• Навiны
  • Культурныя правы
  • (БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2023 года

(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2023 года

Апошняе абнаўленне: 28 красавіка 2023
(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2023 года

Пра маніторынг

З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Гэты дакумент змяшчае статыстыку і аналіз парушэнняў у сферы культуры са студзеня да сакавіка 2023 года. Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не ўказваем прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, паводле дзейных у Рэспубліцы Беларусь нарматыўных прадпісанняў, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні. Больш пра маніторынг.

Асноўныя вынікі маніторынгу
Парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры
Цэнзура і адміністрацыйныя перашкоды ў сферы культуры
Права на ўдзел у культурным жыцці
Папаўненне ў спісе культурных «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Барацьба з «непатрэбнай» памяццю (гісторыка-культурнай спадчынай)
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры

АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ

  • За студзень – сакавік 2023 года ў Беларусі зафіксаваны 459 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
  • Парушэнні закранулі правы не менш чым 229 дзеячаў культуры і 72 арганізацый і супольнасцяў сферы культуры.
  • У калоніях, турмах, следчых ізалятарах або ва ўстановах адкрытага тыпу знаходзяцца 115 палітвязняў – дзеячаў культуры, усяго ў зняволенні або ва ўмовах абмежавання волі – на «хатняй хіміі» – не менш за 137.
  • Асуджаны і прыгавораны не менш чым 28 дзеячаў культуры. У тым ліку ажыццявіўся першы прысуд у рамках спецыяльнага вядзення – завочнага суда ў дачыненні да дзеяча культуры і палітыка Паўла Латушкі. Вялізныя тэрміны прысудаў: праваабаронца, літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і публіцыстка, палітолаг Валерыя Касцюгова асуджаны на 10 гадоў зняволення; музыка Яўген Глушкоў – на 9; культуролаг, архівіст, актывіст незалежнага прафсаюза «РЭП» Вацлаў Арэшка і журналіст, эсэіст, сябра Саюза палякаў Беларусі Андрэй Пачобут атрымалі па 8 гадоў калоніі. Усяго з лістапада 2020 года асуджаны не менш чым 193 дзеячы культуры. Расце колькасць паўторна прыцягнутых да крымінальнай адказнасці.
  • Працягваецца практыка ўзмацнення жорсткасці рэжыму ўтрымання і завядзення новых крымінальных спраў паводле артыкула 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») у дачыненні да дзеячаў культуры, якія ўжо адбываюць пакаранне.
  • Не менш чым 56 дзеячаў культуры закранулі адвольныя затрыманні, якія пацягнулі за сабой адміністрацыйныя арышты і штрафы для прынамсі 32 чалавек, у дачыненні да не менш чым 12 дзеячаў культуры былі ў выніку заведзены крымінальныя справы.
  • 23 дзеячы культуры ўнесены Міністэрствам унутраных спраў у «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Траплянне ў такі спіс цягне за сабой яшчэ большае абмежаванне ў правах як на тэрмін судзімасці, так і пасля яго. Усяго з сакавіка 2022 года 127 дзеячаў культуры прызнаны датычнымі да «экстрэмісцкай дзейнасці», 20 – да «тэрарыстычнай дзейнасці».
  • Музычны гурт «Tor Band» і аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прызнаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
  • Прымусова ліквідаваны яшчэ 10 некамерцыйных арганізацый, якія маюць дачыненне да сферы культуры, а ўсяго з пачатку мэтанакіраванай кампаніі ліквідацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі (з канца 2020 года) – не менш за 193.
  • Папаўненне ў спісе культурных «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» яшчэ 44 матэрыялы на тэму культуры або сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры: 15 кніг (усяго ў ім ужо 26) – мастацкіх, на гістарычную тэматыку або навуковых матэрыялаў; 9 нумароў часопіса «Наша гісторыя» і 3 нумары «ARCHE» за 2018–2020 гады; 2 музычныя кліпы – «Экстремист» (2023) гурта «Дай Дарогу!» і «Чэрці» гурта «Sumarok»; 2 старонкі «УКантакце» – прысвечаная беларускаму неафолк-гурту «Крывакрыж» і прасоўванню беларускага ігравога фільма «Жыве Беларусь! || Viva Belarus!», а таксама іншыя матэрыялы.
  • Зафіксаваны шматлікія факты цэнзуры і парушэння культурных правоў: ліквідацыя двух выдавецтваў – «Янушкевіч» і «Кнігазбор»; адмена канцэрта гомельскага фолк-гурта «Ягорава Гара»; закрыццё «Prime Hall» – адной з найважнейшых канцэртных пляцовак сталіцы; распаўсюд «стоп-ліста» артыстаў, чые выступы забаронены ў Беларусі; цэнзура на мастацкай выставе беларускага жывапісу «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне…»; затрыманне экскурсійнай групы, якая ехала ўдзельнічаць у беларускім абрадзе «Калядныя цары», уключаным у спіс ЮНЕСКА; зняцце з пракату расійскага фільма «О чем говорят мужчины. Простые удовольствия» («Пра што гавораць мужчыны. Простыя задавальненні»); адмена фестывалю «Нефільтраванае кіно» і іншыя.
  • Барацьба рэжыму з «непатрэбнай» гістарычнай памяццю: у касцёле ў Солах зафарбавана 100-гадовая фрэска «Цуд на Вісле», у Зэльве дэмантаваны помнік паэтцы-дысідэнтцы Ларысе Геніюш.
  • Характар дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры:
    • кантроль – рэгламентацыя выстаў, культурна-відовішчных мерапрыемстваў і дзейнасці экскурсаводаў, рэпертуарная палітыка і падбор кадраў паводле прынцыпу лаяльнасці;
    • паралельны імпарт і пірацкае выкарыстанне музычных і аўдыявізуальных твораў;
    • рост колькасці запрошаных расійскіх артыстаў і рэжысёраў;
    • патрыятычная адукацыя ў школах і дзіцячых садках;
    • спыненне дзеяння пагадненняў з Францыяй і Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы культуры і адукацыі;
    • адмова ад транслітарацыі найменняў геаграфічных аб’ектаў беларускай лацінкай;
    • пераслед усяго нацыянальна арыентаванага і незалежнага.

ПАРУШЭННІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ

За першыя тры месяцы 2023 года былі парушаны правы не менш чым 229 дзеячаў культуры. У зняволенні знаходзяцца 115 палітвязняў – дзеячаў культуры (на канец сакавіка 2023 года ў краіне 1474 палітвязні), усяго паводле крымінальных спраў утрымліваюцца ў калоніях, турмах, следчых ізалятарах, установах адкрытага тыпу («хімія») або адбываюць «хатнюю хімію» не менш за 137 чалавек. У сілу замоўчвання фактаў рэпрэсій самімі пацярпелымі і закрытасці інфармацыі з боку дзяржструктур гэтыя звесткі не з’яўляюцца поўнымі з гледзішча маштабу рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі ў дачыненні да дзеячаў культуры.

Вядома пра смерць у турме, 57 затрыманняў, 39 адміністрацыйных спраў у дачыненні да дзеячаў культуры, 28 чалавек былі прыцягнуты судамі да крымінальнай адказнасці, яшчэ 22 прызнаны «экстрэмістамі» і 2 – «тэрарыстамі», на 21 чалавека былі заведзены крымінальныя справы, прайшлі 14 ператрусаў, 8 дзеячаў культуры звольнены паводле палітычных матываў.

5 студзеня ў закрытым рэжыме Мінскі гарадскі суд асудзіў культуролага, архівіста, актывіста незалежнага прафсаюза «РЭП» Вацлава Арэшку на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 20 студзеня ў Гомелі на закрытым працэсе на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны музыка Яўген Глушкоў, які зрабіў здымак вайсковага аэрадрома ў вёсцы Зябраўка Гомельскай вобласці, адкуль былі зафіксаваны запускі ракет на тэрыторыю Украіны. 8 лютага ў закрытым судзе ў Гродне вынесены прысуд журналісту, эсэісту, сябру Саюза палякаў Беларусі Андрэю Пачобуту. За выказванне меркавання наконт беларускіх пратэстаў 2020 года, гістарычных фактаў 1939 года, абарону польскай меншасці ён атрымаў 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 3 сакавіка ў Мінску быў вынесены прысуд праваабаронцу, літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 185 000 рублёў штрафу (~ 63 000 USD) за праваабарончую дзейнасць і дапамогу рэпрэсаваным. 17 сакавіка ў Мінску публіцыстка і даследчыца Валерыя Касцюгова атрымала 10 гадоў калоніі за сваю інтэлектуальную дзейнасць.

Таксама на працягу аналізаванага перыяду на тэрміны ад 2,5 года «хатняй хіміі» да 11 гадоў калоніі былі асуджаны: краязнаўца і журналіст Аляксандр Лычаўка (3 гады «хатняй хіміі»), экскурсаводка і даследчыца Валерыя Чарнаморцава (2,5 года «хатняй хіміі»), спявачка Мерыем Герасіменка (3 гады «хатняй хіміі»), музыка і грамадскі дзеяч Барыс Кучынскі (суд па ўзмацненні рэжыму: 3 гады «хатняй хіміі» заменены на 2 гады калоніі), уласнік бара «Банкі-Бутэлькі» Андрэй Жук (2,5 года «хіміі») – у студзені; відэааператар і кавер-выканаўца Глеб Гладкоўскі (5 гадоў калоніі), акцёр, кастынг-дырэктар Віктар Бойка (3 гады «хатняй хіміі»), настаўнік гісторыі Сяргей Козел (3 гады «хатняй хіміі»), мадэратар групы «ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!» у сацыяльнай сетцы «УКантакце», навуковы супрацоўнік Уладзімір Буцькавец (3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму), архітэктарка Валерыя Сокал (2,5 года «хатняй хіміі»), менеджар культуры, відэаблогер, палітык Сяргей Ціханоўскі (яшчэ 1,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму у дадатак да 18 гадоў пазбаўлення волі) – у лютым; заснавальнік іспанскага візавага цэнтра Руслан Лабанок (11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму), філолаг, італьяністка Наталля Дуліна (3,5 года калоніі), музыкі Уладзімір і Дзмітрый Каракіны (па 2,5 года «хатняй хіміі»), культуролаг і экспертка па этыкеце Аксана Зарэцкая (1,5 года калоніі), аспірант гістарычнага факультэта БДУ Юрый Уласюк («хатняя хімія»), фатограф і журналіст Генадзь Мажэйка (3 гады калоніі), літаратар і бард Аляксей Ільінчык (2,5 года калоніі), фатографка Варвара Мядзведзева («хатняя хімія») – у сакавіку.

