гурт, назваць яго “Філаматамі”, дык мусіш напісаць адпаведныя тэксты”. Рэч у тым, што мой сябар абчытаўся Міцкевічам, хоць і я са сваёй адукацыі тое-сёе ведаў на гэту тэму…

Любому чалавеку, які ідэнтыфікуе сябе беларусам і шукае, адкуль вырастае цяперашняя беларускасць, мяжа ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў сапраўды важны стартавы момант. У тагачасным катле было яшчэ незразумела, хто чаго хоча і варты, хто сусед, хто як бы ўжо мае нацыянальнае вызначэнне, а хто не, – вось з гэтага міксу вырасталі будучыя нацыі. І натуральна, што Віленскі ўніверсітэт да таго меў самыя наўпроставыя адносіны.

Таму я і вырашыў адгукнуцца на прапанову Алеся. Хоць не ведаў, што менавіта ён ад мяне хоча – ці то нейкую рэканструктарскую паэму, каб пісаць рок-оперу (але такім не займаюся), ці то яшчэ нешта…

І я проста вырашыў начытацца. Але, безумоўна, цікавіла не столькі рамантычная паэзія – найперш натхнялі менавіта лёсы, лісты, звязаныя з тым, як філаматы і філарэты тусаваліся міжсобку, хто і як каго называў, іх іерархія, іхныя абрады, фішкі… То бок цікавілі як маладыя людзі, што хочуць развесці пэўны дзвіж, трохі ўскалыхнуць тагачаснае балота!

Гэта натуральна: энергія 20-гадовых грукае, імкнецца да нейкага выйсця, і вось яны прыдумляюць самі сабе такую гульню. Таму і недзе несур’ёзна ставіліся самі да сябе. Хоць калі ты малады, дык наадварот – звычайна вельмі нават уважліва да сябе ставішся! Гэта зусім не часы іроніі.

Пры ўсім тым яны ўсе былі патасныя і глядзелі наперад…

Насамрэч такое падкупляе, і далейшы жорсткі разгон выглядае яшчэ больш трагічным. Адна рэч, як нехта нічога ад жыцця не чакаў і перспектыў не меў. А калі яны ўсе як на падбор таленавітыя – кожны на свой лад, то, здавалася б, дайце гэтым людзям 10-15-20 гадоў і вырастуць у глыбы! Пра якія не тое каб у Чылі – на Марсе дазнаюцца! “Мы ўляцім, і нашыя промні проста разаб’юць усё!”

Але трагедыя: усё заглушана, прыглушана, расцярушана…

Вывучаю іхныя наступныя лёсы, бачу адноснасць поспехаў…

Ну – адзін стаў нацыянальным героем Чылі, але ці хацеў ім быць? Але ці пра гэта яны марылі? Добра, што ўдалося нечага дасягнуць, але па сутнасці, канечне, гэта панявечаныя і вельмі трагічныя лёсы.

Калі я пачаў вось усё гэта ў 2021-м чытаць, разважаць над ім, то пабачыў, як даўніна запаралельваецца з тым, што адбывалася ў цяперашняй Беларусі… У прыватнасці, як студэнцкі дзвіж, спробы ініцыятываў, акцый, яшчэ чагосьці абарочваліся неўзабаве судовымі працэсамі над студэнтамі. Нічога і прыдумляць нават не трэба.

У мяне быў свой выкладчыцкі, настаўніцкі досвед, таму ведаў: як прыйсці да сучасных дзяцей ці студэнтаў – не да філолагаў, а тэхнароў нейкіх, і сказаць, што 200 гадоў таму іхныя равеснікі ў нейкіх цыліндрах рабілі вось такое…

Не, так не спрацуе! Сярод іншага і таму, што зараз час, калі нікому не трэба тлумачыць, што адбылося з філаматамі. Дастаткова аднаго абзацу, і ўсе дзякуючы перажытаму досведу 2020-х усё зразумеюць, убачаць сябе ў тым своеасаблівым люстэрку часу. Праўда, яно матавае і лепш углядацца туды пазней.

Нічога лішняга па сутнасці дадумляць не патрабавалася, таму я проста прыдумаў дзве несапраўдныя гісторыі. Гэта і не сучаснасць, і не дакумент, што адлюстроўвае сапраўдную гісторыю. Гэта не ёсць рэальная гісторыя ніводнага з філаматаў.

Гэта штосьці, што магло здарыцца, нейкія адчуванні і ўражанні… У якое заўгодна стагоддзе! Раней і зараз. І магло тое адбыцца не толькі з імі, але і з намі…

Ціхан Чарнякевіч:

Філаматы і філарэты працягваюць быць важнымі не толькі для беларусаў.

Дзякуючы таму перыяду неўзабаве ў нашых суседніх літаратурах паўсталі найвялікшыя творы…

Такое па сілах зусім не ўсім маладым пакаленням сусветнай культуры. Адсюль нашая бязмежная павага да сябраў Таварыства, іх спадчыны. Таму і ствараюцца новыя творы, з’яўляюцца новыя пераклады. Тут і “Гражына” ў новай апрацоўцы, тут і кнігі Аляксандра Фядуты.

Многія творцы і заўтра, і надалей будуць звярацца з урокамі нашых легендарных папярэднікаў, бо гэта натуральна, важна ўнутрана. Гэта – не проста даніна памяці, а – наш абавязак.

Інфармацыя ў тэму:

Таварыства задумвалася змацаванай асабістым сяброўствам сямʼёй аднадумцаў. Паводле выказвання Юзафа Яжоўскага, “не на хвілю, не дзеля мімалётнай забавы, а на ўсё жыццё”. На адным з допытаў Тамаш Зан, які ўзяў на сябе ўсю віну за стварэнне арганізацыі, выказаўся так: “Мы не стваралі часу – час ствараў нас”.

Статут арганізацыі падкрэсліваў: якая б доля ні напаткала кожнага, куды б яна іх ні закінула, усе застаюцца сябрамі Таварыства назаўсёды. І гэтую клятву філаматы, філарэты даказалі наступным сваім жыццём. Узорна годным.

Яркі прыклад на ўсе часы.

На наш таксама.