16 снежня ў Слоніме быў затрыманы літаратар і краязнаўца Сяргей Чыгрын.
Судовы працэс паводле справы праваабарончага цэнтра «Вясна» пачнецца аб 11:00 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Сярод абвінавачваных – Нобелеўскі лаўрэат, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», літаратар Алесь Бяляцкі.
22 снежня Міністэрства інфармацыі зноў прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Кнігазбор».
28 снежня Дзмітрый Галавач і Яўген Бурло, музыкі гурта «Tor Band», не выйшлі на волю пасля 60 сутак адміністрацыйнага арышту. Іх судзяць асобна за кожную песню, абвешчаную «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
23 снежня з Нацыянальнага мастацкага музея звольнілі 18 супрацоўнікаў.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 20 снежня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынесены прысуд у крымінальнай справе экскурсаводкі Аксаны Манкевіч, якую асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Аксана Манкевіч не зможа больш у Беларусі працаваць экскурсаводкай, бо, паводле ўрадавай пастановы ад 7 снежня, з новага года экскурсаводамі не змогуць працаваць тыя, каго судзілі на падставе «пратэсных» крымінальных артыкулаў.
2. 22 снежня стала вядома дата пачатку суда ў крымінальнай справе праваабарончага цэнтра «Вясна». Судовы працэс пачнецца аб 11:00 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Праваабаронцы утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года, іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і ў фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Сярод абвінавачваных – Нобелеўскі лаўрэат, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», літаратар Алесь Бяляцкі.
3. 27 снежня ў Мінскім гарадскім судзе «паводле зноў адкрытых абставін» на няпэўны тэрмін быў перанесены суд над актывістамі незалежных прафсаюзаў, сярод якіх – Вацлаў Арэшка, архівіст і культуролаг. Актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў абвінавачваюць у закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), у распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ва ўдзеле ў ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса).
4. 29 снежня ў судзе Першамайскага раёна Мінска асуджаны гісторык Яўген Гурынаў паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яўген Гурынаў быў затрыманы 13 верасня 2022 года і асуджаны на 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Яўген Гурынаў працаваў каардынатарам праектаў Фонду развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў «Аніў».
5. 30 снежня стала вядома, што выдаўца і культурнага менеджара Паўла Мажэйку не выпусцілі з СІЗА – тэрмін следства працягнуты як мінімум на 1 месяц.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 16 снежня ў Слоніме быў затрыманы і асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту літаратар і краязнаўца Сяргей Чыгрын. Яго абвінавацілі ў рэпосце «экстрэмісцкіх матэрыялаў». 23 снежня Сяргей Чыгрын не выйшаў на волю, яго пакінулі ў ізалятары на выходныя і 26 снежня правялі чарговы суд – дадалі 15 сутак. Сяргей Чыгрын працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра. 19 снежня кіраўніцтва тэатра яго звольніла.
2. 16 снежня ў Віцебску арт-менеджар Уладзімір Булаўскі асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Імаверна, паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Паводле гэтага артыкула судзілі затрыманых з Уладзімірам Булаўскім 14 снежня заснавальнікаў гастрапаба «Rok’i pub» Іллю Кульмана і Паўла Пятруніна.
3. 27 снежня стала вядома, што ў Мінску затрыманы Уладзіслаў Чаховіч – блогер, вікіпедыст, архітэктар, стваральнік тэлеграм-канала «Спадчына». Уладзіслаў Чаховіч – аўтар шматлікіх афіцыйных зваротаў да ўладаў Магілёва наконт захавання архітэктурнай спадчыны. У сваім блогу Уладзіслаў Чаховіч называў сябе назіральнікам за Магілёвам. Тэлеграм-канал «Спадчына» расказвае пра гістарычную і архітэктурную спадчыну Беларусі, уздымае пытанні захавання і рэстаўрацыі помнікаў. На яго падпісаны больш за 2800 карыстальнікаў. У Twitter на яго падпісаны больш за 1300 падпісчыкаў.
4. 28 снежня Дзмітры Галавач і Яўген Бурло, музыкі гурта «Tor Band», не выйшлі на волю пасля 60 сутак адміністрацыйнага арышту. Іх судзяць асобна за кожную песню, абвешчаную «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лагатып гурта «Tor Band» прызналі «экстрэмісцкімі». З Youtube-канала «Tor Band» зніклі відэакліпы з мільённымі праглядамі.
III. Прысуды за беларускую нацынальную сімволіку
23 снежня ў судзе Бярэзінскага раёна асудзілі Пятра Пятрушу паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), яго абвінавацілі ў тым, што з лютага 2021 года па верасень 2022-га ён маляваў бела-чырвона-белыя сцягі ў розных месцах Мінска: «з дапамогаю аэразольных балонаў з фарбавальнымі рэчывамі белага і чырвонага колераў 11 разоў нанёс на паверхню апор ліній электраперадач, сцен двух прыпыначных пунктаў грамадскага транспарту, дарожнага знака «Пачатак населенага пункта» выявы ў выглядзе бела-чырвона-белых палос». Прысуд – 6 месяцаў пазбаўлення волі.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
Зняволены гісторык Яўген Меркіс правёў 4 сутак у карцары Гомельскага СІЗА № 3. Палітвязня пакаралі жорсткімі ўмовамі ўтрымання за тое, што «не пагаліўся».
V. Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры за грамадзянскую пазіцыю
1. 19 снежня ў Слоніме звольнены загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра Сяргей Чыгрын.
2. 21 снежня дырэктарцы Гомельскага моладзевага тэатра Алене Маставенцы паведамілі пра непрацяг працоўнага кантракта.
3. 23 снежня з Нацыянальнага мастацкага музея звольнілі 18 супрацоўнікаў. Сярод звольненых: намесніца дырэктара па навуковай і асветніцкай працы Святлана Анейка, кіраўніца аддзелу беларускага мастацтва XX–XXI стагоддзяў Кацярына Ізафатава, намеснік дырэктара па агульных пытаннях і рэстаўрацыі Сяргей Вечар, загадчыца выставачнага аддзелу Яўгенія Сабалеўская, рэстаўратары Святлана Дзікуць і Аляксандар Лагуновіч-Чарапко, загадчыца сектару ўліку Таццяна Мартуль.
VI. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
1. 22 снежня Міністэрства інфармацыі зноў прыпыніла дзейнасць выдавецтва «Кнігазбор». У траўні 2022 года дзейнасць «Кнігазбора» прыпынялі на 3 месяцы, цяпер – на 1 месяц. Фармальная прычына тая ж – «парушэнне тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі з паведамленнем аб змяненні звестак, абавязковых для ўключэння ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў і вырабнікоў друкаваных выданняў». «Кнігазбор» выдае беларускамоўныя кнігі. Таксама выдавецтву на 3 месяцы забаранілі гандляваць кнігамі праз сайт «Wildberries».
2. 30 снежня выдавец Андрэй Янушкевіч паведаміў: «4 студзеня 2023 года ў Эканамічным судзе горада Мінска адбудзецца судовае пасяджэнне з ініцыятывы Міністэрства фінансаў РБ аб спыненні дзейнасці ІП Андрэя Янушкевіча, што азначае па сутнасці закрыццё выдавецтва. Мы не зможам нават фармальна выдаваць і адгружаць кнігі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».