Вядома, што ў лютым – сакавіку былі прызначаны суды (пра якія мы больш нічога не ведаем) над наступнымі дзеячамі культуры: мастаком-ілюстратарам Вадзімам Багрыем, мастаком і мультыплікатарам Іванам Вярбіцкім,.

У сакавіку экс-міністр культуры Рэспублікі Беларусь, былы дырэктар Купалаўскага тэатра, палітык Павел Латушка быў завочна асуджаны на 18 гадоў калоніі.

Усяго за студзень – сакавік 2023 года ў рамках крымінальнага пераследу асуджаны не менш чым 28 дзеячаў культуры.

Зафіксаваны парушэнні ўмоў утрымання ў закрытых установах у дачыненні да 26 дзеячаў культуры. Адно з наступстваў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з палітычнымі зняволенымі – пагаршэнне стану іх здароўя. У гродзенскай турме памёр мастак Руслан Карчаулі. Паводле атрыманай інфармацыі, смерць наступіла пасля перанесенай пнеўманіі ў выніку нясвоечасовага аказання якаснай медыцынскай дапамогі. У літаратара, перакладчыка, літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты пасля пераводу ў магілёўскую калонію абвастрыліся праблемы з сэрцам, якія прывялі ў выніку да шпіталізацыі. Літаратару і барду Аляксею Ільінчыку не дазволілі перадаць неабходныя медпрэпараты, і ў яго амаль не дзейнічае правая рука пасля перанесенага вясной інсульту. У выніку інфармацыйнай блакады сваякі не маглі перадаць неабходныя лекі філосафу Уладзіміру Мацкевічу. Прафесар і арганізатар культурных мерапрыемстваў Юрый Бубноў атрымаў у СІЗА траўму галавы. Пагоршылася здароўе Сяргея Сацука – яму не давалі неабходных лекаў. Ксенія Луцкіна перахварэла ў калоніі на двухбаковую пнеўманію. Пагоршылася здароўе ў публіцысткі і актывісткі Алены Гнаўк. Праз два дні пасля суда культуролага Аксану Зарэцкую адвезлі ў бальніцу ў непрытомным стане. Умовы беларускай турмы – цяжкае фізічнае і псіхалагічнае выпрабаванне. Літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) знаходзіцца ў зняволенні ўжо амаль 2,5 года, у адным з лістоў мужу яна напісала пра «вялізную фізічную і маральную стомленасць».

Працягваецца практыка пастаноўкі палітзняволеных – дзеячаў культуры на прафілактычны ўлік, пераводу ў адзіночную камеру, штрафны ізалятар (ШІЗА), карцар, памяшканне камернага тыпу (ПКТ), а таксама практыка ўзмацнення рэжыму ўтрымання – пераводу з калоніі ў турму: у лютым быў суд па ўзмацненні жорсткасці рэжыму для філосафа, метадолага і публіцыста Уладзіміра Мацкевіча, у сакавіку – для UX/UI-дызайнера Дзмітрыя Кубарава. На цяперашні момант ужо не менш за 9 дзеячаў культуры пераведзены на турэмны рэжым. Працягваецца пераслед паводле артыкула 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»): менеджара культуры, відэаблогера і палітыка Сяргея Ціханоўскага асудзілі на падставе гэтага артыкула ў лютым 2023 года, дадалі яшчэ 1,5 года калоніі да папярэдняга 18-гадовага тэрміну; мастака і мультыплікатара Івана Вярбіцкага – у сакавіку (11 красавіка пачаўся суд над публіцысткай і актывісткай Аленай Гнаўк). У выніку пратэсту пракурора зрабілі больш жорсткім пакаранне ў дачыненні да музыкі і грамадскага дзеяча Барыса Кучынскага, якому ў канцы студзеня замянілі 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») на 2 гады калоніі.

***

На працягу студзеня – сакавіка гэтага года мінімум 56 дзеячаў культуры былі затрыманы (адзін з іх – двойчы). Колькасць затрыманняў моцна вырасла ў канцы сакавіка, калі 29–30 сакавіка стала вядома пра затрыманне адразу 13 спецыялістаў, якія мелі дачыненне да Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Большасць з іх атрымала па 15 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП РБ). Станам на сярэдзіну красавіка вядома, што двум супрацоўнікам музея пасля выставілі абвінавачанні паводле крымінальнай справы. Усяго за разгляданы перыяд мінімум 32 затрыманні мелі працягам адміністрацыйныя пераследы (мінімум трое дзеячаў культуры былі паўторна затрыманы – атрымалі новыя суткі, мінімум два адміністрацыйныя пераследы перацяклі ў крымінальныя справы). Восем чалавек былі, мяркуючы з усяго, адпушчаны ў той жа дзень або праз некалькі сутак без выстаўлення абвінавачанняў, у дачыненні да яшчэ 17 завялі крымінальныя справы або адразу пасля затрымання, або пасля адміністрацыйнага арышту, або іх лёс нам не да канца вядомы. Усяго не менш за 444 сутак (амаль 15 месяцаў) і 5254 рублі штрафаў (~ 1850 USD) прысуджана дзеячам культуры ў рамках адміністрацыйнага пераследу ў аналізаваны перыяд.

***

23 дзеячы культуры ўнесены Міністэрствам унутраных спраў у «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Усяго ў ім ужо 127 чалавек з культурнай сферы. Новая тэндэнцыя за ўвесь перыяд маніторынгу – унясенне імёнаў дзеячаў культуры ў «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» як «удзельнікаў» гэтых «фарміраванняў». Так, 16 студзеня быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем» гурт «Tor Band» (яго YоuТubе-канал, Patreon, сацыяльныя сеткі і музычныя кампазіцыі прызнаны «экстрэмісцкімі» ў жніўні 2022 года), і музыкі Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык, а таксама прэс-сакратарка гурта Юлія Галавач унесены ў гэты пералік як яго (фарміравання) «удзельнікі». Тое ж тычыцца сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў – некамерцыйнай арганізацыі, створанай у 1995 годзе і ліквідаванай у Беларусі ў жніўні 2021 года. У канцы лютага 2023 года аб’яднанне аказалася ў пераліку «экстрэмісцкіх фарміраванняў», у якім паэт і журналіст Андрэй Бастунец, перакладчык Сяргей Комлач і іншыя пералічаны як «удзельнікі» гэтага «фарміравання». У «Пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», якім займаецца Камітэт дзяржаўнай бяспекі, ужо 20 дзеячаў культуры: у 2023 годзе ў спіс унесены Аляксандр Францкевіч, аўтар турэмнай літаратуры і анархіст, і Вадзім Васільеў, мастак па святле.

***

У студзені польскую пісьменніцу Маю Вольных не пусцілі ў Беларусь, нягледзячы на бязвізавы рэжым, які дзейнічае для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы, і забаранілі ёй уезд у краіну на 20 гадоў.

ЦЭНЗУРА І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫЯ ПЕРАШКОДЫ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

10 студзеня Эканамічны суд горада Мінска пастанавіў спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Янушкевіча, што фактычна азначае закрыццё выдавецтва «Янушкевіч». Рашэнне матывавана «выпускам у свет» друкаваных выданняў, «якія змяшчаюць інфармацыю экстрэмісцкага характару» – у 2022 годзе тры кнігі выдавецтва былі ўключаны Міністэрствам інфармацыі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У працэсе ліквідацыі знаходзіцца ПУП «Кнігазбор»: 26 студзеня заснавальнік выдавецтва Генадзь Вінярскі падзяліўся ў сацыяльнай сетцы навіной пра тое, што скончылася яго 27-гадовая «эпапея» ў выдавецкай дзейнасці.

У пачатку студзеня ў Гомелі быў адменены канцэрт, прымеркаваны да 10-годдзя фолк-гурта «Ягорава Гара». У сярэдзіне студзеня на сайце адной з самых папулярных канцэртных пляцовак Мінска – «Prime Hall» – з’явілася інфармацыя пра часовае закрыццё клуба «з тэхнічных прычын». Паводле апошняй агучанай у СМІ версіі, гэта наступствы навагодняга карпаратыву адной з фірмаў, на якім выступіў нехта з забароненых артыстаў.

8 лютага ў публічных крыніцах з’явіўся «стоп-ліст» забароненых у Беларусі выканаўцаў, які ўключае 87 назваў гуртоў і імёнаў артыстаў. Украінскі рок-гурт «Нервы» фігуруе ў ім двойчы (як «Гурт Нервы» (п. 28) і «Нервы» (п. 64)); браты Меладзэ – расійскі спявак Валерый і расійска-ўкраінскі кампазітар Канстанцін – унесены адным радком; выбіваецца з агульнага, музычнага паводле сваёй сутнасці, спісу прысутнасць у ім расійскага журналіста Аляксея Піваварава. Амаль кожны другі (38 з 87) з пералічаных у «стоп-лісце» выканаўцаў/гуртоў прадстаўляе расійскую сцэну, кожны трэці (29 з 87) – беларускі артыст, кожны пяты (18 з 87) – украінскі выканаўца. Мы досыць рэдка ўключаем у вынікі маніторынгу неправераныя спісы, якія з’яўляюцца ў публічнай прасторы (пераважна праз сумненні ў іх дакладнасці), аднак гэтым разам зыходзілі з таго, што гэта сапраўдны дакумент, і ўнеслі ў маніторынг факты цэнзуры ў дачыненні да кожнага названага ў ім выканаўцы/гурта.

Вядома, што ўдзельнікі праекта «Lüsterka» – віртуальнай выставы работ сучасных беларускіх мастакоў, створанай Уладзімірам Маляўкам у адказ на рэпрэсіі і «чорныя спісы» мастакоў, – атрымлівалі лісты ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у якіх паведамлялася, што ў дзяржаўных установах культуры гэтыя аўтары выстаўляцца ўжо не змогуць.

23 лютага ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава беларускага жывапісу «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне…», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі. Паводле ўсталяванай ужо традыцыі, не ўсе мастакі, якія прапанавалі свае працы, убачылі іх на сценах выставачнай прасторы. Аказалася, прычына ў «нядобранадзейнасці» аўтараў. З публічных крыніц вядома, што Міністэрства культуры не дапусціла да экспазіцыі працы Андрэя Смаляка («Вы ж у спісах!»), з непублічных – яшчэ як мінімум аднаго мастака. Як высветлілася, шэраг карцін яшчэ экспанаваўся ў дзень адкрыцця, але праз дзень-два іх замянілі на работы іншых аўтараў. Колькіх мастакоў насамрэч закранула цэнзура ў рамках гэтай выставы, мы дакладна не ведаем.

У сакавіку быў ізноў (папярэдні раз – у ліпені 2022-га) заблакаваны сайт беларускага незалежнага навуковага, навукова-папулярнага, грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «ARCHE», на цяперашні момант ён не працуе. Таксама ў рамках выканання рашэння Міністэрства інфармацыі, прынятага на аснове Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», на тэрыторыі краіны абмежаваны доступ да сайта Беларускай Рады культуры (7 чэрвеня 2022 года прызнанай МУС «экстрэмісцкім фарміраваннем»).

Ліквідавана не менш за 10 некамерцыйных арганізацый культурнай накіраванасці. Характэрна, што ў першым квартале 2023 года ў спісах на ліквідацыю апынуліся грамадскія аб’яднанні «Танцавальна-спартыўная ліга» і «Танцавальна-спартыўны клуб “Людміла”» – у кастрычніку 2022 года ў Мінскі гарадскі суд былі пададзены іскавыя заявы аб прыпыненні іх дзейнасці. Усяго на канец сакавіка 2023 года прымусова ліквідаваны ўжо 193 НКА, якія ўплывалі на развіццё культурнай сферы Беларусі.

ПРАВА НА ЎДЗЕЛ У КУЛЬТУРНЫМ ЖЫЦЦІ

У студзені група з каля 80 чалавек ехала ў суправаджэнні трох экскурсаводаў у аграгарадок Семежава Мінскай вобласці на абрад «Калядныя цары», уключаны ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Абрад ладзіцца раз на год, у Шчодры вечар – з 13 на 14 студзеня. Удзельнікі паездкі былі затрыманы, правялі ў аўтобусе 5 гадзін, пакуль ва ўсіх не праверылі дакументы і тэлефоны. Для экскурсаводаў Івана Сацукевіча і Алеся Варыкіша паездка на абрад скончылася 15 і 9 суткамі адміністрацыйнага арышту.

У першай палове лютага Міністэрства культуры зняло з пракату расійскі фільм «О чем говорят мужчины. Простые удовольствия» («Пра што гавораць мужчыны. Простыя задавальненні»). У кінастужцы заняты акцёры тэатра «Квартет И», якія ў 2020 годзе выказаліся пра жорсткасць дзеянняў «т. зв. сілавікоў» у дачыненні да народа Беларусі. Відаць, менавіта іх удзел у фільме зрабіўся прычынай цэнзуры і перашкодай на шляху да масавага гледача.

Пасля даносу праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай у Акадэміі навук Беларусі не адбылося запланаванага на 9 сакавіка круглага стала пра ролю жанчын у культурнай эпосе на пераломе XIX–XX стагоддзяў, прымеркаванага да Міжнароднага жаночага дня. Бондарава палічыла крамольнай згадку імёнаў пісьменніц-дысідэнтак Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш. 16 сакавіка стала вядома пра вымушаную адмену ў Нацыянальным мастацкім музеі лекцыі «Этнаметафізіка і сфера сакральнага ў беларускай традыцыйнай культуры» старшай навуковай супрацоўніцы Інстытута філасофіі НАН Беларусі Ірыны Дубянецкай.

21 сакавіка, за некалькі дзён да старту праграмы, Міністэрства культуры без тлумачэння прычын забараніла правядзенне фестывалю «Нефільтраванае кіно». IX незалежны афлайн-фестываль аўтарскага кіно – «кіно без камерцыйнай, ідэалагічнай і эстэтычнай цэнзу?», як яго пазіцыянуюць арганізатары, – меўся праходзіць у Мінску з 24 да 26 сакавіка, усе фільмы першапачаткова былі дапушчаны да паказу, што пацвярджала інфармацыя з Дзяржаўнага рэгістра фільмаў Рэспублікі Беларусь. Пасля навіны пра адмену фестывальныя фільмы з яго выключылі.

Таксама ў гэтым раздзеле хацелася б зафіксаваць сітуацыю масавых затрыманняў падлеткаў – прыхільнікаў анімэ, якія паспрабавалі сабрацца ў адным з гандлёвых цэнтраў горада: 28 лютага ў Гомелі і 1 сакавіка ў Брэсце. Мы не фіксавалі гэтай падзеі як парушэння культурных правоў, бо не да канца вывучылі саму з’яву і тое, што насамрэч адбывалася, тым не менш, лічым патрэбным звярнуць увагу на рэпрэсіі ў дачыненні да непаўналетніх, якія Следчы камітэт растлумачыў процідзеяннем з’яўленню новай моладзевай субкультуры – «ЧВК Редан». Пра гісторыю японскай субкультуры ў Беларусі можна пачытаць у гэтым матэрыяле.

ПАПАЎНЕННЕ Ў СПІСЕ «ЭКСТРЭМІСЦКІХ МАТЭРЫЯЛАЎ»

44 матэрыялы, якія змяшчаюць кантэнт на тэмы культуры (сайты, YouTube-каналы, артыкулы, кліпы, кнігі) або маюць дачыненне да дзеячаў культуры (старонкі ў сацыяльных сетках), былі ўнесены Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у студзені – сакавіку 2023 года ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

  • Літаратура і гісторыя

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаны 15 кніг. Гэта працы аўтарства Анатоля Тараса або пад яго рэдакцыяй: «Беларусь превыше всего! (О национальной беларусской идее)», «Запiсы таварыства аматараў беларускай гiсторыi iмя Вацлава Ластоўскага. Выклiкi “рускага свету” i Беларусь. Выпуск. 6», «Постсоветский транзит: между демократией и диктатурой: Сборник статей», «Страницы прошлого: статьи по истории Беларуси»; «Праблемы гуманiтарнай бяспекi Беларусi: Матэр’ялы навукова-практычнай канферэнцыi» і «Трансфармацыi ментальнасцi беларусаў у XXI ст.: Матэр’ялы навукова-практычнай канферэнцыi» (пад рэдакцыяй А. Тараса), а таксама: «Год 1942 – учебный» Уладзіміра Бешанава; «Забытая Беларусь» Вадзіма Дзеружынскага; «Большая кровь: Как СССР победил в войне 1941–1945 гг.» Сяргея Захарэвіча; «Нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусі ў часы вайны (1941–1944 гг.)» Леаніда Лыча; «Тень Победы» Віктара Суворава; «Кто, как и зачем убил Вильгельма Кубе» Алега Усачова; «”Вызваленыя” i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў» Аляксандра Смаленчука; «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча; «Адысея капітана БНР» Анатоля Гатоўчыца. Усяго з 2021 года ўжо 26 кніг – мастацкіх, гістарычных або на навуковую тэматыку – прызнаны «экстрэмісцкімі».

27 лютага ўнесены ў спісы Telegram-канал, прысвечаны гісторыі Беларусі, – «Historyja», які з чэрвеня 2022 года ўжо мае статус «экстрэмісцкага фарміравання», а 6 сакавіка – 9 нумароў навукова-папулярнага часопіса «Наша гісторыя» і 3 нумары незалежнага навуковага, навукова-папулярнага, грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «ARCHE», якія выйшлі ў 2018–2020 гадах.

  • Музыка

7 лютага быў прызнаны «экстрэмісцкім» панк-гімн канца 1990-х гадоў «Наш дом – Беларусь», 8 лютага – кліп і тэкст песні «Экстремист» (2023) гурта «Дай Дарогу!» (гэта другое відэа гурта, якое атрымала такі статус – у жніўні 2021 года «экстрэмісцкім» прызнаны кліп «Баю-бай» (2020)). 24 лютага ў спіс трапіла старонка «УКантакце» беларускага неафолк-гурта «Крывакрыж», чыім opus magnum лічыцца альбом «Малітвы вайны» (2009) – «гранічна палітызаваны, ангажаваны і русафобскі», а 14 сакавіка – відэакліп «Чэрцi» гурта «Sumarok», які змяшчае кадры з пратэстаў у Маладзечне ў 2020 годзе. Год таму «экстрэмісцкім» быў прызнаны артыкул пра гэты кліп, які выйшаў у «Рэгіянальнай газеце» ў кастрычніку 2020 года.

  • Кіно

24 лютага суд Салігорскага раёна Мінскай вобласці сярод іншага прызнаў «экстрэмісцкім» матэрыялам групу «УКантакце», прысвечаную ігравому фільму «Жыве Беларусь! || Viva Belarus!», які выйшаў у пракат у 2013 годзе. «Першы мастацкі фільм пра сучасную Беларусь на беларускай мове», як гаворыцца ў апісанні групы.

БАРАЦЬБА З «НЕПАТРЭБНАЙ» ПАМЯЦЦЮ (ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНАЙ)

У студзені стала вядома, што ў аграгарадках Грозава і Семежава Мінскай вобласці зніклі крыжы памяці ўдзельнікаў антыбальшавіцкага паўстання 1920 года, а 28 лютага – што ў каталіцкім храме Маці Божай Ружанцовай (уключаным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь) у аграгарадку Солы Гродзенскай вобласці на патрабаванне ўладаў зафарбавалі вядомую фрэску «Цуд на Вісле», якая выяўляла Варшаўскую бітву 1920 года – пераломны момант савецка-польскай вайны. Папярэднікам гэтай падзеі зрабіўся прапагандысцкі рэпартаж, які выйшаў на дзяржаўным тэлеканале ў снежні мінулага года. Характэрна, што ў савецкі час гэтую фрэску ўжо зафарбоўвалі.

30 сакавіка стала вядома пра дэмантаж помніка беларускай паэтцы-дысідэнтцы Ларысе Геніюш, усталяванага ў 2003 годзе на тэрыторыі храма Святой Жывапачатковай Тройцы ў гарадскім пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці. За тыдзень да саракавых угодкаў смерці пісьменніцы позна ўвечары сілумінавы бюст таемна зрэзалі і знеслі ў невядомым кірунку. Дэмантаж – вынік адной з кампаній праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай у ачарненні памяці Ларысы Геніюш, якая вялася з восені 2022 года. Актывістка звярталася да ідэолагаў гродзенскіх выканкамаў, пісала звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта, у Мінскую епархію і іншыя інстанцыі, называла паэтку «фігурай адназначна адмоўнай», «памагатай гітлераўскіх акупантаў» і «нацысцкім злачынцам». Нягледзячы на прамежкавыя няўдачы – напрыклад, адказ Зэльвенскага райвыканкама наконт законнасці ўсталявання гэтага бюста, – дэмантаж адбыўся.

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

  • 1 студзеня ўступіла ў сілу Пастанова № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні», якая рэгулюе дзейнасць экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Цяпер працаваць паводле прафесіі могуць толькі спецыялісты, што прайшлі атэстацыю, да якой першапачаткова не дапускаюцца асобы, што мелі судзімасць паводле шэрагу (палітычных) артыкулаў. Пачалі ануляваць раней выдадзеныя пасведчанні аб атэстацыі.
  • Падкантрольнасць сферы культуры. Згодна са зменамі ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, якія ўступілі ў сілу:
    • Арганізатар выставы абавязаны паведаміць пра яе ў адпаведны мясцовы орган, падаўшы інфармацыю пра арганізатара, аўтараў твораў, якія выстаўляюцца, іх творчыя біяграфіі, назву, тэрмін і месца правядзення выставы. Аднак гэтыя патрабаванні не распаўсюджваюцца на выставы, якія ладзяцца паводле рашэння дзяржаўных органаў або на падставе дамовы з імі.
    • Для арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства арганізатар не толькі павінен быць уключаны ў адпаведны рэестр, але і абавязаны кожны раз атрымліваць спецыяльны дазвол – пасведчанне. Пры прыняцці рашэння аб выдачы такога пасведчання інфармацыя пра непасрэдных удзельнікаў мерапрыемства можа запытвацца ў органах унутраных спраў, органах дзяржаўнай бяспекі і (або) у Міністэрстве культуры, а сіламі спецыяльна створанага мастацкага савета будуць ацэнены эстэтычная значнасць, мастацкая цэласнасць, афармленне, драматургія, узровень выканальніцкага майстэрства і іншыя складнікі заяўленага мерапрыемства. Аднак калі арганізатарам выступаюць дзяржаўныя органы ў сферы культуры, пасведчання не патрабуецца.
    • Устаноўлены нормы, якія прадугледжваюць, што экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў музеяў могуць ажыццяўляць выключна супрацоўнікі гэтых музеяў. Абслугоўванне іншымі асобамі забаронена.
    • Устанаўліваецца выключная кампетэнцыя Міністэрства культуры ў наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і пазбаўленні яе такога статусу.
    • І іншае.
  • 6 студзеня быў апублікаваны Закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці», які дапускае ўвоз і выкарыстанне музычных і аўдыявізуальных твораў, камп’ютарных праграм і іншых аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці без згоды на тое праваўладальнікаў і без выплаты ўзнагароджання, а фактычна ўзаконьвае паралельны імпарт і пірацкае выкарыстанне фільмаў, музыкі, тэле- і радыёперадач з «замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні». Закон будзе дзейнічаць на працягу двух гадоў – да 31 снежня 2024 года.
  • Міжнароднае супрацоўніцтва: 25 студзеня на пасяджэнні 9-й сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты прынялі рашэнне аб спыненні дзеяння пагаднення з Польшчай у сферы адукацыі (было падпісана ў 2016 годзе, тычылася пытанняў павышэння кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы ў Польшчы і польскай – у Беларусі), а таксама з Францыяй у сферы культуры, адукацыі, навукі і СМІ (было падпісана ў 2010 годзе, тычылася, у тым ліку, пытанняў вывучэння французскай мовы і студэнцкіх абменаў) – міністр культуры Анатоль Маркевіч назваў немэтазгодным далейшае супрацоўніцтва з гэтай краінай у рамках гэтага пагаднення.
  • 24 сакавіка 2023 года была апублікавана і ўступіла ў сілу Пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь «Аб перадачы найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы», якая рэгламентуе замену ў Беларусі транслітарацыі геаграфічных назваў і найменняў з выкарыстаннем беларускай мовы на выкарыстанне рускай – фактычна, адмова ад транслітарацыі беларускай лацінкай. Прыняцце чыноўнікамі гэтай пастановы – яшчэ адна гісторыя «поспеху» праўладных актывістак, паплечніц рэжыму Лукашэнкі ў барацьбе з беларускай мовай, гістарычнай спадчынай і з усім нацыянальна арыентаваным.
  • Паводле слоў міністра культуры Анатоля Маркевіча, «здраднікам [нелаяльным рэжыму дзеячам культуры] не месца на сцэне». І дэфіцыт кадраў, выкліканы масавымі «чысткамі» ў сферы культуры ў цэлым і ў шэрагу значных устаноў у прыватнасці, вырашаецца, у тым ліку, за кошт прыцягнення расіян. Так, у пастаноўках у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета задзейнічана ўсё больш расійскіх артыстаў: гэта тычыцца балетнай трупы, дырыжораў, салістаў. Усё больш расійскіх акцёраў прыходзіць на месца звольненых у жніўні 2020 года з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Пасля не менш чым васьмі праведзеных за апошнія два гады кастынгаў установе культуры ўсё яшчэ не стае акцёраў, і тэатр пераключыўся на расійскіх выканаўцаў і рэжысёраў. Паралельна з ролямі акцёры вучаць і беларускую мову, якой, са зразумелых прычын, ніхто з іх не валодае. «Беларусьфільм» здыме кінастужку паводле рамана класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» ў супрацоўніцтве з расійскім рэжысёрам.
  • Падтрымка і заахвочванне лаяльных уладзе дзеячаў:
    • 8 сакавіка ў мінскім Палацы спорту прайшоў гала-канцэрт «Песня года Беларусі», удзельнікі якога былі «падабраны з улікам укладу аўтараў і выканаўцаў у развіццё нацыянальнай музычнай культуры». Найлепшай кампазіцыяй стала песня на словы Ганны Сялук «За намі праўда» ў выкананні арт-гурта «Беларусы». Сама Сялук, нявестка Лукашэнкі, перамагла ў намінацыі «Найлепшы аўтар слоў». Прэмію «За ўклад у развіццё музычнай індустрыі Беларусі» атрымаў расійскі спявак і кампазітар Алег Шаўмараў. Руслану Аляхно, адданаму рэжыму Лукашэнкі выканаўцу, уручылі ўзнагароду «За вернасць беларускай эстрадзе».
    • Гран-пры Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ўганараваны першыя дзве кнігі серыі «Генацыд беларускага народа» – праекта Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, які выкрывае нібыта сувязь генацыднай палітыкі нацыстаў у перыяд Другой сусветнай вайны і палітычных пратэстаў 2020 года ў Беларусі.
    • Работнікі дзяржаўных СМІ і сферы культуры былі ўганараваны медалямі Францыска Скарыны або атрымалі падзякі прэзідэнта за асабістыя заслугі.
  • Асноўны курс дзяржаўнай палітыкі – гэта дэбеларусізацыя, русіфікацыя, саветызацыя, мілітарызацыя, ідэалагізацыя, прапаганда і мова варожасці, дыфамацыя, пераслед за бел-чырвона-белую сімволіку, палітычнае выкарыстанне гісторыі, дыскрымінацыя ўкраінскай і польскай моў і іншыя кірункі.